Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Грушаўка. Род Рэйтанаў, Тадэвуш Рэйтан.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Грушаўка>>>

Рейтаны // Федорук, А. Т. Старинные усадьбы БерестейщиныПан Тадэвуш з-пад Ляхавіч : Тадэвуш РэйтанБалада Тадэвуша РэйтанаЕмяльянчык, У. Пан Тадэвуш з Грушаўкі Жабік, М. Фотаздымак як сведка гісторыіКадыгрыб, Н. Забытыя на РадзімеКруль, М. Тайна памураванага домікаПершы падзел Рэчы ПаспалітайПракоф’ева, С. Тапчыце мяне – не тапчыце радзімуСіцька, З. Створана таварыства “Тадэвуш Рэйтан” Слова пра ўдзельніка Венскай бітвыТурыянскі, М. Расколіна гісторыі прайшла праз яго сэрцаЮркевіч, З. Герб апошняга з РэйтанаўЮркевіч, З. Калі і дзе нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан?Юркевіч, З. І ён – РэйтанЮркевіч, З. Нобіль, не ўзяты “на аловак”Юркевіч, З. Падзяліць – не падзяліцца?Юркевіч, З. Паходжанне Тадэвуша РэйтанаЮркевіч, З. Помнікі тваёй краіныЮркевіч, З. Як мог знікнуць твор пра наваградца

Рейтаны

Род Рейтанов герба Рейтан (первоначально род Рейтен герба Рейтен) имеет немецкое происхождение. Около 1600 г. Рейтаны поселились в Польше, а затем одна ветвь осела в Беларуси. Судя по материалам дела Минского Дворянского Депутатского собрания о дворянском происхождении рода Рейтанов, у истоков рода (белорусской ветви) стоял Иван Георгиев, сын Рейтана, происходящий из Сачковны, вотчинник имений Закржье и Козлово, который «первым поселился в Литве и долго служа в войске приобрел славу…». Был женат на Боржимовской и оставил двоих сыновей — Мартина и Франца. Мартин был войским лидским, затем ротмистром литовских войск. Сведений о Франце не имеется.

В книге гродского суда Полоцкого воеводства значится привилей от 22 апреля 1659 г., данный польским королем Иоанном Казимиром (Ян II Казимир Ваза), согласно которому «… из уважения за заслуги Мартина Рейтена в пользу отечества дозволено Матвею Казимиру Боржимовскому уступить и отречься на его Рейтена ленных имений Полоцкого воеводства в Невельском округе лежащих и за выдачею тем же Боржимовским на отречение формального документа отрекательного права, даю власть самому Рейтену, потомкам и наследникам его мужского пола владеть вышеупомянутыми имениями по ленному праву». Согласно данному привилею, Мартин получил в личное владение Лов­цы, Топоры, Березово, Болоздимье и Подлуже в Полоцком воеводстве с правом наследования потомками мужского пола. В 1666 г. вторым королевским привилеем товарищу гусарского полка Мартину Рейтену были пожалованы ленные имения Шуклино и Задинца в Смоленском воеводстве.

Мартин Рейтан имел сына Михаила Казимира, который унаследовал часть его имений. В книге Главного Трибунала ВКЛ удостоверяется «закладное право мозырским скарбником Михаилом Казимиром Рейтаном и супругою его Анною Людвикой, урожденной Россадовской, в 15 тысяч злотых на имения Березово, Болоздимье и Кокорово в Полоцком воеводстве лежащие от Мартина перешедшие». В этом документе впервые упоминается

Грушевка как владение Михаила Казимира. Предположительно можно считать, что ею владел Мартин и досталась она ему от Ивана, хотя в деле нет соответствующих документов на это владение. Не упоминается в деле и Тадеуш Рейтан, который по данным М.Туриянского, являлся основателем Грушевской линии рода. Р.Афтанази считает, что Рейтаны владели Грушевкой уже в 1-й половине XVII в., а это есть время жизни Ивана Рейтана. Видимо, его Грушевка и была первым местом жительства в Литве.

В 1705 г. по духовному завещанию Михаила имения Грушевка, Березово и Николаевщина отошли его малолетнему сыну Доминику. Доминик стал известным государственным и хозяйственным деятелем ВКЛ. По привилею короля Августа III от 1736 г. ему было дозволено в вотчинном имении Березово заложить местечко, вести торги и развивать промышленность. Дворянством Новогрудского воеводства вотчинник в 1738 г. избирается послом на Варшавский сейм; в 1752 г. приглашается королем Августом на гене­ральный сейм в Гродно. В 1766 г. по привилею короля Станислава Августа Понятовского стольник новогрудский становится подкоморием Новогрудского воеводства.

С именем Доминика, женатого на Терезе из Володковичей, связан особый этап в развитии Грушевки. Домиником была заложена новая большая усадьба в формах классицизма, известная по рисунку Наполеона Орды. Его три дочери и сыновья Фадей, Михаил, Иосиф, Антон и Станислав составили пятое колено рода.

При жизни Доминика, согласно книге Земского суда Новогрудского воеводства от 1778 г., произошел раздел имений. Михаилу Рейтану отошла часть Березова, которое он в 1779 г. продал генерал-майору Михальсону. Антон и Станислав стали владельцами Грушевки. Кроме того, Станислав дополнительно получил два имения в Новогрудском уезде (одним из них были Мазурки). Иосифу его доля выплачена деньгами (80 тысяч злотых).

Из сыновей Доминика наследников имел только Михаил, писарь земского суда Новогрудского воеводства, а с 1795 г. предводитель дворянства Несвижского уезда. В браке с Богданович Михаил имел четверых сыновей, даты рождений которых подтверждаются выписками из книги метрик Копыльской приходской церкви: Казимир (1778 г.р.), женатый на Фекле, предводитель дворянства Слуцкого уезда (1802); Фадей (1780—1860) — хорунжий того же уезда; Станислав Карл (1781 г.р.), вотчинник имения Усово в Слуцком уезде, служил в российском войске, в 1832 г. вышел в отставку и стал маршалком Слуцкого уезда. Наиболее известным был самый младший сын Доминик (1783—1851), подполковник, награжденный главнокомандующим его императорского высочества государя Цесаревича великим князем Константином Паскевичем двумя крестами.

В седьмом поколении сын Доминика Степан Михаил Иван (1824 г.р.), женатый на Марии с Неселовских, в 1860 г. стал владельцем Грушевки. Он имел троих дочерей (Ядвигу Марью Елисавету, 1854 г.р., Марью Магдалину Пертупелю, 1861 г.р., и Антонину Филомену, 1863 г.р.) и сына Юзефа Петра Павла. Юзеф родился в 1857 г., был крещен, как и сестры, в Ляховичском костеле. Восприемниками при крещении были Станислав Рейтан и Виктория Чарноцкая; присутствовали Казимир Еленский с Саломеей Рейтан, Михаил Чарноцкий с Валерией Россадовской и Сигизмунд Еленский с Эмилией Чарноцкой. Через браки Рейтаны породнились с Неселовскими, Еленскими, Чарноцкими, Грабовскими, Чапскими и другими известными родами. Юзеф женился на Алине Гартинг. По линии отца она происходила из голландских дворян, принявших русское подданство. Была дочерью Густава Николая Гартинга (1819—1879), штабс-ротмистра, владельца Снова, и Людовики Неселовской из Сервичей. Грушевка при Юзефе и Алине становится крупным и доходным имением. Усадьба расширяется, строится новый усадебный дом — красивое деревянное здание с мансардным этажом, которое сохранилось до нашего времени. Со смертью Юзефа, внезапно наступившей в 1910 г., угасла грушевская ветвь рода. Ее яркой лично­стью был Тадеуш Рейтан (1742—1780), который в 1773 г. на сейме в Варшаве вместе с другими патриотами оказал жертвенное сопротивление первому разделу Речи Посполитой. В 1791 г. четырехлетний сейм объявил жертвенность Тадеуша примером для последователей, принял решение установить в посольском зале мемориальную доску, а имя увековечить в Пантеоне Народных борцов, как символ несломленного патрио­тизма. Художник Ян Матейко посвятил Тадеушу картину «Рейтан», которая хранится в Национальном музее в Варшаве.

Рейтаны // Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. – С. 20-23.

Пан Тадэвуш з-пад Ляхавіч

Тадэвуш Рэйтан

Хмары наплылі нечакана. Яшчэ хвіліну назад свяціла сонца, пазіраючы казытлівымі промнямі ў вокны, дружна і весела шчабяталі на дрэвах птушкі, занятыя штодзённымі клопатамі хадзілі па двары куры і нішто не прадвяшчала бяды. I раптам у нейкае імгненне завалакло неба і ў пакоях адразу стала цёмна — нібыта і не дзень, а ноч. Страшная, дзіўная ноч пасярод дня. Чорная павалока, якая аддавала глянцаватай сіняватасцю, пранікнула ў кожны куток, і з’явілася адчуванне, што яна гатова праглынуць усё і кожнага, каго напаткае на сваім шляху.

Гэтую небяспеку Тадэвуш адчуў адразу. Замітусіўся, забегаў. Кінуўся ў адзін куток, у другі, шукаючы паратунку, але схавацца не было дзе. Ды і як схаваешся, калі цемра паглынула ўсё і паўсюдна адчувальна яе прысутнасць. I пад ложкам яна, і за сталом, і за фіранкамі, і ашчэранымі зубамі,— а яе звярыны аскал Рэйтан убачыў, калі паспрабаваў адну з фіранак накінуць на сябе,— гатова ўхапіцца за цябе, каб рваць і рваць цела, атрымліваючы ад гэтага асалоду.

Закрычаў дзіка, роспачна і як тая рыбіна, якую выкінулі на бераг, пачаў жадліва хапаць вуснамі паветра. Але лягчэй не станавілася. Па-ранейшаму сцінала грудзі, а кроў у скронях пульсавала моцна-моцна, быццам нехта ўставіў туды магутны-магутны насос і несупынна пампаваў яе.

Яшчэ больш замітусіўся, а пасля — стралой да дзвярэй. Ледзь паспеў ускочыць у флігель, бо цемра не адставала, рухалася следам, а як рухалася, адной ёй вядома — суцэльная ж чарната наўкола! Ды толькі гэты нябачны рух Тадэвуш адчуваў. Штосьці загадкавае хапала яго за адзенне, за рукі, мітусілася ля ног. I нават калі дзверы зачыніў, ля самай падлогі, там дзе шчыліна, заўважыў, як прасочваецца чорная павалока. Затупаў на яе нагамі, замахаў рукамі. Здаецца суцішылася, але здавацца не хацела.

Уцячы трэба, абавязкова ўцячы. Прасцей выскачыць на двор.

«Прасцей?» — Рэйтан усміхнуўся, але гэтая ўсмешка нагадвала хутчэй грымасу ад болю, які нельга вытлумачыць словамі. Яно то прасцей, але ж праз дзверы і цемра здагадаецца прабрацца.

У акне — паратунак. Пакуль яна зразумее, што і да чаго, можна непрыкметна выскачыць. I трэба спяшацца, бо цемра насоўваецца і насоўваецца. Ужо большую палову флігеля захапіла.

Дзейнічаў машынальна, бо часу разважаць не заставалася. 3 разбегу моцна стукнуўся галавой, але не ў раму патрапіў, а ў металічныя штыры — як жа забыўся, што акно закратавана.

Болю не адчуў ад удару, а толькі кроў, што пацякла па твары, і яе саленаваты прысмак. А яшчэ падкасіліся ногі, таму адразу асунуўся на падлогу. Хутка, як і ўпаў, узняўся, абедзвюма рукамі ўхапіўся за краты. 3 усёй сілы — адчуў як напруга аддалася ў плячах — раз пацягнуў на сябе, другі. Нічога не атрымлівалася. Краты не паддаваліся, бо былі тоўстыя і трымаліся моцна. Ад бяссілля, у лютай злосці, роспачна, не разумеючы, што робіць, стукаў і стукаў галавой па метале. I гэтаксама, як ад першага ўдару, болю не адчуваў. Правільней, боль даваў знаць, але не ад удараў. Ён аддаваўся недзе ў сярэдзіне галавы, рваўся вонкі, і адчуванне было такое, што яе ўсё мацней і мацней сціскаюць абцугамі.

Зноў стала невыносна цяжка і страшна. Рэйтан адчуў, што цемра падступіла ўпрытык. Прысутнасць яе была асязальная — дастаткова працягнуць руку і можна будзе памацаць — нейкую ліпкую, гадлівую. Але на гэта не адважыўся. I не толькі з-за страху, а таму, што грэбаваў.

Нешта трэба рабіць, пакуль яна не паваліла на зямлю, не пачала душыць. А ратунак адзін — акно. Хай і закратаванае, але ў ім відаць святло.

Яшчэ з большай рашучасцю ўхапіўся за краты, спрабуючы, колькі ёсць моцы, пацягнуць іх на сябе. Але не паспеў зрабіць гэта — здранцвелы, застыў на месцы. Праз праём акна, скрозь квадраты яго, абрамленыя штырамі, убачыў, як да дома пад’ехала карэта. Хацеў узрадавацца, мяркуючы, што прыезджы дапаможа ў гэтым няпростым змаганні з цемрай. Але надзея, як нечакана з’явілася, гэтаксама хутка і знікла. Спадзявацца на дапамогу нельга было.

3 карэты выйшаў афіцэр. Малады, стройны… I ўпэўнены ў сабе. Афіцэр хутка крочыў да ганка. Як жа не здагадаўся Тадэвуш, што цемра і афіцэр заадно? 3 двух бакоў абложаць. Як звера і тады канец. А цяпер…

Можна яшчэ пачакаць, пакуль той ступіць на ганак і тады, незаўважна, сігануць праз акно. Але ж акно не паддаецца…

«Канец»,— мільгнула ў свядомасці Рэйтана. I як пацвярджэнне гэтай думкі прыйшла наступная, якая ўсё і вырашыла. Калі ратунку няма і знікла апошняе спадзяванне на яго, здавацца нельга. I ён ні за што не здасца. Ні цемры, ні афіцэру. Лепей смерць, але не ад іх брудных рук, а смерць добраахвотная.

3 усяго размаху стукнуў кулаком у шыбу. Цэліўся між штыроў, але дакладнага ўдару не атрымалася. Ад хвалявання не разлічыў яго, кулак патрапіў у адзін са штыроў, слізгануў, пакінуўшы на метале кавалак скуры. Але было не да таго, каб асабліва кідацца ў роспач. Наадварот, яшчэ ўзрадаваўся — шкло ж разбілася.

Спяшаючыся, выцягнуў вялікі кавалак яго — паспеў заўважыць, што ён па краях востры, надлом нагадвае лязо брытвы. А цяпер трэба дзейнічаць як мага хутчэй і ўпэўненей, бо крокі афіцэра ўжо чутны на ганку, ды і цемра сваімі кастлявымі пальцамі — адкуль толькі яны ў яе? — гатова хапіць за горла. Хутчэй… Левай рукой падняў кашулю, а правай увагнаў шкло сабе ў жывот…

Гэта стала зыходам цяжкай псіхічнай хваробы.

Тадэвуш Рэйтан на сённяшні дзень успрымаецца ледзь не як нацыянальны герой. Не на Беларусі, а ў Польшчы, дзе даўно стаў сімвалам патрыятызму, апосталам нацыянальна-вызваленчай ідэі. Польскія гісторыкі і пісьменнікі неаднаразова звярталіся да яго вобраза. У прыватнасці, Г. Жавускі ў сваіх «Успамінах Сапліцы».

Не абышоў увагай Рэйтана і Адам Міцкевіч. Рэйтан «прысутнічае» на старонках яго неўміручага «Пана Тадэвуша». Прытым першы раз ён «з’яўляецца» ў самым пачатку эпапеі, калі галоўны герой вяртаецца пасля разлукі дамоў, сустракаецца з даўно блізкім яму, з тым, што і з гадамі не страціла сваёй прыцягальнай сілы. Усё звыкла яму і ў родным доме, дзе

Таксама й партрэты старыя на сценах віселі:

Касцюшка ў чамарцы кракоўскай, як жыў, выступае,

з вачыма, у неба паднятымі, меч свой трымае

аберуч; бо ім прысягаў ён народ ратаваці

і трох акупантаў магутных із Польшчы прагнаці

ці пасці самому на меч. Дальш у польскай апраце

сядзіць там Рэйтан і труднуе па вольнасці страце,

трымаючы нож у руцэ з гастрыём каля лона,

а кнігі перад ім — то «Федон» і пра жыццё Катона.

(Пераклад Б. Тарашкевіча)

У нас жа па сутнасці забыліся, што Рэйтан належыць да людзей, якімі не толькі можа, а і павінна ганарыцца нацыя. Хоць справядлівасць пакрысе вяртаецца. Першай значнай публікацыяй пра Рэйтана стаў гістарычны нарыс Уладзіміра Емяльянчыка «Пан Тадэвуш з Грушаўкі», апублікаваны ў газеце «Культура» 14 верасня 1993 года. Той жа У. Емяльянчык згадвае Рэйтана і яго паплечніка Самуля Корсака ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць», прысвечанай Навагрудскаму раёну.

Рэйтан, праўда, родам не з Наваградчыны, ад якой разам з Корсакам 22 сакавіка 1773 года быў выбраны на сейм у Варшаву, а з-пад Ляхавіч. Нарадзіўся ён 20 жніўня 1742 года ў маёнтку Грушаўка ў нейкіх шасці кіламетрах ад гэтага мястэчка. Паходзіў з заможнай шляхецкай сям’і.

Продкі Рэйтанаў жылі ці ў Прусіі, ці ў Швецыі. Ва ўсякім разе ў беларускіх краях яны з’яўляліся людзьмі прышлымі, але атожылкі гэтага роду лёс закінуў далёка ад роднай зямлі, трывала ўсталяваліся на новым месцы і лічылі Беларусь сваёй Радзімай. Бацька Тадэвуша — Дамінік Міхал Рэйтан — быў наваградскім падкаморым. Маці — Тарэса — у дзявоцтве мела прозвішча Валадковіч.

Род Валадковічаў таксама па-свойму знакаміты. Родны брат маці Рэйтана Фаліцыян Валадковіч, па сведчанню Емяльянчыка, «займаў адно з першых месцаў ва ўніяцкай царкоўнай іерархіі. А з 1762 г. ён, стаўшы мітрапалітам, узначальвае яе ў Рэчы Паспалітай».

Гадаваўся Тадэвуш у дружнай сям’і. Акрамя яго, старэйшага, у Рэйтанаў было яшчэ сямёра дзяцей — чатыры сыны і тры дачкі. Каб пракарміць іх, паставіць на ногі, патрабавалася нямала сродкаў. Але Дамінік Міхал Рэйтан з’яўляўся не толькі чалавекам строгім, а ў дачыненні да блізкіх часам і жорсткім. Была ў яго характары і іншая якасць — настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. Дзякуючы гэтаму ўдалося пашырыць свае ўладанні вакол Ляхавіч. Мелі Рэйтаны і маёнтак Бяроза на Полаччыне. Дамініку Міхалу ён перайшоў у спадчыну ад яго папярэдніка Марціна Рэйтана, якому ў 1659 годзе быў падараваны каралём Янам Казімірам за адданую службу на карысць дзяржавы.

Наконт вучобы Тадэвуша да пэўнай высновы прыйсці цяжка, паколькі меркаванні пра гэта супярэчлівыя. Ю. Нямцэвіч, які, дарэчы, стаў яго першым бібліёграфам, сцвярджаў, што Рэйтан вучыўся ў піярскай школе ў Варшаве. Іншай думкі прытрымліваецца Жавускі, які перакананы, што Тадэвуш вучыўся ў віленскім езуіцкім калегіуме. Емяльянчык, як быццам, не схіляецца да нейкай адной з гэтых версій, але па тым, як ён, гаворачы пра гады вучобы Рэйтана, прыводзіць эпізоды, расказаныя Жавускім, відавочна, што яму ўсё ж бліжэй меркаванні аўтара кнігі «Успаміны Сапліцы».

Гэтыя эпізоды сведчаць, што Тадэвуш з ранніх гадоў увабраў у сябе пачуццё любові да Бацькаўшчыны, прытым яно насіла максімалісцкі характар, уласцівы далёка не кожнаму ў падобным узросце. «Адной з любімых гульняў вучняў езуіцкага калегіума ў вольны час,— піша Емяльянчык,— была ўяўная вайсковая забава, у якой удзельнікі, падзяліўшыся на два бакі, выступалі то як «маскалі»», то як «ліцвіны». Асноўным доказам перамогі з’яўлялася змаганне «на пальцатах», палках, якія імітавалі шпагі і мячы. Калі чарга быць «маскалём» выпадала Тадэвушу, то ён змагаўся не так упарта, хутка саступаў нават слабейшым. Нават жартам ён не мог дапусціць, каб «маскалі» перамаглі…».

Ці такі яшчэ факт… Неяк навучэнцы заспрачаліся, чый продак зрабіў болей для Айчыны. Высветлілася, што прадзед аднаго з вучняў нейкага Уладзіслава Аскеркі супрацоўнічаў са шведамі. Па логіцы, Тадэвуш, які не мог не ведаць пра сваё паходжанне, павінен быў ці падтрымаць гэтага Аскерку, ці, у лепшым выпадку, прамаўчаць. Але адбылося інакш. Узлаваны спробай аднакласніка апраўдаць свайго сваяка, аргументуючы гэта тым, што да супрацоўніцтва з ворагамі яго прымусілі абставіны, Тадэвуш у спрэчцы не знайшоў іншага аргумента, як ударыць таварыша камнем. Той ледзь не страціў прытомнасць. Каб уладзіць канфлікт, айцы езуіты запатрабавалі, каб Тадэвуш папрасіў прабачэння. Але з вуснаў Рэйтана яно так і не прагучала.

Можна сумнявацца ў праўдзівасці таго ці іншага выпадку з жыцця юнага Тадэвуша. Лёгка ў гэтым убачыць звычайнае жаданне Жавускага падаць свайго героя чалавекам, які з самага пачатку жыццёвага шляху праявіў якасці, што сведчылі аб яго палкай любові да Бацькаўшчыны, нежаданні ісці ў гэтым хоць на які-небудзь кампраміс.

Магчыма, і так. Ад празмернай ідэалізацыі, бадай, не застрахаваны ніякі аўтар. Але ж у біяграфіі Рэйтана ёсць і факты, якія пацвярджаюцца архіўнымі матэрыяламі. У першую чаргу гэта тычыцца яго сямейнага становішча.

Як вядома, Рэйтан так і не ажаніўся. На гэтым можна было б і не засяроджваць асаблівай увагі — мала хто застаецца на ўсё жыццё адзінокім, не пакідае пасля сябе спадчыннікаў. Ды справа ў тым, што на адзіноцтва Рэйтана паўплывала вельмі істотная прычына. Прытым звязаная з яго поглядамі.

Калі Тадэвушу было каля дваццаці гадоў, ён паступіў на службу да князя Міхала Радзівіла Рыбанькі, з’яўляўся ў яго харугве «таварышам». Праз некаторы час пасля гэтага і спазнаў каханне, упадабаўшы прыгожую панну Еўлашэўскую. А паколькі прывык дзейнічаць рашуча, справу з жаніцьбай вырашыў не адкладваць. Узяўшы з сабой аднаго са шваграў — слонімскага

харунжага Паўла Есьмана, паехаў у сваты. Невядома, як бы разгортваліся падзеі далей — верагодней Еўлашэўскія згадзіліся б выдаць дачку за Рэйтана, калі б Тадэвуш не ўбачыў у адным з іх пакояў на сцяне партрэт Пятра I. Гэтага было дастаткова, каб жаніх рэзка і, як высветлілася неўзабаве, канчаткова змяніў сваё першапачатковае рашэнне. Абураны, што ў доме будучага цесця ўшаноўваюць «маскаля-заваёўніка», ён адразу пакінуў гасцінных гаспадароў.

Есьман і па дарозе, і па прыездзе дамоў спрабаваў суцешыць Тадэвуша, даводзячы, што нявеста да партрэта не мае ніякага дачынення. Ды Рэйтан быў непахісны: ён не можа быць у сваяцтве з людзьмі, у якіх у пашане вораг Бацькаўшчыны.

Пасля гэтага няўдалага сватання Тадэвуш аб жаніцьбе больш не думаў. Відаць, таму, што урэшце рэшт зрабіў выснову: Еўлашэўскую ён усё ж кахаў па-сапраўднаму. Кахаў, але і не мог пераадолець прынцыпы. А што Рэйтан быў патрыётам не толькі на словах, засведчылі падзеі, звязаныя з Барскай канфедэрацыяй.

Барская канфедэрацыя, як вядома, ваеннае і палітычнае аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай для сумеснай барацьбы супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і царскай Расіі. Назву яна атрымала ад горада Бар (цяпер Вінніцкая вобласць на Украіне), дзе была заснавана 29 студзеня 1768 года.

На першы погляд, удзельнікі канфедэрацыі стаялі на кансерватыўных поглядах. Прынамсі, выступалі супраць правядзення каралём палітычных рэформ, патрабуючы, каб ён адмяніў сваё рашэнне наконт гэтага. Але ў праграмных дакументах канфедэратаў былі і такія палажэнні, якія сведчылі, што аб’ядналіся людзі, занепакоеныя будучым дзяржавы. Яны патрабавалі спынення ваеннай інтэрвенцыі царскай Расіі супраць Рэчы Паспалітай, асуджалі яе ўмяшанне ва ўнутраныя справы, настойвалі на аднаўленні незалежнасці краіны.

У 1771 годзе да канфедэратаў далучыўся вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. 12 верасня 1771 года яго войскі пад вёскай Сталовічы (непадалёку ад сучасных Баранавіч) сутыкнуліся з атрадамі Суворава і былі разгромлены. Пасля гэтага выступленні супраць расійскага самадзяржаўя пайшлі на спад. У 1772 годзе адбыўсяф падзел (пазней ён будзе названы першым) Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Тысячы ўдзельнікаў канфедэрацыі былі жорстка пакараны царскім урадам і сасланы ў Сібір на катаргу.

Па некаторых звестках, у бітве пад Сталовічамі прымаў удзел і Рэйтан, выступаючы на баку Міхала Казіміра Агінскага. Вестка аб утварэнні канфедэрацыі заспела яго на Полаччыне. Адразу ж вырашыў стварыць свой атрад. Наведваўся да суседзяў, заклікаў іх да барацьбы, агітаваў сялян, але намаганні, на жаль, жаданых вынікаў не прынеслі. Ахвотнікаў стаць на шлях барацьбы аказалася куды менш, чым Рэйтану хацелася. Ды і яго невялікі атрад, сабраны з такімі цяжкасцямі, у хуткім часе аказаўся небаяздольным, бо тыя, хто спачатку ўступіў у яго, пачалі разбягацца па сваіх кутках. Прычынай таму стала жорсткасць рускіх войск, якія запалохвалі мірнае насельніцтва. Палілі вёскі, маёнткі. Такі лёс напаткаў і рэйтанаўскую Бярозу. Тадэвушу нічога не заставалася, як вяртацца ў родную Грушаўку.

Па вяртанні дамоў ён ад колішняга намеру адмаўляцца не збіраўся. Цяпер пачаў шукаць аднадумцаў у ваколіцах Грушаўкі. Загітаваў іх падацца пад Радамышль, дзе, як даведаўся, яго родны дзядзька Валадковіч стаў прыхільнікам Барскай канфедэрацыі. Валадковіч, які варагаваў з Панятоўскім, прыезду пляменніка ўзрадаваўся і адразу аддаў яму пад камандаванне атрад сваіх «надворных казакоў».

Звестак як ваяваў Рэйтан, дайшло мала. Вядома толькі, што ён разам з гэтым атрадам разграміў пад Жытомірам абоз генерала П. Крэчатнікава, які перавозіў каштоўнасці з праваслаўных храмаў. Па афіцыйнай версіі, каб уратаваць іх у Кіеве ад рабавання. Праўда, як сведчыць Емяльянчык, «сам генерал не грэбаваў вялікімі паборамі на сваю карысць сярод насельніцтва Рэчы Паспалітай. Магчыма, гэтым ён і справакаваў напад канфедэратаў».

А на карысць баявітасці атрада Рэйтана сведчыць тое, што ён разам са сваімі бліжэйшымі таварышамі па зброі ад праследаванняў рускіх войск вымушаны быў хавацца ў Румыніі.

Разгром пад Сталовічамі (незалежна ад таго, ці прымаў Рэйтан удзел у гэтым баі, ці не змог дабрацца туды) болем адгукнуўся ў яго душы. Тадэвуш не знаходзіў сабе месца. Надыходзілі моманты, калі, здавалася, ніякага выйсця няма і ў перспектыве не бачыцца. Краіна, якую горача любіў, у імя якой жыў, па сутнасці перастала існаваць. У такім разе дзеля чаго (і навошта) жыць яму самому. Аднаго не ведаў (ды і здагадвацца не мог), што падзеі, звязаныя з падзелам Рэчы Паспалітай, неўзабаве прынясуць яму не толькі вядомасць, а і назаўсёды пакінуць яго імя ў аналах гісторыі.

Падзеі ж разгортваліся наступным чынам… Панятоўскаму нічога не заставалася, як «слухацца» тых, хто стаў над яго дзяржавай гаспадаром. А Аўстрыя, Прусія і Расія, якія акупавалі Рэч Паспалітую, прымусілі караля ў тэрміновым парадку склікаць сеймікі, на якіх былі б выбраны паслы на так званы «вальны» сейм, які паводле каралеўскага ўніверсалу, прызначаўся на пачатак 1773 года ў Варшаве.

Па традыцыі на сеймікі збіралася шляхта з усяго павета, каб прызначыць са свайго шэрагу двух паслоў. Сеймікі праводзіліся ў цэнтрах ваяводстваў. На той час у Наваградскае ваяводства Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі Наваградскі, Слонімскі і Ваўкавыскі паветы. На сейміках абмяркоўваліся кандыдатуры будучых паслоў, а падбіраліся яны з ліку найбольш уплывовых і паважаных у акрузе людзей, якім, пасля выбрання, даваліся спецыяльныя наказы адносна таго, як дзейнічаць на «вальным» сейме.

Наколькі вялікай папулярнасцю карыстаўся Тадэвуш Рэйтан, як, дарэчы, і Самуль Корсак, сведчыць тое, што кандыдатуры абодвух прайшлі аднагалосна.

Наказ, які атрымалі новыя паслы ад землякоў, быў прынцыповы, а ў нечым і катэгарычны і тычыўся, па сутнасці, далейшага лёсу Рэчы Паспалітай. Рэйтан і Корсак павінны былі на сейме патрабаваць вываду расійскіх войск з тэрыторыі краіны, а значыць, выступаць супраць падзелу яе, які, як вядома, фактычна адбыўся. Больш таго, і гэта, улічваючы складанасць сітуацыі, якая склалася ў Рэчы Паспалітай, ці не самае галоўнае — наваградскія паслы абавязваліся любымі спосабамі перашкаджаць працы сейма, пакуль на ім не з’явяцца прадстаўнікі іншых еўрапейскіх дзяржаў, якія б маглі абараняць інтарэсы Польшчы і Княства. Не былі абыдзены ўвагай і пытанні канфесіі. Рэйтану і Корсаку даручалася падтрымаць скаргу ўніяцкіх святароў на епіскапа Георгія Каніскага, які праводзіў у царкве прамаскоўскую палітыку.

Пасланцы Наваградка ехалі ў Варшаву поўныя рашучасці выканаць гэты няпросты наказ, тым больш, што ён цалкам адпавядаў іх асабістай пазіцыі і поглядам. Не ведалі толькі, што захады, накіраваныя на анексію Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, ужо прымаліся тымі, хто пайшоў на шлях супрацоўніцтва з акупантамі.

16 красавіка 1773 года ў Варшаве была ўтворана свая «канфедэрацыя». Ініцыятарам яе стаў пасол А. Панінскі, які заручыўся падтрымкай 60 паслоў і 9 сенатараў. Панінскі хацеў разам са сваімі аднадумцамі «павесці» сейм у належным кірунку. А для гэтага трэба было ў час пасяджэння замацаваць пазіцыі, каб сейм ператварыўся ў канфедэрацыю. Тагачасныя законы дазвалялі гэта. А калі сейм стане канфедэрацыяй, паводле тых жа законаў, перастане дзейнічаць прынцып «ліберум вето», якога дастаткова, каб любое рашэнне не было прынята, калі хоць адзін чалавек выступае супраць. Адсутнасць жа «ліберум вето» — галасаванне звычайнай большасцю галасоў. У такім разе Панінскі з канфедэрацкага маршалка ператвараўся б у маршалка сеймавага і мог бы на пасяджэнні праводзіць волю сваіх васалаў.

Небяспеку, якая з’явілася, як ніхто іншы, адчуў на прысядзе Рэйтан. I належным чынам падрыхтаваўся да першага пасяджэння сейма, якое павінна было адбыцца 19 красавіка. I добра зрабіў, бо, як неўзабаве высветлілася, канфедэраты былі цалкам упэўнены ў паспяховым ажыццяўленні сваіх планаў і не разлічвалі, што хто-небудзь зможа ім у гэтым запярэчыць. А рашучасці канфедэратам надавала тое, што ад Вялікага княства Літоўскага у зале знаходзілася толькі 26 паслоў. Астатнія ж (а ўсяго сабралася крыху болей за сотню чалавек, хоць павінна было б прыехаць 300) былі выбраны ад Польшчы. Яны, на думку Панінскага, наўрад ці асмеляцца выступіць супраць, бо сваю падтрымку яму абяцаў пасол Лянтоўскі з Кракава, які, як самы стары па ўзросту, і павінен адкрываць сейм.

I сапраўды, спачатку абышлося без нечаканасцей. Лянтоўскі абяцанне стрымаў. Адкрываючы сейм, ён зазначыў, што ад імя Польшчы прапануе маршалка канфедэрацыі Панінскага зрабіць сеймавым маршалкам. Адны моўчкі пагаджаліся з прапановай, бо загадзя ведалі пра яе. Іншыя не маглі зразумець, дзеля чаго гэта робіцца. Былі і абыякавыя да ўсяго, што адбываецца,— яны на сейм трапілі выпадкова, бо іншых кандыдатур не аказалася.

Яшчэ хвіліна — і адбылося б зацвярджэнне Панінскага сеймавым маршалкам. Калі б не Рэйтан… Ён нечакана выбег на сярэдзіну залы. Усхваляваны, пачаў горача даводзіць, як дорага ў перспектыве можа каштаваць падобнае рашэнне. Да ўсяго нагадаў, што ўтварэнне канфедэрацыі праходзіла незаконным шляхам. Канфедэрацыйныя саюзы, як таго прадугледжвае закон, перад гэтым у паветах і ваяводствах не ўтвараліся, а толькі яны могуць ствараць канфедэрацыю. Ды і тое, што рабілася, праводзілася цішком, пераважная большасць паслоў пра гэта нічога не ведала.

