Лабузы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>

Лабузы // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны

Лабузы

Labuzy
Лабузы

Сядзіба. Размешчана на паўночна-ўсходнім ускрайку в. Лабузы Конькаўскага сельскага Савета. Сядзібу абкружае маляўнічае наваколле правага берага р. Шчары. Яна займае плошчу каля 4,5 га.

Цэнтрам кампазіцыі ансамбля з’яўляецца сядзібны дом. Будынак мураваны, y плане мае форму прадаўгаватага прамавугольніка, аднапавярховы, накрыты высокім чатырохсхільным жалезным дахам. Сцены і калоны атынкаваныя.

Па цэнтры галоўнага і паркавага фасадаў існуюць невялікія порцікі з элементамі класіцызму. Паркавы порцік чатырохкалонны з шырокім трохвугольным шчытком, y якім размешчана паўакруглае шасцісекцыйнае дахавае акенца.

Галоўны фасад мае пяць прамавугольных вакон, вылучаны значна меншым порцікам на дзвюх мураваных калонах, на якія абапіраецца гладкі трохвугольны шчыток.

У палацы было восем пакояў. Пасля 2-й сусветнай вайны ў палацы месціліся пачатковая школа і жыллё для настаўнікаў. Пасля закрыцця школы будынак доўгі час выкарыстоўваўся ў якасці мясцовай крамы. У сярэдзіне 1990-х гадоў крама была зачынена, палац стаў безгаспадарным, занядбаным і разрабаваным.

Разам з будаўніцтвам палаца ў 2-й палове XIX ст. бьгў закладзены пейзажны парк. Асноўны дрэвастой яго складаюць ясені, клёны, каштаны, дубы, ліпы старога ўзросту. Кампазіцыя парку праглядаецца слаба.

У агульны комплекс уваходзіў шэраг мураваных гаспадарчых аб’ектаў, пабудаваных значна пазней (стайня, абора, свіран), якія таксама цяпер занядбаны і не выкарыстоўваюцца.

Рэшткі сядзібы павінны быць узяты на ўлік і пад ахову дзяржавы.

Лабузы // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў. – Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 221-222.

Comments are closed