Мікуліч Аляксей Ігнатавіч

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю

 

МІКУЛІЧ Аляксей Ігнатавіч

Нарадзіўся ў снежні 1934 г. у в. Жарабковічы. Закончыў мясцовую сямігодку, Баранавікую фельчарска-акушэрскую школу. Служыў у Ваенна-Марской авіацыі. Паступіў у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, які скончыў у 1963 г., працаваў хірургам у 4-й клінічнай бальніцы г. Мінска. 3 1966 па 1969 г.г. вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБ па спецыяльнасці — антрапалогія. У 1972 г. у Маскоўскім дзяржуніверсітэце абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1991 — доктарскую. Аўтар шэрагу навуковых прац і кніг па антрапалогіі, генетыцы і экалогіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (1999 г.).

 Мікуліч Аляксей Ігнатавіч — вядучы навуковы супрацоўнік Аддзела антрапалогіі і экалогіі інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, сапраўдны член міжнародных акадэмій экалогіі і геранталогіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусаў.

«Нарадзіўся я ў вялікай працоўнай сям’і Кацумараў на Міколу, 19 снежня 1934 г., у вёсцы Жарабковічы Ляхавіцкага павета (Заходняя Беларусь, Польшча) другім па ліку. Першы сын памёр ад запалення лёгкіх у гадавалым узросце. Пасля мяне нарадзілася яшчэ трое дзетак. Многае ў сям’і звязана з маім прадзедам Ігнатам Мікулічам. Ад прыроды быў надзвычай масцеравым чалавекам. Яшчэ ў сваім дзяцінстве я бачыў у нашым доме шмат самаробных прылад для сталярнай і бандарнай работы, а таксама яго рукамі зробленыя кадушкі, куфар, калёсы, сані, стол і табурэткі. Такая Богам дадзеная адметнасць дазволіла яму падоўжыць свой род незвычайна. Паколькі ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, не атрымаўшы асабістага надзелу зямлі, не меў права жаніцца, таму вымушаны быў ад’ехаць на заработкі ў Амерыку. Праз колькі год вярнуўся дадому з далярамі, за якія купіў зямлю, ажаніўся. Вельмі любіў коней. Едучы па вёсцы на высокім жарабцы, ён незвычайна вітаўся з аднавяскоўцамі на ангельскай абрэвіятуры: “Во цу мар ю”, нешта накшталт: “я бачу далёкае мора”. Так і засталася за ўсімі яго нашчадкамі вясковая мянушка вацумары, а пазней — кацумары. Нават маіх сыноў, якія малымі раслі, а потым часта наязджалі да сваіх дзядоў, называлі кацумаравымі дзецьмі.

Мой радавод па татавай лініі можна ўпэўнена падоўжыць да Манеца Мікуліча, які праходзіць у якасці цяглага (разам з канём) селяніна сярод іншых баяр і чэлядзі за 10 жніўня 1558 г. пры перадачы Жыгімонтам Аўгустам маёнтка Ведзьмы ў Ляхавіцкім павеце ў поўную ўласнасць Станіславу Гзоўскаму (гл. “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мн. 1989 г. С. 61 — 62). Бацькава маці Цанка паходзіла з баярскіх родаў Гадун і Лабажэвіч з Нясвіжчыны.

Род маёй маці Лідзіі Адамаўны не меней знакаміты. Дзед Адам Кліменцьевіч нарадзіўся ў сям’і Леваш, якая мела шмат гектараў ворнай зямлі, пашы і лесу. Толькі дзед Адам атрымаў надзел каля 10 га, навучыўся грамаце, пабудаваў напачатку 20-х г.г. адзін з прыгажэйшых на вёсцы дамоў з ганкам на вуліцу. Ён меў афіцыйную пасаду ад дзяржавы — пажарнага стражніка. У дзедавай сям’і нарадзілася шмат дзяцей, выжылі і дажылі да глыбокай старасці 6 дачок і 2 сыны.