У магчымым выбранні Панінскага Рэйтан бачыў абразу ўсім ліцвінам. I меў падставы для падобнага сцвярджэння. Справа ў тым, што кожны трэці «вальны» сейм, а гэта адзін раз у шэсць гадоў, павінен быў праводзіцца ў Княстве. Традыцыю парушылі, сабраўшы сейм не ў Гародні, а ў Варшаве. У такім разе, каб выправіць становішча, настойваў Рэйтан, трэба сеймавага маршалка выбіраць не ад Польшчы, а ад Вялікага княства Літоўскага.

Першым Рэйтана падтрымаў Корсак, а пасля да яго далучыліся і іншыя паслы — прадстаўнікі менскага, ваўкавыскага, пінскага, гарадзенскага паветаў. Прапанова знайшла паразуменне і ў некаторых паслоў з ваяводстваў Польшчы.

Тое, што адбывалася, для Панінскага было громам сярод яснага неба. Але ён саўладаў з сабой, упэўнена, з маршалскім жэзлам у руцэ пачаў абыходзіць залу, шукаючы прыхільнікаў канфедэрацыі.

Стаяў тлум, кожны стараўся пераканаць субясед- ніка ў сваёй праваце. Рэйтан, уважліва назіраючы за гэтымі спрэчкамі, не мог не заўважыць, як шмат ахвотнікаў падтрымаць Панінскага. Нешта абавязкова трэба рабіць…

Позірк Рэйтана спыніўся на крэсле для маршалка ад Вялікага княства, які па нейкай прычыне спазніўся. Рэйтан кінуўся да крэсла, схапіў маршальскі жэзл і, усеўшыся, тройчы ўдарыў ім аб падлогу.

Панінскі, баючыся, што пасля гэтага ён не зможа ўплываць на залу, паспяшаўся аб’явіць пасяджэнне закрытым, а чарговае перанесці на дзевяць гадзін раніцы наступнага дня. Але і Рэйтан не збіраўся здавацца. Абвясціўшы сябе маршалкам сейма, ён таксама прызначыў чарговае пасяджэнне на 20 красавіка, але не на дзевяць гадзін раніцы, а на гадзіну дня.

Пазней перадумаў, бо разумеў, што прыхільнікі Панінскага, сабраўшыся раней, змогуць схіліць на свой бок тых паслоў, якія пакуль не занялі нейкай пэўнай пазіцыі і вагаюцца. Каб гэтага не адбылося, 20 красавіка Рэйтан з’явіўся ў сейме першым. Разам з Корсакам пачаў пераконваць паслоў, пгго пасяджэнне трэба пачынаць без Панінскага, які, па невядомай прычыне, затрымліваўся. Відаць, затрымку трэба растлумачыць тым, што Панінскі, як ужо гаварылася, не чакаў такога павароту справы, і цяпер хацеў параіцца з тымі, чыю волю выконваў і чые інтарэсы выражаў.

Панінскі з’явіўся толькі ў 11 гадзін, калі спрэчкі паміж праціўнікамі канфедэрацыі і яе прыхільнікамі дасягнулі апагею. У зале стаяў суцэльны вэрхал, раздаваліся крыкі. Было такое адчуванне, што можа пачацца бойка. Панінскі спалохаўся і, пастаяўшы ў дзвярах, вырашыў у залу не заходзіць. Адно стукнуў жазлом па падлозе і аб’явіў аб пераносе пасяджэння яшчэ на дзень і таксама на 9 гадзін раніцы. Гэтым рашэннем ці то хацеў паказаць сябе гаспадаром становішча, ці, магчыма, верыў, што ўсё ўрэшце рэшт удасца ўладзіць. Пакрычаць, паспрачаюцца і прагаласуюць за канфедэрацыю. Прыхільнікаў у яго было больш, чым праціўнікаў.

А ў зале ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Корсак. Ён пачаў чарговы раз даводзіць, да якіх ганебных вынікаў прывядзе падтрымка канфедэрацыі, нагадаў, што Панінскі дзейнічае не сам, а па ўказанні расійскага пасла Штакельберга. Такія абвінавачванні кранулі, як кажуць, за жывое кракаўскіх паслоў. Яны вырашылі пакінуць залу, знайшліся і тыя, хто іх падтрымаў.

Пасяджэнне магло сарвацца, каб гэтага не адбылося, Рэйтан зноў пачаў прасіць паслоў задумацца. Але да яго голасу ніхто прыслухоўвацца не збіраўся і тады ён забег наперад жадаючых выйсці, загарадзіў ім дарогу. Але і гэта не стрымала адступнікаў. I тут, у момант роспачы і адчаю, Рэйтан адважыўся на яшчэ адзін крок. Са словамі «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыну» ён упаў на падлогу ля самых дзвярэй. Думаў, што ніхто не адважыцца пераступіць яго.

Затрымка і на самой справе атрымалася. Сёй-той спыніўся, некаторыя пачалі выходзіць праз бакавыя дзверы. Ды адзін з паслоў Ян Язерскі, які з’яўляўся найбольш рашучым прыхільнікам канфедэрацыі, скрывіўшы вусны ў пагардлівай усмешцы, пераступіў Рэйтана як нешта непатрэбнае, што выпадкова аказалася на шляху. За ім пайшлі ўслед і іншыя. I не па сваіх справах многія накіраваліся, а ў гарадскі суд, каб афіцыйна зарэгістраваць утварэнне канфедэрацыі. Але і на гэтым не спыніліся. Было прынята яшчэ адно рашэнне, паводле якога Рэйтан і Корсак аб’яўляліся ворагамі Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, яны пазбаўляліся гонару, а па тагачасных законах гэта раўназначна вынясенню смяротнага прысуду.

У гэты час Рэйтан з Корсакам спрабавалі знайсці паразуменне ў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, але ён, як вядома, сам даўно з’яўляўся марыянеткай і асабіста нічога вырашыць не мог. Спроба знайсці падтрымку ў замежных паслоў таксама не прынесла Рэйтану карысці. Яны стаялі на баку краін-захопніц і нават пагразілі мяцежным паслам расправай.

Іншы ў падобнай сітуацыі змірыўся б паражэннем. Але не Тадэвуш Рэйтан. Адданасць Бацькаўшчыне, сапраўднае служэнне ёй для яго ніколі не былі пустымі словамі. Тым больш цяпер. Нягледзячы на рашэнне суда, на шматлікія пагрозы, ён з’явіўся ў сейме. Бадай, разумеў, што на перамогу разлічваць не даводзіцца. Па папярэдніх падліках, яго падтрымлівалі толькі чалавек пятнаццаць. Але прызнаць паражэнне — здрадзіць Бацькаўшчыне. А на гэта ён не мог пайсці ні ў якім выпадку.

Прыхільнікі канфедэрацыі, хоць па сутнасці перамогу ўжо атрымалі, чарговага скандала не хацелі. Тым больш не патрэбен ён быў Панінскаму. I той пайшоў на крок, які, быў упэўнены, прынясе жаданыя вынікі. Праз асабліва давераных людзей ён прапанаваў Рэйтану 2 тысячы злотых — як плату за тое, каб той выйшаў з залы. На гэта Рэйтан з усмешкай адказаў, што сам гатовы заплаціць Панінскаму. І не 2 тысячы, а 5 тысяч пры ўмове, калі той адмовіцца ад здрадніцкай палітыкі ў адносінах да ўласнай дзяржавы. Але што для Панінскага 5 тысяч злотых, калі ён прадаўся за 20 тысяч!

У справу ўмяшаліся расійскі і прускія паслы. Яны заявілі, што гарантуюць Рэйтану поўную бяспеку, абы толькі ён не прымаў удзелу ў пасяджэнні. Але Рэйтан па-ранейшаму ні на якія ўгаворы не паддаваўся, застаючыся непахісным і цвёрдым, даючы зразумець, што інтарэсы Бацькаўшчыны для яго былі, ёсць і назаўсёды застануцца вышэй асабістых.

I тут знайшліся ахвотнікі закрануць самыя балючыя струны Тадэвушавай душы, папярэдзіўшы, што яго ўпартасць можа каштаваць дорага. Расія і так занепакоена немагчымасцю ўладзіць справу мірным шляхам. У выніку больш крутых мер, якія паследуюць за гэтым, можа атрымацца, што падзел зямель Рэчы Паспалітай прывядзе да яшчэ больш драматычных вынікаў.

Рэйтан і пры гэтай пагрозе не скарыўся. Ды і галоўнай задачай для яго цяпер з’яўлялася тое, каб на несправядлівасць, якая чыніцца ў дачыненні да Польшчы і Княства, звярнулі ўвагу ў свеце. Няхай Панінскі прадаўся, хай Панятоўскі аказаўся бязвольным, няхай замежныя паслы не хочуць аказаць падтрымку… Ён перажыве яшчэ не адну знявагу, несправядлівасць. Аднак ён па-ранейшаму ўпэўнены, што падзеі на сейме абавязкова знойдуць належны рэзананс. Не могуць не знайсці, калі пачнуць развівацца яшчэ больш бурна. А дзеля гэтага ў зале пасяджэнняў трэба прысутнічаць абавязкова. I адстойваць сваю пазіцыю. Адстойваць, колькі хопіць сіл…

Пра магчымы рэзананс здагадваліся і ў Расіі, а таксама ў Аўстрыі і Прусіі. Але першай з іх стварэнне канфедэрацыі было асабліва патрэбным. I тое, што на працягу некалькіх дзён у гэтай справе не пайшлі наперад, непакоіла. Штакельберг, зразумеўшы, што далейшыя ўгаворы Рэйтана нічога не дадуць, перайшоў да ўльтыматума. Панятоўскаму паведамілі: ці 22 красавіка ён падпіша канфедэрацыю, ці 50-тысячнае расійскае войска ўвойдзе ў Варшаву.

Да чаго гэта прывядзе, здагадацца было няцяжка. Ды кароль і не належаў да тых, хто гатовы адстойваць сваю пазіцыю да апошняга.

Вестку аб далучэнні Станіслава Аўгуста да канфедэрацыі Рэйтан са сваімі прыхільнікамі пачуў у сейме. Паведамленне ўразіла іх. Сумнення не заставалася: усё вырашана на карысць тых, для каго інтарэсаў дзяржавы не існуе. У такім выпадку час было падумаць і аб уласным лёсе. I падумалі, паспяшаўшыся паставіць свае подпісы пад канфедэрацыяй.

Усе літоўскія паслы, якія засталіся ў зале ў знак пратэсту, за выключэннем Рэйтана, Корсака і менскага пасла Станіслава Багушэвіча, пайшлі на гэты крок. Праўда, калі Рэйтан ніякіх ілюзій наконт справядлівасці не меў, дык Корсак і Багушэвіч усё ж спадзяваліся на яе. Яны, на некаторы час пакінуўшы Тадэвуша аднаго, хадзілі на перамову з Штакельбергам. Той, зразумела, параіў ім падпісаць канфедэрацыю, а пры гэтым гарантаваў бяспеку. Інакш…

Трэба аддаць належнае Корсаку і Багушэвічу: ад подпісу яны адмовіліся і вярнуліся да сябра і працягвалі з ім знаходзіцца ў зале 36 гадзін. Нікому да іх не было справы. Як і да таго, што Рэйтан адмовіўся прымаць ежу — пасяджэнне сейма было перанесена на некалькі дзён.

Нарэшце, Корсак і Багушэвіч не вытрымалі, пакінулі залу…

Нядоўга пасля гэтага знаходзіўся ў ёй і Рэйтан… Супраціўляцца далей не мела сэнсу. Усё магчымае ў яго становішчы ён зрабіў. Не пайшоў на згоду з уласным сумленнем. I на кампраміс з ворагамі Бацькаўшчыны таксама. Хай святкуюць перамогу, няхай радуюцца. Час паставіць усё на сваё месца і, быць таго не можа, каб сумленныя людзі не ацанілі яго ўчынак належным чынам.

I ацанілі… Нават адразу ж пасля таго, як драматычныя падзеі на сейме прыйшлі да свайго лагічнага завяршэння. I не толькі прыхільнікі незалежнасці Рэчы Паспалітай, якіх у Варшаве было нямала. Пачуццё гонару аказалася высакародным і ў тых, супраць каго Рэйтан па сутнасці выступаў. Прускі генерал Лентулюс паклапаціўся арганізаваць для непахіснага пасла ахову, якая была не лішняй,— Панінскі і яго прыспешнікі пагражалі расправай.

Характэрны ўчынак і генерала Бібікава. Ён заявіў, што ўсе польскія афіцэры павінны зняць перад Рэйтанам свае ўзнагароды, бо менавіта ён адзін — сапраўдны сын Рэчы Паспалітай і заслугоўвае належнай пашаны.

Перажыванні, вялікае псіхічнае напружанне не прайшлі для Рэйтана бясследна — ён цяжка захварэў. У родную Грушаўку Тадэвуша прывезлі браты. Звароты да ўрачоў нічога не далі. У Грушаўцы Рэйтан і жыў да жніўня 1780 года. Бывалі моманты, калі станавіўся неспакойным, размахваў рукамі, крычаў. Тады можна было нешта пачуць пра канфедэрацыю, ворагаў Бацькаўшчыны. Але найчасцей жыў ціха і спакойна, блукаў па наваколлі з ледзь прыкметнай усмешкай на вуснах, успамінаючы нешта прыемнае, аднаму яму вядомае.

Раніца 8 жніўня 1780 года пачалася для яго, як звычайна. I як звычайна праходзіў дзень — без клопатаў і турбот, без якога-небудзь пэўнага занятку. Аж да таго часу, пакуль нечакана не «наплылі» чорныя хмары. Спачатку яны з’явіліся ў яго душы, а пасля запоўнілі пакоі. I зразумеў Рэйтан, што трэба ад іх ратавацца, інакш — канец. I трэба ж было так надарыцца, што якраз у той момант, калі наблізіўся да акна ў флігелі, заўважыў, як з карэты выйшаў расійскі афіцэр.

Маланкай мільганула думка — па яго… Высачылі! Ды і як не высачыць, калі гэтыя праклятыя захопнікі не даюць яму спакою яшчэ з таго памятнага сейма. А пра сейм Тадэвуш ніколі не забываў, хоць многія іншыя падзеі даўно сцерліся з яго памяці.

Не хацеў, ой як не хацеў ён сустрэчы з гэтым афіцэрам! А яна была немінучай. У адчаі паратунак убачыў у тым, каб добраахвотна пайсці з жыцця. Якраз падвярнуўся яму кавалак аконнага шкла…

Пахавалі Рэйтана, як і іншых самагубцаў, не на могілках, а ля іх агароджы. Нікому не было справы да дзіўнага шляхціца. А пра тое, што прывяло Рэйтана да вар’яцтва, ні ў Грушаўцы, ні тым больш далей ад яе, ніхто не ведаў. Ды і ведаць не хацеў, бо паўсядзённыя справы забіралі ўвесь час. Дзе там яшчэ дбаць пра клопаты дзяржаўныя.

А вось у Варшаве яго ўспомнілі. Ужо на Вялікім сейме, які праходзіў у 1788—1792 гадах, было ўзнята пытанне аб увекавечанні памяці Тадэвуша. Тады ж і ўстанавілі ў так званай «пасольскай ізбе» адпаведную мемарыяльную дошку. А з цягам часу Рэйтан стаў увасабленнем барацьбы за незалежнасць сваёй дзяржавы. Таму і пачалі яму прысвячаць у Польшчы літаратурныя і мастацкія творы. А ўжо ў трыццатых гадах нашага стагоддзя рабіліся спробы адшукаць магілу, каб паставіць на ёй помнік.

Наконт смерці Рэйтана ёсць невялікія звесткі ў кнізе «Старажытная Польшча» (тут і далей цытаты з артыкула М. Турыянскага «Расколіна гісторыі прайшла праз яго сэрца», «Мастацтва», 1993, № 12.— А. М.): «Мястэчка Ляхавічы. Касцёл фарны, фундаваны графам Хадкевічам у 1602 годзе, адноўлены графам Сапегам… у ім пахаваны мошчы Тадэвуша Рэйтана, пасля, памёр у 1780 годзе». Такія ж звесткі, па сведчанні М. Турыянскага, ёсць і ў Кракаўскім архіве. Але, як сцвярджае ён далей, «у 1930 годзе камісія (спецыяльна ўтвораная для пошукаў магілы), рэвізуючы архіў касцёла, не натрапіла на пацвярджэнне гэтага факта». Відаць, прычына ў наступным: «У ранейшыя часы абрад пахавання часта меў два заключныя этапы: вынос цела і стаўленне труны ў фамільны склеп ці лёхі касцёла». Магчыма, «на нейкі час цела паставілі ў касцёле, а потым нябожчыка-самагубца родзічы і сваякі адвезлі ў Грушаўку і пахаванне адбылося? Магілу, відаць, спадкаемцы трымалі ў тайне, каб не наклікаць на здзек захопнікаў».

У тым жа 1930 годзе і былі праведзены раскопкі ў месцы магчымага пахавання, дзе знайшлі моцна пашкоджаны чалавечы шкілет. Праз год у Варшаўскім універсітэце правялі дэталёвую экспертызу: «Антраполаг Казімеж Златунхва даў заключэнне: няма асаблівых падстаў не прызнаваць шкілет, знойдзены «пад грабам», за астанкі Рэйтана. Даследаванне чэрапа выяўляе магчымае падабенства твару з алейным партрэтам Тадэвуша Рэйтана».

Застаецца спадзявацца, што ўсё ж месца пахавання Рэйтана будзе ўвекавечана. Як напамінак нам, жывым, гучаць гэтыя яго словы, што ўспрымаюцца цяпер запаветам: «Маё разумовае жыццё збудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне ліцвінам, то мяне пакрыўдзіў бы. Калі ў маёй барацьбе ёсць непгга такое, што будучыя пакаленні захацелі б зберагчы, няхай яны прымуць маю ахвяру як плод той любві, якой я не перастану палаць дзеля дарагой Літвы».

Пан Тадэвуш з-пад Ляхавіч : Тадэвуш Рэйтан // Марціновіч, А. У часе прасветленыя твары / Алесь Марціновіч. – Мінск: Полымя, 1999. – С. 167-187.

“Не вярнуць нам гады, што мінулі даўно…”

Балада Тадэвуша Рэйтана

(20.08.1742—8.08.1780)

“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”—

І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.

Вялікае Княства быць цэлым , як сэрца, павінна,

Калі ж раздзіраць яго — будзе пралітая кроў.

Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць патрэбна.

Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе.

Цябе аніхто тут не купіць за золата й срэбра,

Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе,

Бо золата й срэбра ніколі не будзе Айчынай,

Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта смяецца дзіця,

Дзе самыя вабныя ў свеце красуні-жанчыны,

З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця

Без іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою

Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,

Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю

Яднае крыжы на касцёле старым і царкве.

“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”.

Твой голас у шуме, бы ў твані сівой, патануў.

З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны,

З якімі любую асіліш бяду і вайну,

Але вас нямнога і ўжо не з’іначыш нічога…

І вернешся ў родную Грушаўку ты не маўчаць,

І будзеш, як свечка адна, прад Айчынай і Богам

На вочах тутэйшых людзей дагараць…

Віктар Шніп

Шніп, В. “Не вярнуць нам гады, што мінулі даўно…” : балада Тадэвуша Рэйтана / Віктар Шніп // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 11 верас.- С. 8.

Пан Тадэвуш з Грушаўкі

«Гэта ў нас вялікае зло,

што іншаземныя людзі хочуць

нас навучыць таму, што ў нас рабілася».

Г.Жавускі.

«Успаміны Сапліцы».

У жніўні 1772 г. манархі трох суседніх дзяржаў — Расеі, Прусіі і Аўстрыі, скарыстаўшыся з заняпаду і ўнутраных міжусобіц, скаланаўшых Рэч Паспалітую Двух Народаў, дамовіліся аб першым падзеле яе тэрыторыі паміж сабою, 18 верасня таго ж года гэтыя дзяржавы давялі да ведама ўладаў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага аб ужо адбыўшымся факце падзелу-захопу іх тэрыторыі. Яны запатрабавалі склікання надзвычайнага агульнадзяржаўнага сейма, каб фармальна пацвердзіць «законнасць» сваіх захопаў, заснаваных нібыта «на гісторыі і праве». Ад тэрыторыі Беларусі на карысць расейскай імперыі адрываліся яе ўсходнія землі з Полацкам, Віцебскам і Магілёвам — агульным памерам болей за 90 тысяч кв.км з насельніцтвам больш як адзін мільён чалавек.

Краіны-захопніцы разлічвалі не толькі на сваю перавагу ў сіле і слабасць Рэчы Паспалітай як дзяржавы, але і на подкуп часткі шляхецтва, якое нярэдка свае прыватныя і станавыя інтарэсы ставіла вышэй за агульнадзяржаўныя. Аднак ва ўсе часы існавалі людзі, для якіх дабро Радзімы, абарона яе гонару вышэй за ўласны дабрабыт. Дзеля гэтага яны гатовыя былі ахвяраваць усім, нават жыццём. Да ліку такіх асобаў належыць і Тадэвуш Рэйтан, наваградскі пасол на падзельны сейм 1773 г. ад Вялікага княства Літоўскага. Яго гераічная пастава на гэтым сейме ўвайшла ў гісторыю як прыклад высокага патрыятызму, мужнасці і самаахвярнасці. Імя Т. Рэйтана шырока вядома ў польскай гістарычнай літаратуры. Там ён — адзін з апосталаў вызвольнай традыцыі, узведзены ў ранг нацыянальнага героя Польшчы. На сваёй жа сапраўднай радзіме, на Беларусі, імя нашага земляка і суайчынніка, як і шмат іншых, аказалася незаслужана забытым. Хто ж такі Рэйтан, пра якога неаднаразова ўспамінаў яшчэ Адам Міцкевіч у «Пану Тадэвушу»?

***

Перш чым мы звернемся да падзей сейма 1773 г., зорнага часу наваградскага пасла, акрэслім галоўныя старонкі яго жыцця.

Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся 20 жніўня 1742 г. у маёнтку Грушаўка ў шасці кіламетрах ад Ляхавіч у заможнай шляхецкай сям’і. Адно з адгалінаванняў роду Рэйтанаў, які паходзіў з Прусіі (па іншых звестках — са Швецыі), урасло каранямі і замацавалася на Беларусі яшчэ ў XVII стагоддзі. Бацька Тадэвуша — Дамінік Міхал, падкаморы наваградскі, прававерны каталік, быў паважаным у сваім асяроддзі чалавекам, вызначаўся некаторай жорсткасцю нораву, строгім стаўленнем да блізкіх. Маці —Тарэса — з беларускага праваслаўна-уніяцкага шляхецкага роду Валадковічаў. Яе родны брат, Феліцыян Валадковіч, займаў адно з першых месцаў ва уніяцкай царкоўнай іерархіі. А з 1762 г. ён, стаўшы мітрапалітам, узначальвае яе ў Рэчы Паспалітай. Акрамя старэйшага Тадэвуша ў сям’і было яшчэ чацвёра сыноў і тры дачкі. Дзякуючы бацькавым намаганням зямельныя ўладанні Рэйтанаў вакол Ляхавіч пастаянна ўзрасталі. Акрамя гэтага, Рэйтаны мелі маёнтак Бярозава на Полаччыне, які яшчэ ў 1659 г. падараваў Марціну Рэйтану кароль Ян Казімір «з павагі на заслугі перад Бацькаўшчынай».

Звесткі аб адукацыі Тадэвуша Рэйтана супярэчлівыя. Па Ю.Нямцэвічу, які, дарэчы, з’яўляецца яго першым афіцыйным біёграфам, Тадэвуш нібыта вучыўся ў піярскай школе ў Варшаве. Аднак больш верагодна, што ён праходзіў навучанне ў віленскім езуіцкім калегіуме. У творы Г. Жавускага «Раmietki Soplicy» паўстае перад намі з вялікай сімпатыяй абмаляваны вобраз Т. Рэйтана…

Ужо ў дзяцінстве Тадэвуш вылучаўся сярод таварышаў у езуіцкім калегіуме сваім непрыхаваным патрыятызмам і… упартасцю. Вось некалькі прыкладаў з вучнёўскага жыцця Рэйтана.

Калі нібыта адзін з нашчадкаў гетмана Гасеўскага, вучань таго ж калегіума, нехта Уладзіслаў Аскерка, у адной са спрэчак вырашыў абараніць свайго прадзеда ад абвінавачванняў у яго вымушаным супрацоўніцтве з наезнікамі-шведамі рознымі непрыхільнымі да барацьбы супраць захопнікаў абставінамі, то Тадэвуш, не пагадзіўшыся, не знайшоў лепшага аргумента, як схапіць камень і ўдарыць, пусціўшы кроў калегу… I колькі яго не ўпрошвалі, а потым і не лупцавалі ледзь не да страты прытомнасці айцы езуіты, каб папрасіў прабачэння ў таварыша, ён гэтага так і не зрабіў. Справу ўладзіў бацька пацярпелага, які памірыў праціўнікаў, адначасова аддаўшы належнае непрымірымасці Тадэвуша да апраўдання якой-небудзь здрады ў дачыненні да Бацькаўшчыны.

Адной з любімых гульняў вучняў езуіцкага калегіума ў вольны час была ўяўная вайсковая забава, у якой удзельнікі, падзяліўшыся на два бакі, папераменна выступалі то як «маскалі», то як «ліцвіны». Пры гэтым асноўным доказам перамогі з’яўлялася змаганне «на пальцатах», палках, якія імітавалі шпагі і мячы. Калі чарга быць «маскалём» выпадала Тадэвушу, то ён змагаўся не так упарта, хутка саступаў нават слабейшым. Нават жартам ён не мог дапусціць, каб «маскалі» перамаглі… Непрымірымасць, прынцыповасць стануць адметнымі рысамі яго характару і пасля заханчэння калегіума.

Вядома, што Рэйтану не ўдалося зазнаць шчасця ў сямейным жыцці. Памрэ ён нежанатым і не пакіне па сабе нашчадкаў. Але яшчэ ў досыць маладым узросце, калі было яму крыху болей за дваццаць гадоў і быў ён толькі «таварышам» у харугве князя М. Радзівіла («Рыбанькі»), вельмі ўпадабаў прыгожую панну Еўлашоўскую, вайсковічку (гэта значыць дачку войскага) ваўкавыскую і гатовы быў узяць з ёю шлюб. Стаў да яе заляцацца. Урэшце ездзіў з Грушаўкі са сваім шваграм па адной з сясцёр, Паўлам Есьманам, харунжым слонімскім, сватацца да яе. Але добраму намеру маладога Рэйтана завесці сям’ю якраз і перашкодзіў яго непрымірымы патрыятызм. У доме абранніцы ў адным з пакояў ён заўважыў сярод іншых насценны партрэт Пятра I. Гэта так абурыла Тадэвуша, што ён зараз жа адступіў ад свайго намеру, як яго швагер не ўлашчваў. «Пётр, — казаў Рэйтан, — гэта ж наш найвялікшы вораг. Хай я лепш усё жыццё буду кавалерам, чым вазьму жонку з такога дому, дзе памяць нашага непрыяцеля знаходзіцца ў такой павазе, што ажно выява яго аздабляе пакой, у якім гасцей прымаюць…».

Канешне, ёсць у гэтых і іншых легендарна-біяграфічных дадзеных пра юнацтва і маладосць Т. Рэйтана з боку іх аўтараў (у дадзеным выпадку Г. Жавускага) даволі празрыстая спроба гераізаваць яго асобу, стварыць вобраз самаахвярнага патрыёта ледзь не з калыскі. Але ўсё наступнае жыццё Рэйтана не дасць ніякіх падстаў для сумнення ў шчырасці яго любові да зямлі, на якой узрос, да дзяржавы, якой толькі адной хацеў служыць.

* * *

Не абышлі Т. Рэйтана і падзеі Барскай канфедэрацыі, якая з 1768 па 1772 г. узрушыла Рэч Паспалітую, яе беларускія, летувіскія, украінскія і польскія землі. Намаганні барычан пазбавіцца ад іншаземнага расейскага пратэктарату ў кіраванні краінай слабавольным каралём Станіславам Аўгустам былі яму вельмі блізкімі.

На пачатку дзейнасці Барскай канфедэрацыі Тадэвуш Рэйтан знаходзіўся ў Полацкім ваяводстве. Як піша Г. Жавускі, Рэйтан, наладзіўшы сувязі з суседзямі, намагаўся ажывіць у навакольнай шляхты «тлеючую любоў да бацькаўшчыны і распачаць у беларускіх лясах зацяжную вайну» супраць расейскіх акупацыйных войскаў. Але на Полаччыне яго патрыятычная апантанасць натыкнулася на халодны мур постраху і абыякавасці мясцовага «рыцарства». Тым не меней Рэйтану ўдалося, дзе-нідзе і не без прымусу, сабраць свой канфедэрацкі атрад. Але калі ў аднаго з яго ўдзельнікаў-шляхцічаў «маскалі вёску з дварамі спалілі», у многіх «любоў да бацькаўшчыны» пачала астываць. Канфедэраты сталі разбягацца ад Рэйтана. У яго атрадзе засталося некалькі дзесяткаў чалавек. Ды і тыя вымушаныя былі хавацца ад аблаваў расейскага войска па лясах. Як ні натхняў іх Рэйтан на змаганне, як ні ўтрымліваў — «плюгавая шляхта» разбягалася і разбягалася, баючыся страціць свае набыткі за ўдзел у канфедэрацыі. Урэшце яго атрад быў цалкам рассеяны. Спалілі да шчэнту і рэйтанаўскі маёнтак. Лясамі вымушаны быў прабірацца Рэйтан пад Ляхавічы ў родную Грушаўку…

Там, заахвоціўшы да падтрымкі канфедэрацыі частку болей ахвярнай, чым на Полаччыне, мясцовай шляхты, Рэйтан накіроўваецца ў кіеўскае ваяводства, пад Радамышль да дзядзькі, уніяцкага мітрапаліта Ф.Валадковіча. Было вядома, што той, варагуючы з каралём Станіславам Аўгустам, абвясціў сябе прыхільнікам Барскай канфедэрацыі. Ф.Валадковіч аддаў пад камандаванне Рэйтану атрад уласных «надворных казакаў», На чале яго Т.Рэйтан напаў пад Жытомірам на вайсковы абоз генерала П.Крэчатнікава і захапіў яго. Абозам нібыта перавозіліся ў Кіеў разнастайныя каштоўнасці з праваслаўных храмаў, каб схаваць іх ад рабунку. Але адначасова было вядома (у тым ліку і ў Пецярбургу), што сам генерал не грэбаваў вялікімі паборамі на сваю карысць сярод насельніцтва Рэчы Паспалітай. Магчыма, гэтым ён і справакаваў напад канфедэратаў.

Віхор канфедэрацкай вольніцы насіў Рэйтана па ўсёй Рэчы Паспалітай. Некаторы час ён вымушаны быў шукаць ратунку ў Валахіі (Румыніі). Ёсць звесткі, што ў верасні 1771 г. Т. Рэйтан з бліжэйшымі сваімі паплечнікамі прымаў удзел у нешчаслівай бітве пад Сталовічамі (каля сучасных Баранавіч) на баку войска гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага супраць атрадаў Суворава…

Прыродная непрымірымасць да здзеку і няволі, да абразы гонару дзяржавы не задаволіліся ў Рэйтана праз падзеі, звязаныя з Барскай канфедэрацыяй. На 1772 г. супраціўленне вычарпала сябе. Асноўныя сілы канфедэратаў былі разбітыя, ацалелыя —апынуліся на выгнанні.

* * *

Кароль Станіслаў Аўгуст, апынуўшыся ў дыпламатычнай ізаляцыі, калі і Польшча, і Вялікае княства Літоўскае фактычна былі акупаваныя войскамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, на пачатку 1773 г. пад прымусам выдаў універсал аб скліканні павятовых сеймікаў. Яны павінны былі абраць паслоў на «вальны» (агульны) сейм у Варшаве, які прызначаўся на 19 красавіка 1773 г. У Наваградскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага на той час налічвалася тры паветы — Наваградскі, Слонімскі і Ваўкавыскі. Як і ў іншых ваяводствах, ад кожнага з іх сеймік, на які збіралася ўся павятовая шляхта, абіраў двух паслоў на агульнадзяржаўны сейм. Звычайна ў Наваградку такі сеймік адбываўся ў спецыяльна прызначаным для гэтага будынку, так званай «сеймавай ізбе» на Замкавай гары. У сярэдзіне XVIIIст. тая «ізба» не раз цярпела ад агульнагарадскіх пажараў. Асабліва буйным быў пажар 1751 г., які знішчыў амаль увесь горад. У 1765 г. на гаспадарчым сейміку наваградцы прынялі рашэнне, каб пазбавіцца ад кепскіх умоваў сеймікавання ў непрыстасаваных памяшканнях, адбудаваць ізноў зручны будынак (“ізбу”) «вялікую… усярэдзіне са сталамі для служачых і ратмістраў і лавы прыстойныя для шляхты». На гэта было выдзелена 3160 злотых і па 4 грошы з «падымнага» падатку, якія павінны былі збірацца на працягу двух гадоў. Магчыма, што абранне паслоў на сейм у 1773 г. адбывалася ўжо ў новым будынку, а не ў фарным касцёле пад Замкавай гарою, як гэта было раней.

22 сакавіка 1773 г. пасламі на сейм у Варшаву былі аднагалосна абраныя Тадэвуш Рэйтан і Самуль Корсак. Як аказалася потым, абранне менавіта гэтых асоб не было выпадковым. Іх грамадзянская пазіцыя на той час не магла быць невядомай ці няяснай. Асабліва імпанавала, відаць, наваградскай шляхце рашучасць і цвёрдасць у адстойванні правоў Рэчы Паспалітай Двух Народаў Тадэвуша Рэйтана.

Згодна з традыцыяй, для такіх зацвярджалася спецыяльная інструкцыя — наказ. Паслы абавязваліся ўсімі сіламі адстойваць на сейме такі наказ, ні ў чым не адступаючы ад яго.

Інструкцыя, якую атрымалі паслы наваградскага павета, вылучалася сярод іншых у Вялікім княстве катэгарычнасцю сваіх патрабаванняў. Т. Рэйтан і С. Корсак павінны былі настойваць на безумоўнай эвакуацыі расейскіх войскаў з тэрыторыі Княства. Яны таксама атрымалі наказ перашкаджаць пачатку працы сейма, пакуль не будуць накіраваныя прадстаўнікі да іншых еўрапейскіх дзяржаў, якія маглі б выступіць гарантам цэласці Рэчы Паспалітай. Такіх гарантый раней марна дабіваўся кароль Станіслаў Аўгуст, але ў Наваградку, відаць, лічылі, што для гэтага яшчэ не ўсё было зроблена. Самае галоўнае — паслы павінны былі рашуча выступаць супраць зацвярджэння фактычна здзейсненага ўжо падзелу тэрыторыі сваёй дзяржавы, нават самай малой яе часткі. Згодна з інструкцыяй, усе іншыя пытанні на сейме павінны былі быць адкладзеныя, перш чым не вырашыцца асноўнае, звязанае з захаваннем межаў Польшчы і Вялікага княства ў існаваўшым стане.

