Калектывы аматарскай мастацкай творчасці. “Вастраўчане”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Калектывы аматарскай мастацкай творчасці

 

“Вастраўчане”

 

Грынь, Ю. А «Вастраўчане» ўсё жартуюцьКанько, Г. Вострыя на гумарКанько, Г. І жартам, і ўсур’ёзНародны тэатральны калектыў “Вастраўчане”

А «Вастраўчане» ўсё жартуюць

Да гэтага адказнага выхаду на раённую культурную сцэну асобныя выканаўцы і мастацкія калектывы Ляхавіччыны рыхтуюцца на працягу года: падбіраюць рэпертуар і касцюмы, рэпеціруюць, адшліфоўваюць майстэрства. Сёлета на занальны агляд у ГДК сабраліся лепшыя з лепшых.
Даўно знайшлі сваю слухацкую аўдыторыю ўдзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”. І на гэты раз іх праграма не пакінула нікога абыякавымі. Напэўна, і сёлета калектыў паспяхова выступіць на ХІІІ рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”.

Прафесіяналізм, адметная манера выканання, багаты рэпертуар спрыяюць усё большай папулярнасці інструментальнага ансамбля “Дыксіленд” настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Ансамбль з поспехам выступае на многіх сцэнічных пляцоўках, зараз рыхтуецца да конкурсу эстрадна-джазавай музыкі “Пружанскі блюз” у межах абласнога фестывалю сучаснага мастацтва “Эстрадны МІХ”.

Як заўсёды, шмат прэтэндэнтаў на выхад у абласны тур свята “Рытмы маладосці”. Захапляльным стала выступленне харэаграфічнага калектыву дзіцячай школы мастацтваў. Прыемным сюрпрызам для гледачоў і журы была пантаміма дуэта з ГДК у намінацыі “Арыгінальны жанр. Непадобны на іншыя сцэнічны нумар бітбоксера Сяргея Стрыхара з Задворскага СДК.
Адзін з заключных акордаў агляду – праграма прэтэндэнтаў на ўдзел у свяце народнага гумару “Спораўскія жарты” клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК і тэатральнага калектыву “Вастраўчане” Востраўскага СДК. Гледачы атрымалі задавальненне ад сцэнак з вясковага жыцця, песень і гумарэсак. “Вечарніца”, акрамя таго, выдатна адпрацавала канцэрт на пацвярджэнне звання “народны”. А вакальнаму ансамблю “Берагіня” Дараўскага СДК журы парэкамендавала паспрабаваць атрымаць гэта ганаровае званне.

Юрый ГРЫНЬ,

дырэктар РМЦ.

 

Грынь, Ю. А «Вастраўчане» ўсё жартуюць / Грынь Юрый // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 25 сакавіка.

Вострыя на гумар

Напярэдадні Дня работнікаў культуры госцем «ЛВ» стаў народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК

Калі ў анонсе канцэртных праграм бачыце тэатральны калектыў «Вастраўчане», абавязкова схадзіце: безліч станоўчых эмоцый гарантавана. Жарты ў самадзейных артыстаў трапныя, заснаваныя на сітуацыях, узятых з уласнага жыцця, падгледжаныя ў суседзяў – блізкія і знаёмыя для кожнага з нас.

«Вастраўчане» робяць з іх сапраўднае прадстаўленне.

Шлях у культуру

Яшчэ на пачатку двухтысячных гадоў колішні дырэктар СДК Марыя Жарская ініцыявала стварэнне ў сельскім Доме культуры драматычнага гуртка. І пайшло-паехала.

У 2009 годзе тэатральны калектыў атрымаў званне «народны», якое пастаянна пацвярджае.

У кожнага з дзевяці цяперашніх удзельнікаў свой шлях у калектыў.
–Колькі дарожцы не віцца, а тутэйшы творчы чалавек абавязкова прыпішацца ў «Вастраўчанах» – хто па рабоце, хто па закліку душы, – гаворыць дырэктар СДК культработнік па прафесіі і прызванні Валянціна Гоўша.
Валянціна Міхайлаўна – старажыл культурнай прафесіі, у ёй тры дзесяцігоддзі. Але ў дырэктара СДК столькі энергіі і энтузіязму – пазайздросцяць і маладыя.

