Паветраныя баі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>

Дамашэвіч, Я. Астры на граніцеСтаніславовіч, М. Памяць роднай зямліЧаранкевіч, Л. У небе і на зямлі

Астры на граніце

 У перыяд вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вясной і летам 1944 года гітлераўцы аказвалі ўпартае супраціўленне нашым войскам. У час правядзення аперацыі “Баграціён” наша камандаванне ўдзяляла вялікую ўвагу чыгуначнаму вузлу горада Баранавічы. Тут штодзённа скоплівалася вялікая колькасць варожых ваенных эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Для знішчэння гэтых цэлей і іншых ваенных аб’ектаў горада пасылаліся нашы бамбардзіроўшчыкі далёкага дзеяння, якія перасякалі лінію фронту. Нягледзячы на заграджальны агонь варожых зянітак і самалётаў-знішчальнікаў, прарываліся да горада, праводзілі прыцэльныя бомбавыя ўдары.

У ноч з 25 на   26 чэрвеня 944 года звяно нашых  бамбардзіроўшчыкаў, якое вёў штурман гвардыі лейтэнанат Мікалай  Іванавіч Цацын пры выкананні баявога задання каля вёскі Вадзяціна было атакавана вялікай групай нямецкіх знішчальнікаў. Савецкія сокалы смела ўступілі ў паветраны бой. Працягваючы свой баявы курс, яны адбіваліся ад ансядаўшых з усіх бакоў “месершмітаў”. Але сілы былі вельмі няроўныя. У гэтай жорсткай схватцы наўы самалёты былі збіты.

Раніцый 26 чэрвеня 1944 года ў вёску вадзяціна прыехаў моцна ўзброены атрад немцаў. Ворагі блакіравалі вялікую тэрыторыю, прачэсвалі мясцовасць з надзеяй узяць у палон параненых лётчыкаў, але яны былі загінуўшымі. З усіх членаў экіпажаў дакументы захаваліся толькі ў штурмана, гвардыі лейтэнанта М. І. Цацына. Яшчэ да прыезду фашысцкіх карнікаў, на досвітку, мясцовыя жыхары схавалі гэтыя дакументы і яго пісталет.

 Немцы забаранілі праводзіць пахаванне нямецкіх лётчыкаў на могілках. Але мой бацька, разам з іншымі жыхарамі вёскі, пахавалі гвардыі лейтэнанта Цацына ў адной магіле са сваім невядомым пакуль што баявым сябрам.

Імёны астатніх лётчыкаў да цяперашняга часу невядомы. Пошук загінуўшых вёўся праз цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР, газету “Красная звезда”.

Па даных Міністэрства абароны СССР і па ўліку афіцэрскага саставу ваенна-паветраных сіл значыцца і прозвішчы гвардыі лейтэнанта Мікалая Іванавіча Цацына, 1922 года нараджэння, ураджэнцы вёскі Кладбішча, сергачскага раёна, горкаўскай вобласці. У Савецкай Арміі з 1940 года. На астатніх членаў экіпажа даных не маецца.

Тры гады таму назад на Дзень Перамогі наведаць магілу свайго сына і брата прыязджала маці лётчыка Цацына і яго дзве сястры. Яны былі вельмі ўдзячны жыхарам вёскі Вадзяціна, што яны нягледзячы на загад немцаў, пахавалі лётчыкаў як герояў. Вучні Пад’язаўлеўскай васьмігадовай школы прыносяць да помніка лётчыка жывыя кветкі. З 1966 года піянерская дружына школы носіць імя гварцыі лейтэнанта М. І. Цацына. З гэтага часу вучні вядуць перапіску з роднымі лётчыка. Пошук працягваецца. Магчыма, удасца знайсці імёны і астатніх адважных паветраных сокалаў. А калі так, то гэта адкрые яшчэ адну старонку гераічнага мінулага нашага раёна.

Я. ДАМАШЭВІЧ,

загадчык філіяла Навамышскага ССПТВ-20.

 

Дамашэвіч, Я. Астры на граніце [пра Мікалая Іванавіча Цацына] / Я. Дамашэвіч // Будаўнік камунізму. – 1979. – 13 лістапада.

*

*

*

3 успамінаў Б. С. Татарыновіча (1933 г. нар.), жыхара в. Куршынавічы

 

У першыя дні вайны я назіраў за боем нашых лётчыкаў. Самалётаў савецкіх было тры. Адзін змагаўся ў раёне в. Смаленікі, a другі — збоку Лапаціч, трэці — акурат каля майго хутара. Толькі бой гэты быў няроўны. На адзін наш самалёт прыходзілася тры варожыя.

Затаіўшыся на ўскрайку бульбянога поля, каля маладога ельніку, я сачыў за паветраным боем нашых адважных лётчыкаў. Так хацелася тады ім дапамагчы. Але ўсе яны былі збіты немцамі.

