Свістуновіч Сымон

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>>Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем >>>

 

Семен Свистунович Ягоўдзік, У. Вясёлкаю ніткі і душы

Семен Свистунович

 Родился 23 сентября 1946 года в д. Коньки Ляховичского района. 1976 — окончил Белорусский государственный теат­рально-художественный институт. 1976-1982 — художник по тканям Барановичского хлопчато-бумажного комбината. Работает в области декоративного оформления тканей (гобелен, батик), в станковой графике. С 1980 — участник областных, республиканских и зарубежных выставок. С 1988 — член Белорусского Союза художников.

 Семен Свистунович // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. Б. Крепак, А. Гришук, М. Коньков. – Брест, 1997. – С. 82.

Вясёлкаю ніткі і душы

 

Мастак Сымон Сцяпанавіч Свістуновіч нарадзіўся ў 1946 г. ў в. Конькі. У 1976 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Жыве ў Баранавічах. Працуе ў галіне мастацкага ткацтва. Пра яго творчасць расказвае пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.

 

Наша знаёмства пачалося завочна — на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы, прысвечанай 500-годдзю з дня нараджэння Міколы Гусоўскага. Сярод шматлікіх твораў самых разнастайных жанраў, што былі выстаўлены ў той юбілейнай экспазіцыі, упэўнены, габелен Сымона Свістуновіча «Зыход. Паляванне на зубра» запомніўся не толькі мне аднаму. Як сваім тонкім каляровым вырашэннем, так і цікавай кампазіцыйнай пабудовай, глыбокім мастакоўскім адчуваннем таго адзінага, спыненага вясёлкаю ніткі імгнення, праз якое можна выявіць сутнасць паэзіі вялікага паэта-гуманіста, яго знакамітай «Песні пра зубра».

Як і ў паэме, у цэнтры габелена лясны волат. Смяротна паранены, ён укленчыў перад паляўнічымі, але ва ўсёй яго паставе па-ранейшаму нас дзівяць сіла, нязломнасць, нават годнасць. Адразу на памяць прыходзяць радкі:

Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік,

Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна —

Сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць.

Так, удзельнікі палявання ні кроплі не сумняваюцца, што менавіта зубр быў, ёсць і будзе заўсёды валадаром пушчы. Але, як і належыць жывым людзям, кожны паляўнічы па-свойму вітае перамогу. У аднаго ўскінутае ўгору ў руках кап’ё — то ода чалавечай мужнасці і адвазе; другі пяе-расказвае на ўсю пушчу, а, можа і далей, пра ярасць паядынку; трэці прысеў нібы ў знямозе і думна глядзіць кудысьці прад сабою. Ці не сын палясоўшчыка гэта, Мікола з Гусава?.. I ў той жа момант перад намі не карціна, не, таму што вобразы як бы нараджаюцца аднекуль, з глыбіні сівой даўніны. Мне падалося, што мастак моваю габелена здолеў расказаць пра далёкую эпоху Адраджэння праўдзівей натуральней, чым многія жывапісцы.

Тое ж адчуванне, калі стаіш перад гебеленам «Ефрасіння», прысвечаным вядомай асветніцы. Спачатку здаецца — то сама Гісторыя глядзіць на цябе, а пасля раптам пачынаеш адчуваць пільны запытальны позірк жывых чалавечых вачэй. Так часам у шэры, хмурны дзень прабіваецца праз навалач хмар да зямлі рэдкі сонечны промень. I гэтая манаская сутана за плячамі, як распасцёртыя крылы…

У габеленах С. Свістуновіча, асабліва ў «Зыходзе» і «Ефрасінні», ёсць таямнічасць, загадкавасць, усё тое, што характэрна сапраўднаму мастацтву. Абыякава прайсці каля габелена немагчыма: ён уладна спыняе каля сябе, прымушае сцішыцца, засяродзіцца. Па ім не прабяжыш вачамі, як часам па карціне.

Неяк нам з сябрам надарылася быць у Баранавічах, дзе жыве і працуе С. Свістуновіч, і мы надумалі абавязкова сустрэцца з мастаком. Вельмі ж хацелася пазнаёміцца з новымі творамі, паглядзець па сам працэс работы над габеленам. Спатканне адбылося ў невялічкім пакойчыку мясцовых мастацкіх майстэрань.