Глыбокі след у жыцці пакінуў верасень 1939 г. 3 гэтага часу я помню амаль кожны дзень свайго жыцця. Як хораша вёска сустракала Чырвоную Армію. Прыйшлі, як у нас кажуць, тыя, першыя саветы. Колькі было кветак? Мора! Кожная сям’я запрасіла да сябе на пачастунак некалькіх салдат. Калі мама падала на стол тоўста нарэзанага сала з мясною праслойкаю, адзін з іх здзівіўся:

“Вы для чего, мамаша, клеите сало?”. Пайшла бяседа. Старэйшы, магчыма афіцэр, ды кажа: “Мы принесли вам свободу от панов, теперь вы все будете равными!” На што атрымаў адказ: “Не сынок, не параўняў Бог лесу, не параўнуеце вы людзей”.

У той жа дзень мы з мамаю пайшлі ў госці да дзеда Адама. Мне не споўнілася яшчэ пяці год. Дзед высока падняў мяне на рукі. Больш я яго ніколі не бачыў. Праз тыдзень некалькі вясковых злыдняў-пралетарыяў пад выглядам барацьбы з заможнымі сялянамі забілі самага дбайнага гаспадара. Вечная памяць яму і пашана ад нас, яго нашчадкаў.

Яго жонка, маміна маці Ганна, паходзіла яшчэ з адной пісьменнай сям’і ў Жарабковічах. Гэта род Праневічаў (у вышэй згаданай купчай — Пранкевічы), якіх яшчэ называюць “Дарагенькімі”. Чаму? А за тое, што мой прадзед служыў пісарам ва Управе, і за напісаныя ім розныя афіцыйныя бумагі ці скаргі яму плацілі залаты рубель. Таму і назвалі яго дарагенькім. Мама расказвала мне, як паміраючы, яе дзед сам дзяліў торбу залатых усім сваім нашчадкам. Ёй таксама дасталася пяцірублёвая манета. А ішоў тады маме пяты гадок ад дня нараджэння ў траўні 1912 г. Наогул, мама пражыла цяжкае жыццё. Нарадзілася ў блізнятах разам з братам Валодзем. Бабуля пры родах памерла, а дзеда праз два гады забралі на фронт першай сусветнай вайны. Самых малых дзяцей забралі ў Мінскі прыют, які потым стаў і да апошніх год заставаўся дзіцячым прыёмнікам па Абутковай вуліцы. У 50-я гады частка той вялікай тэрыторыі была адведзена пад будаўніцтва дзіцячага садка, у якім праз 6 дзесяцігоддзяў воляй лёсу выхоўваўся мой старэйшы сын. Паміж іншым, абодва мае дзядзькі, маміны браты Міхаіл і Валодзя Левашы, адзін на пачатку дваццатых, а другі напрыканцы трыццатых, перайшлі праз мяжу з Заходняй Беларусі ў Савецкую Расію. Але іх лёс аказаўся далёка не аднолькавым. Калі першы быў прыняты і прызнаны, то другога палічылі за польскага шпіёна і накіравалі спачатку на вайну з японцамі на возера Хасан, а потым на лесапавал у КоміГулаг каля Ухты. Там ён загінуў і пахаваны. Яшчэ пры жыцці ён быў рэабілітаваны, як палітычны вязень мае права на гістарычную памяць і павінен быць занесены ў кнігу Памяці Ляхавіцкага раёна (гады жыцця 1912—1972).

Цяпер пра сябе, пра тое, што помніцца з жыцця да і пасляваеннай вёскі і школьныя ўспаміны. Усе людзі былі надзвычай працавітымі. Недзе да канца шасцідзесятых — пачатку сямідзесятых на сяле гультаявалі не болей за 2—3 п’янчугі. Усе астатнія працавалі ці то на сваіх палетках, ці на калгасным полі. Вучыўся я заўсёды добра. Дома нянчыў малодшых братоў і сястру, улетку пасвіў кароў і авечак. Дзіцячымі гульнямі былі пікар, мячык, хованкі, манеўры, зімою — на самаробных каньках, санках і лыжах. Амаль кожны вечар моладзь збіралася каля клуба. Раз на тыдзень прывозілі з райцэнтра кінаперасоўку. Пасля кіно хлопцы і дзяўчаты танцавалі, спявалі. Наша мама навучыла танчыць усіх сваіх дзяцей. Вельмі марыла, каб хоць адзін з нас навучыўся граць на гармоніку, пасля чаго абяцала купіць адпаведны музычны інструмент за прададзеную карову. Асабліва весела праходзілі Калядныя і Велікодныя святы. Потым я ніколі не чуў столькі валачобных песень. Здавалася, а яно мусіць так і было, што ўсе вяскоўцы выйшлі на вуліцу. Чуліся жарты, прыпеўкі, а часам і вострыя кпіны.

