Карповіч Алег

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>>Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем >>>

Паўлючэнка, В. Вернасць жанру

Вернасць жанру

 

У маім дзяцінстве, дарэчы, гэты жанр меў тысячы прыхільнікаў. Дастаткова прыгадаць толькі папулярныя часопісы “Крокодил” і “Вожык”. Ды і астатнія выданні часта друкавалі малюнкі “на злобу дня”.

Мова ліній, пры дапамозе якіх ствараліся вобразы, злоўленае літаральна некалькімі штрыхамі падабенства… Засталіся ў памяці прозвішчы: X. Бідструп, Кукрыніксы…

 

Візітка:

Алег Карповіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў Ляхавічах. Жыў у Слоніме, закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава і факультэт графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Аформіў нямала кніжак, удзельнічаў у розных выстаўках: экслібрыса, плаката, станковай і кніжнай графікі, карыкатуры.

Лаўрэат Гран-пры Міжнароднага экслібрыс-цэнтра Бельгіі, дыпламант шэрагу конкурсаў на лепшую кнігу Беларусі, аўтар ілюстрацый-шаржаў да кнігі Міколы Шабовіча “Хор болей не спявае”. Галоўнымі кірункамі творчасці мастака з’яўляюцца сяброўскі шарж і карыкатура.

 

 Лаканічная мова ліній

 

Знаёмае прозвішча заўважыла і на карашку адной з кніг, якіх нават на працы ў Алега Карповіча некалькі палічак. Мастак, малюнкі якога — водгук на актуальныя падзеі ў штодзённай газеце “СБ — Беларусь сегодня”, шмат гадоў верны рэдкаму цяпер жанру сатырычнай графікі. Сам ён напаўжартам расказвае, як 7 гадоў таму перапалохаў маладзенькую журналістку з тэлебачання, калі ў эфіры сфармуляваў: “Карыкатура патрэбна толькі падчас войнаў і рэвалюцый. А гэта значыць — заўсёды. На жаль, сусветная гісторыя толькі пацвярджае гэта”.

Школьнікам хіба што не начаваў у раённай бібліятэцы, перагортваючы старонкі падшывак гумарыстычных выданняў ды разглядаючы альбомы карыкатур Дамье, Кукрыніксаў, Бідструпа. Сын настаўнікаў, Алег вырашыў стаць менавіта мастаком дзякуючы чалавеку, што першы прафесійна вучыў маляваць, — Уладзіміру Шэферу, у якога страшны 1941 год адабраў магчымасць закончыць апошні курс Сурыкаўскага вучылішча. А потым лёс дарогамі вайны і вайсковай часці, у якой ён служыў, з Расіі праз Польшчу і Германію прывёў у Слонім. Гэта ён паставіў першы нацюрморт і навучыў адбельваць алей, дапамог зрабіць першую палітру і падзяліўся фарбамі. I гэта яму, быццам на справаздачу, Алег прывозіў спачатку з “глебаўкі”, а потым з інстытута свае курсавыя работы — слова мудрага майстра шмат значыла…

Як усе творчыя людзі, Карповіч не можа прапусціць добрай кніжкі Перада мной з’яўляецца яшчэ адзін альбом. Зноў Мінск? Такія пазнавальныя па стылістыцы будынкі! Мастак тлумачыць: “Гэта Ташкент да землятрусу — ён быў вельмі падобны на наш горад — сапраўдны Горад сонца! Аднаўляючы пасляваенны Мінск, дойліды не мудруючы ўносілі ў аблічча сталіцы Беларусі ўсе лепшыя архітэктурныя напрацоўкі, што былі ў Савецкім Саюзе да пачатку 1950-х. Атрымаўся сапраўдны сінтэз савецкай архітэктуры”

Сёлетняя XIX Мінская Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш падарыла яму сустрэчу з выданнем “Парыж” у сатырычных малюнках. Можна ўбачыць горад і так, выцягваючы з будзённасці характэрныя рысы, мяняючы перспектыву, трошкі перабольшваючы. Жанчыны, дзеці, палісмены і клашары—насельнікі парыжскіх вуліц, сусветна вядомыя і мала прыкметныя воку, але такія любыя парыжанам куточкі іх сталіцы ўдзень і ноччу, у дождж і сонечную спёку. Не рэкламна-бліскуча-пампезны, а жывы, сапраўдны Парыж!

“Ведаеце, я некалі такім чынам маляваў Мінск. Дзякуючы гэтым малюнкам і трапіў на факультэт графікі. На абароне вучылішчнага дыплома паказваў “абавязковую праграму” — работу алеем — і чамусьці вырашыў прадэманстраваць выкананую тушшу (для душы) кампазіцыю на тэмы малюнкаў, што з натуры рабіў у старым Мінску. Васіль Шаранговіч, у той час загадчык кафедры графікі, як толькі ўбачыў, адразу прапанаваў: Прыходзь да нас, на графіку”. Такім быў першы крок да справы ўсяго жыцця.

 

Перыёдыка як лёс

 

А потым, у 1980-я, для працы ў часопісе “На экранах Беларусі” яго запрасілі на пасаду мастацкага рэдактара, таму што валодаў не толькі пёркам і майстэрствам рэжысуры друкарскіх выданняў, але і беларускай мовай.