Мы чакалі, што ўбачым станок, клубкі нітак, распачатыя творы. Але нічога гэтага не было. На нашы запытальныя позіркі, дзе ён працуе, Сымон растлумачыў:

-У апошнія гады я працую ў вёсцы Альсіевічы, што ў кіламетры ад славутага мястэчка Крошын, дзе жыў Паўлюк Багрым. Набыў там невялікую, пакінутую людзьмі хату, перарабіў яе ў майстэрню і амаль штодзень, калі выпадзе вольная хвіліна, еду туды. Балазе тут зусім недалёка, адзін прыпынак на электрычцы ў бок Мінска,— і мастак раптам памяняў тэму гаворкі: — Хлопцы, хочаце ліру паслухаць?

-Яшчэ б!

Сымон зняў са сцяны інструмент, які я быў прыняў за нейкую дзіўную гітару, акуратна палажыў яго сабе на калені і крутнуў за ручку. Пакой напоўніў доўгі, працяжны гук, такі сумны, тужлівы. Я слухаў яго, і мне міжволі прыгадаўся верш Сымона, надрукаваны ў снежаньскай кніжцы часопіса «Маладосць» за 1981 год. Я яго не вучыў спецыяльна, каб здзівіць прыемнаю нечаканкаю мастака, а от запомніўся і, відаць, назаўсёды:

Знянацку восень затрубіла ў рог.

Пара жніва ўжо настала,

А наша ніва ці адкрасавала?

Серп каласоў не любіць разглядаць!

Не забываецца цяпло вясны,

Яно нам ураджай багаты абяцала,

Ды лета за вясною наступала…

Ды не, не ўсе важкія каласы!

Няспынна круцяцца каменныя кругі,

Для жорнаў ўсе аднолькавы зярняты.

Няхай паўнеюць нашыя мяхі,

Наш чорны хлеб — нам караваем будзе!

-Няўжо ліру сам змайстраваў?..— не паверыў, перапытаў мой сябар.

-А навошта ў чалавека галава і рукі? — усміхнуўся Сымон.

Як мы маглі пасля ўпэўніцца, ліра зроблена з веданнем справы, хоць цяпер можа заняць месца ў народным аркестры.

Пасля заканчэння інстытута С. Свістуновіч працаваў на Баранавіцкім баваўняным камбінаце. Гэта быў цэлы этап у творчасці мастака. Яўген Шунейка ў артыкуле «Суквецці баранавіцкіх набіванак», змешчаным у студзеньскім 1984 года нумары часопіса «Мастацтва Беларусі», пісаў: «Дзякуючы кампазіцыйнай навізне і высокім мастацкім якасцям парцьеры С. Свістуновіча былі зацверджаны на ўсесаюзным мастацка-тэхнічным савеце Міністэрства лёгкай прамысловасці СССР па прагляду мэблевых тканін у Маскве. Мастак адным з першых пачаў выкарыстоўваць у сваіх работах элементы малюнка і кампазіцыі беларускай традыцыйнай ручной набойкі. Ён рупліва вывучаў узоры, асэнсаваў выяўленчую структуру, іх мастацкую актуальнасць. Таму тканіны С. Свістуновіча, у якіх выкарыстаны дэкаратыўныя элементы з набіўных дошак або сам прынцып пабудовы кампазіцыі народных набіванак, выглядаюць вельмі сучасна і арыгінальна».

Працуючы на баваўняным камбінаце, падчас творчых камандзіровак ён наведаў дзесяткі раённых і абласных музеяў. Гэта прынесла добры плён. Але не толькі ў распрацоўцы новых размалёвак тканін. Мастак як бы нанова адкрыў для сябе надзвычай цікавы мацярык народнага мастацтва, сэрцам далучыўся да яго светлай духоўнай сутнасці. У выніку ім былі напісаны змястоўныя, насычаныя багатым фактычным матэрыялам артыкулы «Народная вышыўка» і «Беларуская ручная набойка».

А затым абудзілася цяга да працы ў галіне габелена, якім ён захапляўся яшчэ ў гады студэнцтва. Сымон Свістуновіч пакінуў прадпрыемства, каб усяго сябе прысвяціць улюбёнаму віду мастацтва.