Са слоў аднавяскоўцаў і бацькоў дакладна ведаю, што і польскія, і акупацыйныя нямецкія ўлады заўсёды падтрымлівалі руплівых гаспадароў, выдавалі крэдыты на набыццё неабходнай сельскагаспадарчай тэхнікі. Сяляне на дзіва ашчадна адносіліся да прыроды, бераглі навакольныя лугі і гаі. Кожная пара года звычайна помніцца па каляндарна-абрадавых песнях вясны (валачобныя і юраўскія), лета (купальскія і жніўныя), восені (вясельныя і спасаўскія), зімы (каляд і шчадровак). Бацькі заўсёды ішлі касіць і жаць, ці збіраць зёлкі, абавязкова ў чыстай бялізне. У гумары і песнях прысутнічаў дух спаборніцтва паміж хутаранамі і непасрэдна вяскоўцамі або сярод апошніх паміж жанчынамі. На працягу доўгіх зімовых вечароў дзяўчаты збіраліся з кудзеляю па чарзе ў вялікіх хатах з дазволу гаспадароў. Там жа адначасова маглі ладзіцца і вясёлыя гульні.

Жыхары суседніх вёсак лічылі жарабкоўцаў даволі заможнымі. Думаю, не без падстаў. Справа ў тым, што нашы землі, асабліва ворыўныя, былі аднымі з лепшых у раёне. 3 болей чым ста двароў можа 5—7 гаспадарак лічыліся беднымі з-за непрацаздольнасці і шматдзетнасці бацькоў. У большасці двароў трымалі 2— 3 каровы, шмат авечак, каня, а то пару і болей. Пачалі набываць механізаваныя прылады працы, такія як малатарні, малацілкі, конныя жнейкі і сенакасілкі. Са слоў маці, такая тэндэнцыя да заможнасці пачалася і захавалася з сярэдзіны 30-х гадоў, з польскага часу, нягледзячы на кароткую калектывізацыю саракавога года. Адразу пасля вайны, да ўтварэння калгаса ў 1940 г., працягвалі працаваць аднаасобна. Але ж новая ўлада, так званыя другія саветы, аблажыла кожную сялянскую гаспадарку неверагодна высокімі падаткамі. Плацілі за кожную курыцу на двары, за кожнае пладовае дрэўца ў садзе.

Насуперак усім цяжкасцям вёска працягвала працаваць. Руплівы селянін ніколі не ўяўляў свайго жыцця без паўсядзённай работы. У першыя гады пасля суцэльнай калектывізацыі і наступнай механізацыі чакалася значнае паляпшэнне сельскай гаспадаркі. Аднак прывыкаючы да калектыўнай працы, псіхалагічна чалавек паступова пачаў траціць беражлівасць да яе вынікаў, губляў рацыянальныя адносіны да асабістай уласнасці. Навукова неабрунтаваная меліярацыя, празмерная хімізацыя глебы пачалі імкліва разбураць дасканаласць Прыроды. На жаль, савецкая ўлада не паспела ўсвядоміць, што пазбегнуць чарговых біясацыяльных катастроф можна толькі праз непарушнасць экалагічных працэсаў, якія фарміравалі навакольны свет тысячагоддзямі. Кожны комплекс культурна-гаспадарчай дзейнасці заўсёды складваўся ў канкрэтных прыродных умовах існавання пад уплывам культурных традыцый. 3 цягам гістарычнага часу ён мяняецца разам са зменай прыроднага асяроддзя, пад уплывам болей развітых сумежных этнасаў.

Міфалагічная логіка сведчыць: першабытны чалавек умелы, стаўшы разумным і адносна цывілізаваным, не перастаў амаль да канца мінулага стагоддзя атаясамліваць сябе з навакольнай прыродай і космасам. Нават сучасныя рытуалы спрыяюць захаванню мноства традыцый, гарантуючы плённую арыентацыю ў цыклах народнага каляндара.