Была і яшчэ адна адметная асаблівасць у наваградскай інструкцыі сеймавым паслам. Яна выказвала рашучую падтрымку скаргам уніяцкага святарства на праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага, актыўнага правадніка маскоўшчыны на Беларусі. Пасля паражэння пракаталіцкай Барскай канфедэрацыі зачыняліся цэрквы, многія ўніяцкія святары былі арыштаваныя і знаходзіліся ў зняволенні. З’яўленне такога пункту ў інструкцыі можна было растлумачыць уплывам Ф.Валадковіча на свайго пляменніка — пасла Тадэвуша Рэйтана. Відаць, менавіта па просьбе мітрапаліта Рэйтан і дабіўся ўвядзення праўніяцкіх патрабаванняў у пасольскую інструкцыю. Яна заканчвалася строгім папярэджаннем, што паслы павінны дакладна яе выконваць. Інакш ім пагражала страта маёмасці і нават пазбаўленне жыцця.

Пакланіўшыся старажытнай іконе Маці Божай Наваградскай, заступніцы і спагадніцы ўсіх жыхароў ваяводства, Т. Рэйтан і С.Корсак выехалі ў Польшчу.

***

Прыехаўшы ў Варшаву, Т. Рэйтан даведаўся, што напярэдадні, 16 красавіка, частка паслоў на чале з А. Панінскім утварыла «канфедэрацыю». (У яе склад напачатку ўвайшло толькі 60 паслоў і ўсяго 9 сенатараў. Істотным было і тое, што кароль не ўвайшоў у лік яе заснавальнікаў.) Канфедэраты, падкупленыя і запалоханыя расейскім, аўстрыйскім і прускім пасламі, мелі на мэце забяспечыць інтарэсы дзяржаў-захопніц пры анексіі тэрыторый Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Стварэнне напярэдадні сейма канфедэрацыі, у дадзеным выпадку саюза запраданых замежным інтарэсам паслоў, прадугледжвала распаўсюджванне свайго ўплыву на ўвесь сейм. Гэта давала магчымасць, згодна з законамі дзяржавы, ператварыць сейм у канфедэрацкі. А на ім ужо не магло дзейнічаць права «liberum veto», бо рашэнні павінны былі прымацца проста й большасцю галасоў. Канфедэрацкі маршалак, пасол з Польшчы А. Панінскі станавіўся і сеймавым маршалкам, гэта значыць накіроўваў бы працу сейма ў патрэбным для падзельшчыкаў кірунку.

Так, можа, адзіны раз у гісторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў ужыванне права «liberum veto», з дапамогаю якога раней марна зрываліся сеймы, магло адыграць станоўчую ролю. У прынцыпе дастаткова было аднаго голасу «супраць», каб адхіліць рашэнне аб падзеле…

Такую небяспеку добра разумелі паслы Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў Варшаве. Таму яны ўсялякім чынам імкнуліся да далучэння ў антыдзяржаўную канфедэрацыю большасці паслоў, абапіраючыся на галоўнага свайго памагатага А. Панінскага.

Па сутнасці супрацьстаянне Т.Рэйтана і яго сяброў намерам ганебнага падзелу фармальна магло выліцца ў спробу не дапусціць, каб Панінскага абралі маршалкам сейма. Гэта б азначала адначасова і непрызнанне антыдзяржаўнай канфедэрацыі.

19 красавіка толькі нямногім болей за сотню з трохсот магчымых дэлегаваных прадстаўнікоў ад паветаў і зямель Польшчы і Вялікага княства Літоўскага сабраліся ў «пасольскай ізбе» ў Варшаве. Ад Вялікага княства Літоўскага прысутнічала толькі 26 паслоў. Кракаўскі пасол Лянтоўскі, як найстарэйшы з прысутных, абвясціў, што канфедэрацыя абрала сваім маршалкам А. Панінскага, якога ад імя Польшчы і прапануе абраць адначасова і сеймавым маршалкам. Яго прамову нечакана перабіў Тадэвуш Рэйтан. Выйшаўшы на сярэдзіну залы, ён галосна заявіў, што ўтварэнне канфедэрацыі таемным чынам — рэч нечуваная. Землі і паветы, якія абіралі паслоў, нічога пра гэта не ведалі. Канфедэрацыя была незаконнай яшчэ і таму, што ініцыятары вымушаныя былі адмовіцца ад традыцыйнага шляху яе ўтварэння: спачатку павінны былі ўтварыцца канфедэрацкія саюзы ў паветах і ваяводствах Польшчы і Вялікага княства. А затым яны ўжо злучаліся ў адну, «генеральную» канфедэрацыю. Аднак нічога падобнага не было зроблена.

Рэйтан прапанаваў праводзіць сейм звычайным парадкам, гэта значыць з ужываннем права «ліберум вето». Акрамя таго, ён заўважыў, што прызначэнне Панінскага маршалкам абражае годнасць ліцвінаў. Кожны трэці агульны сейм (1 раз у 6 гадоў) павінен быў праводзіцца ў Княстве. Калі ўжо было парушана тое правіла, што сейм праводзіцца не ў Горадні, як гэта павінна было быць, то Рэйтан запрапанаваў, каб маршалкам быў абраны не польскі пасол, а ліцвін. У гэтым яго падтрымалі паслы ад Вялікага княства Літоўскага: наваградскі — С.Корсак, менскі — С.Багушэвіч, ваўкавыскі — М.Булгарын, пінскія — Скірмунт і І.Кужанецкі, гарадзенскія — К.Вольмер і Ю.Ельскі, а таксама некаторыя «каронныя» — з Польшчы.

А. Панінскі зусім не разлічваў на які-небудзь адпор на сейме. Відавочным было, што праца сейма ў першы ж дзень адыходзіла ад запланаванага ў Пецярбургу сцэнарыя, па сутнасці зрывалася. У сеймавай зале ўсчаўся тлум. Панінскі з маршалкоўскай «ляскай» (жазлом) пачаў абыходзіць залу, заклікаючы сваіх прыхільнікаў падтрымаць канфедэрацыю. Тады Рэйтан, заўважыўшы, што ў крэсле для маршалка канфедэрацыі ад Княства Міхала Радзівіла (ён на адкрыццё спазніўся) ляжыць свабодная маршалкоўская «ляска», схапіў яе, усеўся ў крэсла і тры разы ўдарыў аб падлогу. Гэта тут жа паўтарыў напалоханы Панінскі, абвясціўшы закрыццё пасяджэння з пераносам яго на заўтра на 9 гадзін раніцы.

Пасля гэтага Рэйтан ва ўсеагульным змяшанні нечакана абвясціў сябе маршалкам сейма і, пад воплескі прыхільнікаў, прызначыў наступнае пасяджэнне на 13.00 наступнага дня. Пасля чаго з маршалкоўскай «ляскай» таксама пакінуў залу.

На другі дзень, 20 красавіка, Рэйтан з’явіўся ў зале пасяджэнняў першым. Ён і другі наваградскі пасол С. Корсак пачалі актыўна агітаваць за тое, каб пачаць сесію без Панінскага. I зноў пачаліся гарачыя дыскусіі паміж прыхільнікамі і нешматлікімі праціўнікамі канфедэрацыі. У іх разгар, у 11 гадзін раніцы ў дзвярах залы нечакана з’явіўся Панінскі. Крык, шум, відавочна, яго напалохалі. Далей ісці ён не асмеліўся. Стоячы ў дзвярах, стукнуў «ляскаю», абвясціў, што пераносіць пасяджэнне на заўтра, ізноў на 9 гадзін раніцы. I знік гэтак жа раптоўна, як учора.

С. Корсак працягваў гарачую прамову супраць бяспраўных дзеянняў Панінскага, за спіной якога стаяў расійскі пасол Штакельберг. Падчас яго прамовы кракаўскія і іншыя паслы ўзняліся са сваіх месцаў і пачалі выходзіць з залы. Насустрач ім выбег Рэйтан, каб затрымаць выходзячых. Ён заклікаў прысутных застацца ў зале і адкрыць сесію звычайным чынам, без уліку існавання канфедэрацыі. Яго не хацелі слухаць. Тады Рэйтан распасцёрся крыжом перад выхадам, не даючы праходу. Ён крычаў: “Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!». Некаторыя адступілі і пачалі выходзіць праз бакавыя дзверы. Ян Язерскі, пасол з Польшчы, першым пераступіў праз Рэйтана. За ім пайшлі іншыя. Так здраднікі і палахліўцы пераступілі не толькі цераз няшчаснага Рэйтана, але і цераз годнасць і гонар сваёй дзяржавы. Такіх у зале была большасць…

У гэты ж дзень адбываецца афіцыйная рэгістрацыя канфедэрацыі ў варшаўскім гарадскім судзе. Ствараецца асобны канфедэрацкі суд, які, жадаючы настрашыць апазіцыю, абвяшчае Рэйтана і Корсака «ворагамі бацькаўшчыны», пазбаўляе іх гонару, што па сутнасці азначала смяротны прысуд.

Нягледзячы на гэта, ліцвінскія паслы на чале з Рэйтанам ізноў 21 красавіка з’яўляюцца ў «пасольскай ізбе» з рашучым намерам змагацца супраць Панінскага.

Рэйтан пасылаў да караля, шукаючы падтрымкі, але той адмовіў у ёй. Станіслаў Аўгуст заявіў, што сам фактычна знаходзіцца ў ізаляцыі, як і ліцвінскія паслы. Паспрабаваў звярнуцца Рэйтан і да замежных паслоў у Варшаве, звяртаючы ўвагу на тое, што парушаецца закон. Але ў адказ атрымаў толькі пагрозы…

Узнікла праблема — як выдаліць Рэйтана і яго паплечнікаў (усяго іх было да 15 чалавек) з залы. У выпадку, калі б яны самі згадзіліся яе пакінуць, то ім з боку расейскага і прускага паслоў гарантавалася поўная бяспека. Панінскі, які сам прадаўся Расеі за 20 тысяч дукатаў і атрымаў адпаведную суму на подкуп іншых паслоў, праз сваіх памагатых прапанаваў Рэйтану дзве тысячы, каб той толькі выйшаў з залы. У адказ Рэйтан паведаміў, што заплоціць Панінскаму пяць тысяч дукатаў, калі той адмовіцца быць маршалкам… Хацелі ўгаварыць Рэйтана праз віленскага біскупа Масальскага. Але ён адмовіўся, заявіўшы: «Гэты чалавек (Рэйтан) менавіта народжаны для вайны». Спрабавалі ўшчуваць Рэйтана і тым папрокам, што ён сваім

супрацівам выкліча яшчэ большую незадаволенасць, асабліва з боку Расеі, а значыць і больш цяжкія ўмовы падзелу тэрыторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў. На гэта Рэйтан адказаў, што сваёй нязгодай ён якраз і хоча звярнуць увагу ўсяго свету на той гвалт, які збіраюцца ўчыніць над яго дзяржавай.

Ужо тады запраданцы і згоднікі пачалі глядзець на Рэйтана як на не зусім нармальнага, зыходзячы з уласных канонаў, чалавека. Гэта ж вар’яцтва — змагацца супраць магутных Расеі, Прусіі і Аўстрыі! Што можна зрабіць аднаму супраць сілы? Можна страціць не толькі маёнткі, але і жыццё! Таму трэба скарыцца…

Пасол Штакельберг ставіць перад каралём ультыматум: альбо той неадкладна 22 красавіка далучаецца да канфедэрацыі, альбо 50-тысячнае расейскае войска ўваходзіць у Варшаву і рабуе яе. I Станіслаў Аўгуст не ўпаў «крыжам», як Рэйтан, а «стаў на калені» — даў згоду… Увогуле супраціўленне Рэйтана пераблытала ўсе карты каралю. Не німб пакутніка, які скарыўся перад сілай гвалтаўнікоў, а водсвет звычайнай здрады і страху «ўпрыгожыў» ягоную карону…

А Рэйтан з сябрамі ўсё сядзелі ў «пасольскай ізбе», не даючы распачаць сесію сейма. Туды ім прынеслі вестку, што 22 красавіка кароль далучыўся да згодніцкай канфедэрацыі. Пачуўшы гэта, некалькі паслоў адразу вьійшлі, спяшаючыся падпісацца пад канфедэрацкім актам. Урэшце, апусціўшы галовы, выйшлі ўсе, акрамя Рэйтана, Корсака і Багушэвіча — двух навагародцаў і аднаго менчука. 36 гадзін не выходзіў Рэйтан з залы (Корсак і Багушэвіч адыходзілі на перамовы з расейскім паслом, але, адмовіўшыся саступіць, вярнуліся да Рэйтана ізноў). Яны былі пакінуты ўсімі… Урэшце і іх пакінулі сілы (Рэйтан адмовіўся прымаць ежу) і надзея. Пад гарантыю ўласнай недатыкальнасці 23 красавіка выйшлі з залы і яны.

Форма пратэсту Т. Рэйтана была надзвычай характэрная для тагачаснага спосабу мыслення, для шляхецкай палітычнай культуры. А яна якраз вялікую ўвагу надавала пытанням фармальнапраўным, узгодненасці дзейнасці дзяржаўных інстытутаў з літарай закону.

Мужная пастава Рэйтана на сейме выклікала захапленне ў сапраўдных патрыётаў, жыхароў Варшавы. 3 павагай да яго ставіліся нават акупанты. Расейскі генерал Бібікаў гаварыў, што перад учынкам Рэйтана ўсе польскія афіцэры павінны зняць свае ўзнагароды… Прускі генерал Лентулюс выдзяліў для Рэйтана ахову, каб яго не маглі арыштаваць людзі Панінскага. Гэта дало магчымасць Рэйтану свабодна хадзіць па Варшаве, уголас, прылюдна кляйміць канфедэратаў. Пры гэтым ізноў загаварылі, што ён, відаць, не зусім здаровы. (Так, у прыватнасці, лічыў Станіслаў Аўгуст.)

С.Корсак і С.Багушэвіч болей не ўдзельнічалі ў працы ганебнага сейма, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Яны выехалі з Варшавы. Няроўнае і адчайнае змаганне падарвала псіхічныя сілы Тадэвуша Рэйтана. Ён цяжка захварэў. Ужо хворага браты перавезлі ў Грушаўку, дзе і правёў ён рэшту свайго жыцця.

… Яно абарвалася самагубствам 8 жніўня 1780 г. У гэты дзень да сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы пад’ехала карэта, з якой выйшаў расейскі афіцэр і накіраваўся ў дом. Гэта было бачна Рэйтану з закратаванага акна флігеля, у якім ён быў сам-насам са сваім адчаем. Што прымроілася яму? Невядома. Але ён разбіў шыбу і кавалкам шкла ўспароў сабе жывот…

***

Ніяк не пазбыцца пытання: «Няўжо сапраўды, каб быць патрыётам у гінучай і запрададзенай Рэчы Паспалітай Двух Народаў, трэба было звар’яцець?».

… Пасля смерці Рэйтана паступова стала стварацца рэйтанаўская легенда. Гісторыя як бы пачала аддаваць належнае яго непакорлівасці і мужнасці. Асабісты трагічны лёс Рэйтана стаў атаясамляцца з трагічным лёсам загінуўшай дзяржавы, якую наваградскі пасол, сын беларускай зямлі, хацеў уратаваць.

На Вялікім сейме 1788 — 1792 гг. было прынята рашэнне ўшанаваць памяць Тадэвуша Рэйтана і ўстанавіць у «пасольскай ізбе» мармуровую памятную табліцу ў гонар яго ўчынку з адпаведным тэкстам. Вобраз Рэйтана знаходзіць сваё адлюстраванне ў творах жывапісу і літаратуры. Беларускі шляхціч з-пад Ляхавіч становіцца сімвалам змагання за адраджэнне… Польшчы.

Для беларусаў вобраз Рэйтана трагічны ўдвая. Бо гэта наш тыповы «страчаны герой», цалкам інкарпараваны ў падзеі блізкай і роднаснай нам гісторыі суседняй дзяржавы. Да гэтага часу так і не знойдзена ягоная магіла. (Пошукі яе, якія вяліся ў 30-я гады ХХ ст., не далі адназначных вынікаў.) У гэтым таксама нейкая трагічная сімволіка. Нібыта незаспакоены дух Рэйтана можа з’явіцца ў любы момант там, дзе здрада, дзе гандлююць незалежнасцю Радзімы. I ў наш час заклік Рэйтана «Не забівайце Бацькаўшчыны!», на жаль, цалкам актуальны.

Уладзімір Емяльянчык

Емяльянчык, У. Пан Тадэвуш з Грушаўкі / Уладзімір Емяльянчык // Культура. – 1993. – 14 верасня. – С. 6-7.

Фотаздымак як сведка гісторыі

Нам вядома шмат пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, якія жылі ў XIX стагоддзі. Пра беларускіх фатографаў гэтага ж часу мы ведаем значна менш.

Наўрад ці можна знайсці беларускага майстра фотаздымку накшталт Яна Булгака. Яго фотаадбіткі нельга зблытаць — індывідуальнасць і асаблівы характар аўтара вылучаюць іх з працаў іншых фатографаў. Таму яго творчыя і жыццёвыя шляхі ўсё часцей зацікаўліваюць сучаснікаў.

Здольнасці Яна Булгака не абмяжоўваліся стварэннем фотакартак, яшчэ ён пісаў кнігі і вершы. Яго аўтабіяграфічная кніга «Край дзіцячых гадоў» напісаная такою жывой і сакавітай мовай, што пейзажы, як жывыя, паўстаюць з друкаваных старонак, а характары людзей, перададзеныя з тонкім майстэрствам, прымушаюць пранікнуцца сімпатыяй да іх. Карацей кажучы, за якую творчую працу не браўся б Булгак — усё атрымлівалася ладна і прыгожа. Мусіць, таму, што ў кожную справу была ўкладзеная часцінка асабістага сэрца і многа любові.

Акрамя творчасці фатограф цікавіўся гісторыяй. Ян Булгак пабываў у многіх сядзібах Навагрудчыны. У свой час ён наведваў і вёску Грушаўка- радавы маёнтак Рэйтанаў, аб гэтым сведчаць зробленыя ім фотаздымкі сядзібы. Чым зацікавіла фатографа Грушаўка? Магчыма, гістарычным мінулым і асабліва трагічным лёсам Тадэвуша Рэйтана. Жыццё і палітычная дзейнасць гэтага чалавека добра вядомыя аматарам беларускай гісторыі. Але і па сённяшні дзень тут ёсць свае «белыя плямы», невывучаныя таямніцы. Грушаўскія фотаздымкі Булгака нагодаю для размовы з мясцовым краязнаўцам, мастаком і фатографам Сяргеем Чарановічам. На здымках можна бачыць экстэр’ер і інтэр’ер «мураванкі», у якой прайшлі апошнія гады жыцця Т. Рэйтана і ў якой трагічна абарвалася яго жыццё. Паводле канструкцыі гэта тыповы дом нямецкага бюргера, такія ж дамы можна пабачыць у Германіі: у плане дом падзелены на дзве часткі, крыжападобнае звядзенне столі, тоўстыя сцены, у якіх у выглядзе глыбокіх нішаў былі зробленыя кніжнія паліцы. Магчыма, Рэйтаны, выхадцы з Германіі, узвялі гэты будынак на ўспамін пра зямлю свайго паходжання. У гэтым доме зберагаўся сямейны архіў роду, частка бібліятэкі, найбольш каштоўныя рэчы.

Сяргей Вячаслававіч расказаў аб сваёй версіі падзеяў, звязаных з апошнімі днямі жыцця і смерці Тадэвуша Рэйтана. Краязнаўца паказаў мне некалькі фотаздымкаў Грушаўкі, зробленых у 1930-я гады ў сядзібе Рэйтанаў. Асаблівую ўвагу прыцягнулі два, на якіх адлюстраваныя члены камітэта, створанага да 150-годдзя з дня смерці Тадэвуша Рэйтана, над месцам яго таемнага пахавання і памятная дошка з выяваю Т. Рэйтана (гэтая дошка была ўмураваная ў сцяну злева ад алтара ў капліцы-пахавальні роду Рэтанаў у Грушаўцы). Асобую цікавасць, як мяркуе Сяргей Вячаслававіч, выклікае надпіс, які сярод іншых зроблены на гэтай дошцы: «…Месца спачынку невядома». Чаму ж месца пахавання падаецца як невядомае?

Тадэвуш Рэйтан скончыў жыццё самагубствам у “мураванцы”, якая стаіць побач з домам Грушаўскай сядзібы. Куды ж пасля смерці знік нябожчык? Як гэта магло стацца? Справа ў тым, што крэўныя Т. Рэйтана пахавалі яго ў патаемным месцы, якое прыгадваецца ў гістарычнай літаратуры як “месца пад грабам» і знаходзіцца на тэрыторыі парку Грушаўскай сядзібы. Магчыма, гэта было зроблена для таго, каб да магілы Тадэвуша не маглі прыходзіць на паклон патрыёты Рэчы Паспалітай, бо ў такім разе лёс гаспадароў Грушаўкі быў бы пад пагрозай з-за пераследу расійскіх уладаў. Секвестр маёнткаў і высылка ў Сібір — такі лёс напаткаў многіх у тагачаснай Беларусі. Фотаздымак з надпісам на дошцы з капліцы можа праліць святло і на стаўленне да асобы Т. Рэйтана ў той час, калі ён быў яшчэ жывы.

Добра вядома, што многія і па сённяшні дзень лічаць, што Тадэвуш памёр у стане цяжкага псіхічнага захворвання. Але пры гэтым не прыводзіцца ніякіх доказаў, напрыклад, спасылак на медыцынскія дакументы, якія засталіся пасля яго смерці. Таму паўстае пытанне: ці не магло тут быць спробы такога ж захаду, так бы мовіць, дыстанцыравацца ад асобы Т. Рэйтана, як і ў гісторыі з пахаваннем? 3 успамінаў пра Рэйтана (Сапліца) нам добра вядома, што Тадэвуш меў асаблівы, вельмі цвёрды, характар і ніколі не адступаў ад сваіх прынцыпаў. У апошнія дні жыцця ён часцяком звяртаўся да гасцей, якія наведвалі Грушаўку, з заўвагай аб тым, што не той зараз час, каб наладжваць баляванні. Маўляў, Бацькаўшчыну разрываюць на часткі, і іх месца не за сталом, а там, дзе патрэба ёсць у змаганні за лёс краіны. Маглі пайсці чуткі аб такіх размовах. А гэта было вельмі небяспечна. Але калі выставіць чалавека вар’ятам, то што ж з яго ўзяць? Няма ніякай адказнасці за яго размовы. Усё гэта звязвае ў адно цэлае патаемнае пахаванне, надпіс на ўшанавальнай дошцы з капліцы і чуткі аб псіхічным захворванні Т. Рэйтана. Тады атрымліваецца, што яго смерць — не ўчынак вар’ята, а ахвяра Айчыне, лагічны вынік барацьбы і трагічнага жыцця. I стаўленне да гэтага чалавека павінна быць іншым.

У ляхавіцкім касцёле Святога Юзафа ўсталяваная дошка з выяваю Тадэвуша Рэйтана. Пад час памінальнай імшы ксёнз Станіслаў Маленькі выказаў, на мой погляд, вельмі важную думку аб тым, што Каталіцкая Царква паступова мяняе свой погляд на самагубцаў, бо іншым разам чалавек можа апынуцца ў такіх абставінах, з якіх для яго сапраўды няма іншага выйсця. I не людзям аб гэтым судзіць.

Але не ўсе згодныя з такой думкаю. Напрыклад, у Ляхавічах, дзе на сродкі сям’і Рэйтанаў былі пабудаваныя касцёл Святога Юзафа (сёння паліклініка), будынак мясцовага банка (сёння школа мастацтваў) існавала школа імя Т. Рэйтана (сёння вучэбна-вытворчы камбінат), намерыліся назваць адну з вуліцаў імем Тадэвуша Рэйтана. Нават правялі апытанне сярод жыхароў. Большасць людзей падтрымала гэтую ідэю. Але ж такая вуліца так і не з’явілася на карце горада. I ўсё з той прычыны, што, маўляў, нельга ўвекавечваць памяць самазабойцы. Можа, пасля гэтага артыкула тыя людзі, ад якіх залежала станоўчае вырашэнне гэтага пытання, зменяць сваю пазіцыю? Будзем чакаць і спадзявацца на лепшае.

Марына Жабік

Жабік, М. Фотаздымак як сведка гісторыі / Марына Жабік // Краязнаўчая газета. – 2011. — № 43. – С. 4. – Пра лёс Тадэвуша Рэйтана і фотаздымак грушаўскай сядзібы работы Яна Булгака.

Забытыя на Радзіме

22 сакавіка 1773 года Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак на сейміку Наваградскага ваяводства былі абраныя дэпутатамі на сейм Рэчы Паспалітай у Варшаве. Да гэтай гістарычнай падзеі і была прымеркаваная навукова-практычная канферэнцыя «Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны», што прайшла 22 сакавіка ў мінскім Палацы мастацтва. Арганізатары канферэнцыі — Арт суполка імя Т. Рэйтана. Пра асноўныя тэзісы і тэмы, прапанаваныя арганізатарамі, «Краязнаўчая газета» пісала ў 10-м нумары.

У актавай зале сабраліся даследчыкі і навукоўцы, якія вывучаюць лёс знакамітага роду і гісторыю мясцінаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю выбітных асобаў. Канферэнцыя складалася з трох частак: тэарэтычнай, практычнай і забаўляльнай.

У тэарэтычных частках навуковымі напрацоўкамі з прысутнымі падзяліліся Адам Мальдзіс у дакладзе «Тадэвуш Рэйтан — неацэненая Асоба ў беларускім Пантэоне», дзе распавёў пра новыя факты, што датычацца Т. Рэйтана як патрыёта краіны; Алег Дзярновіч, які прачытаў даклад на тэму «Нашыя абшары: Грамадзянская прастора Рэчы Паспалітай», а Здзіслаў Сіцька (яго родная вёска Пашкоўцы Ляхавіцкага раёна знаходзіцца за 1 км ад вёскі Грушаўка, радзімы Т. Рэйтана) пазнаёміў прысутных з дакладам «Тапаніміка Люнебурга і Лужынцаў. Да пытання паходжання роду Рэйтанаў». Адзін са стваральнікаў арт-суполкі і арганізатар канферэнцыі Зміцер Юркевіч прачытаў некалькі дакладаў: «Гісторыя рэйтаназнаўства» «Радавод Язэпа Рэйтана, апошняга з роду», «Кароткі жыццярыс Тадэвуша Рэйтана на падставе новых крыніц», «Станіслаў Рэйтан. Згублены пісьменнік» (з артыкуламі аўтара чытачы газеты ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца ў папярэдніх нумарах).

Трэці блок — «ІІрэзентацыя дзейнасці Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана» — практычны, які аб’яднаў даклады Андрэя Шулаева «Матэрыяльная нерухомая спадчына роду Рэйтанаў. Перспектывы рэстаўрацыі. Рэсурс для развіцця рэгіёну», 3. Юркевіча «Справаздача аб зробленым». А Ігар Гавін і Алег Балаш зрабілі акцэнт на кансервацыйнай працы ў капліцы Рэйтанаў у Ляхавічах. Неабходна дадаць, што ў сваім выступе А. Мальдзіс спыніўся на назве суполкі-арганізатара (каб суполка была не толькі «арт», бо не з’яўляецца толькі такой на сённяшні дзень), а таксама адзначыў, што трэба афіцыйна аформіць яе існаванне і стварыць фонд.

Чацвёрты блок быў дыскусійным з прыняццем рэзалюцыі і праглядам некалькіх дакументальных фільмаў: «Суботнік у Грушаўцы», «Обратный отсчёт. Тадеуш Рейтан — белорусский Дон-Кихот» і прэм’ерны паказ стужкі «Апошняя з роду Рэйтанаў» рэжысёра Л. Ясінскай.

Пытанні на канферэнцыі датычыліся самых розных аспектаў: як звязаных з тэмамі, так і з дзейнасцю маладой суполкі, якая існуе амаль год (яна арганізаваная летась 18 красавіка) і налічвае 5 пастаянных удзельнікаў. На канферэнцыі прысутнічаў і мастак Алесь Родзін, працамі якога была ўпрыгожаная зала.

Увечары дадаткам да канферэнцыі стаў Фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах»-XXIII — «Забытым героям». У мерапрыемстве бралі ўдзел паэты Віктар Шніп, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Мароз і Яўген ІІІчарбач. А ў музычнай частцы для гледачоў зайгралі гурты «Абодва», «Ліцьвіны», Капэля Алеся Лася і інш.

Варта дадаць, што сіламі суполкі выдадзеныя два календары на 2015 год, прымеркаваныя да 275-годдзя з дня нараджэння Т. Рэйтана (іх можна набыць па сабекошце, напісаўшы на электронную скрыню lefthunder@gmail.com).

Наста Кадыгрыб

Кадыгрыб, Н. Забытыя на Радзіме / Наста Кадыгрыб // Краязнаўчая газета. – 2014. — № 12. – С. 1. – Пра навукова-практычную канферэнцыю «Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны», што прайшла 22 сакавіка ў мінскім Палацы мастацтва.

Тайна памураванага доміка

Мая бабуля, Марыя Сцяпанаўна Кумейша, будучы ўжо схопленай першым інсультам, прыгадала аднойчы пры мне аб сваёй маладосці. На інтэрславянскай руска-польска-беларускай гутарковай сумесі. Вось ён, гэты маналог-успамін:

«Жылі мы з Міхасём у рэйтанаўскім маёнтку Грушаўка, што пад Ляхавічамі. Праўда, раней ён зваўся Грошаўкай. Грошай у пана Рэйтана была куча, іх не лічылі, а мералі мерамі, вось і пайшло — Грошаўка. Але потым панасадзілі людзі груш і сталі празываць Грушаўкай. А сам Рэйтан нічога, добры быў. А сыны яго прыязджалі з-за кардону, з Кракава. Вучыліся яны там. I ўсе на «памураваны домік» хадзілі глядзець… А калі стары Рэйтан памёр, то коні і катафалк былі прыбраны крэпам. I мы, маладыя дзеўкі, пасля пахавання парэзалі гэты крэп сабе на хусткі. Але сама я родам з Маёнтка Нач памешчыка Чарноцкага вёскі Перахрэсце Ляхавіцкай воласці Слуцкага ўезду. Гэта я ў замужжы Кумейша, а ў дзеўках была Ксёнжык. I бацька мой, і дзед, і дзедаў дзед — усе батрачылі на Чарноцкага. А стары Чарноцкі, казалі, біўся ў шляхецкіх атрадах Кастуся Каліноўскага супраць цара. Потым прыкавалі яго да тачкі, і будаваў ён фарштат на Бярэзіне. А бабуля Чарноцкага ў дзеўках была з Жэромскіх. Літаратар быў такі — Стэфан Жэромскі. I вось, калі сталі здаваць у пятнаццатым годзе Варшаву і фронт пачаў адступаць, то пані Аліна Рэйтанова пабегла ў Мінск. I мы з ёю ад германца пабеглі, ды так і засталіся тут. Жылі ў Мінску — не прывядзі Гасподзь свенты айцец…»

Запісаў я гэта — хапіла-такі розуму. А запісаўшы, паклаў у пісьмовы стол на захаванне. Менавіта на захаванне. А потым, калі надышоў час, уставіў гэты блок памяці, калі прымяніць тэрміналогію электроншчыкаў, у адну з аповесцей. Устаўляючы, спатыкнуўся — а што ж гэта за «памураваны домік» такі? Але спытаць ужо не было ў каго…

Праз некалькі гадоў зноў спахапіўся. Усё ж такі «сыны з Кракава» студэнты, а Кракаў у тыя гады быў азначаны ў рэестрах гарадоў Аўстра-Венгрыі, не маглі зачасціць да нейкага звычайнага доміка. Значыць, было куды хадзіць на паклон. Юных інтэлігентаў з вельмі паважанага, заснаванага ў 1367 годзе кракаўскага універсітэта штосьці тут вельмі і вельмі цікавіла.

У мяне таксама была зацікаўленасць. Нават двайная. Ды і ў пашпарце маёй маці чорным па белым запісана: «Месца нараджэння— вёска Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Год нараджэння — 1915». Ёй давялося пражыць там няшмат, але…

Аказаўшыся аднойчы ў службовай камандзіроўцы ў Баранавічах, я хутка рашыў усе справы, а потым — накіраваўся ў Грушаўку. Пехатой. Дваццаць пяць кіламетраў.

…Разважаючы аб далёкай гісторыі і не вельмі далёкай зменлівасці тутэйшага хутарскога сялянскага побыту, які быў бы цяпер ідэальнай асновай для сямейнага падраду, крочыў я свае кіламетры. I прыйшоў да Грушаўкі. Убачыў — домікі, земляны насып, за ім пачыналася алея таполяў, старажытных, вельмі старажытных. А за алеяй быў ставок, які — я яшчэ няясна помніў праведзенае на хутары гарачае лета сорак восьмага! — называлі сажалкай, і за стаўком гэтым я ўбачыў прыземістую пабудову, абхопленую цэглай, і цэглаю ж, толькі іншага адцення, быў увекавечаны год завяршэння гэтага, па цяперашняй тэрміналогіі, аб’екта — «1909».

Так, гэта была Грушаўка, я ўпэўніўся, што знаходжуся менавіта ў ёй, адшукаўшы каля разложыстых кустоў бэзу той самы «памураваны домік». Іншага тут проста быць не можа. Я ўгадаў яго адразу. Часаны бытавы камень — чырвоны, шэры, ружовы, ліловы… Рознаколерныя асколкі ледніковых валуноў, адмыслова апраўленыя чалавечай рукой, хавалі невядомую пакуль мне тайну або легенду, сутнасць якой належала рана ці позна высветліць, але пакуль ніякіх здагадак не было і на варты жалю грошык. I хоць маленькі склеп гэты не меў нічога агульнага са знакамітым парыжскім саборам, але ва ўсім яго абліччы было штосьці, выклікаўшае музыку, аднак не архітэктурна-сімфанічную, а іншую – музыку смуткуючай, расчараванай і ў той жа час зачараванай чалавечай душы. Я не ведаў, з якога выпадку схілялі тут калені кракаўскія нашчадкі старадаўняга рэйтанаўскага роду, але глядзеў на гэты маленькі — прыкладна тры метры на пяць—былы фамільны склеп, на шыкоўны персідскі бэз, і са шчымлівым якімсьці пачуццем заглядваў унутр праз шчыліну ў дзвярах, скованых іржавым навясным замком.