-Мусіць, вытокі вашага захаплення трэба шукаць у роднай вёсцы,— пытаюся ў мастака, паварочваючы гутарку бліжэй да мэты нашага прыезду,— перш-наперш у дзівосных матчыных посцілках, дыванах, абрусах?..

-Як і ўсюды на Беларусі, у нашых мясцінах ткалі, дый цяпер яшчэ зрэдку ткуць. Хораша ткуць, дзе ўсё на месцы, асабліва бездакорнае каляровае гучанне,— расказвае Сымон.— Можна толькі падзівіцца з чарадзейнага ўмельства чалавечых рук. Вывучаючы народнае ткацтва, я прыйшоў да высновы, што ў нашым, беларускім габелене як мага больш трэба працаваць з ільнянымі ніткамі. Калі воўна дае глыбіню малюнка, то лён — нейкае стрыманае, сапраўды беларускае гучанне. Асабліва незабыўнае ўражанне на мяне зрабілі посцілкі, якія за тонкі шэра-серабрысты колер у народзе называюць «імгліцы». Менавіта ад іх я ішоў, працуючы над габеленам «Ефрасіння». Даверыўся самому матэрыялу, частку нітак зусім не фарбаваў, бо яны мелі свой, натуральны, срэбны колер.

-Але калі знаёмішся з вашымі габеленамі, бачыш не толькі вучобу ў народных майстрых,— кажу я мастаку.— Найперш заўважаеш жаданне надаць твору моцнае псіхалагічнае гучанне.

-Бачыце, у габелен укладваецца столькі цярпення і працы, што, на маю думку, ён павінен быць нечым большым па мастацкіх вартасцях, чым проста дэкаратыўнае ўпрыгожанне ці нават выставачная работа. Паўтараю: гэта мая асабістая думка. Не адкрыю нічога новага, калі скажу, што габелен — у вялікай ступені від манументальнага мастацтва, праз які можна выйсці на шырокія мастацкія абагульненні. Пытанне: як, якім чынам выйсці? Праз шматфігурнасць? Ці мо праз вобразную сімволіку? Я спрабую ісці трэцім шляхам — надаваць сваім вобразам стрыманую, але глыбокую псіхалагічную напоўненасць.

Такімі творамі, якія б праілюстравалі думку мастака, можна лічыць габелены «Пагоня» і «Апокрыф», што ў свой час экспанаваліся на рэспубліканскай выстаўцы, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Габелен «Апокрыф» створаны паводле аднайменнага апавядання паэта.

Залацістая сцяна збажыны, а ў ёй, як блакітныя агеньчыкі, васількі. Колас і кветка, праца і песня, мазольны набытак і хараство — вось тэма гутаркі, якую вядуць паміж сабою падарожнікі. На пярэднім плане, хоць ён і стаіць збоку, той, хто сказаў прарочыя словы: «Я ж гавару вам: добра быць коласам, але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто колас, калі няма васількоў?». I паглядзіце, як адрозніваюцца ад гэтай галоўнай і па кампазіцыі, і па сэнсу манументальнай постаці — фігуры яшчэ двух удзельнікаў гутаркі. Яны абодва, але кожны ў сваім характэрным руху, у непрыхаваным жаданні паспрачацца, сцвердзіць сваю ісціну, сваю думку. Адным словам, перад намі адбываецца дзеянне, у гэтым выпадку сур’ёзны філасофскі дыспут. I мы міжволі ўдзельнічаем у ім. Значыць, мастак дасягнуў свае мэты.

Трохі ў іншым ключы створаны габелен «Пагоня», які таксама меў поспех у гледача. У цэнтры яго — вобраз скутай ланцугамі царызму, але няскоранай Маці-Беларусі, якая кліча сваіх сыноў на барацьбу з сацыяльным і нацыянальным прыгнётам. Твор гэты манументальны і адначасна вельмі экспрэсіўны, з жывым дыханнем, несхаваным болем.

Большасць габеленаў С. Свістуновіча прысвечаны мінуламу Беларусі, народным святам, гульням. Тут можна ўспомніць такія творы, як «Каляды», «Жніво», што ў свой час былі набыты Міністэрствам культуры . БССР і цяпер знаходзяцца ў музеях рэспублікі.