“Гэта быў рэдкі шанц — я тады не меў мінскай прапіскі і ўладкавацца мог хіба школьным лабарантам. Рэдакцыі часопісаў “Маладосць”, “Бярозка”, “Вожык” і амаль усіх цэнтральных газет былі побач — у старым будынку Дома друку. Прапанавалі зрабіць малюнкі і для іх. Менавіта тут пачалося маё шматгадовае сяброўства з супрацоўнікамі гэтых выданняў — Анатолем Грачанікавым, Анатолем Казловым і іншымі. Гэта былі рэдкія людзі. Помню, Грачанікаў паглядзеў некалькі маіх работ і сказаў адказнаму сакратару: “Не губляйце дарма часу, не прыходзьце да мяне кожны раз на ўзгадненне, я вам давяраю, ведаю—усё будзе добра”.

Нават калі пайшоў пасля інстытута служыць у армію (апынуўся ажно ў Волагдзе), атрымліваў поштай заданні і гэтак жа адсылаў малюнкі. Ганарары за іх былі істотнай падтрымкай маім жонцы і маленькаму сыну. (Калі я скончыў інстытут, мне было 25 гадоў і ўжо меў сям’ю.)

Па ініцыятыве супрацоўніка “ЛіМа” Алеся Гаўрона ў газеце з’явілася знакамітая “13-я паласа”. Доўга трымалася на яго энтузіязме. Вакол яго згуртаваліся аўтары, вострыя “рэплікі” якіх на розныя падзеі я пераказваў на мове карыкатуры. Потым не стала Гаўрона, адказнымі за паласу былі розныя дюдзі, знакамітыя паэты, але праз некаторы час яна знікла. Чаму? А. Гаўрон ведаў і верыў у звышідэю “13-й паласы” (у нас з ім была распрацавана, як гэта цяпер модна гаварыць, канцэпцыя гэтай газетнай старонкі). Ён разумеў, што адна газетная палоска ў месяц, адданая пад афарызмы, літаратурныя пародыі і шаржы на работнікаў культуры і іх творы не тое што не замінае друкавацца майстрам “высокага” мастацтва — наадварот! Яна эканоміла дзясяткі газетных палос, якія трэба было б аддаць пад тое, каб у звычайным журналісцкім фармаце раскрыць чытачу вочы на той ці іншы твор, на тую ці іншую персону. Трапны афарызм з карыкатурай — гэта ж як трапны стрэл з дубальтоўкі! Ці сапраўдны віншавальны салют. Хто чаго заслугоўвае. Я ведаю, што Гаўрон спрабаваў данесці гэтую ідэю, марыў нават рабіць выстаўкі “13-й паласы” ў сценах рэдакцыі. Але не ўсе яго разумелі’.

Пра асабістыя зносіны з Гаўронам Алег Карповіч узгадвае з цеплынёй: “Уявіце сабе, калі я зламаў нагу, Алесь прывозіў мне заданні на дом (не кожны адказны сакратар здольны на такое: я, начальнік, буду яшчэ тэксты развозіць!), тэлефанаваў: “Табе трэба хадзіць, так што чакаю цябе ўнізе, у альтанцы, прыпаўзай”. Адразу і ўявіць было страшна, як гэта сысці з трэцяга паверха з загіпсаванай нагой, на мыліцах.

Ледзь не праз слёзы зірнуў праз акно ўніз, а ён сядзіць у альтанцы і махае мне рукой — чакае. Давялося ісці”.

Прашу прыгадаць які-небудзь нешараговы выпадак, звязаны з малюнкам.

Алег Іванавіч расказвае: “Карыкатурыст, як і кожны мастак, павінен прачуць матэрыял душою, сэрцам. Іншым часам проста дакументальна адчуваеш вобраз, намаляваны таленавітым словам. Аднойчы ішоў матэрыял з серыі пра крымінал. Расказвалася пра дзяўчынку-ахвяру, і было даручана зрабіць малюнак, бо фота змяшчаць было некарэктна. Я ніколі яе не бачыў, Але на маім малюнку атрымалася знешняе падабенства, маці звярнулася са скаргай у газету, маўляў, абяцалі ж, што па публікацыі дачку не пазнаюць тыя, з кім сям’і кожны дзень прыходзіцца сустракацца”.

На шчасце, ёсць выданні, якія ў апошнія дзесяцігоддзі не адмовіліся кантактаваць з чытачом на мове карыкатуры, шаржу, граматнага малюнка і ўвогуле — газетнай графікі. У сучасным свеце хапае тэм. Можа, некалі і ў нашу газету вернецца славутая “13-я паласа”? На пытанне, пры якіх умовах яе магчыма адрадзіць, Алег Карповіч адказвае: ‘Толькі калі з’явіцца асабіста зацікаўленая асоба. Тады і аўтары збяруцца. I я з задавальненнем паўдзельнічаю ў праекце. Няхай бы гэта паласа стала помнікам яе пачынальніку — Алесю Гаўрону”.

Паўлючэнка, В. Вернасць жанру / Вольга Паўлючэнка // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 24 лют. (№ 8). – С. 16.- Пра мастака Алега Карповіча, які нарадзіўся ў горадзе Ляхавічы.

Comments are closed