«Вастраўчане» – прадстаўнікі розных прафесій. Кожны – незаменны, яго роля галоўная, без якой не абысціся.

– Прыйшла сюды 14 гадоў назад, так і засталася. Адпачываю тут сэрцам і душой. Разам мы – вялікая і дружная сям’я, – расказвае намеснік дырэктара Востраўскай СШ Наталля Петухова.

Пра сям’ю – гэта, можна сказаць, у літаральным сэнсе: у калектыве адну з галоўных мужчынскіх партый іграе яе сын Аляксей.

– Яшчэ калі вучыўся ў школе, запрашалі быць вядучым, на іншыя ролі. Вельмі падабалася. Напэўна, таму і застаўся надоўга. А выступаць з мамай на адной сцэне здорава, – сцвярджае настаўнік гісторыі Аляксей Пташук.
Якую ролю ні давяраюць, з ёй цудоўна справіцца Анатолій Лешык, які ўжо дзесяцігоддзе здзіўляе гледачоў сваім невычэрпным пачуццём гумару. Арцём Здановіч мясцовы, але жыве і працуе ў Баранавічах, што не перашкаджае яму наведваць кожную рэпетыцыю, удзельнічаць ва ўсіх выступленнях.
Юрый Дзямід таксама настаўнік – рускай мовы і літаратуры. Бясконца можа гаварыць пра сваіх вучняў і пра захапленне тэатрам:

– Стараюся сыграць так, каб было весела, каб у гледачоў настрой падняўся і наша выступленне запомнілася.

Самы невялікі «вастраўчанскі» стаж – усяго пяць гадоў – у мастацкага кіраўніка ўзорнага ансамбля эстраднай песні «Пунсовыя агеньчыкі» Пятра Канцылярчыка.

Яна мастацкі кіраўнік СДК, кампазітар, піша музыку для тэатральных мініяцюр, вядучая артыстка. Гэта ўсё пра Валянціну Гаўрыльчык.
Завадатарка тутэйшых самадзейных артыстаў, тонкая і звонкая, гіпер-актыўная і супервясёлая – «Вастраўчанам» пашанцавала на рэжысёра Алену Кулак. Дарэчы, прафесіяналам яна стала ў многім дзякуючы загадчыцы СДК Валянціне Гоўша, якая ўгаварыла маладую жанчыну вучыцца на культработніка.
– Люблю нашы тэатральныя мініяцюры, а яшчэ больш люблю калектыў. «Вастраўчане» заўсёды побач: заўсёды парадуюцца і падтрымаюць, – гаворыць Алена Кулак.

Народная скарбонка

Востраўскі СДК – гэта не толькі тэатр мініяцюр. Ва ўстанове культуры ёсць свой музей –імправізаваная вясковая хата першай паловы мінулага стагоддзя. Жалезныя прасы, саматканыя ручнікі і посцілкі, вышываныя сурвэткі, драўляныя люлькі, кросны, качалкі, гліняныя гаршчкі, талеркі, жбаны, плецены чамадан, сярпы, куфар, старыя фотаздымкі – няпоўны пералік унікальных экспанатаў. Усё багацце ў СДК перадалі вастраўчане і тыя, хто хоць і даўно тут не жыве, але трымае сувязь з месцам, дзе нарадзіўся.
Побач з гэтым казачным пакоем у фае размясціўся зялёны аазіс прыгажосці. Уладарыць у ім кіраўнік аматарскага аб’яднання «Кветкавод» Валянціна Гаўрыльчык.

Рушым далей на гукі музыкі. Адчыняем дзверы і разумеем, што яна гучыць са старога патэфона. Па суседстве з ім «пажылыя» прайгравальнікі, у тым ліку бабінныя, вінілавыя пласцінкі з запісамі куміраў мінулага стагоддзя і добрымі дзіцячымі казкамі. Побач раскватараваліся баян, гармонік, плёначныя фотаапараты. Новае месца жыхарства для гэтых прадметаў знайшлі ўдзельнікі клуба філафаністаў, які стварыла Валянціна Гоўша.
Усяго ў СДК актыўна дзейнічае 10 аматарскіх аб’яднанняў для дзяцей і дарослых.