Я абламаў некалькі галінак бэзу, злучыў іх у букет і рашыў прывезці букет гэты матулі, — не дарагі падарунак, сімвал у пашане… Мінуў «памураваны домік» і пайшоў далей. Праз некалькі крокаў вузкая сцежка між кустоў скончылася. Наперадзе ўзнік спарахнелы касяк на высокім каменным цокале. Менавіта касяк—усё, што засталося ад некалі, відаць, утульнага і ахайнага дома сядзібы. У некаторых вокнах былі высаджаны не толькі шыбы, a і рамы, таму дом зеўрыў пустымі невідушчымі вачніцамі. Унутры ў нечых руках грымелі вёдры — як званы. Каля абшарпанага ганку віднелася куча не рамонтнага, на жаль, смецця, а прама пад маімі нагамі валялася прыціснутае і знявечанае матацыклетным следам цельца голуба. Тло, запусценне… Толькі на тарцовую сцяну знікшага родавага гнязда была прыбіта новенькая таблічка «Ляхавіцкая, 3». (Пазней мне ўдалося высветліць, што апошняя з магікан — Аліна Рэйтан, бабулька васьмідзесяці двух год — памерла ў поездзе паблізу Смаленска ў чэрвені тысяча дзевяцьсот сорак шостага года, вяртаючыся на радзіму з сібірскай ссылкі. Але гэта ўжо тэма для другой размовы).

А потым я праходзіў міма старога сада, скрозь пранізанага радамі вулляў, і выйшаў да яшчэ адной алеі — суцэльнага тунеля з кражыстых каштанаў, абсечанага ўдалечы аўтамабільнай грунтоўкай.

Доўга ішоў па ім міма сучасных тыпавых аднакватэрных катэджаў. Я глядзеў вакол і з сумам разумеў, што гэтыя светлыя будьнкі з сілікатнай цэглы вельмі юныя, каб у адным з іх магла нарадзіцца мая маці. А вось «памураваны домік» уцалеў з даўніх-прадаўніх часоў.

…Тыя, хто пражываў да другой сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі і праходзіў там школьны курс (а такіх сярод пажылых людзей яшчэ нямала), напэўна помняць яркую і ўражлівую рэпрадукцыю з падручніка польскай гісторыі: багата адзеты шляхціч ляжыць, акрываўлены, на падлозе вялікай залы, а праз яго пераступае з рашучым і гнеўным тварам другі, накіроўваючыся да групы вяльмож, у руках у якіх доўгія аркушы глянцаванай паперы і гусінае пяро. Паміраючы спрабуе аслабелай рукой утрымаць чалавека, амаль перакрочыўшага ўжо крывавы жывы бар’ер, але — дарэмна. Я ніколі не бачыў гэтага вучэбніка і наўрад ці калі-небудзь убачу. І даведаўся аб гэтай карціне, звязанай, аказалася, самым непасрэдным чынам з Грушаўкай, толькі пасля таго, як саскочыў з падножкі цягача — «КАМаза» ля невялікай драўлянай хаты па вуліцы Южакова ў раённым цэнтры Ляхавічы. Тут, на ўскраіне гарадка, маюць чэсць пражываць мая дваюрадная цётачка Галіна Віктараўна Касьянік, народжаная Ласоўская, і яе муж Мікалай Антонавіч Касьянік.

Не бачыліся мы многа гадоў, змайстраваны быў стол з цудоўнай дамашняй паляндвіцай, выпіта было па чарцы-другой, і нават дзядзька Коля, пачухаўшы грудзі над стымулятарам сэрца, ушытым яму пад скуру цудоунымі ўмельцамі-хірургамі ў мінскай клініцы, хапіў, расчулены, чарачку.

А потым мне захацелася курыць, і я выйшаў на двор.

Удалечыні над Грушаўкай неба пачало цямнець, і неяк адразу заслала яго мутнаватая навальнічная пялёнка.

— А што гэта там у Грушаўцы за «памураваны домік”? — спытаў я ў дзядзькі Колі, так і не прызнаўшыся, што да прыезду да іх ужо пабываў у былым маёнтку.

— Памураваны домік?— перапытаў Мікалай Віктаравіч, пенсіянер-землеўпарадчык з саракагадовым прафесіянальным стажам у савецкі час, а ў мінулым капрал 2-га ўланскага палка польскай арміі. I тут жа паведаміў аб укладышы да вучэбніка гісторыі — Тадэвуш Рэйтан, уладар Грушаўкі, быў важным дэпутацкім чынам у сейме. I калі ў васемнаццатым веку сталі дзяліць Польшчу, ён павінен быў падпісаць дакументацыю аб падзеле. Але не падпарадкоўваўся ні каралю, ні чужым генералам. Адмовіўся падпісаць. Яго пасадзілі пад арышт, пакуль не падпіша. А ён папрасіў шклянку вады. I калі прынеслі — стукнуў шклянкай аб сцяну і асколкам разрэзаў сабе жывот і грудзі. Аж да сэрца! — ён тыкнуў пальцам у маленькі, цвёрды, абцягнуты старэчай скурай кружок стымулятара і паморшчыўся. — Зрэзаў сябе, але не падпісаў! Вось такі горды паляк быў. Ці беларус. Хто яго ведае, усе мы тут перамяшаліся. Пахавалі яго тут. І звярнуў погляд у бок Грушаўкі. Я так сама паглядзеў туды. Тайна была разгадана на здзіўленне проста.

Навальніца не пайшла на Ляхавічы, а адкацілася назад, і над грушаўскім лесам пачаў праступаць ледзь заўважаны спярша паўкруг вясёлкі. I падобная была гэтая вясёлка на памінальную, прывідную якуюсьці арку над аднымі з апошніх і разбураных могілак Рэчы Паспалітай — раз-вітальным трагічным акор­дам гісторыі некалі вялікай дзяржавы.

Летнім ранкам тысяча дзевяцьсот сорак восьмага года аўтара гэтых радкоў, ва ўзросце пяці без невялічкага гадкоў, у касцёле вёскі Мядзведзічы, што пад Ляхавічамі, мясцовы ксёндз прычашчаў да веры рымска-каталіцкай.

Здзяйсняўся гэты акт у найстражэйшым сакрэце ад бацькоў неафіта, у прыходны гросбух храма мяне не заносілі, а адзінай фармальнасцю, якая была выканана, з’явілася выкладванне служыцелю культа эннай сумы “на лапу”. Хроснымі пры амаль злачынным у тыя гады таінстве былі мая дваюрадная цётачка Софія-Ідалія Ласоўская, у замужжы Чарняк, сялянка з хутара паблізу Зубелевіч, і муж яе сястры, павячэраўшы у якога мы і накіраваліся цяпер да Софіі Віктараўны. Нельга было, апынуўшыся ў Ляхавічах, не наведаць старую, балазе жыла яна недалёка ад вуліцы Южакова.

—Як твае літаратурныя справы? — спытаў былы ўланскі капрал, калі мы выйшлі за веснічкі.

— Рухаюцца, — коратка адказаў я, а потым не утрымаўся і пачаў жаліцца ў камізэльку спадарожніку.

Вырысоўвалася нядаўна адна цікавая і практычна неасвоеная тэма ні гісторыкамі, ні літаратарамі — аб даваенных рэпрэсіях у адносінах насельніцтва Заходняй Беларусі. Прычым выйшаў на яе выпадкова. Сядзеў два месяцы ў камандзіроўцы ў Асіповічах, будаваў новы корпус БелАўтаМАЗа. I вось у размове з брыгадзірам прамільгнула, што яго маці была ў саракавым годзе саслана з-пад Пінска ў казахскія стэпы. Чуючы гэта, прараб устаўляе, што яго ўся радня па бацькоўскай лініі вывезена з нарачанскіх краёў на Алтай, амаль усе там паўміралі, а новае пакаленне лічыць Алтай сваей радзімай, выпісваючы, аднак, беларускія газеты. Натуральна, я папрасіў гэтых рабят забяспечыць мяне для пачатку хоць бы элементарнымі зыходнымі данымі. Справа, бясспрэчна, святая. I рабяты згадзіліся. Брыгадзір на выхадныя коціць да маці ў Магілёў здабываць інфармацыю, а прараб строчыць на Алтай да застаўшайся яшчэ ў жывых цётачкі. I вось вынік: казахская ссыльная адказвае літаральна наступнае: “Папрасі прабачэння, сынок, у чалавека, але нічога для напісання я яму расказваць не буду. Дзеля цябе. Ці мала яшчэ што ў жыцці можа перевярнуцца, мне дык усё роўна, я сваё аджыла, а вось табе яшчэ жыць ды жыць.” І прарабава цётка адказала прыкладна ў тым жа духу. Што, маўляў, усё гэта парасло кавыльнай травой, моладзь лічыць сябе карэннымі алтайцамі, а асабіста яна ўжо прывыкла і не хоча развярэджваць старыя раны. Так, дзядзька Коля, куфэрачак гэты і не адкрыўся. І яшчэ адна дэталь. Будаўнікоў было там, у Асіповічах, пятнаццаць душ разам з вашым пакорным слугой. I вось у дваіх так званых «заходнікаў» сем’і аказаліся рэпрэсіраваны. Колькі гэта? Hi многа ні мала — трынаццаць ці тры дзесятых працэнта ад агульнай колькасці.

—Болей, — крыху падумаўшы, сказаў дзядзька Коля.

Іменна трынаццаць і тры, праверана з алоўкам у руках.

—Я не аб тым. Ты памыліўся ў другім. У вас, прысутных, родзічы былі рэпрэсіраваны не ў дваіх, а ў траіх.

—Я ж сказаў — у дваіх.

– Трэці — гэта ты! Твая дваюрадная цётачка, твая хросная, куды мы зараз ідзём, — і яна амаль пяць гадоў у Сібіры пракукарэкала. Я збянтэжана глянуў на яго. Сказанае было нечаканым і на жарт не было падобным.

– I нават той ксёндз, што хрысціў цябе, Вацлаў Піанткоўскі, — не даўшы мне аддыхацца, працягваў экс-толнеж, — і ён шэсць гадоў быў у ссылцы. Накшталт, у Сярэдняй Азіі. У Самаркандзе, кажуць, шапкі барановыя шыў.

Раптам ён спыніўся і глыбока ўздыхнуў.

— Ведаеш што, ідзі ты адзін. Нешта сэрца ёкаць стала. Ідзі, вам з ёю будзе аб чым пагаварыць. Ты яе распытай добра, ёй таіць няма чаго, пра многае раскажа. К таму ж яна як архіварыус: усе свае старыя ссыльныя дакументы зберагла — пропускі там розныя, даведкі, пашпарты. А я вам толькі перашкаджаць буду. Ідзі…

Я не стаў затрымліваць дзядзьку Колю. І вось васьмідзесяцігадовы чалавек з маладзецкім уланскім норавам — такія, агаліўшы клінкі, імчаліся стрымгалоў восенню трыццаць дзевятага на нямецкія танкі, высякаючы навостранай сталлю іскры з броні вежаў і тут жа гінучы пад танкамі — і вечна юнай душой, тленную аснову якой падтрымліваў цяпер электронны стымулятар, пакінуў мяне перад невялікім пакрытым абамшэлай ужо гонтай, домікам на невялічкай і пыльнай беларускай вулачцы, названай імем вялікага рускага мысліцеля Ламаносава. Пайшоў, знячэўку давёўшы за мой лік жыццёва-статыстычную цыфру рэпрэсіраваных «заходнікаў» з трынаццаці і трох дзесятых працэнта да дваццаці.

Я праводзіў яго поглядам, пакуль ён не схаваўся за вуглом, і адчыніў веснічкі, якія вялі ў цесны дворык.

Я адчыніў дзверы ў хату і аклікнуў гаспадыню. I праз некалькі хвілін, пасля шчырых пацалункаў, распытаў аб здароўі ўсёй радні паімённа — звычайнага, увогуле, рытуалу — мы ўладкаваліся за кухонным столікам насупраць чыста пабеленай рускай печы…

Заўсёды катэгарычная ў меркаваннях, хросная лаяла ўсе нашы ўрады запар, не літасціла эпітэтамі таксама і царскі, і дзеячоў польскай санацыі. Не верыла яна і ў Бога, якім прадстае ён у царкоўных канонах — па нашаму вобразу і падабенству, а шанавала, верагодна, штосьці накшталт мыслячай Матэрыі. Знаў я, што пасля выхаду на калгасную пенсію стала цётачка запойнай кніжніцай, не прапускала ніводнай навінкі ў мясцовым кніжным магазіне.

Абгаварыўшы многія гістарычныя факты, я, без мудрагельства, перайшоў на тэму Грушаўкі, спадзеючыся даведацца і аб апошнім нашчадку рода Рэйтана.

— Яе звалі Аліна, — сказала цётачка, — пані Аліна Рэйтан. Вось каго шкада дык шкада. Якая мілая была бабулька, якая адукаваная, колькі зрабіла яна для асветы дзяцей! А вяртаючыся ў сорак пятым з Сібіры, куды была выгнана перад вайною, памерла па дарозе. На самым пад’ездзе да Смаленска, як расказвалі. А я вось дажыла і жыву, хоць вывозілі нас у адным эшалоне. Станавілася я на калені ля парога бацькоўскага хутара перад вывазам, малілася аб вяртанні і — вярнулася…

У прыцемку бледны твар цёткі быў бледны якойсьці асаблівай філасофскай умудрана-спелай жыццёвай бледнасцю, мне нават стала неяк не па сабе, я хутка ўстаў і ўключыў святло. Умомант свет за акном патух, і мы з ёю апынуліся ва ўтульным электрычным вакууме абагрэтага чалавекам жылля.

— Як — у адным эшалоне? — Асцярожна, помнячы сумны асіпавіцкі вопыт, пачаў я. — Вас што — таксама куды-небудзь высылалі?

— Было, Мішка, было, — усміхнулася яна, пераходзячы на даверлівае «Мішка», як увесь час называла мяне ў дзяцінсгве, — і я ішла па наезджанай вякамі польскай дарожцы. Але тыя, пры цары, рэвалюцыянеры хоць па заслугах, а я — ні за што.

А папаліся мы па даносе. Мой тата, твой дваюрадны дзядулька Віктар, быў дэпутатам гміны. Гміна—гэта польскі сельсавет. Вось гэта, Мішка, сельсаветы. «Наш аб’ядноўваў чатырнаццаць вёсак, а сядзела ў апараце ўсяго чатыры работнікі! А тата быў штатным намеснікам старшыні. Паважалі яго людзі… I вось адзін кантрабандыст, якога польскія ўлады арыштавалі і засадзілі ў турму, ужо потым, пры Саветах, стаў выдаваць сябе за змагара і пасварыўся з татам, а каб адпомсціць яму, напісаў у органы нейкую гадасць пра тату. Мы ўжо ў Сібіры дагадаліся, што гэта ён пісаў, больш некаму было. — Яна страпянулася, і бледныя ўпалыя шчокі абліў кіпень гневу. — I, ведаеш, як расказвалі, перабег ён потым да немцаў, а пасля вайны перабраўся ў Амерыку… I вось іду я гадоў 15 назад з поля (тады я ў дапаможнай гаспадарцы кансервавага камбіната працавала), іду, змучаная, з матыкай у руках і бачу: ён стаіць каля таксі і ўжо ад’язджаць збіраецца. Стары стаў, але пазнала я яго адразу. Ох, як злосць ускіпела, розум замутнеў, сціснула я матыку, а тут ён у машыну садзіцца і ад’язджае. Я з матыкай туды, забіла б яго, ды ўсё тут закалыхалася перад вачыма, і я страціла прытомнасць… Ачулася, людзі вакол, а ні яго, ні машыны ўжо няма. Спярша падумала, што сон гэта ўсё быў, ды не: аказалася, сказалі людзі, што правільна, амерыканскі грамадзянін прыязджаў на былую радзіму. Вось так бывае, Мішка… А дзядулька Віктар даўно ў магіле тут ляжыць і не ведае, што той мярзотнік усё яшчэ па зямлі ходзіць. 3-за яго мог дзядулька і раней у магілу сыйсці, ды не лёс быў. Узялі ж нас ноччу з дваццагага на дваццаць першае чэрвеня сорак першага года. I калі павезлі ў эшалоне, то тату ў Баранавічах узялі з вагона па прычыне, што хлеб грузіць трэба, яго і яшчэ дзевяноста мужчынаў. Ды не хлеб паслалі грузіць, а павезлі ў Баранавіцкую турму і рыхтавалі ўжо да расстрэлу. Але тут — вайна, і адразу турму разбамбілі. Так дзядуля прама дадому і прыйшоў у той жа дзень. Вярнуўся, значыць, а нас з мамай — на Усход. Сястру Галю не ўзялі, яна ўжо замужам за Колем Касьянікам была, пад другім значыць прозвішчам і членам сям’і не лічылася.

Я дастаў блакнот і ручку і з відавочным намёкам па лажыў іх на стол перад сабою.

—Запісваць будзеш? — спакойна запыталася цётачка.

—Угу, — са сваяцкім панібрацтвам «угукнуў» я, усім відам сваім паказваючы, што справа сама сабой зразумелая.

—Ну што ж, запісвай, адразу згадзілася яна. — Няхай ведаюць.

Але я не запісваў. Я слухаў, толькі зрэдку пазначаў самае важнае ў блакноце. Запісвала мая памяць.

Міхась КРУЛЬ

Круль, М. Тайна памураванага доміка / Міхась Круль // Ляхавіцкі веснік. – 1998. – №№ 47- 49.

Першы падзел Рэчы Паспалітай. Скарыстаць слабасць Рэчы Паспалітай першай вырашыла Аўстрыя, захапіўшы яшчэ ў 1769 і 1770 гг. частку Паўднёвай Польшчы. Прусія таксама пад умовай “санітарнага кардону” ў 1770 г. акупавала частку Паўночнай Польшчы так званых “Прусаў Каралеўскіх” і актыўна штурхала Расійскую імперыю да падзелу Рэчы Паспалітай. Кацярына II спачатку, не жадаючы дзяліцца з кім-небудзь яшчэ фактычным панаваннем ва ўсёй дзяржаве, вымушана была саступіць.

Перагаворы паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, якія ішлі на працягу 1771 г., завяршыліся ў Пецярбургу падпісаннем 5 жніўня 1772 г. трохбаковага пагаднення. У ім былі вызначаны памеры тэрытарыяльных набыткаў. Расія заняла паўночна-ўсходнюю Беларусь з Полацкам, Віцебскам, Мсціславам і частку Інфлянтаў плошчаю ў 92 тыс. км² з 1 млн 300 тыс. насельніцтва. Прусія атрымала тэрыторыю з гарадамі Холмам, Мальбаркам, Вармію, частку Куяў і Вялікапольшчы — разам 36 тыс. км² з 580 тыс. насельніцтва. Аўстрыя набыла польска-ўкраінскія землі на поўдзень ад верхняй Віслы, ІІадолію, частку Валыні з гарадамі Тарнопаль, Пярэмышль і Львоў — усяго 83 тыс. км² з 2 млн 650 тыс. насельніцтва.

Агульным матывам падзелу ў трактатах з’явіліся анархія ў Рэчы Паспалітай, што пагражала спакою суседзяў, і неабходнасць захавання такой формы дзяржаўнасці і кіравання, якая б задавальняла падзельшчыкаў. Пасля ратыфікацыі трактатаў у Вене, Берліне і Пецярбургу былі выпушчаны спецыяльныя памфлеты. Яны павінны былі гістарычна “абгрунтаваць” правамоцнасць захопу ў Рэчы Паспалітай яе зямель.

Для надання “законнасці” сваім дзеянням і пад пагрозай ужыць сілу і выставіць яшчэ больш жорсткія прэтэнзіі тры дзяржавы запатрабавалі склікання надзвычайнага сейма, які павінен быў ухваліць падзел. Станіслаў Аўгуст у пачатку 1773 г. звярнуўся да некаторых еўрапейскіх манархаў і папы рымскага з просьбай выступіць у абарону Рэчы Паспалітай. Але дарэмна. Ніхто не хацеў звязвацца з аб’яднанай сілай Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Надзвычайны сейм павінен быў пачаць работу 19 красавіка 1773 г. у Варшаве. Паслы на яго ад беларуска-літоўскіх зямель абіраліся на павятовых сейміках 22 сакавіка. У большасці пасольскіх інструкцый утрымлівалася пажаданне не пагаджацца на адлучэнне ад Рэчы Паспалітай яе тэрыторый. Але многія паслы на гэты сейм былі абраны ў сітуацыі непрыкрытага ціску з боку акупацыйнага расійскага войска, подкупу і шантажу з боку пасланнікаў Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Па запланаванаму ў Пецярбургу сцэнарыю перад пачаткам работы сейма павінна была ўтварыцца канфедэрацыя з ліку лаяльных да падзелу паслоў і сенатараў на чале з кухмістрам каронным А. Панінскім. Гэта давала магчымасць прымаць рашэнні на сейме ў выпадку далучэння яго да канфедэрацыі большасцю галасоў. Так, магчыма, першы раз у гісторыі свайго існавання права “liberum veto” магло адыграць станоўчую ролю ў жыцці дзяржавы. Але праз сеймавую канфедэрацыю, якая і ўтварылася 16 красавіка, яго дзеянне было заблакіравана.

Расійскі пасол Штакельберг, прускі пасол Бенуа і аўстрыйскі пасол Рэвітцкі былі ўпэўнены ў поспеху. Але ў дзень адкрыцця з рашучым пратэстам супраць абрання маршалкам сейма А.Панінскага як непрыкрытага расійскага агента выступіла невялікая група паслоў. На чале яе былі паслы ад Наваградскага ваяводства Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак, ад Менскага — Станіслаў Багушэвіч. Знешне іх пратэст насіў фармальны характар. Яны пратэставалі супраць спробы пераўтварыць сейм у канфедэрацкі, хаця пра гэта нічога не гаварылася ў перадсеймавых каралеўскіх універсалах, накіраваных на павятовыя пасольскія сеймікі. Па закону гэты сейм павінен быў праводзіцца ў Беларусі, у Гародні (з 1673 г. кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай павінен быў праводзіцца там), а не ў Варшаве. На самай жа справе кожны з прысутных, а асабліва паслы трох дзяржаў разумелі: справа ідзе аб зрыве сейма і недапушчэнні зацвярджэння падзелу.

Т.Рэйтан і яго двое сяброў 38 гадзін не пакідалі залу пасяджэнняў, каб не дапусціць абрання А.Панінскага, не паддаючыся ні на пагрозы, ні на подкуп. Але пасля таго, як 21 красавіка кароль Станіслаў Аўгуст, а разам з ім і астатнія паслы далучыліся да канфедэрацыі, яны вымушаны былі спыніць супраціўленне, аднак удзелу ў працы сейма не бралі.

Пасля гэтага работа сейма пайшла амаль без перашкод. Каб пазбегнуць небяспекі ўзбуджэння дэбатаў на Сейме, Штакельберг і Панінскі, абраны ўсё ж маршалкам, звярнуліся да ўжо апрабаванага метаду — прызначэння “дэлегацыі” для выпрацоўкі дагавораў з Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. У яе склад увайшлі ў асноўным прыхільнікі Расіі. 29 верасня 1773 г. “дэлегацыя” падпісала трактаты, тым самым адмовіўшыся ад насільна адабраных зямель, пасля чаго на наступны дзень, 30 верасня, іх зацвердзіў кароль і прыняў сейм.

Такім чынам, была выканана галоўная задача, дзеля якой і склікаўся сейм у 1773 г. Але другая задача — выпрацоўка мерапрыемстваў, якія б маглі “супакоіць” Рэч Паспалітую, засталася нявыкананай. У сувязі з неабходнасцю падрыхтоўкі і прыняцця некаторых праектаў рэформаў дзяржаўнага ладу і іншых рашэнняў сейм некалькі разоў працягваў сваю работу.

Сеймавая “дэлегацыя” працавала далей пад наглядам Штакельберга. Яна павінна была ў першую чаргу распрацаваць такую форму кіравання дзяржавай, якая б адпавядала інтарэсам Расійскай імперыі і гарантавала б падпарадкаванасць Рэчы Паспалітай.

“Дэлегацыя” пацвердзіла і дапоўніла “кардынальныя правы” 1768 г. Аднак тыя іх артыкулы, якія тычыліся дысідэнтаў, былі зменены ў бок абмежавання. У прыватнасці, дысідэнты зноў былі пазбаўлены права атрымліваць сенатарскія і міністэрскія пасады. На сеймах у якасці паслоў дазвалялася быць толькі тром дысідэнтам: двум ад Польшчы і аднаму з ВКЛ.

Расійскай імперыі і польска-літвінскаму магнацтву было выгадным устанаўленне ў Рэчы Паспалітай такога ладу, які б да пэўнай ступені звязваў караля і рабіў залежным яго як ад Кацярыны II, так і ад феадальнай алігархіі. Антыкаралеўская апазіцыя і расійскі пасол патрабавалі ўтварэння пры каралю Пастаяннай Рады, якая б выконвала функцыі цэнтральнай выканаўчай улады. У сакавіку 1775 г. у выніку працяглага абмеркавання было прынята рашэнне аб утварэнні Пастаяннай Рады. Яна павінна была складацца з 18 сенатараў і 18 паслоў, якіх выбіралі на два гады, з падзелам на пяць дэпартаментаў: замежных спраў, паліцыі, вайсковага, справядлівасці і скарбу. На чале дэпартаментаў павінны былі стаяць адпаведныя міністры. Старшынёй Рады прызнаваўся кароль. Пры гэтым яго паўнамоцтвы, напрыклад, у прызначэнні на вызначаныя пасады абмяжоўваліся: кароль мог выбіраць аднаго з трох прапанаваных кандыдатаў.

Рада была адказнаю перад сеймам і трымала справаздачу перад ім праз кожныя два гады. Нягледзячы на першапачатковыя планы яе праекціроўшчыкаў і дзякуючы старанням Станіслава Аўгуста, Пастаянная Рада паступова станавілася дзейсным органам выканаўчай улады. Тым не менш яе востра крытыкавалі праціўнікі караля за праявы “манаршага абсалютызму”, а для патрыётаў Рада была сімвалам расійскага ўціску — “пастаяннай здрадай”.

Адной з самых важных спраў падзельнага сейма, як паказаў час, стала заснаванне ў межах дзяржаўных рэформаў Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі. Яна была ўтворана па прапанове падканцлера ВКЛ І.Храптовіча і са згоды паслоў 14 кастрычніка 1773 г.

У адрозненне ад іншых камісій, напрыклад вайсковай ці скарбовай, Адукацыйная камісія ў далейшым дзейнічала аўтаномна і не падпарадкоўвалася Пастаяннай Радзе, а толькі каралю. Яна павінна была складацца з васьмі асоб, абіраемых на шэсць гадоў. Адукацыйная камісія стала ў будучым, па-сутнасці, першым міністэрствам асветы ў Еўропе. Пад яе кіраўніцтвам у далейшым адбылася рэформа сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў духу ідэй асветніцтва.

Першы падзел Рэчы Паспалітай // Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII-XVIIIстст.). – Мінск: Экаперспектыва, 2007. – С. 227-229.

Тапчыце мяне – не тапчыце Радзіму

Да 260-годдзя нараджэння Тадэвуша Рэйтана

Яшчэ сучаснікі лічылі Рэйтана нацыянальным героем. Чатырохгадовы сейм 1788—92 г.г. аб’явіў яго «вартым нацыянальнай жалобы», а яго ўчынкі — «узорам для пераймання».

Гарачы патрыёт сваей Радзімы, ён марыў аб яе велічы і працвітанні. Але так і застаўся незразумелым многімі сучаснікамі забытым — нашчадкамі. Яго гордае імя не ўпісана ў старонкі падручнікаў, хаця мае на гэта поўнае права. Таму і адкрываем яго для сябе значна пазней, чым яно таго заслугоўвае.

Нямногія падрабязнасці жыцця героя вядомы нам сёння. Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся ў 1712 годзе ў радавым маёнтку Грушаўка, што ў пяці кіламетрах ад Ляхавіч. Яго маці, Тарэса Вагадковіч, сястра уніяцкага мітрапаліта Рэчы Паспалітай Фаліцыяна Вагадковіча, ахрысціла, сына 20 жніўня 1712 г. у Ляхавічах.

Вучыўся будучы палітычны дзеяч у піарскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у арміі. Па некаторых крыніцах, з’яўляўся ўдзельнікам Барскай канфедэрацыі.

230 гадоў таму ў 1772 г. у адзін жнівеньскі дзень манархі трох дзяржаў — Расіі, Аўстрыі і Прусіі — скарысталі ўнутраную міжусобіцу і аслабленне Рэчы Паспалітай і дамовіліся аб першым раздзеле яе тэрыторыі паміж сабой. 18 верасня таго ж года гэтыя дзяржавы давялі да ведама ўлад беларуска-польскай дзяржавы аб ужо меўшым факце падзелу яе тэрыторыі і патрабавалі склікання надзвычайнага сейма, каб фармальна, пацвердзіць «законнасць» сваіх захопніцкіх дзеянняў, заснаваных быццам бы на «гісторыі і праве».

22 сакавіка 1773 года ад Навагрудскага павета (які разам са Слонімскім і Ваўкавыскім уваходзіў у склад Навагрудскага ваяводства) на сейм былі пасланы Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак. Яны павінны былі перашкодзіць рабоце сейма, пакуль спецыяльныя прадстаўнікі не будуць абраны і накіраваны ў іншыя еўрапейскія краіны з мэтай атрымаць рэальныя гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці Рэчы Паспалітай.

На першым жа пасяджэнні сейма навагрудскія паслы адкрыта выступілі супраць раздзела дзяржавы. Яны прасілі іншых паслоў не дапусціць абрання Адама Панінскага, прадажнага важака прарасійскай канфедэрацыі, сеймавым маршалкам і тым самым, па сутнасці, сарваць сейм. На адным з пасяджэнняў Тадэвуш Рэйтан, вымушаючы паслоў вынесці такое рашэнне і не выпускаючы іх з залы пасяджэння, лёг крыжам перад выхадам і моцна ўсклікнуў: “Тапчыце мяне — не тапчыце Радзіму”. Але толькі невялікая частка са 111 прысутных падтрымала навагрудскіх паслоў.

Пасля таго, як іншыя пакінулі зал пасяджэнняў Т. Рэйтан, С. Корсак і С. Багушэвіч 36 гадзін не выходзілі з яго, не даючы згодніцкі настроеным паслам адкрыць сесію сейма. Гэта самаадданая барацьба працягвалася да той пары, пакуль кароль Станіслаў Аўгуст пад пагрозай расійскага пасла ўвесці свае войскі ў Варшаву і разрабаваць горад быў вымушаны, як і большасць паслоў, далучыцца да прарасійскай канфедэрацыі. Пасля гэтага Рэйтан і яго аднадумцы, знясіленыя няроўнай барацьбой і ўсеагульнай здрадай, вымушаны былі пакінуць залу пасяджэнняў.

Навагрудскія паслы падрыхтавалі пісьмовыя маніфесты (ад 21 і 23 красавіка 1773 г.), у якіх пратэставалі супраць ганебнага згодніцтва, канстатавалі нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў аб раздзеле Рэчы Паспалітай. Але гарадскі суд Варшавы не захацеў прыняць іх пратэсты нават для рэгістрацыі.

У хуткім часе Расія, Прусія і Аўстрыя афіцыйна ажыццявілі раздзел суверэннай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Няроўная барацьба вычарпала сілы Т. Рэйтана. Ён цяжка і невылечна захварэў, праводзячы апошнія гады жыцця ў сваім радавым маёнтку — Грушаўцы, дзе памёр 8 жніўня 1780 г. Ён па-кончыў жыццё самагубствам і па гэтай прычыне не мог быць пахаваны на могілках. Магіла Тадэвуша Рэйтана не знойдзена да гэтага часу.

Звычайная біяграфія героя: забытае дзяцінства і юнацтва, ранняя мудрасць, самаадданы подзвіг, ганьбаванне, нешчаслівае існаванне і смерць… Але ёсць памяць — а ў ёй бессмяроцце! Тадэвушу Рэйтану прысвечаны шматлікія мастацкія творы, у тым ліку карціна Я. Мацейкі. Яго імя ўвекавечана ў назве чыгуначнай станцыі на лініі Ганцавічы-Ляхавічы, якая знаходзіцца непадалёк ад яго роднай Грушаўкі. У сярэдзіне 19 ст. у Грушаўцы быў устаноўлены бюст Рэйтана (цяпер ён захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве), а ў 1993 годзе побач з часоўняй-усыпальніцай — мемарыяльны знак.

Святлана і Ігар ПРАКОФ’ЕВЫ

Пракоф’ева, С. Тапчыце мяне – не тапчыце радзіму / Святлана Пракоф’ева, Ігар Пракоф’еў // Ляхавіцкі веснік. – 2002. – 13 лістапада. – С. 3.

Створана таварыства

“Тадэвуш Рэйтан”

Больш за два стагоддзі таму Тадэвуш Рэйтан, пасол ад Наваградскага ваяводства на варшаўскі сейм 1795 года, рашуча пратэставаў супраць трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і тым сваім чынам заслужыў пашану беларусаў і палякаў. Імя нашага земляка праславілі паэт Адам Міцкевіч, мастак Ян Матэйка. Ды ўсё ж яно доўгі час замоўчвалася. З пэўных мэт было засакрэчана месца пахавання нацыянальнага героя, бо Тадэвуш Рэйтан як самагубца не быў пахаваны на могілках. Распавядаюць, што ягоныя астанкі з лёхаў ляхавіцкага касцёла перазахавалі, пасля іх даследавала спецыяльная камісія. Падчас другой сусветнай вайны труна з верагоднымі астанкамі Тадэвуша Рэйтана знікла.

Звесткі пра жыццёвы шлях славутага земляка збірае ляхавіцкі краязнаўца, цясляр Міхась Турыянскі, які ўжо агаласіў вынікі сваіх росшукаў і даследаванняў у мясцовай газеце і ў часопісе «Мастацтва». Дзеля далейшага даследавання гісторыі роднага раёна, прапаганды ведаў пра знакамітых людзей краю ён стварыў гістарычнае таварыства «Тадэвуш Рэйтан». Да 255-годдзя славутага земляка сябры таварыства падрыхтавалі свой першы фэст.