Першым загарэўся самалёт, які змагаўся кяля в. Смаленікі, a потым другі з боку Лапаціч. Хутка я заўважыў полымя з левага боку самалёта. Адзін лётчык выскачыў з парашутам, a другому гэта ўдалося пры пасадцы самалёта. Ён быў паранены ў нагу. Як толькі самалёт спыніўся, адразу ж адбыўся выбух бензабакаў. Самалёт ахапіла полымя, і да яго нельга было падступіцца. У гэтым полымі зажыва гарэў трэці лётчык. Ніхто не мог дапамагчы яму.

Той лётчык, што выскачыў з парашутам, папрасіў нашых жанчын прынесці зношанае палатно, каб перавязаць нагу параненаму сябру. Майго бацьку ён папрасіў запрэгчы каня і адвезці іх на станцыю ў Буды. Што ён і зрабіў.

Я помню і сёння, што самалёт ІЛ-2 меў 12-ты нумар. Параненаму лётчыку аказалі медыцынскую дапамогу, a потым ім дапамаглі дабрацца да чыгуначнай станцыі ў Буды. Лётчыкі прасілі пахаваць баявога сябра Івана.

Ноччу мужчыны збілі дамавіну і пахавалі лётчыка на невялічкім узгорку каля сасны, што расце і па сённяшні час, y пачатку вёскі.

Нa часова акупіраваных тэрыторыях устанаўліваецца рэжым тэрору і насілля. Ахвярамі захопнікаў y першую чаргу сталі актывісты, камсамольцы і камуністы. 3 першых дзён агрэсары ўчынялі масавыя расправы над мірным насельніцтвам. У ліпені 1941 года немцы расстралялі дэпутатаў Куршынавіцкага сельсавета Іосіфа Францавіча Галіцкага і Уладзіміра Вікенцьевіча Грыба і актывістаў Івана Вікенцьевіча Грыба і Аляксандра Станіслававіча Жыжа.

 

3 успамінаў Л. I. Кірылік

 

Дваццаць чацвёртага чэрвеня 1941 года было чуваць за далёкім лесам, што ішлі баі. I нам здавалася, што ніколі не заціхнуць гэтыя жудасныя выбухі снарадаў і бомбаў. Бой працягваўся да самай позняй ночы. 3 першымі промнямі сонца немцы зноў пачалі бой. Дваццаць пятага чэрвеня ў баі за наш раён каля вёскі Куршынавічы быў збіты савецкі самалёт. Жыхары гэтай вёскі казалі, што лётчыкі загінулі.

Недалёка ад майго хутара таксама быў збіты савецкі самалёт, але ён упаў y балота, якое знаходзілася акурат з кіламетр ад маёй сядзібы. На жаль, лётчыкі засталіся ў самалёце. Калі мы дабеглі да краю балота, то ўбачылі, што большая палова самалёта была ў вадзе. Доўгі час толькі частка крыла з чырвонай зоркай заставалася на паверхні балотнай гаці. 3 цягам часу знікла і яна.

*

*

*

 Станіславовіч, М. Памяць роднай зямлі : [Вялікая Айчынная вайна ва ўспамінах жыхароў вёскі Куршынавічы] / Марына Станіславовіч // Гісторыя : праблемы выкладання. – 2009. — № 6. – С. 38-43 ; № 7. – С. 52 – 56.

У небе і на зямлі

 Гэта здарылася 24 чэрвеня 1941 г. Памочнік камандзіра 39-га авіяпалка бамбардзіроўшчыкаў капітан Анатоль Антонавіч Заяц вёў дзевятку самалётаў, каб знішчыць праціўніка, які рухаўся на шашы Брэст — Масква. Яны зайшлі з захаду, нанеслі бомбавы ўдар па ворагу паміж ракой Шчара і в. Завінне і пачалі адыход у бок Пінска. Нашы самалёты ляталі без прыкрыцця знішчальнікаў, і калі нечакана з’явіліся «месершміты», то адразу завязаўся няроўны бой. Адзін з нашых самалётаў загарэўся і ўпаў ва ўрочышча Ячань.

 Яшчэ два самалёты былі падбіты каля вёскі Свяціца, але лётчыкі сумелі пасадзіць машыны на балоце. Прозвішчы іх нам пакуль невядомы. Адзін з самалётаў удала прызямліўся каля вёскі Тухавічы. Пілот быў паранены ў плячо. Рану яму апрацавалі і перавязалі медыкі Крывошынскай участковай бальніцы. Лётчык падзякаваў за дапамогу і накіраваўся ў бок станцыі Буды. Каля в. Рагачы сеў падбіты самалёт. Да яго збегліся людзі, дапамаглі экіпажу пакінуць самалёт, а праз некалькі хвілін узарваўся бензабак. Адзін з лётчыкаў быў мёртвы. Таварышы назвалі яго прозвішча — Кучарэнка Іван (Аляксей) Паўлавіч. Жыхары вёскі пахавалі яго на могілках, паставілі помнік. Два іншыя лётчыкі былі цяжка паранены. У камандзіра экіпажа (назваўся Паўлавым) былі пераломы рук і ног, абпалены твар і грудзі. Мясцовыя жы­хары перавязалі раны, каб спыніць крывацёк, і даставілі лётчыкаў у Ганцавічы.