Сярод экалагічных традыцый і павер’яў нашых продкаў многія прысвечаны вадзе. Дагэтуль лічыцца, што крыніца адчыняе зямныя нетры, яе вада заўсёды з’яўляецца гаючаю для чалавека і жывёліны. Без чалавечай памяці крыніца перасыхае. Беражлівыя, паважлівыя адносіны да вады (не плюнь, не напаскудзь у яе) выхоўвалі і нас, дзяцей. Бацька зранку не рабіў кроку са свайго двара, не абмыўшы твар вадою. Да гэтага часу добра помняцца такія выслоўі: ”хлеб — бацька, вада — маці”; «трэба пакланіцца, каб з крыніцы вады напіцца”, ”якая крыніца — такі і гаспадар”, ”красна рэчка берагамі” і інш.

Такім чынам, вёска Жарабковічы ўмела жыць, працаваць, спяваць, кахаць, вучыцца. Вядомы Генадзь Цітовіч кіраваў вясковым хорам, Міхась Раманюк вывучаў строі адзення. Цікавая рэч помніцца з маленства ад старых людзей: мы не палешукі. Пра месца знаходжання апошніх яны паказвалі ў бок Ганцавічаў. Вывучаючы пазней стан генафонду беларускага этнасу ў межах яго экалагічных правінцый, я ўпэўніўся, як добра суадносяцца генетычная памяць нашых продкаў з гістарычнаю.

Традыцыйная духоўная культура сяла трымалася недзе да сямі—васьмідзесятых гадоў. Зараз гэта новая вёска, там жывуць іншыя людзі, многія з якіх мала мне вядомыя. Зусім нядаўна, 3 лістапада 1998-га года, на 87-м годзе жыцця памерла наша дарагая мама. Вельмі шмат яна паспела расказаць пра сваіх, а таксама бацькавых продкаў. Тата памёр намнога раней — у 1984 г. Мама апошнія дванаццаць год, цалкам страціўшы зрок, заставалася адукаванаю (скончыла 5 класаў польскай школы ральнічай, маецца адпаведнае пасведчанне) мудраю жанчынай, выхоўвала нас у павазе да людзей і навакольнай прыроды, даглядала сябе і дом свой у чысціні, помніла Бога і продкаў. Яна навучыла нас шанаваць дрэва, культ якога быў вельмі распаўсюджаны ў старажытнасці. Мы ніколі не разбурылі гняздо ластаўкі, ці якой іншай птушкі. Дзякуй табе, мама, за навуку. На жаль, сёння сапраўды не пазнаць ваколіцы Жарабковіч: высушана Кругліца, знішчаны Яцкаўскі алешнік, даўно няма Буракоўцаў і Валуя, адсутнічаюць Асадніцкія лугі. Прыродзе нанесена вялікая шкода.

Колькі слоў пра тагачасную школу. Цікавымі і разумнымі, строгімі і патрабавальнымі нашымі выхавацелямі і настаўнікамі помняцца Пятрусь Ждановіч, Зінчанка, Васіль Васільевіч, Нявейкіна, Лісаковіч, Булат Яўген Ігнатавіч і інш. Бацькі на дзіва хораша заахвочвалі сваіх дзяцей вучыцца як дома, так і потым, у тэхнікумах і вышэйшых навучальных установах. На вялікі жаль, сялянская праца, асабліва калектыўная, з кожным годам траціла сваё выхаваўчае прызначэнне. За яе ні калгас, ні дзяржава ніколі адпаведным чынам не разлічваліся і матэрыяльна. Зноў жа, пачыналася новая сумнавядомая палітыка індустрыялізацыі і ўрбанізацыі вялікай краіны пад назвай СССР. Моладзь пацягнулася да гарадскога жыцця, асабліва дзецюкі пасля службы ў арміі. Менавіта наш клас закончылі разам са мной вядомыя аграномы, настаўнікі. Напрыклад, Іван Карповіч, які памёр на Слонімшчыне, пісаў прыгожыя лірычныя вершы. Вельмі спадзяюся на сустрэчу з жывымі сябрамі. На жаль, многія ўжо пайшлі з жыцця. Не магу не прывесці тут радкі з верша Янкі Карповіча “Мая Беларусь”: “3 чым параўнаць цябе, родная, мілая, дзе яшчэ знойдзеш такія мясціны?. Ты мая белая, сіняя-сіняя, спадчына слаўная, край мой адзіны”.