24 жніўня ў маляўнічым урочышчы непадалёк ад вёскі Грушаўка і былой сядзібы Рэйтанаў сабраліся ляхавіцкія энтузіясты з сем’ямі, госці, жыхары навакольных вёсак. Сябры таварыства прывезлі сюды выставу — паказаць людзям вынікі сваіх шматгадовых пошукаў: даўнія малюнкі, фотаздымкі Грушаўскіх сядзібы і палаца, капліцы-пахавальні, посуд, часткі рыцарскага рыштунку, вырабаў даўніх ляхавіцкіх рамеснікаў, партрэт Тадэвуша Рэйтана, намаляваны мастачкай-аматаркай Наталляй Турыянскай.

Фэст пачаўся на дзядзінцы капліцы, у якой калісь захоўваліся знойдзеныя ў безыменнай магіле чалавечыя косці, ідэнтыфікаваныя даваеннымі польскімі гісторыкамі як астанкі Тадэвуша Рэйтана. Пяць гадоў таму тут быў пастаўлены камень-валун з мемарыяльным знакам дзеля ўшанавання памяці славутага сына Наваградскай зямлі. Пра ягонае жыццё і грамадзянскі подзвіг, пра неабходнасць аднавіць капліцу, сядзібу Рэйтанаў, пра намер стварыць у палацы, цяпер напаўразбураным, культурны асяродак гаварыў прысутным Міхась Турыянскі. На ўрачыстасці выступіў рэдактар-складальнік кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён», кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан, які перадаў таварыству кнігу ўспамінаў польскага гісторыка Кіневіча, пляменніка апошняга з Рэйтанаў, а таксама копіі дакументаў пра ўладароў Грушаўкі. Настаўнік Крывошынскай школы Леанід Чаранкевіч, таксама вядомы ў Ляхавіцкім раёне краязнаўца, шчыра вітаў сяброў таварыства — энтузіястаў захавання спадчыны, а да землякоў Рэйтана звярнуўся з просьбай актыўна дапамагаць аднаўляць будынкі сядзібы і парк.

Менавіта з такой мэтай — зацікавіць мясцовых жыхароў лёсам Грушаўскай сядзібы — і ладзілі фэст ляхавіцкія энтузіясты. Бо, як сказаў Міхась Турыянскі, можна ўжо цяпер шмат што аднавіць, але і адрэстаўраванае зноў панішчаць.

На фэсце гучала і музыка, і песні, чыталіся вершы. Я быў падумаў, што сюды спецыяльна прывезлі вучняў ляхавіцкай музычнай школы. Але выявілася, што ігралі ды спявалі дзеці сяброў таварыства «Тадэвуш Рэйтан».

Здзіслаў Сіцька

Сіцька, З. Створана таварыства “Тадэвуш Рэйтан” / Здзіслаў Сіцька // Культура. – 1997. – 26 верасня.

Таямніца патапавіцкіх валуноў

У вёсцы Патапавічы Ляхавіцкага раёна стаяць некалькі валуноў з высечанымі на іх каталіцкімі і праваслаўнымі крыжамі. Вядомы беларускі археолог Міхась Чарняўскі, даследуючы іх, выявіў і выбітыя на некаторых лічбы — 1683. Так, верагодна, маглі пазначыць нейкую важную дату. Але на той час на абшары цяперашняга Ляхавікага раёна не назіралася ніякіх надзвычайных здарэнняў. Вось толькі ў той 1683 год адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы. Тады пад Венай аб’яднаныя войскі Аўстрыйскай імперыі, Прусіі ды Рэчы Паспалітай на чале з каралём Янам Сабескім (1629-1696) разбілі турэцкую армію, што ўзяла было ў аблогу аўстрыйскую сталіцу. Такім чынам Аўстрыя, а, верагодна, таксама іншыя еўрапейскія краіны былі выратаваныя ад заваявання Асманскай імперыяй.

Але якое дачыненне мае дата той далёкай бітвы да нашага краю? Міхась Чарняўскі ў кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» выказаў меркаванне, што патапавіцкія валуны сведчаць пра ўдзел у разгроме туркаў пад Венай і беларускіх ваяроў, у тым ліку і жыхароў вёскі Патапавічы. Яны, верагодна, загінулі там, а на іх радзіме былі пастаўлены мемарыяльныя валуны з выявамі крыжа і датай гібелі.

Пацвярджэнне такому меркаванню знайшоў Уладзімір Емяльянчык, беларускі гісторык, даследнік дзеяў паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Андрэя Банавентуры Тадэвуша Касцюшкі. Ён адшукаў у архіве новыя звесткі пра род Рэйтанаў і згадку пра ўдзел у Венскай бітве дзеда вядомага Тадэвуша Рэйтана, нацыянальнага героя Польшчы і Беларусі. (Тадэвуш Рэйтан, як паведамлялася ўжо ў часопісе «Дыялог», разам са сваімі суграмадзянамі – пасламі ад Навагарадскага і Мінскага ваяводстваў — на сейме 1773 года бараніў незалежнасць Рэчы Паспалітай ад падзелу паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.). Як бачым, Рэйтаны годна паказалі сябе у гісторыі.

Прапануем нашым чытачам кароткі нарыс Уладзіміра Емяльянчыка пра гэты знакаміты шляхецкі род ды некаторыя мала вядомыя звесткі пра іх родавы маёнтак Грушаўку.

Слова пра ўдзельніка Венскай бітвы

1. Гаспадарскае ўладанне.

Грушаўка, маёнтак Навагрудскага ваяводства, здаўна належала вялікім князям Вялікага Княства Літоўскага. І яны перадавалі яе ў часовае карыстанне то аднаму, то другому дзяржаўнаму мужу, такім чынам узнагароджваючы заслугі таго чалавека перад дзяржавай.

Адным з першых вядомых уладальнікаў маёнтка Грушаўка быў нехта Мікалай Залескі. Паводле попісу войска ВКЛ гэты ўладар Грушаўкі ў 1565 годзе паставіў аднаго каня. Магчыма, вершнікам быў ён сам. А праз два гады, як пазначана ў дзяржаўнай кнізе запісаў Вялікага Княства Літоўскага, так названай Літоўскай метрыцы, Мікалай Залескі на Інфлянцкую вайну з «іменья Грушаўкі выслал слугу Мікалая Станіславовіча», бо сам, відаць, быў хворы.

У 1567 годзе Мікалай Залескі памёр, а Жыгімонт Аўгуст сваім прывілеем ад 25 жніўня 1567 года, пісаным у Гародні (Гродна), перадаў гаспадарскаму шляхцічу Паўлу Шмукеру «ўладанні свае гаспадарскія Грушаўку… на 20 службаў людзей і 5 пустаўшчызны». Гэта значыць, што Грушаўка ў другой палове XVI ст. уяўляла сярэдніх памераў гаспадарскае ўладанне.

Пазней Грушаўка яшчэ некалькі разоў пераходзіла да розных людзей. І толькі пад канец XVII стагоддзя гэты маёнтак упершыню згадваецца з прозвішчам Рэйтан.

2. Рыцары роду Рэйтанаў.

Першым вядомым ваяром гэтага знакамітага роду быў Ян Рэйтан. У дзяржаўных дакументах ВКЛ запісана, што «у войску ён быў доўгай службай слаўны». Ягоная жонка з “дому Бажымоўскіх” нарадзіла яму двух сыноў і дачку Сібілу, што стала прыарэсай у Віленскім жаночым бенедыктынскім кляштары. Род Рэйтанаў прадоўжыў іх сын Марцыян, які пайшоў па бацькавых слядах. Ён быў войскім Лідскім, ротмістрам войска ВКЛ. Першым з Рэйтанаў атрымаў маёнтак Грушаўку на вечнае ўладанне ягоны сын Міхал-Казімір, (дзед нацыянальнага героя Польшчы і Беларусі), які займаў пасаду скарбніка мазырскага і быў харужым гусарскім у войску ВКЛ. Ён ажаніўся з удавою Мазырскага стольніка Вайніловіча — Ганнай-Людвікай з Расудоўскіх. У яе пасагу быў і маёнтак Грушаўка. Міхал-Казімір меў з гэтага шлюбу сына Дамініка, будучага бацьку Тадэвуша Рэйтана. Міхал-Казімір Рэйтан памёр у 1706 годзе ў Слуцку, а пахаваны ў бернардынскім кляштары ў Нясвіжы. Відаць, не толькі праз службу Радзівілам так ушанавалі гэтага гусарскага камандзіра пасля смерці. Была ў ягоным жыцці не адна гераічная старонка…

3. Рэйтан пад Венай.

Перад пагрозай захопу туркамі Аўстрыі імператар Леапольд I прапанаваў Рэчы Паспалітай хаўрус. 1 красавіка 1683 года было падпісана пагадненне пра ўзаемную дапамогу. А ўлетку таго ж году войску Рэчы Паспалітай давялося падмацоўваць пагадненне справай. 15 жніўня яно вырушыла з-пад Кракава і неўзабаве злучылася з аўстрыйскім і прускім войскамі. Над усёй гэтай арміяй саюзнікаў, што налічвала каля 74 тысячаў жаўнераў, кіраўніком прызначылі караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага, добра запазнанага з турэцкай арміяй, прыкладам, у бітве 1675 года пад Львовам.

Дарэчы, у той бітве пад Львовам удзельнічала і кавалерыя ВКЛ на чале з польным (г. зн. баявым) гетманам Міхалам Радзівілам, у якога служыў і Міхал-Казімір Рэйтан. Ён таксама быў у той ударнай групе 1700 гусараў, што была кінута на 10000-ы татарскі кавалерыйскі чамбул. Тады цягам няпоўнай гадзіны гэтая маса татарскай конніцы была разгромлена ўшчэнт. Выбіраючыся пад Вену, Ян Сабескі не мог не запрасіць і гусараў князя Радзівіла. У некаторых даследаваннях слушна сцвярджаецца, што войска ВКЛ не паспела своечасова да месца збору, а таму ў поўным складзе не ўдзельнічала ў Венскай бітве. Аднак, дзед Тадэвуша Рэйтана з сваёй харугвай паспеў…

Турэцкі галоўны ваявода, вялікі візір Кара Мустафа ўжо стаяў каля сценаў Вены з 110-тысячным войскам. Аўстрыйская сталіца баранілася рэшткамі сваіх сіл. Пад сцены Вены туркі падклалі было ўжо міны. На вестку пра дапамогу туркі накіравалі насустрач саюзнікам каля 85 тысячаў жаўнераў, а рэшта заставалася ў аблозе Вены.

Раннім ранкам 12 верасня пасля імшы перад абразом Маці Божай Шаматульскай (яе адслужыў ксёндз айцец Станіслаў Папчынскі, спаведнік караля Яна Сабескага) войскі саюзнікаў з узгоркаў Венскага Лесу рушылі ў атаку на турэцкія пазіцыі. I толькі апоўдні янычары былі выціснутыя з іх умацаванняў. І тады Ян Сабескі кінуў у бой кавалерыю. 20 тысячаў польскіх, аўстрыйскіх, нямецкіх вершнікаў літаральна змялі турэцкую конніцу, і армія вялікага візіра пачала панічна адступаць. 3 усёй саюзніцкай кавалерыі падчас той атакі вылучаліся асаблівым імпэтам гусары Рэчы Паспалітай, якіх было крыху больш за 3000. Яны і захапілі шацёр вялікага візіра. Не зганьбілі сябе і Рэйтанавы вершнікі. Калі меркаваць з колькасці патапавіцкіх мемарыяльных камянёў, то сама менш дзесяць гусараў Рэйтанавай харугвы аддалі сваё жыццё за волю аўстрыйцаў. Ды не толькі. Як некаторыя гісторыкі падаюць вынікі бітвы пад Венай — уся хрысціянская Еўропа ўздыхнула з палёгкай.

4. Вялікая ўрачыстасць у Ляхавіцкім касцёле.

У архіве захавалася метрыка Ляхавіцкага касцёла (сам будынак, на жаль, знішчаны), у якой ёсць запісы пра розныя ўрачыстасці ў сям’і Рэйтанаў. Вельмі цікавым, значным уяўляецца паведамленне пра хрышчэнне Ляхавіцкім пробашчам Пётрам Рэзанам немаўляці Тадэвуша, сына Дамініка Рэйтана, стражніка Навагарадскага, і Тэрэзы з Валадковічаў, сама перш тым, што там пералічаныя прысутныя госці. Вядома, што на падобныя ўрачыстасці не запрашаюць выпадковых людзей. Свайго ўнука трымаў да хросту Леон-Павел Валадковіч, стольнік Мінскага ваяводства. Асістэнтамі былі яго дзеці Марыянна і Станіслаў, а таксама Марцін Ратомскі, дваюрадны брат Тэклі Ратомскай, будучай Касцюшковай, маці Тадэвуша Касцюшкі. (Вынікае, што Марцін Ратомскі быў блізкім чалавекам роду Рэйтанаў.)

Аўтарытэт роду Рэйтанаў пацвярджаюць і метрыкальныя запісы за 1743 год. Тады ў Ляхавіцкім касцёле на хросце Міхала, другога сына Рэйтанаў, прысутнічалі (паводле запісу) ваявода Віленскі Міхал Радзівіл, вядомы з мянушкі Рыбанька, ягоная жонка Францішка, Ежы Сапега, ваявода Мсціслаўскі, Юстына Рдултоўская, жонка Навагарадскага ваяводскага суддзі. Што праўда, Міхал Радзівіл Рыбанька на той час па дзяржаўных справах быў у Любліне, але, відаць, ён даў згоду, каб і яго лічылі ганаровым кумам. Дамінік Рэйтан быў вельмі блізкім яму чалавекам. Верагодна, ён і выхоўваўся разам з Міхалам, бо пасля ў адборнай Радзівілавай міліцыі служыў харужым. На пачатку 20-х гадоў XVIII стагоддзя Дамінік Рэйтан быў афіцыялам (прадстаўніком) Ганны Радзівілавай з роду Сангушкаў.

3 1729 па 1734 год Дамінік знаходзіўся неадлучна пры Міхале Радзівіле Рыбаньку, суправаджаў яго ў паездках па Еўропе, удзельнічаў у 1733 г. у абранні польскага караля і вялікага князя літоўскага, галасуючы за Станіслава Ляшчынскага. А сам Міхал Радзівіл Рыбанька галасаваў за Аўгуста III. Пэўна ж, Радзівіл паступіў хітра: у любым выпадку пры каралі быў бы ён сам або ягоныя блізкія людзі. І сапраўды, праз пару тыдняў Дамінік прысягнуў Аўгусту III разам з Радзівілам.

Рэйтаны працягвалі служыць каралю і Бацькаўшчыне…

Слова пра ўдзельніка Венскай бітвы // Ляхавіцкі веснік. – 1998. – 15 жн. – С. 2, 6.

Расколіна прайшла праз яго сэрца

20 жніўня 1742 года ў фальварку Грушаўка пад Ляхавічамі нарадзіўся хлопчык. Бацька назваў Яго Тадэвушам — у гонар дзеда, славутага рыцара.

Дзяцінства Тадэвуша прайшло ў фальварку бацькі, небагатага памешчыка. Калі хлопчык навучыўся грамаце, бацька даў яму ключ ад шафы, дзе захоўваліся павучальныя кнігі, якія збірала маці малога Тэрэза з роду Валадковічаў. Раманы былі прачытаны за адно лета.

Часта, адклаўшы кнігу ўбок, ён пачынаў марыць і ў марах бачыў сябе рыцарам. То разам з дзедам у харугве караля Яна Сабескага імчаўся ўначы на орды туркаў, а то браў штурмам вежу, дзе знемагаў закуты ў ланцугі сябра… Ды не толькі раманы адукоўвалі Тадэвуша. Вялікі ўплыў на фарміраванне ягонага характару мелі бацька Дамінік Райтан і правінцыйныя памешчыкі-шляхціцы. Людзі простыя і сумленныя, яны бераглі шляхецкі гонар: уступаліся за пакрыўджаных, гаварылі праўду ў вочы войту і ваяводу, не падтаквалі «моцным» на сейміках і сеймах. Дамінік Райтан не раз выбіраўся паслом і дэпутатам на сейм у Варшаву і местачковыя сеймікі. Пад канец жыцця атрымаў чын падкаморыя навагрудскага, «трэцяга чалавека ў павеце».

Калі Тадэвушу споўнілася 13 гадоў, бацька адвёз яго ў Навагрудак у Езуіцкі калегіум, дзе ён правучыўся чатыры гады. Тадэвуш хацеў вучыцца далей у Заходняй Еўропе, але прадоўжыў адукацыю ў Варшаве. Потым пад націскам бацькі паступіў на вайсковую службу.

У палку «Галоўная стража вялікай Літоўскай Булавы», куды паступіў Тадэвуш, ён прыдбаў сяброў. Адным з іх быў Самуэль Корсак. Іх здружыла любоў да радзімы. Але як было маладым, захопленым чуць пра хабарніцтва сярод афіцэраў! Так, у 1757 годзе, калі сябрукі яшчэ не служылі ў палку, князь Геранім Радзівіл даў Пятру Пашкоўскаму, палкоўніку «Галоўнай стражы», 5000 злотых, каб на сейміку перацягнуў іх на свой бок. А ў 1750 годзе ад князя ўцяклі, не вытрымаўшы здзекаў, два афіцэры. lx злавілі. Каб запалохаць усю службу, князь загадаў ім рыхтавацца да смерці. Кат скрывавіў іх твары, а пасля іх аддалі на тры гады ў цяжкія работы. Але з радзівілаўскай турмы рэдка хто выходзіў. У траўні 1754 года афіцэры-вязні прасілі выдаць ім новае адзенне, бо старое збуцвела. Неўзабаве абодва памерлі ў турме.

Скончыўся першы год службы, Тадэвуш на пабыўцы. Завітаў у мястэчка. Ляхавічы, паводле мемуарных крыніц, мелі даволі
непрывабны выгляд. Смецце з вуліц не прыбіралася, а самі яны не брукаваліся — хіба што каля замка і гандлёвых радоў.
Рыначная плошча зарастала пустазеллем. Ваду дастаўлялі з рэчкі ваданосы і вадавозы. Афіцыйных назваў вуліцы не мелі. Замес шыльдаў рамеснікі вывешвалі розныя знакі (каваль — падкову, шавец — бот, кравец — нажніцы, цырульнік — мядніцу). Ноччу мястэчка на асвятлялася, і прахожыя
ўзбройваліся ліхтарамі і паходнямі. Зато ўсюды адчыняліся корчмы і шынкі… Грушаўка. Бацька, бывала, кожны месяц запрашаў манахаў у сядзібу, каб дысцыплінаваць сваіх слугаў. 3 манахамі гавее, а тады скураным рэменем хвошчацца, нібы злачынец, — не толькі ён, але і ўся чэлядзь. «Мой хлеб ясце, — кажа, — дык пакутуйце разам са мною». Жах у двары, калі пакажацца які дамініканец або езуіт!

Так сталася, што Тадэвуш, паляк па паходжанню, пад уплывам дзіцячых уражанняў пачаў лічыць сябе ліцвінам. «Як мяне цешыць, што сваю радзімую старонку знайшоў такой жа, якой яна ў маіх успамінах, у маім сэрцы, бо я ліцвін, да касцей ліцвін», — гаварыў ён Корсаку. Свой патрыятызм Райтан імкнецца перадаць усім. Аднак не ўсе разумелі такія парывы. Прыгадваючы Беларусь сярэдзіны XVIII ст., Саламон Майман сцвярджаў, што, відаць, няма на свеце іншага краю, у якім «рэлігійная свабода і рэлігійная нянавісць спалучаліся б у такой аднолькавай ступені.

У тую даўніну дні, вольныя ад службы, рэдка хто аддаваў кніжцы, грамадскай дзейнасці або паляпшэнню гаспадаркі. Ганна Герыч, пляменніца Тадэвуша, пісала ў сваіх успамінах, што яго брат «купіў Слаўкавічы з пушчай на Палессі, заводзіў кароў галандскай пароды, выразаў чарот, асушаў балоты, вывозіў у Кёнігсберг пшаніцу, а адтуль прывозіў іншыя тавары, пабудаваў дом з чатырма комінамі, дахоўкай крыты. Тадэвуш не хацеў адстаць ад бацькі, у якога ў Грушаўцы быў вялізны і добры сад, дзе цэнтральнае месца займала «аранжарэя для фінікаў»».

На гэты ідэалізаваны спакой краю паў, між тым, цень «трох чорных арлоў» — Аўстрыі, Прусіі і Расіі, якія падпісалі таемна праграму палітыкі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай, што прывяла ў рэшце рэшт да яе падзелаў.

У 1763 годзе памёр кароль Аўгуст III. 3 дапамогай замежнага золата і рускага войска каралём быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Гэтая навіна напаткала Тадэвуша ў Пецярбурзе. Ён добра ведаў, што Панятоўскі, хоць і ліцвін («Мы лічым сябе радавітымі ліцвінамі, бо нарадзіліся і прынялі святое хрышчэнне ў Воўчыне, каля Брэста, а ў рыцарскім стане займалі пасаду стольніка літоўскага. Нават былі ў Лідзе на сейміку»), аднак фаварыт Кацярыны II. Райтан вяртаецца ў родны кут. Спакою ўжо не знаходзіць.

Аднойчы некалькі канфедэратаў (членаў ваенна-палітычнага аб’яднання шляхты) прабраліся ў Варшаву, схапілі ноччу караля, калі ён ехаў па вуліцы, і завезлі ў лес. Там заблудзіліся і рассеяліся. Пры каралі застаўся адзін загаворшчык, які тут жа перайшоў на яго бок і ўратаваў. Гэта дало падставу прыняць больш рашучыя меры для заспакаення Польшчы. Аўстрыйскія і прускія войскі занялі пагранічныя землі; канфедэрацыя была зліквідавана рускімі войскамі пад камандаю Суворава.

Падзеі дайшлі да Тадэвуша ў Навагрудку. Хто вінаваты ў такім становішчы? — пытаў ён бацьку і сам адказваў: канешне, кароль! Ён хоць і адукаваны, з тонкімі французскімі манерамі, але не змог здзейсніць змен да лепшага. Улады не меў, ды і характар меў ціхі, лагодны.

На пачатку 1773 года кароль дае згоду збірацца ў Варшаву на сейм паслам (дэпутатам) з усіх канцоў Рэчы Паспалітай, каб зацвердзіць першы падзел сваёй краіны. Саміх жа дэпутатаў выбіралі на сейміках у кожным павятовым горадзе. У Навагрудку яшчэ стаяў паўразбураны замак Міндоўга, дзе і праходзілі выбары дэпутатаў. На гэты сейм трэба было выбіраць ці зусім цёмных (каб згодна са звычаем «ліберум вета» слепа выконвалі чыюсьці волю), ці надта хітрых, ці адданых патрыётаў. Навагрудскі сеймік выбраў пасламі якраз такіх патрыётаў — Тадэвуша Райтана і Самуэля Корсака. Ды толькі большасць паслоў не была на іх падобная. I мала хто з іх ведаў, што чакае радзіму, калі сейм зацвердзіць яе падзел. Маршалак сейма Адам Панінскі зусім не рабіў сакрэту, што вядзе антыпольскую палітыку. Яго падтрымалі магнаты і шляхта рускага кірунку — Масальскі, Гуроўскі, Азароўскі, аднак самай вялікай была суполка на чале з Міхалам Радзівілам. Бацька Караля Радзівіла («Пане Каханку») быў гетманам літоўскім і заўсёды імкнуўся да незалежнасьці ад Варшавы. Пасля таго як ягонага сына мінула каралеўская карона, надзеі, што Радзівілы выступяць супраць падзелу Польшчы, не было аніякай. «Я люблю Польшчу, пане Каханку, — казаў Караль Радзівіл прыдворным, — але няма лепш, як наша Літва» (г. зн. Беларусь). Таму, згадаўшы, што яго «прабабка была ліцвінка», вярнуўся ў Нясвіж.

Райтан узначаліў суполку патрыётаў (Корсак, Багушэвіч, Каржанеўскі, Булгарын, Малахоўскі, было нямала і тых, хто ім сімпатызаваў). Частка паслоў была ўжо куплена партыяй Панінскага, частка проста запалохана; куплялі і прадаваліся не толькі «дробныя». Прускі кароль Фрыдрых II не пашкадаваў грошай, каб купіць сумленне некалькіх важных паслоў.

Што цікава, у суполку Панінскага ўваходзіў граф Касакоўскі, уладальнік фальварка Гажавічы пад Ляхавічамі (цяпер тут гаспадарка кансервавага завода). Спадкаемцы Касакоўскага ў 1905 годзе даруюць зямлю мястэчку Ляхавічы пад будаўніцтва касцёла. Будаваў касцёл за ўласны кошт Юзаф Райтан, стрыечны праўнук Тадэвуша! Час прымірыў нашчадкаў, а тады… Райтан з сябрамі на свае сродкі друкавалі ўлёткі, у якіх тлумачылі паслам, што можа здарыцца, калі яны прададуцца здраднікам. Усё было дарэмна. Падкупленыя ды падпоеныя крычалі, што Райтан пратэстуе, бо цану сабе набівае. «Панінскаму 24 тысячы даў Фрыдрых, а табе колькі далі?!» — кідалі яму ўслед. Што праўда то праўда: адзін саноўнік перадаваў Тадэвушу хабар — 4 тысячы дукатаў. Райтан выхапіў шаблю. Адразу набегла шляхта, усчалася валтузня.

Маршалак сейма Панінскі збірае трыбунал, на якім Райтана, «першага бунтаўшчыка айчыны», абвінавачваюць у парушэнні спакою. На «бунтаўшчыка» набраўся добры пуд даносаў. Аднак дэпутата няпроста засудзіць. Панінскі пайшоў на хітрасць: любы трыбунальскі дэкрэт не выконваецца гадамі, а справа Райтана — рэдкае выключэнне, таму прыгавор будзе! А калі што — паклічам на дапамогу рускіх вайскоўцаў. Райтана асудзілі таемна. Прыгавор: канфіскацыя маёмасці і высылка за межы Польшчы. То адбыўся самасуд кучкі здраднікаў.

…Перад падпісаннем дакументаў пра падзел дзяржавы ў пасольскай ізбе адбылася драматычная сутычка. «А вось і Райтан, — пачуўся вокліч Панінскага, — пайшлі падпішаш!» Райтан падаўся назад, наткнуўся на дзверы. Маршалак пачаў брыдка лаяцца. Шляхта з шаблямі кінулася да Райтана. Корсак выхапіў сваю шаблю, і ў бойцы яму паранілі руку. Рускія вайскоўцы супакойвалі забіякаў. Калі шляхту адціснулі, ля дзвярэй у крыві ляжаў Райтан. Корсак памкнуўся падняць яго: «Пойдзем, Тадзю, пойдзем…» Тадэвуш перапыніў Самуэля: «Куды ісці, ад чаго ўцякаць? Радзіму кінуць? Не, хай я здохну, хай мяне засякуць…» Панінскі здаволіўся: «Мо здохне». I запрасіў паслоў у залу, дзе былі пастаўлены подпісы пад дакументамі. Пасля быў абед з удзелам караля, а потым Панінскі запрасіў кампанію ў свой палац; там былі і пані. Пілі, елі, танчылі ўсю ноч навылёт.

У гэтай гісторыі можна згледзець нешта фарсавае ці трагікамічнае. Аднак. Значэнне пратэсту Райтана не абмяжоўвалася пасольскаю ізбай. Ягоны ўчынак меў таксама сэнс палітычны. Рэха яго шырока разнеслі дыпламаты. Версія, пушчаная замежнымі агентамі Панінскага, што народ Рэчы Паспалітай добраахвотна згадзіўся на яе разбор паміж краінамі-суседзямі, ставілася пад сумненне. Той учынак Райтана аказаўся такім маральна небяспечным, што з 1795 па 1905 год расійскі царызм забараняў любыя ўпамінанні ў друку пра падзеі сейма 1773 года. Толькі ў гады адраджэння Польшчы ўчынак Райтана набыў арэол сапраўднага патрыятызму і непахіснай абароны права.

Такім чынам, Райтан і Корсак не паставілі сваіх подпісаў; былі яшчэ два паслы, якія зрабілі тое самае (хто яны, пакуль не ўдалося ўстанавіць). Навучаны горкім вопытам, Райтан усё ж не скарыўся. Яшчэ крывавяць раны, а ён апелюе ў суд — на той падставе, што дакументы сейма не маюць сілы, бо не было аднагалосся (як таго патрабавала права). Наёмныя забойцы пайшлі па следзе Райтана. Праўда, знайшоўся прускі генерал, які сімпатызаваў яму і даў ахову з некалькіх салдат. Судовыя справы цягнуліся доўга і патрабавалі шмат грошай. Прымірыць абодва бакі спрабаваў сам кароль. Панінскі настойваў, каб Райтана «білі каля ганебнага слупа». Праз два гады ўсё скончылася — і не на карысць Райтана. Няроўная барацьба ды шэсць ран, атрыманых на сейме, знясілілі самаахвярніка. Ён моцна захварэў. Не вытрымаў розум.

Жывучы ў Варшаве, ён сумаваў па «любай Літве». Калі памяць вярталася, заводзіў гаворку пра яе, дзяліўся ўспамінамі дзяцінства: «Мае разумовае жыццё збудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне ліцвінам, то мяне пакрыўдзіў бы. Калі ў маёй барацьбе ёсць нешта такое, што будучыя пакаленні захацелі б зберагчы, няхай яны прымуць маю ахвяру як плод той любві, якой я не перастану палаць дзеля дарагой Літвы».

Райтан выразна бачыў адметнасць «Літвы», яе «мясцовы каларыт», але імя браў ёй не этнічнае, а гістарычнае. Навагрудчына для яго — толькі частка Вялікага княства Літоўскага. «Беларускі» патрыятызм пакуль што не вылучыўся з больш агульнага «літоўскага».

…У памяці ўсплывае пейзаж: «Дрэвы завеяны снегам, пасля марозу — шэрань на голлі, а сонца пакажацца іскрыстае… Вербы, абсыпаныя снегам, адбіваюць промні сонца мільёнамі цудоўных зорачак». …А вось двор у Грушаўцы. Ён яшчэ дзіцяня, яго ўражваюць незвычайныя рэчы навокал: вялікія люстэркі, апраўленыя ў золата, дзве фігуркі пад шклом — кавалер і паненка. Бяжыць у другі пакой — там карціны: Ікар падае ў мора; сцэны, намаляваныя ў квадратах, — бацька і сын вядуць асла, потым абодва едуць на ім, потым едзе бацька, а сын вядзе асла, урэшце, яны мяняюцца месцамі, ды людзі кожны раз кпяць з іх за дурноту. Дзверы адчыняюцца ў спальню дзеда. Ложак, пунсовая коўдра з атласу, над ложкам — шабля, панцыр і шлем, у якіх дзед выпраўляўся з хаты, над галавой – абраз — абраз Маці Боскай Чанстахоўскай…

Браты павезлі Тадэвуша на радзіму. Грушаўка сустракала яго, прыслуга бегла насустрач, ля фурманкі сабраўся люд. Большасць ведала пра падзеі ў Варшаве, пра нескаронасць Тадэвуша. Але з фурманкі глядзеў сплаканымі вачыма не той змагар, які два гады запар кідаўся ў пекла, а змучаны, псіхічна хворы паніч. Апошнія гады жыцця, калі памяць пакінула назаўсёды, правёў за кратамі. Ён то ўпрошваў, каб выпусцілі, то ціхамірна доўга плакаў. Пакуль аднойчы не разбіў шкло патыліцай і не насадзіў горла на асклепак, што застаўся тырчаць. Было самагубцу ўсяго 38 гадоў.

У 1791 годзе чатырохгадовы сейм абвясціў Райтана «годным жальбы народа», а яго ахвяру — прыкладам для паслядоўнікаў. Прыняў рашэнне ўстанавіць у пасольскай ізбе мемарыяльную дошку, а імя Райтана ўвекавечыць у Пантэоне Народных змагароў як сімвал нязломнага патрыятызму. Праз чатыры гады Рэч Паспалітая пасля трэцяга падзелу знікла з карты Еўропы.

Толькі на пачатку XX ст. у польскай літаратуры абуджаецца цікавасць да постаці навагрудскага пасла. Ва ўмовах адраджэння Польшчы жывая цень Райтана набывае новую сілу: яго імя надаецца ліцэю ў Варшаве. Дружына гарцэраў яго ж імя штогод хадзіла ў Грушаўку, парадкавала капліцу, помнік Райтану. 3 усёй Польшчы ішлі ў Грушаўку пакласці кветкі да чыгуннага бюста, які стаяў на месцы, дзе цяпер — крама. Сядзіба ж, якая паўстала яшчэ пры бацьку Тадэвуша, у канцы XIX ст. была разабрана і замест яе пабудавана ў модным стылі мадэрн новая — з дрэва. Да 1939 года ў рэштках «мураванкі» трымалі архіў, асабістыя рэчы Райтана. Архіў загінуў перад першай сусветнай вайной. У «мураванцы» быў невялічкі музей, дзе і захоўваліся тыя рэчы. Колькі гадоў тое-сёе заставалася ў доме: як дзіва, стаяў у адным з пакояў серванцік XVIII ст., валялася крэсла таго ж перыяду ды што іншае. Залаты келіх, падараваны Тадэвушу сябрамі ў гонар ягоных заслуг на сейме, дзяржава ўзяла пад ахову; з 1929 года ён знаходзіцца ў Музеі Чартарыйскіх у Кракаве. У 1939 годзе паблізу капліцы быў пастаўлены помнік, які, на жаль, не ацалеў. Гісторыя наканавала памятнікам Райтана нялепшы лёс. Таямніцай ахутаны нават куток, дзе ён знайшоў апошні спачын на гэтай зямлі.

У мемуарах яго родзічаў не апавядаецца пра пахаванне. Есць толькі сціслыя звесткі ў кнізе «Старажытная Польшча». Чытаем: «Мястэчка Ляхавічы. Касцёл фарны, фундаваны графам Хадкевічам у 1602 годзе, адноўлены графам Сапегам… у ім пахаваны мошчы Тадэвуша Райтана, пасла, памёр у 1780 годзе». Такія ж звесткі ёсць і ў Кракаўскім архіве. Аднак у 1930 годзе камісія (спецыяльна ўтвораная для пошукаў магілы), рэвізуючы архіў касцёла, не натрапіла на пацвярджэнне гэтага факта і адмовілася ад версіі ляхавіцкага пахавання. У ранейшыя часы абрад пахавання часта меў два заключныя этапы: вынас цела і ўсталяванне труны ў фамільным склепе ці касцёле. Рабілі і так: памерлага ўвосень на трэці дзень адвозілі ў касцёл, само ж пахаванне адкладалі да вясны ці наступнай восені. Mo нешта падобнае было і з пахаваннем Рэйтана: на нейкі час цела паставілі ў касцёле, а потым нябожчыка-самагубцу родзічы і сваякі адвезлі ў Грушаўку і пахаванне адбылося?.. Магілу, відаць, спадкаемцы трымалі ў тайне, каб не наклікаць здзеку захопнікаў.