Не вярнуўся на свой аэрадром і А. А. Заяц. Яго ахоплены полымем самалёт пайшоў у бок в. Раздзялавічы. Фашысцкія сцярвятнікі рынуліся за ім. У выніку абстрэлу загінуў штур­ман Іван Васілевіч Новікаў. Капітан Заяц пасадзіў палаючую машыну, паспеў выскачыць разам са стралком-радыстам Васілём Пятровічам Звярковым, і тут узарваліся бензабакі. Штурмана жыхары пахавалі, a іх давезлі да станцыі Ганцавічы. А. А. Заяц і В. П. Звяркоў, дабраўшыся да свайго аэрадрома, пераганялі разам з баявымі сябрамі ўцалелыя машыны пад Маскву. Ваявалі ў маскоўскім не­бе. А. А. Заяц скончыў службу ў званні генерал-маёра. Старшына В. П. Звяркоў такса­ма прайшоў усю вайну і скончыў яе ў званні маёра.

У чэрвені 1941 г. лётчыкі 130-га скораснага бамбардзіровачнага авіяпалка наносілі бом­бавы ўдар па нямецкай мотапяхоце ў раёне Івацэвічы — Бяроза. У баі 25 чэрвеня 1941 г. у саставе эскадрыллі ўдзельнічаў экіпаж ка­пітана Б. У. Бастанжыева. Яго самалёт быў падбіты і загарэўся. Лётчык прызямліўся на парашуце, але быў вельмі абгарэлы. Мясцовыя жыхары Бярозаўскага раёна Рыгор Пунько, Мікалай Макоўчык і Фама Садоўскі аказалі яму дапамогу. Рыгор Пунько даў сваё рабочае адзенне і прафсаюзны білет, які быў без фотакарткі. Так лётчык стаў Пунько Рыгорам Аляксеевічам, цесляром з Броннай Гары. Яго паслалі ў вёску Новыя Пескі і параілі звярнуцца дадоктара Князева. Медыцынскія сёстры Б. I. Шыла, А. X. Гарошка і доктар Князеў рабілі ўсё магчымае, каб падняць на ногі савецкага лётчыка, але раны загойваліся марудна. Фашысты пачалі шукаць нашых лётчыкаў. Заставацца ў бальніцы было небяспечна. Некаторы час Бастанжыеў жыў на хутары ў Вішнеўскіх, потым стаў прабірацца на ўсход.У Бярозе ўдалося атрымаць нямецкі дакумент на імя Рыгора Пурыка, але неўзабаве захварэў запаленнем лёгкіх. I зноў на дапамогу прыйшлі беларускія сяляне. На гэ­ты раз яго прыняла вялікая сям’я Мікалая Данілавіча Уласеня з хутара Нетчын Ляха-віцкага раёна. Там лётчык сустрэў надзейных сяброў. Суседзі Уласеня Іосіф Іосіфавіч Дыдышка і Аляксандр Іванавіч Бурбацкі дапамаглі Бастанжыеву атрымаць «аўсвайс». 3 гэтым дакументам ён хацеў прабрацца на усход, але быў арыштаваны і вывезены на катаржныя работы ў Германію. У красавіку ра­зам з іншымі патрыётамі арганізаваў уцёк, удзельнічаў у Пражскім паўстанні. Б. У. Бастанжыеў працягваў службу ў радах Ваенна-Паветраных Сіл. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені і Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Жыў і працаваў у Калузе.

На тэрыторыі раёна вядомы месцы гібелі савецкіх самалётаў каля вёсак Куршынавічы, Гайнінец, Меляхі, Смаленікі, але імёны членаў экіпажаў застаюцца яшчэ невядомымі. Следапыты працягваюць пошукі.

Жыхар вёскі Цыгань А. А. Сахон расказаў следапытам, што калі нашы самалёты вярталіся з баявога задання, то адзін з іх быў падбіты і ўпаў на балоце каля в. Меляхі. Два лётчыкі выратаваліся, а трэці загінуў. Яны абодва былі маладыя лейтэнанты, выйшлі на хутар да Сахона і папрасілі паесці і адзенне каб пераапрануцца. На развітанне сказалі, што яшчэ пакажуць, як умеюць ваяваць…

                                                            Леанід Чаранкевіч

 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. – Мінск: БелЭН, 1989. – С. 208-209.

Comments are closed