Сам я пасля фельчарска-акушэрскай школы і службы ў ваенна-марской авіацыі, вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце, на працягу трох гадоў працаваў лекарам. Пасля адкрыцця пры Акадэміі навук мэтавай аспірантуры па генетыцы чалавека і антрапалогіі мяне накіравалі на вучобу ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Па тэме дысертацыі абследавання тысяч суачыйннікаў амаль ці не ў кожным раёне Беларусі і на памежных тэрыторыях. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі па матэрыялах навуковых даследаванняў напісаў за перыяд да 1989 г. 5 навуковых манаграфій. Апошнюю з іх “Генагеаграфія сельскага насельніцтва Беларусі” ў 1991 г. абараніў у якасці доктарскай дысертацыі. На новым метадычным і метадалагічным узроўні былі вывучаны экалагічны і гістарычны аспекты зменлівасці спадчынных прыкмет сучаснага насельніцтва. Зараз маю ганаровыя званні сапраўднага члена дзвюх Міжнародных грамадскіх акадэмій — экалогіі і геранталогіі.

За апошнія 10 гадоў мае навуковыя даследаванні накіраваны на вывучэнне ўплыву чалавека на стан прыроды і прыроды на яго здароўе. Гэтай тэме прысвечана навукова-папулярная кніга “Прырода чалавека, чалавек у прыродзе”. Калі гармонія ўзаемаадносін паміж грамадствам і навакольным светам не вернецца на добразычлівую глебу, бяда напаткае нашых нашчадкаў вельмі хутка.

Поруч вывучаюцца генетычныя і біякультурныя магчымасці адаптацыі (прыстасаванасці) сучаснага чалавека да экалагічна новых умоў існавання. Устаноўлены генафонд беларускага сельскага насельніцтва дазваляе сцвярджаць існаваўшую недзе да 60-х гадоў мінулага стагоддзя трывалую здольнасць лакальных папуляцый прыстасоўвацца да эпахальных змен як сацыяльных, так і прыродна-экалагічных. Але змена сельскага ўкладу жыцця на гарадскі ў першым-другім пакаленнях правакуе з‘яўленне новых хвароб цывілізацыі, алкагалізму, наркаманіі, псіханеўралагічнага дыскамфорту. У сваю чаргу, павялічваецца рызыка мутагеннага і анкагеннага ўплыву на генетычны стан палавых клетак і клетак іншых органаў і тканак. Асабліва такая з’ява ўзмацняецца пры сукупным уздзеянні мутагенаў і канцэрагенаў хімічнага і радыяактыўнага паходжання. Адначасова мяняецца духоўны стан моладзі, цалкам трацяцца асновы традыцыйнай культуры экалагічных паводзін, знікаюць этнічныя самасвядомасць і гістарычная памяць. Без адпаведнай пераемнасці культурна-гаспадарчых комплексаў, жыццёвых традыцый нашых продкаў, цяжка захаваць самабытнасць роднага этнасу і стабільнасць этнічнага генафонду.

Згодна з нашымі разлікамі, адпаведнасць у размеркаванні спадчынных генаструктур даследаваных папуляцый фізічнаму тыпу сучаснага насельніцтва пачала разбурацца не болей за два пакаленні таму назад, у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Новыя матэрыялы на малекулярным узроўні даследавання гарадскіх і сельскіх папуляцый дазваляюць канцэптуальна ўдакладніць прынцыпы фарміравання іх адаптыўнай нормы, якая заўсёды залежыць у сваім эвалюцыйным развіцці ад гістарычна эпахальных змен і экалагічна дэструктыўных умоў існавання. 3 падобнымі даследаваннямі неабходна вельмі спяшацца, каб паспець як мага болей вывучыць сучасныя папуляцыі чалавека і цалкам расшыфраваць яго геном. Матэрыялы па здароўю людзей пацвярджаюць: кожны год у паловы і болей людзей упершыню выяўляюцца тыя ці іншыя паталогіі, смяротнасць на працягу апошняга дзесяцігоддзя значна перавышае нараджальнасць, чаго не было спрадвеку, акрамя войнаў і эпідэмій.