Баранавічы, 1930 год. Пратакол камісіі: 24 чэрвеня ў Грушаўку з’ехаліся члены камісіі: пан стараста баранавіцкі Пшэпалкоўскі, пан Чарноцкі з Начы, старшыня камісіі пан Томаш Тшчаплі. Упраўляючы маёнтка Грушаўка пан Трыбухоўскі нагадаў гісторыю пра мясціну ў парку, што здаўна называлася «хованка пад грабам». На невялічкай палянцы, пасярод якой рос стары высачэнны граб, тырчалі спарахнелыя слупкі колішняй альтанкі. Знялі дзёран, на глыбіні 20 см паказаўся цагляны склеп. Пад скляпеннем на цаглянай падлозе ляжаў шкілет чалавека — галавою на захад. Далей хранікёр піша: астанкі асцярожна паклалі ў скрыню, якую апячатаў стараста. Скрыню аднеслі ў капліцу, што стаяла на ўзлеску ўбаку ад сядзібы, і паставілі ў склепе. Прафесар С. Лорэнс агледзеў месца і чалавечыя астанкі. Шкілет быў моцна пашкоджаны; цэгла, з якой быў складзены склеп, выраблялася ў часы Райтана, дый сам стыль склепа тагачасны. Прафесар сцвярджаў, што хутчэй за ўсё — гэта магіла Тадэвуша Райтана. Але патрабавалася дэталёвая экспертыза. Яе правялі праз год сіламі Варшаўскага універсітэта. Антраполаг Казімеж Златунхва даў заключэнне: няма асаблівых падстаў не прызнаваць шкілет, знойдзены «пад грабам», за астанкі Райтана. Даследаванне чэрапа выяўляе магчымае падабенства твару з алейным партрэтам Тадэвуша Райтана. Вынік экспертызы зацвердзілі пан Зыгмунт Чарноцкі, Аліна Райтан. Аліна Райтан — апошні прадстаўнік фаміліі. Яна была вывезена ў лістападзе 1940 года ў Сібір. У дарозе памерла.

Ці нагадвае што сёння ў Ляхавічах і наваколлі пра Райтана? Гістарычны кон пашкадаваў Грушаўку. Аднак большасць сведчанняў пра Райтана згінула ў полымі грамадзянскай варажнечы. Касцёл узарвалі, капліцу разрабавалі і зганьбавалі, двор і сядзібу рабуюць дагэтуль. I больш за ўсё шкада саду, які выкарчавалі пазалетась. То быў жывы помнік. Здаецца, адзін вецер пяе жальбу над загубленым аселішчам Тадэвуша Райтана…

Як там ні было раней, а ў 1551 г. Грушаўка — маёнтак Ляхавіцкай воласці, уласнасць каралевы Барбары Радзівіл. У тым жа годзе яна дорыць яго васалу М. Залескаму.

Далей здарылася, што Барбару Радзівіл атруцілі, а кароль Жыгімонт II Аўгуст аддае на вечнасць Грушаўку двараніну П. Шлягеру. 3 1567 г. маёнтак належаў некалькім уладальнікам: і Залескаму, і, калі памёр Шлягер, яго ўдаве і дзецям. Канчаецца шаснаццатае стагоддзе, надыходзіць сямнаццатае. Стагоддзе нёзлічоных стратаў, бесперапынных войнаў — час вялікага «патопу» (згадайма слынны раман Генрыка Сянкевіча). Ляхавіцкая фартэцыя (умацаванне), адна з наймагутнейшых у Еўропе, мусіць доўга абараняцца, што прыносіць страшэнныя спусташэнні наваколлю і няшчасце людзям.

Маёнтак то знікае з твару зямлі, то зноў адраджаецца. Гаспадары аднаўляюць жытло, засяваюць пусткі, расчышчаюць ляды. У канцы XVII ст. кароль Польшчы Ян IІІ Сабескі пайшоў ваяваць з туркамі і татарамі. Ва ўсіх паходах у харугве караля ўдзельнічае кракаўскі рыцар Райтан. Асабліва вызначыўся ён у бітве пад аўстрыйскім горадам Венай. Гэта бітва была вырашальнай, бо перамога над туркамі зняла пагрозу паняволення хрысціянскага свету. Кароль дорыць Райтану Грушаўку. Ёсць, праўда, іншая думка, як Райтаны атрымалі маёнтак, таму патрэбен больш дасканалы гістарычны пошук. Але застаецца фактам, што на пачатку XVIII ст. Райтаны былі ўласнікамі маёнтка.

Ужо тады існуе сядзіба, якая займае (па-сучаснаму) каля 14 гектараў. Стары рыцар пабудаваў драўляны дом, звонку мазаны глінай ды белены вапнай. На яго месцы сын рыцара Дамінік Райтан, падкаморы навагрудскі, узводзіць класічнага стылю панскі дом-палац з двума флігелямі, шэраг гаспадарчых пабудоў. Закладвае таксама парк рэгулярнай планіроўкі ды пладовы сад, які мы цяпер можам прызнаць «старэйшым на Літве». Аблічча дома перадаў на акварэлі мастак Напалеон Орда. Сам дом і яго пакоі апісаны ў вядомых мемуарах Ганны Герыч, пляменніцы Тадэвуша Райтана (Дамінікавага сына). Перакажу што-кольвек з іх сваімі словамі. Будынак стаяў на высокім падмурку і у плане меў выгляд прамавугольніка. Быў накрыты вальмавым дахам, а ў цэнтры галоўнага фасада высіўся чатырохкалонны порцік з франтонам. Уздоўж задняй сцяны ў парк выступала тэраса-галерэя. У парку стаяла прысядзібная мураваная капліца. Перад домам па два бакі ад круглага газона знаходзіліся афіцыны, у адной з якіх захоўваліся фамільныя архівы. Герыч у дзяцінстве ўразілі ўсялякія прыгожыя рэчы ў доме. Былі тут і вялікія люстэркі, апраўленыя ў золата, тонкай работы. Купілі іх, калі распрадавалі дабро князя Караля Радзівіла. На каміне месціліся розныя фарфоравыя вырабы, у другім пакоі былі развешаны карціны, у спальні рыцара над ложкам красаваліся шабля, панцыр і шлем, без якіх ён не дазваляў сабе выйсці з хаты.

На значнай плошчы шляхецкай рэзідэнцыі раскінуўся сад, які пачынаўся адразу ж за домам на захад. У ім раслі, акружаныя прысадамі з ліп, яблыні, грушы, вішні, слівы. Цэнтральнае месца займала «аранжарэя для фінікаў».

Утрыманне пышных апартаментаў каштавала дорога. Таму практычна жылі ў афіцыне. Палац жа служыў для рэпрэзентацый, гасцей. Герыч скардзілася, што ў палацы кепска замыкаліся дзверы і вецер навяваў снегу ў сені, выстуджваў пакоі.

Вось у гэтых пакоях у 1742 г. у сям’і Дамініка Райтана нарадзіўся хлопчык, якому выпала з’явіцца свету грамадскім абаронцам роднага краю. Назвалі яго Тадэвушам — у гонар і памяць дзеда.

У 1773 г. Тадэвуш, абраны навагрудскім паслом, рушыць у Варшаву на сейм, дзе на чале суполкі патрыётаў-ліцвінаў аказвае зацятае супраціўленне першаму падсудку Рэчы Паспалітай.

(Ад рэдакцыі. Тут мы перапынім гісторыю, пісаную Міхасём Турыянскім. Далей ідзе сціслы, як і пасуе «гісторыям», выклад дзеяў Тадэвуша Райтана-малодшага. Больш падрабязна і эмацыянальна пра іх расказана ў артыкуле таго самага пяра. Чытач, пэўна, узновіць яго тэкст — у думках ці хоць з большага перачытаўшы).

…У першай палове XIX ст. пачаўся працэс адраджэння славянскіх народаў. Гэтаму спрыяла фарміраванне капіталістычных адносін. Магнаты, а за імі і дробнае дваранства імкнуцца перабудаваць сваю гаспадарку, што прыводзіць да заснавання невялікіх прадпрыемстваў.

Пляменнік Тадэвуша, Стэфан, адкрывае бровар, дзе працуюць двое сялян. Ён жа набярэцца мужнасці — пад уплывам паўстання 1863 года — паставіць помнік свайму продку.

8 лістапада 1884 г. у Грушаўцы быў падпісаны кантракт на распрацоўку лесу нямецкай фірмай-таварыствам «Берлінская лясная кантора» (кіраўнік Франц Краўзэ). Стэфан Райтан перадаў права на высечку лесу ў Грушаўцы да 30 красавіка 1887 г. Краўзэ купіў у Райтана два сплаўныя білеты — для сплаву лесу па рацэ Шчара. Па сёння існуе той шлях, па якім Краўзэ сплаўляў лес. Яго фірма перажыла шмат выпрабаванняў, але не спыніла дзейнасці. Цяпер яна мае сусветны статус і, наколькі мне вядома, разлічвае на супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.

У канцы XIX ст. маёнтак трапляе ў рукі Юзафа Райтана. Неўзабаве ў Грушаўку з’яўляецца і новая гаспадыня. Маладая, прыгожая шляхцянка Аліна Гарцінг, жонка Юзафа, была падобная на Эмілію Плятэр, гераіню паўстання 1830 г., апетую Адамам Міцкевічам у вершы «Смерць палкоўніка». Забаў і танцаў яна не любіла, але з любасцю вывучала і добра ведала гісторыю. Іншы раз цэлую ноч плакала да гарачкі ад болю зa радзіму. Ездзіла шмат міляў конна, а то брыла па лясах па пояс у снезе; навучылася страляць — і трапна. Сябе не шкадавала, што ўрэшце прывяло да бяды. Упала з каня, і доктар мусіў сказаць: дзяцей не будзе. А было нават і так: калі Юзаф, зачараваны пекнатой і розумам Аліны, горача пакахаў яе і прасіў быць яму жонкай, яна прамовіла: Акрамя цябе ёсць яшчэ Польшча». Рамантыка брала верх. Ды замуж выйшла, і сямейныя абавязкі шмат што змянілі ў яе жыцці.

Маладыя былі гэтак спрытныя ў гаспадарчых справах, што хутка маёнтак мяняе сваё аблічча. Панскі дом, які будаваў Дамінік Райтан, зносяць. На яго месцы паўстае драўляны дом у стылі мадэрн, які збярогся да нашых дзён.

Ён уяўляе сабой прамавугольны аб’ём. Спачатку быў крыты гонтай. Тры паверхі, два жылыя. На другі паверх вялі лесвіцы — адна драўляная з моранага дуба ў неагатычным стылі, другая, літая вінтавая з каванага чыгуну, вяла на асноўны з бакавых мансардавы паверх (страчана). Галоўны ўваход быў вылучаны мураваным з каменю ганкам (страчаны) і тэрасай, устаноўленай на разныя слупкі і аперазанай металічнай (раней драўлянай) агароджай. Уся прыбудова галоўнага фасада страчана. Пакоі і залы былі аздоблены размалёўкай, разьбой, цудоўнымі па хараству грубкамі з галандскіх кафлін Эрнста Тэльхерта.

Прыгажосць інтэр’ераў, карцінная галерэя, паляўнічая зала з чучаламі звяроў і птушак, пакой ушанавання памяці славы роду Райтанаў — усё гэта страчана назаўсёды!

Вернемся, аднак, крыху назад. Энергічным сямействам пабудаваны новыя выдатныя стайні, корпус сьпіртзавода. Пашыраецца штучнае возера — цяпер гэта тры асобныя люстэркі, спалучаныя мілымі воку вадаспадзікамі. Свідруюцца артэзіянскія калодзежы. Новы дом мае вадаправод, ванну, мясцовую каналізацыю. Электрычнае святло прыйшло ў маёнтак у канцы XIX ст. Ток магутнасцю 43,5 ампера і напружаннем 220 вольт дае дынама-машына фірмы «Юніён». Васямнаццаць гадоў працаваў пры ёй машыністам Адам Карчэўскі. Толькі пасля таго, як атрымаў шляхецтва, ён пакінуў гэту працу, пачаўшы загадваць паравым млынам. Гандлёвы характар набываюць у гаспадарцы пладаводства і пчалярства, што прыносіць гаспадару важкі прыбытак. Набрала сілу вырошчванне лекавых раслін. Добрым ураджаем грэчкі і жыта скончылася дзевятнаццатае стагоддзе ў Грушаўцы.

Дваццатае віталі застоллямі ды феерверкамі. Панове ляхавіцкае «зямянства» шмат пілі, балявалі да ранку, і ў тую ноч у мястэчку здарыўся пажар, згарэла многае.

1905 год. Рэвалюцыя. Палітычныя паслабленні, першыя дэмакратычныя здабыткі. У Грушаўцы адчыняе дзверы маленькі музей, дзе сабраны памяткі пра навагрудскага пасла Тадэвуша Райтана.

Пасля няўдалай руска-японскай кампаніі край поўніцца сотнямі калек і сірот. Райтаны прымаюць блізка да сэрца іх беды і адкрываюць прытулак для дзяцей, за свой кошт будуюць шпіталь, які вельмі спатрэбіўся ў час першай сусветнай вайны. Ад нямоцнага здароўя Юзаф ад’язджае, між іншым, на ўсход падлячыць грудзіну.

Граф Касакоўскі, сусед Райтана, вядомы ў краі як шчыры мецэнат, фундуе і ахвяруе грошы на кляштары і дамы прытулку. Ён прапанаваў Райтану ўдзельнічаць у будоўлі касцёла. Райтан фінансуе гэты праект. У 1907 г. касцёл быў пабудаваны і ўрачыста асвечаны. Ксяндзом стаў Леанард Кавецкі, які дагэтуль вёў службу ў вёсцы Дарава.

Смерць напаткала Юзафа раптоўна. Прагульваючыся неяк ля возерца ў лесе пад назваю Дубы, на захад ад маёнтка, прысеў пад вялізным дубам і заціх. Праз колькі гадоў там будзе пастаўлена капліца-хованка, дзе Юзафа і прыняла зямля. Памёр апошні з роду Райтанаў, ля труны нябожчыка разбілі герб, іншыя атрыбуты рыцарскага звання — так вымагала традыцыя, калі род канчаўся на памерлым.

Маёнтак з зямельнымі ўгоддзямі, рухомая і нерухомая маёмасць, капітал пераходзяць да Грабоўскага, які неўзабаве перапісвае ўсё сыну, непаўналетняму Аляксандру. Грабоўскія пасяляюцца ў маёнтку.

Стары Грабоўскі будуе капліцу. Але пачынае весці палітыку, з-за якой удаву Аліну Райтан адлучыць пасля ад маёмасці.

Першая сусветная вайна, фронт набліжаецца да Грушаўкі. Шалёны снарад выбухнуў побач з «мураванкай» Тадэвуша Райтана. Агонь знішчыў архіў роду, памяткі, частку бібліятэкі.

У шпіталь вязуць на фурманках параненых. Жудасны пах над атручанымі газам салдатамі, сляпыя, з гніючымі язвамі, яны стогнуць, просяць дапамогі ад нешматлікіх урачоў і санітараў. Вясной 1917 г. у Грушаўцы стаіць 17-ы пяхотны Архангелагародскага вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча полк. 11 сакавіка салдаты і афіцэры каталіцкага веравызнання прыводзяцца да прысягі Часоваму ўраду — у Ляхавічах, на рыначнай плошчы.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Грушаўка сустрэла пахам яблыкаў у падвале ды крыкамі салдатаў, якім ампутавалі каму нагу, каму руку. Брэсцкі мір. Рускія адыходзяць. Немцы ў сядзібе вывучаюць мужыцкую мову. К восені 1918 г. немцаў ужо няма. Уласнікі бягуць ад бальшавікоў. Масавыя расстрэлы ў мястэчку. Рэвізія маёнтка. Забіраюць усё падчыстую. Успамінае выхаванка прытулку ў Грушаўцы Р. Варанец: «Новая ўлада разбурыла дом, гаспадарку, кароў і коней пагналі ў Русінавічы, да цягніка. Салдаты з чырвонымі зоркамі патрушчылі прыкладамі ўвесь посуд, секлі і палілі караны — партрэты паўстанцаў 1830 г., раскладалі на вуліцы вогнішчы з кніг, а калі ў Гажавічах адкрылі бальніцу, забралі мэблю не ўсю, а толькі тую, што маглі падняць хворыя і галодныя рэўкомаўцы. Адключылі святло, дынама-машыну знялі і павезлі ў мястэчка круціць кіно. Агенты райпрадкома парэзалі персідскі дыван на пасы для малатарні».

Розныя пагромы, начныя расстрэлы заможных сялян. П’янства і разбэшчанасць чырвонаармейцаў гэтак падарвалі аўтарытэт Саветаў, што насельніцтва ўсяляк спрыяла надыходзячым войскам Польшчы.

Бальшавікі падпісалі Рыжскі мірны дагавор. Вярнуліся Грабоўскі і Аліна Райтан. Страціўшы за Пінскам частку зямель, Грабоўскі намагаецца як мага больш выкачаць грошай з продажу лесу і зямлі пад хутары. Аліна Райтан супраць гэтага, і яны пачынаюць судзіцца.

Тым часам маскоўскія ўлады, парушаючы дагавор, закідаюць у лес тэрарыста — бальшавіка Кірылу Арлоўскага, якому загадалі ўзняць сялян супраць польскіх і яўрэйскіх багацеяў. Да яго хеўры прымкнуў беглы салдат польскага войска, злодзей Муха-Міхальскі, які меў славу лютага антысеміта. Па загаду Арлоўскага ён спраўляе налёты на пастарункі, рабуе крамы. А сам Арлоўскі чыніць самасуды, робіць замах на князя Леана Радзівіла. Набраўшы да сябе некалькі гультаёў, п’яніц, канакрадаў, тэрарызуе ўсю акругу, заносіць руку над жыццём біскупа Зыгмунта Лазінскага, выдатнага чалавека таго часу. Ля Грушаўкі падстройвае засаду, і ў перастрэлцы гінуць дваццаць салдатаў, маладых хлопцаў. Урэшце Масква бачыць, што ніхто не збіраецца ваяваць за камуну, і адклікае Арлоўскага. Уцякае на ўсход і Муха-Міхальскі. У 1940 г. яго расстраляў НКУС. Аліна Райтан, не вельмі разбіраючыся ў палітыцы, часцяком прымала ды і хавала яго, чым наклікала на сябе прэтэнзіі ўжо польскіх уладаў.

Грабоўскі скарыстоўвае такі паварот, і ўсю гаспадарку прыбірае да сваіх рук. Зазначу, праўда, што Грабоўскі не заўсёды грашыў хцівасцю. Адмысловы аграном-рольнік, ён адкрыў у вёсцы Пашкоўцы «рольныя курсы», дзе мясцовыя хлопцы вучыліся гаспадарыць на капіталістычны лад. Аднак, наймаючы настаўніка для сына, не разгледзеў у ім бальшавіка-падпольшчыка Юліуша Жыміцкага. Малады Грабоўскі не хацеў вучыцца, яго больш вабіла мястэчка, дзе ён гуляў у карчме з тутэйшымі распусніцамі. Стары ж Грабоўскі апекаваўся, каб сталі на ногі, выхаванцамі прытулку. Так, Анатоль Герасімовіч, дзякуючы ягоным намаганням, займеў выдатную майстэрню, у якой вырабляў яскравыя творы прыкладнога мастацтва. Лявон Рускі скончыў лётную школу, стаў лётчыкам; пралятаючы над Грушаўкай, кідаў паштоўку на каменьчыку. Выйшлі таксама тэлеграфісты, настаўніцы.

Стары Грабоўскі памёр сваёю смерцю, а маладога забралі бальшавікі ў 1939-ым, гаварылі, што расстралялі. Аліну Райтан не сталі расстрэльваць, а проста, пазбавіўшы ўсяго, пасялілі на хутары Куль. Сельсаветчык з Перахрэсця Чарапавіцкі ў прыватным парадку вырашыў яе раскулачыць. Увосень 1940 г. ён вязе васьмідзесяцігадовую старую ў Русінавічы і пад шумок хоча пасадзіць у вагон. Начальнік цягніка адмаўляе. Чарапавіцкі настойліва звоніць у Ляхавічы. Неяк угаварыў, ці не паабяцаў частку «золата» Райтаніхі? Цягнік адыходзіць ад станцыі Райтанава. Паўстагоддзя назад гэту станцыю будаваў цесць Аліны Стэфан Райтан.

Чарапавіцкі з упраўляючым Казакевічам даўно квапіліся на золата, якое, ім здавалася, было пры пані на хутары. Ды ім не давялося пакарыстацца чужым багаццем, бо пані ўжо раней абрабаваў Грабоўскі, а калі што засталося, то наўрад ім трапілася. Чарапавіцкага расстралялі ў Ляхавічах немцы, не за тое, што быў сельсаветчыкам, а за спілаваны тэлеграфны слуп. Гнаў самагонку на хутары, дроў не хапіла, а ў лесе — патруль, дык спілаваў слуп. Казакевіча немцы закатавалі ў Калдычаве.

У час нямецкай акупацыі ў палацы быў санаторый для лётчыкаў. Прыйшоў загад з Берліна: насельніцтву здаваць каляровыя металы. Медны посуд, ручкі і іншае. А ў грушаўскай капліцы знаходзіўся некалі звон. У 1939 г. яго павесілі ля стайні. Як прыходзіла пара сходаў ці агітацыі, білі ў яго. Немец, які адказваў за збор медзі ў маёнтку, пераклаў гэты клопат на плечы конюха з сялян. Конюх медзь пазбіраў, злажыў у воз, а немец перапісаў і ткнуў у паперу: «Здасі ў Ляхавічах, хай тут адзначаць». Цэлую ноч думаў небарака, як звон уратаваць. I зацемна ля спіртзавода закапаў. Наліў гарнец спірту, прыхапіў новы кажух і пагнаў каня. Немец, які прымаў металы, да спірту паставіўся спакойна, а вось кажуху ўзрадаваўся. Падмахнуў паперку, амаль не глянуўшы на медны скарб. Так і ляжаў звон у зямлі аж да 1991 г., калі ў Ляхавічах аднавілі касцёл. Стары конюх паказаў, дзе закапаў яго, рызыкуючы жыццём. Звон вярнуўся на сваё месца і прадаўжае служыць вернікам.

На гэтым гісторыя маёнтка Грушаўка падышла да канца. Пасляваенны перыяд пакутліва засведчыў поўную абыякавасць і прамую знявагу да мінуўшчыны і яе культуры. Няма нікому справы, што побач са зруйнаванай капліцай пахавалі савецкіх воінаў, што ля хутара Дуброўкі прысыпаны косці яўрэйскіх жанчын і дзяцей. Палац пакінулі апошнія насельнікі, вецер шыбуе праз пустыя вачніцы акон, раскрадальнікі здзіраюць паркет, кафлю. Сажалку спусцілі, сад высеклі. У стайнях «жывуць каровы» — праўда: стайні, якім амаль сто гадоў, падаюцца лепшымі, чым жытло людзей, што даглядаюць жывёлу. Дый гавораць, што малако ў Грушаўцы самае смачнае, — піў, гэта так.

Былі нейкія спробы хоць як падтрымаць маёнтак, не даць яму сканаць, аднак Саветам і парадкам, якія яны ладзяць, такая памяць непатрэбна. Мо таму мы й не навучыліся жыць з пачуццём сумлення.

25 жніўня 1992 года. Ляхавічы.

Турыянскі, М. Расколіна гісторыі прайшла праз яго сэрца / Міхась Турыянскі // Гісторыя мастацтва. – 1993. — № 12. – С. 41-51. – Бібліёграфам выпраўлена напісанне слоў, якое не адпавядае нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы (2012 год).

 

Герб апошняга з Рэйтэнаў

Лёс капліцы на Ляхавіччыне, збудаванай па тэстаменце шляхціча

Першы Рэйтэн з’явіўся на нашых землях у самым пачатку 1600-х гадоў з Прусіі. Пахаваны быў у 1639-м у Сталовічах. Апошні ж — Юзаф — нарадзіўся 7 студзеня 1857 года. 17 жніўня 1910-га пасля працяглай і цяжкай хваробы ён памёр у новым сядзібным будынку ў Грушаўцы, што на Ляхавіччыне. Месца, дзе павінны былі пахаваць ягонае цела, Юзаф абраў загадзя: ім стаў пагорак, што дамінуе па-над наваколлем. Згодна з тэстаментам, на гэтым месцы з адмысловай фундацыі Юзафа пазней мусілі пабудаваць капліцу, дзе знайшлі б спачын апошнія з Рэйтэнаў: бацькі Юзафа, сястра, а таксама дзед, падпалкоўнік напалеонаўскіх войскаў, які змагаўся за Вялікае Княства Літоўскае.

1

Капліца Рэйтэнаў ля Грушаўкі.

Можна сабе ўявіць, якой была шматлюдная жалобная працэсія, што пасля набажэнства ў Ляхавіцкім касцёле суправаджала труну нябожчыка да месца спачыну… Былі тут і простыя людзі, якім шмат дапамагаў Юзаф, і дзеці-сіроты, каго апекавалі Рэйтэны, і мяшчане з Ляхавіч ды іншых мястэчак, шляхта з ваколіц…

На магіле ж, згодна са старадаўнім звычаем, быў разбіты герб апошняга з рыцарскага роду.

Гады ліхалецця

Неўзабаве Ляхавіччына ператварылася ў сапраўднае пекла. Першая сусветная вайна, якая намалявала крывавую лінію фронту, прайшла крыху на захад ад Грушаўкі. Нават праз дзесяць гадоў пасля таго, як вайна скончылася, па ўспамінах тутэйшых жыхароў, шлях ад Баранавіч да Грушаўкі ішоў праз татальна занядбаныя землі, зрэзаныя акопамі, абмураваныя ДАКамі і бліндажамі. Старажытныя лясы былі высечаны “ў пень”, сядзібы і вёскі — спалены. Як ацалела грушаўская сядзіба ў той агнявой віхуры, толькі богу вядома…

Далей былі Кастрычніцкі пераварот 1917-га, заснаванне Беларускай Народнай Рэспублікі… Нарэшце, 1921 год з Рыжскай дамовай, што рассекла наш край…

Будаўніцтва капліцы

Надышоў год 1924-ты. Апошнія дыверсійныя аддзелы і банды ліхіх людзей, што трымалі ў жаху ваколіцы Грушаўкі, зніклі. Але польская ўлада распачала паланізацыю беларускіх земляў. Ды мясцовая шляхта называла сябе па старадаўнім звычаі ліцвінамі. Граф Генрык Грабоўскі, пляменнік апошняга з Рэйтэнаў, аднойчы ў Мінску нават прымусіў Юзафа Пілсудскага піць за Вялікае Княства з кубка, які падарылі Тадэвушу Рэйтэну сябры па сойме. Кубак гэты са срэбра, з выгравіраваным надпісам, захоўваўся ў Грушаўцы, пакуль Грабоўскі не падарыў яго Музею Чартарыйскіх у польскім Кракаве. На запыты пра далейшы лёс прадмета адказ быў просты: “Лёс невядомы”.

Але вернемся да капліцы. Архітэктар, які стварыў дзіўнай прыгажосці праект, нам невядомы. Праўда, падказкай можа паслужыць дакументацыя іншай капліцы, падобнай да грушаўскай. У родавай сядзібе Талочкаў у Вярдомічах, што не так далёка ад Наваградчыны, у 1915 годзе была скончана будоўля. Аўтарам праекта тамтэйшай капліцы, які зацвердзілі ў 1906-м, з’яўляўся вядомы віленскі архітэктар М.Прозараў. Вельмі верагодна, хоць і не бясспрэчна, што Юзаф Рэйтэн перад сваім сконам мог замовіць праект Прозараву. Генрык Грабоўскі, якому па тэстамэнце адышла Грушаўка ды іншыя землі Рэйтэнаў, мог адшукаць гэты праект і, выкарыстоўваючы фонд, што Юзаф прымеркаваў на будоўлю капліцы, заняцца ўзвядзеннем апошняй. Але, паўтаруся, усё магло быць і інакш.

Верагодна, падрыхтоўчыя работы распачаліся ў 1924-м — 1925-м гг. Трэба было замовіць, стварыць, зацвердзіць праект, атрымаць дазвол на будоўлю. Таму сама яна пачалася, хутчэй за ўсё, не раней за 1926 год. Вядома, што з вялікай цяжкасцю Генрык Грабоўскі змог знайсці пляскатую дахоўку, а таксама прывезці з польскіх Кельцаў мармур для памятных дошак, якія меліся ўстанавіць у капліцы. У ёй, як мы памятаем, збіраліся перапахаваць рэшткі Рэйтэнаў, што ў ХІХ стагоддзі знайшлі былі спачын на парафіяльных могілках у Ляхавічах. Таму Грабоўскаму патрабавалася атрымаць дазвол на эксгумацыю, а потым яшчэ і на перавоз трун.

2

Такімі выбоінамі, на жаль, зеўрае дах пабудовы.

Адкрыццё капліцы, а дакладней, урачыстасці, звязаныя з асвячэннем памятнай дошкі з выявай Тадэвуша Рэйтэна і ягонай кароткай біяграфіяй, прымеркавалі да мая 1928-га — сёмай гадавіны ратыфікацыі Рыжскай дамовы…

21 мая 1928 года

У гэты дзень з самага ранку блізу капліцы пачалі збірацца жыхары грушаўскіх ваколіц, школьнікі з Ляхавіч і Баранавіч, дэпутацыі ад розных устаноў, у тым ліку — ад ляхавіцкай пажарнай дружыны. Чакаліся і высокія дзяржаўцы, але прыехалі толькі навагрудскі ваявода Бячковіч, стараста Кульвец і сенатар Рдултоўскі (з Чэрніхова), сваяк Рэйтэнаў. Тое, што не прыехалі саноўнікі больш высокага рангу, якіх Грабоўскі запрашаў на ўрачыстасці, трохі сапсавала настрой арганізатару свята.

3

Капліца Рэйтэнаў у Грушаўцы сёння.

Пасля асвячэння капліцы, мармуровых пліт Тадэвуша Рэйтэна, Юзафа, ягонай сястры Марыі Грабоўскай (памерла ў 1925 г.), бацькоў Юзафа — Стэфана і Марыі (з Несялоўскіх), а таксама Дамініка Рэйтэна, ягонага дзеда, адбылася імша, якую правіў усё той жа сябра роду, але пасівелы ўжо ксёндз Кяневіч. Пасля выступілі з прамовамі прадстаўнікі дэлегацый. Прысутныя былі вельмі моцна ўражаны выглядам капліцы, самім момантам, надвор’ем, якое нібыта спрыяла ўшанаванню памяці Тадэвуша Рэйтэна.

Ёсць адна загадка, якая, відаць, не мае адгадкі. Чаму на пліце Тадэвуша Рэйтэна дата нараджэння — 20 жніўня 1752 года? Аднак яна супярэчыць агульнапрынятай: 20 жніўня 1742 года. Чаму напісана, што месца спачыну ягонага цела невядомае? Няўжо Рэйтэны, якія так шанавалі памяць продка, што нават у 1860-х замовілі з замежжа помнік у ягоны гонар, не ведалі ні тое, дзе знаходзіцца магіла, ні тое, калі ён нарадзіўся?

Ды і ніводная з дат не з’яўляецца дакладнай.

Сенсацыя?

У 1930-м, у 150-ю гадавіну смерці Тадэвуша Рэйтэна (8 жніўня 1780 г.), наш край абляцела вестка: Генрык Грабоўскі і “Камітэт росшуку астанкаў Тадэвуша Рэйтэна”, які перад гэтым безвынікова даследаваў усю Ляхавіччыну, вырашылі пашукаць у Грушаўцы. Мясцовыя жыхары адразу паказалі на месца, што мела назву “пад грабам” (там рос стары высачэзны граб). Раскопкі, якія прайшлі ў прысутнасці ўлад і знакамітага фатографа — Яна Булгака, далі вынік: была знойдзена абмураваная цэглай труна (ужо спарахнелая), дзе ляжаў няпоўны касцяк, некалькі цвікоў ды кавалак бляхі. Магіла гэтая была вядома мясцовым жыхарам яшчэ ў 1870 — 1880 гг. Відаць, тады, а можа, і раней (ці пазней), яна была ўшчэнт абрабавана. Верагодна, на гэтым месцы раней стаяла капліца, на што паказвае алея, якая вяла сюды ад сядзібы, а таксама адзін з планаў.

Астанкі гэтыя ў прысутнасці службоўцаў ізноў даследаваў у Грушаўцы вядомы польскі антраполаг Казімір Сталыхва. Вынікі мелі нечаканы характар. Зубы нябожчыка належалі чалавеку гадоў на дзесяць старэйшаму за Тадэвуша. Больш за тое: знойдзены касцяк быў каля 160 см. Паводле ж захаваных апісанняў Тадэвуша Рэйтэна, апошні быў велізарнага росту. Цяжка сабе ўявіць, што быць “велізарным”, нават у ХVIII стагоддзі, значыла мець рост менш за 160 см. Тым не менш, Казімір Сталыхва зрабіў выснову, што рэшткі маглі належаць і Рэйтэну. Такім чынам, пытанне, дзе знайшоў свой спачын наш герой, да гэтай пары застаецца адкрытым.

Апошні раздзел

З таго часу і аж да нядаўняга капліца стаяла непарушаная нікім. Немцы, якія размясцілі ў Грушаўскай сядзібе шпіталь для ваенных лётчыкаў, ні сядзібы, ні капліцы не кранулі. Партызаны таксама яе не палілі, выбіваючы ворага…

4

Магчыма, у гэтых вокнах капліцы некалі размяшчаліся вітражы.

Генрык Грабоўскі вырашыў не бегчы на Захад з радзімы. У 1939 годзе, непадалёк ад Грушаўкі, ён быў забіты бандай невядомых… Старэнькая Аліна Рэйтэн, якую Грабоўскі ўсё ж такі яшчэ пры яе жыцці высяліў на нейкі хутар (а яна, па тэстаменце, валодала Грушаўкай да сваёй смерці), была ў 1940-м выслана цягніком у Казахстан ці Сібір і ўжо ніколі больш не вярнулася на Бацькаўшчыну. Сына Генрыка Грабоўскага, на каго перапісана сядзіба, забілі немцы ў 1944-м…

А капліца стаяла… Пакуль нехта не вырашыў здзерці з яе прыгожую чырвоную дахоўку. Узнёслая вежка па-варварску была сарвана пры дапамозе цяжкай тэхнікі, пра што сведчыць праламаная бетонная агароджа. Хто ды нашто даў загад, хто і навошта гэта зрабіў — на жаль, гісторыя пра тое маўчыць.