Габелены «Неўміручасць» і «Памяці сакратара антыфашысцкага камітэта Брэсцкай вобласці Язэпа Урбановіча» аўтар прысвяціў 40-годдзю Вялікай ІІерамогі савецкага народа над фашызмам.

«Неўміручасць» лёгка «чытаецца» і, гледзячы на гэты твор, міжволі ўспамінаеш кінафільм «Узыходжанне», пастаўлены Ларысай Шапіцька па аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». I ў той жа час габелен не ілюстрацыя да вядомага кінафільма. Мастак сваімі сродкамі прыйшоў да той папружанасці вобразаў, што робіць габелен сапраўды глыбокім і самастойным творам. Асабліва, на маю думку, уражвае цэнтральная фігура — партызан, якога закатавалі і павесілі на тэлеграфным слупе фашысты…

Габелен «Памяці сакратара антыфашысцкага камітэта Брэсцкай вобласці Язэпа Урбановіча» экспанаваўся на рэспубліканскай выстаўцы. Ён засведчыў мастацкую і грамадзянскую сталасць аўтара. У цэнтры кампазіцыі — народны герой. Ён смела і ўпэўнена крочыць наперад, да нас з вамі, у нашу будучыню, за якую аддаў жыццё. Дэталяў няшмат, але яны надзвычай ёмкія, запамінальныя: дубовыя галінкі з чырвонаю лістотаю, а над галавою — на ўсім скаку — імклівыя коні. Узяўшы за аснову твора жыццё і лёс Язэпа Урбановіча і захаваўшы яго індывідуальныя рысы, мастак здолеў стварыць запамінальны абагульнены вобраз сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны. Менавіта вось гэтае ўменне аўтара сказаць сцісла, але ярка вылучаць у чалавеку ці нейкай з’яве галоўнае, саму сутнасць — перш за ўсё і ўражвае ў творчасці Сымона Свістуновіча, робіць яго габелены цікаваю з’яваю ў сучасным беларускім мастацтве.

* * *

Трапіць у майстэрню да мастака — што зазірнуць яму ў душу. Там без усялякіх доўгіх тлумачэнняў адразу можна зразумець, што найбольш цікавіць і хвалюе творцу, якімі задумамі ён зараз жыве. Сярод усіх майстэрань, у якіх мне даводзілася бываць дагэтуль, пры ўсіх схільнасцях і звычках іх гаспадароў, я ўсё ж знаходзіў рысы, што гаварылі: тут працуе гараджанін. I справа не ў тэлефоне ці краявідзе з акна, а ў самой расстаноўцы, рытме рэчаў, няхай сабе нават і этнаграфічных. У майстэрню Сымона Свістуновіча ў Альсіевічах заходзіш, як у звычайную вясковую хату. Утравелы надворак. Далей, у гародзе, старыя пакручаныя яблыні. Працягла рыпяць, адчыняючыся, дзверы, затым цёмныя, маленькія сенцы і яшчэ двое дзвярэй. Адны, вузенькія, вядуць у кухню, а другія — шырокія — у чысты пакой. Вось у гэтым пакоі і працуе мастак. Каб хапала святла, ён падняў столь каля акон ад вуліцы і зрабіў у шчыце яшчэ адно вялікае акно. Усюды — сухія кветкі, травы і каласы. А над імі месяцуюць сярпы і сярпочкі. Багата таксама іншых прылад сялянскай мазольнай працы. I ўсё гэта ў хаце стаіць неяк дарэчы, не кідаецца ў вочы. ІІры глухой сцяне — станок, за якім працуе мастак, а над ім — вялікі эскіз задуманага габелена. Кампазіцыя нескладаная: кузня, на пярэднім плане — асілак-каваль. Я адразу пазнаў у ім славутага Паўлюка Багрыма, які мог стаць нашым Шаўчэнкам або Бёрнсам. Мог, але не стаў, бо ўсе надзеі перакрэсліў чорнымі жандарскімі рукамі царызм. Да нас дайшоў усяго адзін верш крошынскага песняра, але ён, як вялікая кніга, расказвае пра лёс цэлага народа, што, нягледзячы на жорсткі нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, не развучыўся бачыць і ствараць хараство.