Акрамя навуковай дзейнасці, мною разам з калегамі праводзіцца значная грамадская работа па прапагандзе экалагічных ведаў па месцы пражывання людзей, аб стане іх здароўя і прафілактычнай дзейнасці. Дзеля гэтых мэтаў у 1993 г. была створана дабрачынная арганізацыя “Асана”, якая аб’яднала намаганні асобных навукоўцаў лекараў, выкладчыкаў па свабоднаму доступу да экалагічнай і медыцынскай інфармацыі, у правядзенні незалежнай экспертызы дзяржаўнага экалагічнага маніторынгу, чысціні пітной вады і паветра, прадуктаў харчавання. Галоўная мэта — праз сродкі масавай інфармацыі, на радыё і тэлебачанні дабівацца ад заканадаўчых арганізацый і ўладных устаноў прыняцця і выканання адпаведных законаў іншых юрыдычных дакументаў па захаванню здароўя людзей, ахове водных рэсурсаў, лясных масіваў, зямных нетраў. На жаль, нашыя захады не заўсёды бываюць плённымі.

Згуртаванне навукоўцаў “Асана” разам з Беларускім аддзяленнем Міжнароднай акадэміі экалогіі змагаюцца за захаванне чысціні навакольнага асяроддзя, асабліва айчынных запаведнікаў. Беларускай экалагічнай партыяй зялёных (БЭЗ) праводзяц- ца экспертыза і конкурсы на экалагічную чысціню лакаў і фарбаў, разнастайнага парфуму, безалкагольных напояў і інш. Нікому не дазволена рабаваць карысныя выкапні, прыродныя рэсурсы, забруджваць навакольнае асяроддзе. Усё гэта багацце належыць не толькі нам, сучаснікам, але і нашым нашчадкам. Выхаванне экалагічна свядомых паводзін праводзіцца нашымі сябрамі ў школах, запісы выступаў распаўсюджваюцца на аўдыа- і відэакасетах сярод вучняў іншых школ. Менавіта зараз можна набыць нашу навукова-папулярную кнігу “Ён і Яна: эцюды па генетыцы і эвалюцыі полу”. У лютым 1997 г. і сакавіку 1999 г. былі праведзены дзве Міжнародныя, адпаведна навукова-творчая і навукова-практычная канферэнцыі: ‘Праблемы экалогіі культуры і духоўнасці” і “Дэмаграфічныя праблемы Беларусі”, матэрыялы якіх апублікаваны і распаўсюджаны. Напрыканцы пералічу асноўныя свае кнігі, як асабістыя, так і разам з калегамі, што надрукаваны за апошнія дваццаць гадоў. “Очерки по антропологии Белоруссии”, “Антропология белорусского Полесья”, “Биологическое и социальное в формировании антропологических особенностей”, “Наследственные и социально-гигиенические факторы долголетия”, “Наша генетическая память”, “Геногеография сельского населения Белоруссии”, “Геногеография Беларуси (экологические и исторические аспекты изменчивости)”, “Прырода чалавека, чалавек у прыродзе” і інш.

У 1998 г. мне разам з супрацоўнікамі Аддзела антрапалогіі і
экалогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі за комплекс навуковых работ па тэме “Чалавек і яго біякультурная адаптацыя”
прысвоена ганаровае званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Гэта абавязвае працаваць яшчэ больш напружана і самааддана. Менавіта зараз разам з расійскімі калегамі
працягваецца новая серыя даследаванняў сучаснага насельніцтва па размеркаванню структур ДНК на малекулярным узроўні, у
залежнасці ад сацыяльнага і экалагічнага прэсінгу на здароўе
чалавека і яго псіхалагічны настрой. Адначасова наша даследаванне будзе садзейнічаць неабходнаму пошуку шляхоў захавання існуючай генадэмаграфічнай разнастайнасці, у распрацоўцы навуковых асноў экалагізацыі калектыўнай свядомасці і асабістай маральна-этычнай арыентацыі. Прынцыпам аховы Прыроды і Чалавека павінна стаць захаванасць усёй біялагічнай разнастайнасці, без чаго немагчымыя ўстойлівае развіццё грамадства, будучыня нашых нашчадкаў.

Мікуліч, А. [Аўтабіяграфія] / Аляксей Мікуліч // Ёсць край такі… : гістарычна-літаратурная хроніка. – Баравічы: Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, 2003. – С. 403-412.

Comments are closed