Пашанцавала звону, які калісьці вісеў на вежцы: яго пад час нямецкай акупацыі схаваў грушаўскі жыхар. І толькі ў часы незалежнай Беларусі ён перадаў яго ляхавіцкаму касцёлу.

Зніклі (праўда, невядома, калі) мармуровыя пліты з імёнамі і выявамі Рэйтэнаў ды іх сваякоў. Труны з нябожчыкамі былі абрабаваны марадзёрамі недзе ў 1970-я. Захаваліся сведчанні, што косткі з разбітых трун валяліся ў лесе ля капліцы, пакуль добрыя людзі з ваколіц Грушаўкі, якія памяталі Рэйтэнаў, не сабралі астанкі і не перапахавалі ў капліцы…

Загадкавая алея

Кожны, хто прыязджае, а можа, і мясцовы жыхар, звяртае ўвагу на знакамітую і ўнікальную для Беларусі алею з лістоўніц. Вядзе яна ад брамы каплічнай агароджы проста ў нікуды. Прайдзіцеся па ёй, падумайце над тым, што хацелі сказаць яе невядомыя нам стваральнікі…

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Юркевіч, З. Герб апошняга з Рэйтанаў / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2013. – 17 жн. (№ 33). – С. 14; 24 жн. (№ 34). – С. 14.

Калі і дзе нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан?

Мінула амаль 200 гадоў з моманту, калі свет убачыў першы біяграфічны нарыс пра Тадэвуша Рэйтана «Zywot Tadeusza Reytena» аўтарам якога стаў Юльян Урсын Нямцэвіч – вядомы тады ўжо пісьменнік, гісторык і палітык. Ва ўспамінах пляменніцы Т. Рэйтана Ганны Герыч зафіксавана, што Нямцэвіч, шукаючы матэрыялы для нарыса, аднойчы звярнуўся да Рэйтанаў, каб атрымаць дыярыуш пасольства, які вёў у свой час сам Т. Рэйтан. Таксама ён жадаў атрымаць падрабязнасці з жыцця Тадэвуша, якія маглі паведаміць яму толькі сваякі. Малодшы брат Тадэвуша Станіслаў (памёр у 1818 г.) тады адмовіў Нямцэвічу, заявіўшы, што справа з пасольствам Рэйтана на сейм 1773 г. навінна быць надрукаваная ў варшаўскіх газетах. Але чамусьці не выходзіць з галавы факт, што дзядзька Ю. Нямцэвіча Францішак Урсын быў адной з дзейных асобаў таго сейма і стаў на бок здраднікаў. Больш за тое, ён прыклаў шмат высілкаў, каб за «падарункі» адступіць расейцам больш зямлі, чым таго патрабавалі новыя карты (пасля падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г.). Гэта адбылося пасля сейма, пад час правядзення новай мяжы паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай Імперыяй. Гэтага не мог не ведаць Станіслаў.

I тым не мешн копію дыярыуша праз некаторы час Ю. Нямцэвіч усё ж атрымаў. Разам з ім і тыя сціслыя веды аб жыцці Тадэвуша да і пасля сейма. I вось тут нам варта спыніцца.

Нямцэвіч стаў першым з даследчыкаў жыцця Т. Рэйтана, хто ўвёў ва ўжытак і замацаваў на вякі дату нараджэння гэтай гістарычнай асобы. На ягоную думку, Тадэвуш нарадзіўся 20 жніўня 1742 г. у Грушаўцы, у радавым маёнтку Дамініка і Веранікі (з роду Валадковічаў) Рэйтанаў. І міфалогія, створаная Нямцэвічам, прыжылася. Праўда, імя маці Тэрэза, а не Вераніка. Фактаў, што Тадэвуш нарадзіўся ў Грушаўцы, таксама няма. А што да даты, то спачатку мы паглядзім, што пісалі іншыя даследчыкі

На сёння можна сустрэць такія варыянты.

Г. Ранкоўскі, польскі краязнаўца, у сваім даведніку па помніках культуры нашай краіны (1997), пішучы пра Грушаўку, пазначыў год нараджэння Т. Рэйтана — 1741. На чым грунтавалася такая ўпэўненасць аўтара — невядома.

Наступная версія была зафіксаваная не толькі на паперы (Р. Афтаназій, т. 2), але і ў метале розных сплаваў. На копіі помніка Т. Рэйтану ў Кракаве і на памятным валуне каля грушаўскай капліцы невядомыя аўтары напісалі, што Т. Рэйтан нарадзіўся ў 1746 г. Улічваючы, што памёр ён, па агульным меркаванні, у 1780 г., атрымліваем 33 гады.

Але далей за ўсіх пайшлі сваякі Тадэвуша, апошнія дзедзічныя ўладальнікі Грушаўкі. У 1928 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне велічнай неагатычнай капліцы-пахавальні ў вёсцы Грушаўка. Разам з ёю асвяцілі і мармуровыя памятныя дошкі, прысвечаныя розным Рэйтанам. На пліце, якая прысвячалася Т. Рэйтану, была змешчаная інфармацыя, якая можа паставіць у тупік любога даследчыка. Па меркаванні сваякоў, ён нарадзіўся 20 жніўня 1752 г., а памёр 5 жніўня 1780-га. Месца ягонага спачыну невядомае. Тут ажно тры цікавыя моманты, але спынімся на двух першых.

Як мы казалі, на той момант ужо больш за сто гадоў амаль ва ўсіх выданнях згадвалася, што Т. Рэйтан нарадзіўся 20 жніўня 1742 г. Можна не сумнявацца, што ў радавой бібліятэцы меліся некаторыя выданні. Чаму Аліне з Гартынгаў (жонка апошняга з роду, Язэпа Рэйтана, памерла ў 1910 г.) і Генрыку Грабоўскаму, пляменніку Я. Рэйтана, прыйшло да галавы на 10 гадоў «амаладзіць» Тадэвуша? I чаму дзень смерці яны пазначылі як 5 жніўня, хоць усе крыніцы казалі пра 8 жніўня?

Да загадкі з датай смерці Тадэвуша і ягонай магілай мы вернемся ў наступных артыкулах. А пакуль разгледзім дакументы, якія захаваліся, каб праліць святло на таямніцу. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі нейкім цудам захаваліся кнігі ляхавіцкага касцёла за XVIII ст. Адна з іх, што датычыцца рэгістрацыі хростаў, ахоплівае амаль усё стагоддзе. Менавіта ў ёй мы і знайшлі першую дакладную згадку імя Т. Рэйтана.

Улетку 1742 г. у касцёле ў прысутнасці бацькоў — стражніка наваградскага Дамініка Рэйтана і Тэрэзы з Валадковічаў, дачкі менскага стольніка Лявона Паўла Валадковіча (які разам з жонкай Канстанцыяй з Цеханавецкіх таксама прысутнічаў), Марціна Ратамскага, Іааны Гінтылінай, Станіслава Валадковіча і Марыяны Вайніловіч адбываецца працэдура давяршэння хросту Т. Рэйтана. I адбываецца яна — 20 ліпеня!

Ужо адна гэтая згадка перакрэслівае версію Ю. Нямцэвіча і іншых даследчыкаў. Як вядома, давяршэнне хросту магло адбывацца і праз 2 месяцы (Ф. Шапэн), і праз год (Барбара Рэйтан, да гэтага моманту невядомая сястра Тадэвуша), і нават праз 26 гадоў (Ульрык Радзівіл). А значыць, ва ўмовах адсутнасці згадак пра першы, засцерагальны ад смерці хрост з «адной вады» ў касцельнай кнізе за 1742 г., можна было б бясконца займацца тэарэтызаваннем, калі б не яшчэ адзін запіс за гэты год.

28 лістапада 1742 г. у ляхавіцкім касцёле (цяпер не існуе) была ахрышчаная звычайным хростам (99 % усіх запісаў кнігі) сястра Тадэвуша — Ганна Уршуля. Апрача бацькоў прысутнічалі яе дзед Лявон Валадковіч, а таксама Георгій Абрамовіч і Іаана Гінтыліна.

Звычайны хрост адбываецца, як правіла, неўзабаве пасля нараджэння дзіцяці- 3,10, 28 дзён. Таму, верагодна, Ганна Уршуля магла нарадзіцца або ў кастрычніку, або ў лістападзе 1742 г. Калі ўлічваць, што паміж нараджэннем дзяцей бывае каля года розніцы, то выснова аб тым, дзе шукаць дату нараджэння або першага хросту Тадэвуша, напрошваецца сама сабой. I падказкай нам павінна стаць само імя будучага нацыянальнага героя нашай краіны. Але аб гэтым у наступнай частцы.

Зміцер Юркевіч

Юркевіч, З. Калі і дзе нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан? / Зміцер Юркевіч // Краязнаўчая газета. – 2014. — № 7. – С. 5.

І ён — Рэйтан

Паважаная рэдакцыя!

Дасылаю вам кароткі нарыс жыцця і творчасці амаль невядомага прадстаўніка старажытнага ліцвінскага (беларускага) роду Рэйтанаў — Станіслава, які быў пляменнікам нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана.

Займаючыся вывучэннем і папулярызацыяй ведаў аб гэтым родзе, я выпадкова даведаўся, што Станіслаў, апрэч «працы дзярджаўцам», займаўся літаратурнай дзейнасцю. На гэты момант мне пашанцавала сабраць тры яго празаічныя творы, хоць маюцца згадкі і пра вершаваныя.

Падрыхтаваны мною нарыс яшчэ сыры і патрабуе добрай рэдактарскай праўкі. Таму, калі вырашыце ўзяць яго для друку, праўце, калі ласка.

Наважуся прапанаваць шэраг такіх невялікіх артыкулаў, звязаных з гісторыяй роду Рэйтанаў, каб хваля, якую мы паднялі ў сакавіку гэтага года, не спынялася і ў 2014 годзе, і імя Тадэвуша, увогуле прозвішча Рэйтанаў, працягвала гучаць і замацоўвацца ў свядомасці.

А яшчэ мы спрабуем ратаваць ад знішчэння нерухомую спадчыну Рэйтанаў у Грушаўцы, Ляхавічах, Усаве…

Імя Станіслава Рэйтана пакуль яшчэ мала вядомае не толькі шырокай грамадскасці, але і літаратуразнаўцам. Цяжка патлумачыць адсутнасць згадак пра яго ў апошніх фундаментальных працах па беларускай літаратуры XX стагоддзя, якія сабралі пад адной вокладкай дзясяткі імёнаў. Паспрабуем трошкі падштурхуць працэс вяртання яшчэ аднаго пісьменніка на літаратурную Бацькаўшчыну.

Станіслава Карла Рэйтана ахрысцілі 29 студзеня 1781 года ў касцёле. Яго бацькамі былі Міхал Ксаверы, брат знакамітага Тадэвуша, і Ганапата з Багдановічаў. Апроч Станіслава маюцца звесткі пра іншых дзяцей Міхала — Казіміра, Тадэвуша Маўрыцыя, Дамініка і Ганну (якая таксама пакінула па сабе літаратурную спадчыну). Усе дзеці Міхала зрабілі «свой лёс», займаючыся або дзяржаўнымі, або вайсковымі, або асветніцкімі справамі.

Вучыўся Станіслаў, як можна меркаваць па ўскосных дадзеных, спачатку ў Нясвіжы, а потым у віленскіх піяраў. Працяглы час служыў у войску, дасягнуўшы чыноў капітана ў войску Каралеўства Польскага (войска ВКЛ, у сувязі з канчатковым захопам нашых земляў Расійскай Імперыяй перастала існаваць) і паручніка кірасірскага баявога палка ў войску расійскім.

У 1832 годзе выйшаў у адстаўку, ажаніўся з Саламеяй з Рэйтанаў. Відаць, тады ён пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю, як і яго сястра Ганна.

У 1840-м абраны на пасаду слуцкага павятовага маршалка, якую займаў працяглы час.

У 1845 годзе ў віленскім часопісе «Athenaeum», які рэдагаваў Юзаф Крашэўскі, быў надрукаваны першы вядомы буйны твор С. Рэйтана — «Papiery Pana Ambrozego Wejly», што стаў своесаблівым палемічным адказам далёкаму сваяку Рэйтанаў — Генрыку Жавускаму. Дарэчы, у свой час Жавускі нават даводзіў праз прэсу сваё аўтарства знакамітых «Гавэнд Сапліцы», пішучы, што дылетант Рэйтан гэтага напісаць не мог. Відавочна, ад таго часу паміж сваякамі пачалася варажнеча. Бо, выдаўшы першы твор, Станіслаў дачакаўся разгромнай рэцэнзіі на свае «Анекдоты пана Вэйлы», які Жавускі надрукаваў у «Тыгодніку Пецярбургскім».

Вось тады Станіслаў і адказаў кінжальнай літаратунай атакай праз «Athenaeum». У асноўным гаворка ішла пра асобу Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Жавускі, кроўны сваяк Радзівілаў, быў зацікаўлены ў тым, каб гэтая асоба паўстала перад чытачом, поўнай дабрадзейнасці. Рэйтан, які быў старэйшы за Жавускага, а да таго сынам Міхала, які з дзіцячых гадоў уваходзіў у атачэнне Пане Каханку, можна меркаваць, быў больш дасведчаны пра сапраўднае аблічча Радзівіла, і не толькі гэтага прадстаўніка роду некаранаваных каралёў ВКЛ. Станіслаў пераканаўча давёў, што пра памерлага на той час Радзівіла лепей было б маўчаць, чым казаць.

У 1854 годзе Станіслаў быў ганаровым куратарам Слуцкай гімназіі, адной з першых навучальных установаў на тэрыторыі Беларусі. Верагодна, тады ён і напісаў другі свой буйны твор — «Pan Marcin Kwiec», які спачатку быў надрукаваны ў газетах, а трохі пазней асобнай кнігай. Твор быў сустрэты крытыкамі і грамадскасцю з цікавасцю, пра што сведчаць газетныя артыкулы таго часу.

У 1856-м Рэйтан друкуе ў «Dzienniku Literckim», які выходзіў у Львове, свой першы твор пад іншым назовам. А ўжо ў 1858 годзе, зноў у варшаўскай кнігарні Нейдынга, выходзіць кніга «Tak bulo u nas, powiesc z rekopismu J. M. Pana Wady. Ulozyl Stanislaw Reyten». Гэты твор выразна адрозніваецца па настроі ад папярэдняга. Калі «Марцын Квеч» часам прымушае чытача смяяцца, то наўрад ці тое можна сказаць пра «Як было ў нас…». Вельмі падобна, што гэта апавяданне з біяграфічнымі рысамі. Пра людскія характары, чалавечую зайздрасць, глупства… I, як і папярэднія творы, гэта няўмольныя сведкі нашай мінуўшчыны, бо С. Рэйтан, са старажытнага ліцвінскага роду, апісвае нашую Літву — ад Наваградка да Слуцка. Дае сваё слова сведкі, прычым вельмі крытычнае і цікавае, на падзеі і асобаў часоў XVIII- XIX стагоддзяў.

Свае творы Станіслаў Рэйтэн выдаваў пад псеўданімам Пан Вада. Вада з польскага — мана.

Варта заўважыць, што ва ўласных дакументах Рэйтаны заўсёды фігуруюць як Reyten, пра што сведчаць і іх подпісы пад паперамі.

Жыла гэтая беспатомная галіна роду Рэйтанаў, Станіслаў і Саламея, у маёнтку Усава, што пад Капылём. У 1859 годзе яны фундуюць касцёл Пятра і Паўла ў Капылі (перароблены ў наш час на прыдарожную рэстарацыю). Ад былога на гэтым месцы засталіся толькі капліца ў стылі класіцызму і прыгожы стаў.

Капліца ж паступова руйнуецца, стаў зарастае. Але не так складана ўдыхнуць жыццё ў тыя мясціны, хоць бы робячы экскурсіі для цікаўных турыстаў (бо ад Капыля да Усава пара кіламетраў), стварыўшы асобны стэнд у капыльскім і слуцкім музеях, звязаны з кароткай старонкай гісторыі роду Рэйтанаў на Капыльшчыне і Случчыне, і трохсотгадовым апавяданнем пра Рэйтанаў на Літве-Беларусі. Таму што не толькі Т. Рэйтан, наш нацыянальны герой, але і яго пляменнікі-літаратары Станіслаў і Ганна дастойныя нашай памяці.

Зміцер Юркевіч

Юркевіч, З. І ён – Рэйтан : [пра Станіслава Рэйтана] / Зміцер Юркевіч // Краязнаўчая газета. – 2013. — № 44. – С. 4.

Нобіль, не ўзяты “на аловак”

Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя

Кожнае паляванне калі-небудзь заканчваецца. У маім выпадку шматмесячнае высочванне, нарэшце, скончылася не самым горшым чынам. Дзякуючы сябрам я займеў «найкаштоўны зіпун». Са мной прыбыў мой стары знаёмы. Дакладней, ягоная душа, увасобленая ў старой кніжцы, нібыта вяртаючыся да роднага ганка…

Не ўстаяўшы перад спакусай, толькі ад’ехаўшы ад пункта адпраўлення, кнігу, якую надрукавалі ў 1858 годзе, я адкрыў. I ўжо не закрываў яе аж да Мінска. «Pan Wada» нетаропка распавядаў мне пра жыццё нашага краю на зломе XVIII і XIX стст., калі канчаткова перастала існаваць Вялікае Княства Літоўскае, калі адгрукаталі гарматы Напалеона і дні працякалі ў нетаропкім рытме вальсаў. У апісанні мясцін, на тле якіх разгортвалася жыццё адстаўнога афіцэра, раз-пораз я пазнаваў родную Навагрудчыну. Стаяў перад вачыма акварэльны сядзібны будынак з мураванкай…

За псеўданімам аўтара «Pan Wada» («Пан Хіба») хавалася імя Станіслава Рэйтана, пляменніка Тадэвуша Рэйтана — героя часоў падзелаў Рэчы Паспалітай і персоны, не шмат каму вядомай сёння. Урэшце, імя апошняга — больш-менш на слыху дзякуючы намаганням энтузіястаў, а вось асоба Станіслава вядомая не ўсім літаратуразнаўцам: у грунтоўных працах па нашай літаратуры XIX стагоддзя не адшукаеце яго імя. Каб дапамагчы даследчыкам, падзялюся часткай «здабычы».

Станіслаў Рэйтан, герба «Рэйтан», паходзіў са старажытнага ліцвінскага (беларускага) роду. Першы Рэйтан, кліент Радзівілаў, нагадаю, лёг у нашу зямлю за 150 гадоў да нараджэння Станіслава. Род дзякуючы выбітным прадстаўнікам карыстаўся пашанай, а праз сувязі з Радзівіламі меў уплыў на шляхту ВКЛ.

Бацькамі Станіслава-Карла (імя нашага героя пры хрышчэнні 29 студзеня 1781 г.) былі брат Тадэвуша Рэйтана, наваградскі земскі пісар Міхал-Ксаверый (1743 — 1809) і Ганарата з Багдановічаў. Міхал быў жанаты двойчы і меў шасцёра дзяцей. Адна з ягоных дачок, Ганна, маці Эдварда Герыча (сябра Адама Міцкевіча ў эміграцыі), паўстанца 1831 года, мела талент мемуарысткі, таму пакінула нам «Успаміны», якія былі часткова надрукаваны ў XIX стагоддзі. Менавіта дзякуючы ім мы ведаем, хто быў тым натхняльнікам, які развіў літаратурны талент у Станіслава і Ганны. Гаворка — пра наймалодшага брата Тадэвуша, таксама Станіслава.

Доўгае жыццё галоўнага героя нашага аповеду прыпала на самыя драматычныя часы гісторыі. Ён бачыў другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанцаў Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі, сярод якіх быў і паплечнік Тадэвуша Райтана Самойла Карсак (менавіта так гучаць іх прозвішчы ў перакладзе на беларускую мову Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», зробленага Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам), войскі на чале з Напалеонам, з якімі ў 1812 годзе на нашу зямлю вяртаўся ягоны брат — афіцэр Дамінік Рэйтан. Пазней на яго вачах каралі паўстанцаў 1831 года. Памёр жа ён у 1863-м, у год паўстання, як, да слова, і Стэфан Рэйтан—пляменнік Станіслава, пакінуўшы сваіх дзяцей сіротамі.

Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных даных, у Вільні—у піярскім «Collegium Nobilium». Потым была служба ў войску. У 1832 годзе Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку. Ён узяў за жонку Саламею Рэйтан — далёкую сваячку, дачку Язэпа Рэйтана. Давялося яму тады ж стаць сведкам адносін да тых, хто ў 1831-м узняў зброю за волю Бацькаўшчыны. Ці не таму, што на ім не было падазрэнняў у сімпатыях да паўстанцаў, ён спрабаваў атрымаць замежны пашпарт на сябе і на некую шляхецкую дзятву? Мо хацеў такім чынам дапамагчы знаёмым выратаваць іх сем’і ад «вандроўкі ў Сібір»?

3 1840 года пачынаецца грамадская дзейнасць Станіслава, калі яго выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам — тытул, які пазней намінуюць па прынятым у Расійскай імперыі ўзоры як «уездный предводитель дворянства». Гэтую пасаду ў 1802 годзе займаў яго старэйшы брат Казімір, іншы ж брат Тадэвуш нейкі час з’яўляўся харунжым таго ж павета, а іх бацьку, Міхала, у 1795 годзе, шляхта ранейшага Наваградскага ваяводства выбрала Нясвіжскім павятовым маршалкам. Таму на Случчыне, Капыльшчыне, у Нясвіжы прозвішча «Рэйтан» было, бадай, найвядомым пасля «Радзівіл».

Станіслаў дзяцей не займеў. Але тое, што ў яго быў гасцінны характар, што ён з ахвотай прысутнічаў на ўрачыстасцях, бачна па метрыках хростаў і шлюбаў з касцельных кніг. У ягоным доме адбылося вяселле Сцяпана Рэйтана з Марыяй з Несялоўскіх, менавіта Станіслаў стаў хросным іх дзяцей —Марыі і Язэпа (апошні з роду, памёр у 1910 годзе).

Яшчэ цікавы факт. У 1862-м Станіслаў ператварыў сваю сядзібу ва Усаве пад Капылём у лякарню. Як ён сам пісаў у газетах, здарыўся ў тых мясцінах выпадак, які прывёў да смерці вялікай колькасці людзей. 3 хваробай не змаглі справіцца і тры запрошаныя лекары. Дарэчы, гэта былі апошнія артыкулы, падпісаныя ягоным імем. Але быў і той час, калі імя Станіслава не сыходзіла са старонак часопісаў, газет…

Зміцер ЮРКЕВІЧ,

куратар, сябра арт-суполкі

імя Тадэвуша Рэйтана

Юркевіч, З. Нобіль, не ўзяты “на аловак” : Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2014. – 15 сак. (№ 11). – С. 14.

Падзяліць — не падзяліцца?

Скрушны лёс аднаго сядзібнага дома

Неўзабаве ў нас з’явіцца асаблівая нагода згадаць добрым словам Тадэвуша Рэйтана: 21 красавіка — 240-я ўгодкі тых адлюстраваных на славутай карціне Яна Матэйкі драматычных падзей, якія ўпісалі імя шляхціча з Навагрудчыны ў аналы не толькі беларускай, але і еўрапейскай гісторыі. Аднак ці многія суайчыннікі скарыстаюцца той нагодай, каб аддаць яму даніну пашаны? На жаль, ёсць пэўныя падставы ў гэтым сумнявацца. Бо і леташняе 270-годдзе самога Рэйтана прайшло ў нас амаль незаўважаным — у адрозненне ад суседняй Польшчы, якая ўжо здавён лічыць яго “сваім” нацыянальным героем. Ды і ў старым котлішчы роду — Грушаўцы, што на Ляхавіччыне, — пакуль не да святаў: сядзіба спакваля разбураецца…

Магчыма, яе стан — гэта акурат наступства таго, што мы па-ранейшаму не ўсведамляем, кім быў Тадэвуш Рэйтан і што ён зрабіў для гісторыі нашай краіны.

Напісана пра яго нямала, у тым ліку, і ў асветніцка-папулярным жанры, але… За рэдкім выключэннем, у спісе аўтараў — спрэс польскія прозвішчы. Таму і не дзіва, што нават людзі, якія цікавяцца культурай і гісторыяй Беларусі, часам паціскаюць плячыма: маўляў, “ці наш ён”, ці мае дачыненне да айчыннай гісторыі? Правёўшы не адзін месяц у беларускіх ды замежных архівах і вывучыўшы мноства крыніц, я імкнуўся знайсці адказ, у тым ліку і на гэтае пытанне, не задаволіўшыся звыклым для замежнай гістарыяграфіі сцвярджэннем пра “спаланізаванасць” роду Рэйтанаў.

1

Неўзабаве я прыйшоў да высновы, што пра існаванне паўнавартаснай навукова-абгрунтаванай біяграфіі Тадэвуша Рэйтана казаць пакуль досыць праблематычна. Ёсць хіба асобныя факты, якія яшчэ патрабуюць сістэматызацыі ды ўдакладнення і якія ўжо даўно паспелі шчыльна абрасці міфамі. У пэўнай меры, гэта вытлумачальна. Доўгі час згадваць гэтае прозвішча было небяспечна, а калі стала можна, многае ўжо забылася, таму трэба было нейкім чынам ліквідаваць “белыя плямы”. І калі супаставіць розныя крыніцы, атрымаюцца суцэльныя парадоксы: аказваецца, Тадэвуш Рэйтан адначасова вучыўся ў Наваградку і Варшаве, адначасова вёў гаспадарку ў роднай Грушаўцы і мужна біўся недзе на Украіне… Падобна на тое, што дэталі ягонага жыцця ўвогуле мала хвалявалі біёграфаў. Перадусім апошнія ставілі перад сабой задачу стварыць пасмяротны жыццяпіс героя — узор, ідэальную мадэль для выхавання патрыятычнай моладзі.

Таму нават смерць пана Тадэвуша пакуль з’яўляецца суцэльнай таямніцай. Розныя сучасныя публікацыі наперабой сцвярджаюць пра вар’яцтва і самагубства (у роспачы ад падзей на роднай зямлі), а вось як яно было насамрэч? Пэўнага адказу на гэтае пытанне вядомыя мне гістарычныя дакументы не даюць.

Зрэшты, сякія-такія высновы яны ўсё ж дазваляюць зрабіць…

Асіміляваны нашчадак крыжакоў

Як вядома, род Рэйтанаў мае альбо прускае, альбо шведскае паходжанне. Першая адшуканая мной у крыніцах згадка пра яго датуецца 1410 годам і датычыцца крыжацкай Прусіі — Тэўтонскага ордэна. Магчыма, далёкі продак пана Тадэвуша нават паўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве — зразумела ж, не на нашым баку. Пагатоў, прозвішча “Рэйтан” перакладаецца з нямецкай мовы як “ехаць верхам”, і яно само па сабе сведчыць, што прадстаўнікі фаміліі не піва варылі — яны былі спадчыннымі ваярамі. Сляды Рэйтанаў прасочваюцца на нямецкіх землях і пазней, прычым захаваліся звесткі пра розныя галіны роду.

2

Некаторыя крыніцы — у тым ліку і асобныя публікацыі беларускіх аўтараў — сцвярджаюць, нібыта ў наш край род Рэйтанаў прыйшоў ужо з Польшчы, пажыўшы некаторы час у Кракаве. Сказаць, адкуль узялося такое меркаванне, папраўдзе цяжка: ніякіх дакументальных яго пацвярджэнняў я не знайшоў. Можа, справа тут у банальнай памылцы? Рэч у тым, што ў адным з гербоўнікаў акурат перад Рэйтанамі згадваецца род Рэяў, які і сапраўды цесна знітаваны са старой польскай сталіцай. Але ж да нашых герояў ён не мае ніякага дачынення — хіба што апрача сугучнага прозвішча.

Дакладная дата, калі першы з Рэйтанаў ступіў на зямлю Вялікага Княства Літоўскага, нам невядомая, але захаваліся звесткі пра тое, што ўжо ў 1-й палове ХVІІ ст. Ян Рэйтан быў адным з хаўруснікаў Радзівілаў. І калі ён раптоўна (альбо гвалтоўна) памёр у Варшаве, то быў пахаваны гэтымі магнатамі ў Стваловічах (цяперашняя вёска Сталовічы ў Баранавіцкім раёне). Ягоны сын, Марцыян, атрымаў на Полаччыне, каля Невеля, некалькі вёсак — хутчэй за ўсё, як дасведчаны ваяр. Адбылося гэта ў 1659 годзе, у часы ваеннага ліхалецця.

А ў 1683-м Марцыян Рэйтан удзельнічаў у бітве пад Венай, якая спыніла турэцкае нашэсце на Еўропу. Прычым на той момант ён быў на нашых землях ужо “сваім чалавекам”, бо прымаў удзел не толькі ў войнах, але і ў выбарах караля…

Натуральна, можа ўзнікнуць пытанне: адкуль на нашых землях узяўся прускі “рыцар”? Падаецца, тут няма нічога дзіўнага. У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Радзівілы мелі вялікія пранямецкія сімпатыі. А вось пра палякаў кальвініст князь Януш быў, мякка кажучы, невысокай думкі.

Цягам ажно пяці пакаленняў Рэйтаны зарэкамендавалі сябе як самыя блізкія паплечнікі Радзівілаў. Напрыклад, дзед Тадэвуша Міхал быў пахаваны ў Нясвіжы, бацька Дамінік доўгі час з’яўляўся сакратаром князя Міхала Казіміра “Рыбанькі”, разам з ім вандраваў па Еўропе. Таму нездарма хроснымі бацькамі другога сына Дамініка Рэйтана — Міхала — сталі сам князь ды ягоная жонка, знакамітая Уршуля Радзівіл. Калі хлопец падрос, ён стаў добрым сябрам знакамітага Пане Каханку ды атрымаў мянушку “вечны юнак”. А ў гонар яго хроснай маці, дарэчы, Дамінік Рэйтан назваў адну з сясцёр Міхала і Тадэвуша. Таму не дзіва, што Радзівілы не раз гасцявалі ў Грушаўцы, якая стала родавым котлішчам Рэйтанаў.

Такім чынам, род хутка і трывала асеў на нашай зямлі ды неўзабаве цалкам асіміляваўся. Натуральна, усе яго прадстаўнікі бралі шлюб з мясцовымі дзяўчатамі, за стагоддзе-другое парадніўшыся з дзясяткамі беларускіх родаў: Гарабурдамі, Валадковічамі (з якога паходзіла маці Тадэвуша), Багдановічамі, Александровічамі, Вайніловічамі, Кубліцкімі, Есьманамі, Рдултоўскімі, Юрэвічамі… Польскіх паненак сярод іх не знойдзеш, ды і адкуль ім тут было ўзяцца?

Дый што казаць, калі яшчэ адзін слынны прадстаўнік роду — выдатны пісьменнік Станіслаў Рэйтан, забыты ў Польшчы ды пакуль не адкрыты тут, — у сваіх творах часам пісаў ад імя старога Ліцвіна, асуджаючы “пальшчызну”, што прыйшла на нашу зямлю. Хаця жыў ён ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі ад ВКЛ засталіся адно ўспаміны.

І таму не зусім зразумела, на чым грунтуецца распаўсюджанае сярод польскіх даследчыкаў (Ранкоўскі, Вэнгліцка, Маліноўскі ды іншыя) сцвярджэнне, быццам род Рэйтанаў быў спаланізаваны яшчэ ў XVII стагоддзі. Зрэшты, такое меркаванне агучвалі далёка не ўсе гісторыкі. Прыкладам, знакаміты Сяргей Салаў’ёў напісаў пра Тадэвуша Рэйтана: “…Велізарнага росту літвін”. Ды і іншыя больш-менш неперадузятыя аўтары — скажам, Шуйскі або Строкава, — згадвалі пра яго ліцвінства. Але ў агульным масіве надрукаванага гэтыя даўнія публіцыі — бы кропля ў моры.

Сарваны спектакль

Праз пэўны час тыя або іншыя падзеі ўспрымаюцца зусім інакш, чым у рэальным вымярэнні. Стаўленне сённяшніх палякаў да першага падзелу Рэчы Паспалітай, бадай, адназначнае, ды і Рэйтан для іх — нацыянальны герой, а вось тады… Тады палітычная эліта Рэчы Паспалітай, сабраная на адмысловы Сойм, каб надаць падзелу законны выгляд, пакорліва пагадзілася са сваёй не вельмі пачэснай роляй бязвольных блазнаў. У людзей былі маёнткі, грошы, уласныя інтарэсы і, вядома, боязь усё гэта страціць. Некаторых “залагодзілі” асабіста — праз подкуп. Таму ініцыятары падзелу былі ўпэўнены, што запланаваны імі спектакль адбудзецца без адхіленняў ад падрыхтаванага сцэнарыя. Але тут раптам падалі галасы маладыя шляхцічы з нешматлікай на гэтым Сойме вялікакняжацкай дэлегацыі…

Тадэвуш Рэйтан і ягоныя паплечнікі — Самуіл Корсак з Ваўкавышчыны ды Станіслаў Багушэвіч з Міншчыны — выступілі супраць усёй эліты сваёй жа краіны ў імя выратавання апошняй. Спробы іх шантажыраваць, падкупіць, запалохаць (уключна нават з пагрозай смяротнага пакарання!) ніяк не змянілі іх бескампраміснай пазіцыі. Прычым, як сведчаць матэрыялы таго Сойму, дзейнічалі яны выключна ў прававым полі, выяўляючы махлярства змоўшчыкаў на чале з кухмістрам Паніньскім. Таму Рэйтан, як мне падаецца, вылучаецца нават сярод іншых не менш адданых радзіме асоб — таго ж Касцюшкі або Каліноўскага. Ён змагаўся словам і перакананнем, без кровапраліцця. І хоць ягоны ўчынак не шмат змяніў у гаротным лёсе Бацькаўшчыны, яго нават ворагі пачалі паважаць.

Як вядома, задачай Сойму было толькі стварыць арэол легітымнасці вакол падзеі, якая ўжо адбылася дэ-факта, — падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Таму можа ўзнікнуць пытанне: ці мела сэнс ірваць на сабе кашулю і трымаць галадоўку? Хіба так. Без сумневу, гэтым чынам адважныя ліцвіны спрабавалі давесці ўсяму свету, што сойм — гэта фарс, заснаваны на суцэльнай здрадзе сенатараў і дэпутатаў, запалоханых альбо купленых варожымі дзяржавамі. І Рэйтану з паплечнікамі сапраўды ўдалося зніштожыць тую пастаральную карціну, якую імкнуліся стварыць ініцыятары падзелу: нібыта жыхары Рэчы Паспалітай самі, па сваёй ахвоце, нясуць на талерцы ключы ад брам уласных гарадоў. Пра смелых ліцвінаў ахвотна пісала англійская ды французская прэса, робячы адпаведныя ацэнкі гэтых падзей. І, урэшце, мы ўспрымаем апошнія праз вобразы палатна Матэйкі — недакладнага ў дэталях, але, напэўна, эмацыйна праўдзівага.