Бадай што ўсім нам яшчэ са школы вядома, што аўтар верша «Заграй, заграй, хлопча малы…» быў надзіва таленавітым кавалём.

Я ведаў, што дзесьці ў Крошыне захоўваецца сапраўдны шэдэўр кавальскага рамяства — вялікая люстра, зробленая залатымі рукамі паэта. Я папрасіў Сымона дапамагчы мне ўбачыць гэты цуд сваімі вачыма, бо лічыў, як і большасць нашых мастацтвазнаўцаў, што жырандоля — адзіная створаная Багрымам рэч, якая захавалася да нашых дзён.

-Так сцвярджаць можна толькі па няведанню,— усміхнуўся Сымон.— У тыя даўнія часы каваль быў вельмі патрэбным і паважаным чалавекам у вёсцы ці мястэчку. Ніводзін гаспадар не мог абысціся без ягоных паслуг. Самыя разнастайныя прадметы сялянскага побыту і працы выходзілі з кузні: сякеры, нажы, сашнікі, падковы, рэхвы, завесы, — ды ўсяго і не пералічыш. Менавіта ў штодзённай працы з жалезам і выпрацоўваў сваё бліскучае кавальскае ўмельства Паўлюк Багрым. Праўда, найбольш ярка выявіць сваё майстэрства, фантазію, мастацкі густ у першую чаргу можна было не ў звычайных будзённых рэчах, а ў творах дэкаратыўна-ўжытковага прызначэння. А такімі творамі, акрамя люстры, што доўгія гады вісела ў Крошынскім касцёле, а зараз знаходзіцца ў музеі працоўнай славы мясцовага калгаса «Перамога», маглі быць таксама і магільныя агароджы…

I далей Сымон з захапленнем расказаў мне пра свае шматгадовыя росшукі слядоў кавальскай дзейнасці Паўлюка Багрыма. Ён абхадзіў пешкі і аб’ездзіў на веласіпедзе ўсе навакольныя вёскі, гутарыў з людзьмі, запісваў іх расказы, успаміны, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Так, расказваюць, хтосьці з сялян прынёс Багрыму старую шведскую шаблю. Той падумаў, падумаў і перакаваў яе на касу. Такая едкая атрымалася — не ўгнацца за тым, хто трымаў яе ў руках на касьбе. I зносу не знала. Ад дзеда да ўнука перайшла. Мабыць, гэта і легенда, але, пагадзіцеся, вельмі сімвалічная. Няхай сабе касу тую знайсці не ўдалося, але сцвердзіць, што некаторыя каваныя рэчы належаць рукам крошынскага самародка,— Свістуновіч змог, трэба зазначыць, даволі пераканаўча.

-У мінулым стагоддзі на магілах звычайна ставілі драўляны крыж ці клалі камень і садзілі дрэва,— апавядаў мне мастак.— I толькі заможнае насельніцтва магло пры жаданні заказваць жалезныя магільныя агароджы. Таму каваных агароджаў у 19 стагоддзі рабілася няшмат, лічы адзінкі, і выконвалі іх, безумоўна, самыя спрактыкаваныя, умелыя кавалі. Цяжка ўявіць, каб Паўлюк Багрым, які лічыўся самым лепшым кавалём у ваколіцах мястэчка, за некалькі дзесяцігоддзяў працы у кузні не зрабіў ніводнай та­кой агароджы. А некаторыя з іх, што знаходзяцца на могілках у Крошыне, на могілках у вёсках Калпеніца і Юшкавічы,— гэта сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цудоўныя ўзоры кавальскага майстэрства.

Пазней пра свае пошукі мастак расказаў у артыкуле «Каваў Багрым» на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», што выклікала шматлікія зацікаўленыя водгукі чытачоў і мастацтвазнаўцаў.

14 верасня 1985 года ў Крошыне адбылося абласное свята паэзіі. У гэты дзень у мясцовай школе быў адкрыты музей народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма. Першую экскурсію па новым музеі правёў яго стваральнік — Сымон Свістуновіч.

Уладзімір Ягоўдзік.

 

Ягоўдзік, У. Вясёлкаю ніткі і душы : [пра Сымона Свістуновіча] / Уладзімір Ягоўдзік // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 428-432.

Comments are closed