Вяртанне ў Грушаўку

Не так даўно польскія СМІ апублікавалі навіну з такім загалоўкам: “Dawne majatki polskich magnatow na Bialorusi mozna kupic za… 100 zl”. Натуральна, у спіс “польскіх магнатаў” трапіў далёка не магнацкі і зусім ужо не польскі род Рэйтанаў ды іх сядзіба ў Грушаўцы. Мала каму вядомы на сваёй Радзіме Тадэвуш Рэйтан пасля смерці стаў “палякам, які гатовы быў аддаць сваё жыццё за Польшчу”.

Лішне нават казаць, што чытаць такое — папраўдзе вельмі прыкра. Але куды больш засмучае той жаласны стан, у якім знаходзіцца сама сядзіба ў Грушаўцы. Пабываўшы там ужо сёлета, убачыў у знакамітай “мураванцы” — найстарэйшым будынку, што памятае самога пана Тадэвуша, — ладны слой снегу, які прасачыўся цераз праламаны дах…

Наколькі вядома, у хуткім часе гэтая сядзіба мае пайсці з малатка — зараз якраз рыхтуюцца прававызначальныя дакументы на яе. Безумоўна, продаж “у добрыя рукі” паспрыяе захаванню самой архітэктурнай спадчыны, але… натуральна, той варыянт, калі ўласнікам здолее стаць кожны ахвотны, выклікае пэўную насцярожанасць. Інвестары, асабліва з іншых краін (а менавіта яны становяцца асноўнымі пакупнікамі шляхецкіх маёнткаў), дбаюць перадусім пра ўласны прыбытак, і наўрад ці ўдасца абцяжарыць іх місіяй захавання нашай нацыянальнай гісторыі.

Перакананы, што сядзіба Рэйтанаў у перспектыве павінна зрабіцца не гатэлем з карчмой, але гісторыка-культурным запаведнікам, стаўшы ў адзін шэраг з сядзібамі Міцкевіча і Касцюшкі, палацамі Сапегаў і рэйтанаўскіх “патронаў” Радзівілаў. Там мусіць быць створаны музей, краязнаўчы даследчы цэнтр, “кропка адліку” турыстычных маршрутаў па наваколлі… І аднаўляць гэты помнік спадчыны мусім мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, тыя, хто лічыць сябе патрыётам сваёй краіны!

Менавіта таму будзе выдатна, калі ў гадавіну гераічнага ўчынку Рэйтана ды яго паплечнікаў мы запачаткуем ратаванне сядзібы ў Грушаўцы — хаця б нават зрабіўшы часовы дах для той жа “мураванкі”. Асабіста я гатовы спрычыніцца да гэтых работ, ахвяраваўшы сваім часам ды сродкамі, і спадзяюся, што мая ініцятыява знойдзе падтрымку.

Уласна, мой сантымент да тых куткоў колішняй Навагрудчыны цалкам вытлумачальны: там — мае карані. А зацікавіўшыся сваім радаводам я адначасова зразумеў, што няма майго радаводу — ёсць радавод маёй краіны, які неабходна вывучаць і перадаваць нашчадкам.

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар

Юркевіч, З. Падзяліць – не падзяліцца? / Зміцер Юркевіч // Культура. – 2012. – 16 сак. (№ 11). – Пра лёс Тадэвуша Рэйтана.

Паходжанне Тадэвуша Рэйтана

Як адзначалася ў першай частцы, большасць даследчыкаў гэтага пытання ішлі следам за Юльянам Урсынам Нямцэвічам, які абвясціў у 1820 г., што Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся 20 жніўня 1742 г. Праўда, з’явіліся і іншыя версіі — 1741, 1746, 1752 гг. Нашае апавядане мінулы раз скончылася на тым, што на падставе новай інфармацыі ўдалося абвергнуць міф, створаны Ю. Нямцэвічам і іншымі папярэднікамі, зрабіць крок насустрач гістарычнай праўдзе.

Да нядаўняга часу я быў амаль упэўнены ў тым, што дзень народзінаў Т. Рэйтана трэба пазначаць кастрычнікам 1741 г. Але лісты бацькі Тадэвуша, дамініка Рэйтана, да Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, якія збольшага захаваліся і патрапілі мне ў рукі, аказаліся надзвычай карыснымі ў пошукавай справе.

Сярод амаль 150 лістоў, што ахопліваюць каля 40 гадоў жыцця Дамініка, ёсць адрасаваныя Ганне Радзівіл з Сангушкаў, яе сыну Міхалу Казіміру Рыбаньку і ўнуку Каралю Станіславу ІІане Каханку. Некалькі лістоў напісаныя лацінаю. На перыяд 1740—1741 гг. прыпадае толькі 2 лісты (абодва — на лаціне). Зрабіўшы дапушчэнне, што яны напісаныя лацінаю нездарма і могуць утрымліваць звесткі пра сына Дамініка, мы звярнуліся да спадара Алеся Жлуткі, гісторыка і мовазнаўца. Са зробленага ім перакладу стала вядома наступнае: у лістападзе 1740 г. Д. Рэйтан звярнуўся да Міхала Казіміра Радзівіла, свайго сябры і патрона, па параду. Бацька, занепакоены вельмі дрэнным станам здароўя свайго дарагога сына, прасіў дасведчанага Радзівіла параіць лекі, якімі можна было б прагнаць хваробу.

Амаль роўна праз год, у кастрычніку 1741 г., Дамінік яшчэ раз звяртаецца да свайго патрона з просьбай параіць якія лекі, бо сын зноў хварэе.

Абодва гэтыя лісты, у спалучэнні з папярэднімі здабыткамі, даюць наступную карціну. Д. Рэйтан і Тэрэза з Валадковічаў пабраліся шлюбам 1 снежня 1739 г. У кастрычніку (вельмі верагодна) 1740 г. нараджаецца першанец, якому пры хросце з адной вады даюць імя Тадэвуш. Хлопчык вельмі хворы, і нават на другім годзе яго жыцця бацькі моцна непакояцца. Толькі праз два гады, 20 ліпеня 1742 г., у касцёле Ляхавічаў адбылося давяршэнне працэдуры хросту першага сына Дамініка і Тэрэзы. Ад таго часу, літаральна кожны год, дзяцей у сям’і множылася. Як вядома, Тадэвуш меў 4 браты і 4 сястры. 3 усіх дзяцей лёс быў нялітасцівы толькі да адной дзяўчынкі, Барбары, якая таксама, як і Тадэвуш, двойчы была ахрышчаная, але, відаць, доўга не пражыла.

У бліжэйшы час, верагодна, нас чакаюць яшчэ больш цікавыя адкрыцці. Агульна прызнана, што Т. Рэйтан нарадзіўся ў Грушаўцы. Але прымаць гэтую версію на веру няма падставаў. I вось чаму. У раней згаданай кнізе рэгістрацыі хростаў Ляхавіцкага касцёла за 1739—1741 гг. няма згадак пра першы хрост Тадэвуша. У той жа час абодва хросты ягонай малодшай сястры прысутнічаюць. Узнікае выснова: калі б Тадэвуш атрымаў першы хрост з адной вады ў Грушаўцы, то запіс аб гэтым быў бы ўнесены ў кнігу.

Вядома таксама, што Дамінік да шлюбу з Тэрэзай у Грушаўцы амаль не жыў і фактычна не ўдзельнічаў у грамадскім жыцці ваколіцы. Судовыя кнігі кажуць, што ўкараніўся ён у Грушаўцы толькі з моманту, калі займеў сям’ю.

А быў ён на той час ужо немаладым. Большую частку жыцця аддана служыў сваёй Бацькаўшчыне — ВКЛ і нясвіжскім Радзівілам. Ягоны бацька, Міхал Казімір Рэйтан, пакінуў Дамініку не толькі значны маёнтак Бярозаў каля Невеля (Полацкае ваяводства) і Грушаўку (Наваградскае ваяводства), але і камяніцу ў Нясвіжы. Верагодна, шмат часу аддаючы службе ў войску, бо быў ён на момант жаніцьбы харунжым гусарскім, Дамінік жыў у той нясвіжскай камяніцы.

Вось тут лагічным падаецца наступны ланцуг падзеяў. Д. Рэйтан, надумаўшы ажаніцца, пачынае ў 1738- 1739 гг. будаваць новы дом у Грушаўцы (вядомы з акварэлі Н. Орды). Напрыканцы 1739 г. Дамінік і Тэрэза вянчаюцца хутчэй за ўсё ў Нясвіжы, у бернардзінскім касцёле Св. Кацярыны (менавіта тут знайшоў апошні спачын бацька Дамініка ў 1706 г.). Пакуль дом у Грушаўцы дабудоўваўся і даводзіўся да ладу, маладыя маглі жыць у Нясвіжы. Тым больш, што Нясвіж — гэта і радзівілаўскі двор са свецкім жыццём. Таму не выключана, што нарадзіўся Тадэвуш тут, дзе і атрымаў першы хрост «на вачах» дзеда. Праўда, ад нясвіжскіх касцельных кніг мала што засталося, таму пакуль доказаў гэтай гіпотэзе няма.

Як вядома, продкі Т. Валадковіч з даўніх часоў адыгрывалі на Міншчыне значную грамадска-палітычную ролю. Мелі маёнткі вакол Мінска і пляц з забудовай у самім горадзе. Хто ведае, ці не трымалі сваю адзіную цяжарную дачку пад вокам Лявон Павел і Канстанцыя (з Цеханавецкіх), пакуль Дамінік займаўся службовымі і гаспадарчымі справамі? Гэта верагодна, бо тое, што ўнук быў для іх дарагі, кажа прысутнасць дзядоў 20 ліпеня 1742 г. у Ляхавіцкім касцёле. Дык ці не яны былі і пры першым хрышчэнні? Гэтае пытанне таксама пакуль не знайшло падмацавання, бо страшэнны пажар у Мінску знішчыў велізарную колькасць розных дакументаў. А ў тым, што засталося, на жаль, Рэйтаны не значацца.

Наступны раз мы паспрабуем адказаць на пытанне, дзе ж знайшоў свой спачын Т. Рэйтан, бо, як нам падаецца, фінальнага рашэння да гэтае пары не прагучала.

Зміцер Юркевіч

Юркевіч, З. Паходжанне Тадэвуша Рэйтана / Зміцер Юркевіч // Краязнаўчая газета. – 2014. — № 9. – С. 5.

Помнікі тваёй краіны

Навошта гарадам патрэбны помнікі выдатных асоб

Час ідзе. А помнікаў выдатным дзеячам Беларусі на вуліцах Мінска больш не становіцца… У гасцей, турыстаў, бізнесменаў складваецца, магчыма, памылковае уражанне, што Беларусь не толькі не мае адметных асоб, але і ўвогуле не мае сваёй уласнай гісторыі. Гэта, між іншым, адбіваецца і на іх стаўленні да беларусаў у свеце. Як бы вы паставіліся да чалавека, які не шануе памяці сваіх продкаў, не цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй краіны, не можа з захапленнем распавесці пра нейкіх знакавых асоб сваёй краіны? Калі вы маеце нейкія духоўныя патрэбы, вышэйшыя, чым стандартны набор турыста — бар, праменад, гатэль — то такі суразмоўца не выкліча ў вас асаблівага захаплення.

Некалі Зміцер Санько, галоўны рэдактар кніжнай серыі «Нашы славутыя землякі», у артыкуле «На прэстыжных месцах» («Культура», № 29 / 897 за 2009-07-18) пісаў: «Зразумела, што ў перспектыве ў Мінску мусяць паўстаць таксама помнікі каралю Міндоўгу, вялікім князям Вітаўту і Жыгімонту Старому, найвышэйшым гетманам Канстанціну Астрожскаму і Яну Каралю Хадкевічу, канцлерам Астафею Валовічу і Льву Сапегу, дзяржаўным дзеячам Тадэвушу Рэйтану і…». Тут варта спыніцца.

image003

Можна заўважыць, што апошнім часам імя нацыянальнага героя Беларусі, дэпутата Сейма Рэчы Паспалітай ад Навагрудскага ваяводства ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, які імкнуўся сарваць Сейм і не дапусціць першага падзелу дзяржавы, паступова ўсё больш і больш прамалёўваецца на белым муры. Але да кардынальных зрухаў справа яшчэ не дайшла. Бо фактычна мы яшчэ толькі вырваліся з пялюшак бяспамяцтва…

І таму, зачапіўшыся за словы спадара Санько, як за поручні, мы можам ушанаваць годнага чалавека, шчырага патрыёта нашай зямлі Тадэвуша Рэйтана, як таго патрабуе гістарычная справядлівасць. І не толькі ў сталіцы краіны, але і ў Наваградку, Ляхавічах і, можа, у самой Грушаўцы, дзе знаходзіцца родавае котлішча Рэйтанаў і якая ўжо шмат гадоў патрабуе неадкладнага клопату.

Стаяў помнік…

Як вядома, помнік Тадэвушу Рэйтану ў Грушаўцы ўжо стаяў, 150 гадоў таму. Праўда, нядоўга…

У 1824 годзе ў Грушаўцы нарадзіўся хлопчык, які пры хрышчэнні атрымаў імя Стэфан Міхал Ян. Бацькам яго быў Дамінік Рэйтан (пляменнік Тадэвуша), падпалкоўнік напалеонаўскіх войскаў. Пакуль што пра лёс Стэфана вядома не шмат. Але гэта пытанне часу. Нас цяпер цікавіць перш за ўсё тое, што недзе напрыканцы 1850-х гг. Стэфан (мажліва, у год, калі нарадзіўся ягоны сын Юзаф Пётр Павал (1857), апошні з роду) замовіў скульптару Тэадору Закрэўскаму бюст Тадэвуша Рэйтана. Іншым — велічную каплічку-вежку. Амаль усе, хто згадваў помнік у сваіх артыкулах, пісалі, што ён некаторы час, магчыма, з 1860 г., стаяў у Грушаўцы, непадалёк ад старога сядзібнага будынка. Але напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 г. быў дэмантаваны, запакаваны ў скрыню і схаваны да лепшых часоў.

Стэфан у 1863 г. памёр. Было яму на той момант усяго 39-40 гадоў. Імя яго не згадваецца сярод тых, хто браў удзел у паўстанні, і нібыта не было з боку ўлады да Рэйтанаў прэтэнзій. Дык што здарылася? Быў ён паранены падчас нейкага невядомага бою поруч з Каліноўскім ці… памёр сваёй смерцю? Загадка. Але тое, што быў ён, як і ўсе Рэйтаны, патрыётам, не падлягае сумневу, інакш не наважыўся б замаўляць і ўсталёўваць у гонар свайго дзеда помнік. Таму, мажліва, калі памёр гаспадар, а на гаспадарцы застаўся ягоны сын, якому на той момант было 6-7 гадоў, помнік схавалі, каб не выклікаць залішняй увагі.

Але дзе ў той момант знаходзілася замоўленая Стэфанам прыгожая літая гатычная вежка вышынёй 10 метраў? Пра тое, што яна дайшла да Грушаўкі, што ў Грушаўцы стаяў помнік у поўным камплекце (як цяпер у Кракаве на Платанах), аўтары не згадваюць.

Нам ізноў пашанцавала. Не так даўно быў адшуканы артыкул з газеты 1864 г., у якім аўтар з захапленнем апісвае менавіта тую каласальных памераў вежку, якую любы ахвотны можа паспець паглядзець на фабрыцы РР. Еvаns, Lіlрор і Rаu (Варшава) перад адпраўкай яе ў Грушаўку. Аўтарам плана названы вядомы архітэктар Марконі. Яго ажыццявіў малады, але вядомы ў мастацкім асяродку будаўнік Хайнрых.

Гэтыя звесткі выклікаюць новыя пытанні. Ці была выслана вежка ў Грушаўку? Калі адказ станоўчы, ці злучылі ўсё ж такі на радзіме Тадэвуша бюст і вежку, як было прадугледжана праектам? Ці яе так і не адаслалі, а прыхавалі ў Варшаве? Думаю, калі распачаліся рэпрэсіі супраць паўстанцаў, калі жандары Мураўёва спрэс заставілі краіну шыбеніцамі, было зусім не да вежак ды помнікаў… Нават пробліскі патрыятызму людзі тушылі, каб хоць іх дзеці выжылі. Таму, верагодней за ўсё, вежка засталася ў Польшчы. Бюст схавалі на Літве (у Грушаўцы). Падзел адбыўся…

Праз 25 гадоў, калі апошні нашчадак мальтыйскага рыцара Яна, апошні носьбіт прозвішча Рэйтан пасталеў, калі ўлягліся жарсці, ён адшукаў добра схаваны бюст і вырашыў перадаць яго туды, дзе волі было трохі болей, дзе да таго захоўвалася велічная каплічка, якая важыла каля 6 тон. Таму Юзаф перадае бюст Тадэвуша недзе ў 1888 годзе Кракаўскаму магістрату. У
1889 г. помнік быў сабраны цалкам і ўсталяваны на скрыжаванні вуліц Баштовай, Дунаеўскага і Гарбарскай. Дакладнай датай афіцыйнага адкрыцця лічыцца чэрвень 1890 г. Устаноўка помніка не выклікала вялікага пярэпалаху, але пачуліся галасы крытыкаў, якім не спадабаўся занадта строгі выгляд вежкі, больш падобны да магільных каплічак.

Помнік выстаяў і Першую сусветную вайну, і Другую. Немцаў ён не зацікавіў. Але калі ўзімку 1946 г. моцны парыў ветру і магутная снегавая навала пашкодзілі яго, камуністычныя ўлады скарысталіся зручным момантам і прынялі помнік у сховішча.

Паляк? Не, ліцвін-беларус!

У 2007 г., на 750-ю гадавіну горада, Кракаў зноў убачыў помнік Тадэвушу Рэйтану. Праўда, гэта ўжо была копія, прычым наўмысна зробленая недакладнай. Недакладнасць тычыцца некаторых дэталяў бюста. Вежку аднавілі па ўзоры надмагілля Станіслава Лілпопа. Арыгінал бюста пасля рэстаўрацыі працягвае знаходзіцца ў Кракаўскім Нацыянальным музеі. Верагодна, там жа можна адшукаць і ўнікальную дакументацыю, старыя фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй стварэння помніка.

На жаль, быўшы ў Кракаве, мне не пашанцавала паглядзець на гэты велічны помнік нашаму суайчынніку, беларусу Рэйтану, які стаў культавай асобай у Польшчы, імя якога ведае кожны школьнік… Праўда, гэты школьнік ніколі, напэўна, не чуў з вуснаў настаўнікаў, што Рэйтан — ліцвін-беларус… Там ён — паляк.

Разбурэнне міфаў

Але вернемся да помніка. Ёсць на ім надпіс, які распавядае, калі ён быў усталяваны і каму прысвечаны. Усё добра, нават выдатна, за выключэннем аднаго. На помніку пазначаны год нараджэння — 1746. Гэта яшчэ не самы «страшны» варыянт, бо Генрык Грабоўскі (далёкі сваяк Рэйтанаў) паставіў у родавай капліцы мармуровую пліту ў гонар Тадэвуша з зусім фантастычнай лічбай — 1752 г. Цяжка сабе ўявіць, як у такой важнай справе, шмат разоў апісанай у розных даведніках, была дапушчана такая грубая памылка, якую паўтарылі і тыя, хто паставіў у 1993 г. каля грушаўскай капліцы памятны валун (1746), дадаўшы ад сябе, што Рэйтан бараніў «Рэч Паспаліту Польшчу»…

Агульнапрызнанай датай нараджэння Тадэвуша лічыцца 20 жніўня 1742 г. Месца нараджэння — Грушаўка. Прыйшоў час абвергнуць і гэты міф. Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся задоўга да 20 жніўня, бо першы раз яго імя сустракаецца ў дакументах 20 ліпеня 1742 г. у сувязі з давяршэннем працэдуры хрышчэння. Часам паміж нараджэннем, першым хрышчэннем з адной вады і давяршэннем праходзіла некалькі месяцаў ці нават год. На падставе іншага дакумента можна зрабіць выснову, што нарадзіўся Тадэвуш у 1741 г. І, верагодней за ўсё, у Мінску, адкуль была яго маці, Тэрэза Валадковіч.

Магчымасць ушанавання

Мы маем нацыянальнага героя, вартага ўшанавання. Ведаем, што ён кроўна звязаны не толькі з Беларуссю, але і з Мінскам. Мы ведаем, што захаваўся помнік, які быў замоўлены на грошы грушаўскіх Рэйтанаў, які некалькі гадоў упрыгожваў сядзібны парк. Магчыма, варта было б распачаць перамовы з польскім бокам, каб на некаторы час узяць яго на дэпазіт, правезці па гарадах Беларусі і дамовіцца, каб нашы скульптары зрабілі з яго копію. Якую, у сваю чаргу, можна было б усталяваць недзе ў цэнтры Мінска, дзе і належыць быць ушанаваным герою такога рангу!

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

Юркевіч, З. Помнікі тваёй краіны / Зміцер Юркевіч // Звязда. – 2013. – 17 верас. (№ 174). – С. 6. – Гісторыя помнікаў Тадэвушу Рэйтану.

Як мог знікнуць твор пра наваградца

Парыжскі трыумф беларуса з карціны Матэйкі
Акурат у той самы дзень, 28 лістапада 1865 года, калі ў сям’і Матэйкаў нарадзіўся першынец Тадэвуш, малады жывапісец у сваёй маленькай майстэрні распачаў працу над новай буйной карцінай — як і звычайна, на гістарычную тэматыку. Гэтым разам увага мастака была скіравана да часоў першага падзелу Рэчы Паспалітай, дакладней — Сойму 1773 года. На палатне мелася ўзнікнуць безліч персанажаў, сярод якіх — і тыя, хто ніякім чынам не быў звязаны Соймам, але быў добра вядомы па гісторыі як “нацыянальны здраднік”, перш за ўсё прадстаўнікі “Таргавіцкай канфедэрацыі” (1793). Бадай, адзіным станоўчым героем твора стаў наш суайчыннік, наваградзец Тадэвуш Рэйтан.

/i/content/pi/cult/520/11306/15-1.jpg

І, пэўна, зусім не выпадкова нованароджанаму хлопчыку таксама далі імя Тадэвуш. Пад час святкавання, калі ў Матэйкаў сабраліся госці, нехта ўзняў тост за тое, каб сын стаў вялікім творцам, на што Ян Матэйка узняў свой келіх са словамі: “Няхай б’ецца, як Касцюшка! Але не малюе!” Гэтымі словамі малады мастак падкрэсліў, наколькі гэта была цяжкая, а часам — невыносна пакутлівая праца.

Карціна “Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года” пабывала ў розных складаных сітуацыях, перш чым заняла пачэснае месца ў адноўленым пасля вайны Каралеўскім палацы ў Варшаве. Менавіта ў яго сценах 21 красавіка 1773-га здарылася адна з найвялікшых драм у гісторыі Беларусі і Польшчы.

Як вядома, галоўнай крыніцай натхнення для Яна Матэйкі (1838 — 1893) была гісторыя — не толькі польская, але і наша, бо, пачынаючы ад Грунвальда, дарогі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай сыходзіліся часам даволі блізка. Назвы твораў Матэйкі — красамоўнае таму сведчанне: “Бітва пад Грунвальдам” (1878), “Стэфан Баторый пад Псковам” (1872), “Люблінская ўнія” (1869)… Але хіба самы вядомы з іх — “Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года”.

Гэта арыгінальная назва работы. Дакладную дату, калі карціна змяніла назву на “Рэйтан. Заняпад Польшчы”, назваць цяжка, але яшчэ ў 1938 годзе крытыкі не ведалі пра такое. Змененая назва для нас, землякоў Рэйтана, нібыта адсланяе гэтую знакавую для нашай гісторыі асобу, стварае ілюзію, што Рэйтан бараніў Польшчу (Карону Польскую ў ме-
жах 1772 года). Тым не менш, пасол з наваградскага ваяводства, Рэйтан быў упаўнаважаны перш за ўсё адстойваць на Сойме інтарэсы ВКЛ, але разам са сваімі суайчыннікамі ён стаў на абарону незалежнасці ўсёй Рэчы Паспалітай (уключна з Каронай Польскай, якую не знайшлося каму так адчайна бараніць).

Сэрца Тэадоры

Ян Матэйка нарадзіўся ў Кракаве ў 1838 годзе. Бацькам ягоным быў Францішак Ксаверый Матэйка, чэх, каталік, селянін паводле паходжання. У Кракаў прыбыў у якасці гувернёра і выкладчыка музыкі. Маці, Яна Караліна Росберг, паходзіла з пратэстанцкай польска-нямецкай сям’і заможных рымараў — майстроў па пашыве конскага рыштунку.

Ян стаў дзявятым з адзінаццаці дзяцей, сярод якіх было толькі дзве дзяўчынкі. Дзяцінства яго нельга назваць бясхмарным: маці пайшла з жыцця, калі хлопчыку было ўсяго сем, а бацька ставіўся да дзяцей даволі сурова і да таго ж не звяртаў належнай увагі на мастацкія схільнасці сына. Але пасля атрымання пачатковага навучання ва ўзросце 13 гадоў хлопец паступіў у кракаўскую Школу прыгожых мастацтваў, якая па ўзроўні адукацыі была не горшая за акадэмію. Рэалізацыі яго вялікіх амбіцый на той час моцна перашкаджалі не менш значныя праблемы, перадусім фінансавыя. Тым больш і здароўе пачало падводзіць: ужо ў раннім веку сур’ёзна пагоршыўся зрок.

Тым не менш, пад кіраўніцтвам добрых выкладчыкаў Ян рабіў поспехі. Цікава, што першы ж ягоны буйны твор “Цары Шуйскія перад Жыгімонтам ІІІ” (1853), намаляваны мастаком усяго ў пятнаццаць гадоў, быў прысвечаны падзеям мінуўшчыны. Адораны юнак атрымаў стыпендыю і прадоўжыў адукацыю ў Мюнхене. Сур’ёзна захапіўшыся пад час вучобы творчасцю вядомых майстроў гістарычнага жывапісу Поля Дэлароша і яго вучня Карла Тэадора фон Пілаці, малады мастак умацаваўся ў сваёй адданасці менавіта гэтаму кірунку.

Неўзабаве ўдалося сяк-так выправіць і фінансавае становішча, чаму ў немалой ступені паспрыяў ганарар за даследчыцкую працу “Строі ў Польшчы”. А вось у асабістым жыцці мастака пераследавалі суцэльныя няўдачы.

З ранняга веку Яну Матэйку давялося часцяком гасцяваць у сям’і Гебультоўскіх. Гаспадыню дома пані Паліну ён лічыў сваёй другой маці, а вось да яе дачкі Тэадоры нарадзілася зусім іншае пачуццё: яна стала “каханнем жыцця” маладога мастака. Аднак характар у паненкі быў яшчэ той, і на ўсе прапановы рукі ды сэрца Ян шторазу атрымліваў адмову. Небагаты жывапісец не лічыўся выгоднай партыяй. І ёсць падставы меркаваць, што гэтая жыццёвая калізія істотна стымулявала творчы пошук мастака.

У 1862-м 24-гадовы Матэйка скончыў карціну “Станьчык”, прысвечаную прыдворнаму блазну-мудрацу. Твор не проста быў заўважаны — ён стаў візітоўкай руху “станьчыкаў”, польскіх кансерватараў, якія ў гістарычных бедах вінавацілі як “вонкавы ўплыў”, так і адмоўныя якасці самога польскага грамадства.

Паўстанне, што грымнула ў наступным годзе, амаль не паўплывала на лёс мастака: непасрэдны ўдзел у ім узялі два старэйшыя браты Яна, а сам ён, праз сваё слабое здароўе і кепскі зрок, абмежаваўся фінансавай дапамогай ды забеспячэннем інсургентаў. Правіна перад урадам была невялікая, таму ўдалося пазбегнуць рэпрэсій ды працягваць працу на абранай ніве.

Чарговы буйны твор “Прамова Скаргі” (1864) прынёс Яну Матэйку вялікі поспех, гучнае імя. І вось сэрца Тэадоры, нарэшце, растала…

Абранніца мастака была даволі… своесаблівай асобай, праз што ейны адданы муж меў у будучыні шмат клопату. Пра гісторыю іх адносінаў можна напісаць не адзін белетрыстычны раман. Затое капрызлівы характар жонкі не дазваляў Яну разняволіцца.

Схаваць альбо… спаліць?

Па сутнасці, карціну “Прамова Скаргі” можна ўспрымаць як ідэалагічную прадвесніцу будучага шэдэўра. Выбітны прапаведнік, першы рэктар Віленскага ўніверсітэта, езуіт Пётр Скарга натхнёна абмалёўвае перад каралеўскім дваром Жыгімонта Вазы пагрозлівыя перспектывы. Аднак большасць прысутных не звяртае на палымяную прамову асаблівай увагі, а той-сёй (уключна з самім Жыгімонтам) нават прыснуў. Дый на тварах тых, каго “зачапіла”, — хіба толькі разгубленасць, а зусім не гатоўнасць нешта змяніць, пачаўшы з сябе.

На наступнай карціне Матэйкі “Рэйтан..” дзея адбываецца амаль праз два стагоддзі і выглядае ажыццяўленнем прароцтва Скаргі. У цэнтры ўвагі — постаць героя, які, убачыўшы бясплённасць слоў, у роспачы закрыў сваім целам шлях да здрады паслам Сойму. Заклінаючы іх “У імя Бога! У імя Бацькаўшчыны!”, ліцвін Рэйтан спрабуе спыніць тое, што ён, відавочна, спыніць няздатны.

Карпатлівая праца над вялізным творам доўжылася цягам усяго 1866 года. Але замест чарговага поспеху мастака чакала хваля абурэння. Пэўная частка польскага грамадства адразу ўспрыняла твор у штыкі. Сярод закідаў гучала: “Нашто ён звярнуў увагу на нашу ганьбу?”, “Паміж сабой мы можам цішком пра тое згадваць, але не на людзях…”.

Акрамя ідэалагічных папрокаў, якія з кожным днём толькі множыліся, знаўцы жывапісу прад’яўлялі Матэйку і прэтэнзіі “тэхнічнага” характару: маўляў, перспектыва — няправільная, фарбы — цёмныя. Але не ведалі крытыкі, або не жадалі ведаць, што Матэйка быў страшэнна блізарукім і проста не мог маляваць інакш. Дый не ставіў ён перад сабой такую звышзадачу — стварыць бездакорную работу. Мастак перадусім імкнуўся апеляваць да сэрцаў сваіх гледачоў…

Асаблівыя прэтэнзіі да аўтара былі ў польскага магнацкага лобі. Прыкладам, паважная пані Ганна Валеўска, унучка Яцэка Малахоўскага, са слязьмі на вачах даводзіла Матэйку, што яе дзед ў 1773 годзе быў без віны. На што Матэйка адказаў: “Але ж не быў без віны ў 1772 годзе”. Дарэчы, не быў ён без віны і ў 1793-м, а ў 1794-м яго нават асудзілі паўстанцы. Насуперак гістарычнай дакладнасці, мастак адлюстраваў у сваім творы не толькі непасрэдных удзельнікаў сумна вядомага Сойма, але і гандляроў дзяржавай у часы Таргавіцкай канфедэрацыі, што таксама закідалася мастаку.

Нашчадкі ўвасобленых Матэйкам асоб не надта саромеліся нешляхетных учынкаў сваіх продкаў ды па-ранейшаму пачувалі сябе гаспадарамі. І калі нейкі мастак “без роду без племені” наважваўся згадаць пра тыя старонкі гісторыі, што ўжо нібыта прызабыліся, гэта выклікала вельмі нервовую рэакцыю.

Супраць Матэйкі паўстала цэлая плеяда крытыкаў на чале з Тарноўскім і Сяменьскім, якія, па замове, бэсцілі яго праз прэсу. Мастак апынуўся пад агнём літаральна з усіх бакоў. На пэўны час ад яго адвярнуўся нават наш зямляк, прадстаўнік патрыятычнага лагера, знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі…

Але Яе Вялікасць Гісторыя ўсё ж вынесла іншы вырак.

Цэсар падтрымаў “Рэйтана”

Польская эміграцыя ў Францыі паспрабавала заблакаваць дэманстрацыю карціны на запланаванай у Парыжы выстаўцы. “Дабрадзеі” намаўлялі графа Браніцкага, чые дзяды таксама “мелі гонар” стаць у шыхты “ворагаў Айчыны”, набыць твор, а потым альбо знішчыць, альбо схаваць. На што ён адказаў: “Набываць не жадаю, бо не хачу, каб ён упрыгожваў Монтрэзор (замак Браніцкага. — З.Ю.), а спаліць твор мастацтва лічу ўчынкам вандала. Гісторыя ёсць гісторыя, кожны малюе і піша, як яму падабаецца”. Генерал Жамойскі пераконваў таго ж Браніцкага звярнуцца да імператара Напалеона ІІІ, каб той сваёй уладай забараніў паказ карціны, але — безвынікова. Давялося Матэйку пачуць і такія словы: “Хто ж купіць такі твор? Хіба толькі рускія?”. На што ён адказаў: “Чаму б і не? Змаглі купіць арыгіналы, змогуць і намаляваных”.

На парыжскай выстаўцы ў 1867 годзе “Рэйтан…” атрымаў залаты медаль, а саму карціну набыў аўстрыйскі імператар Францішак Іосіф І. Фактычна менавіта ён і выратаваў шэдэўр ад знішчэння, а Матэйку і ягоную сям’ю — ад абструкцыі і галоднай смерці. Каб перадаць свае пачуцці ад перажытага, мастак намаляваў палатно “Прысуд Матэйку” (1867), дзе адлюстраваны ён сам, прыкуты да ганебнага слупа, у атачэнні зачэпленых ім за жывое ўладароў гэтага свету, якія чыняць над ім “праведны” суд…

Падсумаванне-зварот

Ці лёс так выпрабоўвае нас, ці бязлітасныя абставіны не далі шанцу нашым продкам выгадаваць такіх патрыятычных геніяў, як Матэйка або Юзэф Брант. Але, яны, тыя, хто абуджае дух народа па-ранейшаму запатрабаваны ў наш час. Без іх немагчыма завяршыць адну эпоху і распачаць новую…

калумніст газеты «Культура», арт-куратар
Юркевіч, З. Як мог знікнуць твор пра наваградца / Зміцер Юркевіч // Культура. — 2015. — 7 лют (№ 6).   -С. 15.
 

Comments are closed