Віншуем,  жадаем

Яшчэ мясцовыя работнікі культуры ладзяць святы не толькі для вастраўчан, але і для жыхароў іншых вёсак. Пры гэтым цесна
супрацоўнічаюць з Востраўскім сельвыканкамам, а таксама з мясцовымі школай і дзіцячым садком, ФАПам, Востраўскім лясніцтвам, ЗТАА «БелДан».

«Каб у душы заўжды была вясна, гарэлі вочы вашы шчасцем, каб у жыцці было ўсё, што трэба: любоў, здароўе, хлеб і ўсё да хлеба!» – пажаданне ад «Вастраўчан» чытачам «ЛВ» і ўсім землякам.

Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. Вострыя на гумар / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 12 кастрычніка (№ 79). – С. 9.

І жартам, і ўсур’ёз

Творчыя, адданыя, апантаныя, таленавітыя, крэатыўныя спецыялісты   працуюць ва ўстановах культуры раёна.  Гэта яны, у райцэнтры, аграгарадках, вёсках вялікіх і  малых, клапоцяцца пра тое, каб свята было святам не толькі ў календары, каб на душы было добра,  не сумавалася, каб верылася і спадзявалася на лепшае, каб нават шэры дзень расквечваўся яркімі ўражаннямі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец перакананы,  што культработнікам трэба нарадзіцца. Нельга ў гэтай сферы працаваць і быць абыякавым, безыніцыятыўным. Кажучы вобразна, чалавек павінен гарэць сам і запальваць іншых.

Трэба было  так распарадзіцца лёсу, што ў вёсцы, а цяпер  аграгарадку з назвай  Востраў у мясцовым сельскім Доме культуры  з’явіўся калектыў “вострых” на язык – самадзейны тэатр. Шмат гадоў назад  колішні  дырэктар СДК Марыя Жарская арганізавала з мясцовых культработнікаў і жыхароў драматычны гурток, які пазней ператварыўся ў тэатральны калектыў “Вастраўчане” і ў жніўні 2009 года атрымаў ганаровае і заслужанае званне “народны”. Апладысментамі суправаджаюць  выступленні“Вастраўчан” на абласных фестывалях гумару “Спораўскія жарты”,  тэатральнага майстэрства – “Тэатральнае Палессе”,  “Напевы зямлі маёй роднай”. Ці варта гаварыць пра папулярнасць у сваім раёне?! Хоць раённыя дажынкі, хоць канцэрт у суседніх вёсках ці Ляхавічах, востраўскія жарты ідуць на “ўра”.

Не так проста на працягу больш за гадзіну ўтрымліваць увагу слухачоў. А “Вастраўчанам” гэта заўсёды ўдаецца. Амаль увесь рэпертуар калектыву – сцэны з  жыцця яго ўдзельнікаў  ці “падгледжаныя” ў суседзяў, аднавяскоўцаў.  Як гаворыць  дырэктар мясцовага СДК і рэжысёр “Вастраўчан” Валянціна Гоўша,  рэпертуар зборны.  Сабраліся разам, расказалі, пасмяяліся, абмеркавалі, падабралі да слоў музыку (яе часта сачыняе мастацкі кіраўнік СДК  Валянціна Гаўрыльчык) і ”пагналі” рэпетыраваць.  Кожны з 12 удзельнікаў тэатральнага калектыву (у яго склад уваходзяць настаўнікі, работнікі  СВК “Востраў-Агра”, мясцовага ФАПа, студэнты) уносіць сваю іскрынку.

— Сумесныя рэпетыцыі і выступленні сталі часткай жыцця. Без іх сябе не ўяўляем, — сцвярджаюць  Валянцін Дыдышка і  Анатолій Лешык. Акрамя  іх за моцную палову  вяскоўцаў спяваюць, весяляць народ Арцём Здановіч, Артур  Малышка, Аляксей Пташук, Юрый Дземід. У мясцовых культработнікаў можна смела пераймаць вопыт удалага і змястоўнага супрацоўніцтва з работнікамі, вучнямі і выхаванцамі тутэйшых школы і дзіцячага сада, фельчарска-акушэрскага пункта, лясніцтва, сельвыканкама. Напрыклад,

дырэктар школы Алена Дыдышка прапаноўвае новыя сюжэты  тэатральных пастановак і з’яўляецца касцюмерам, настаўнік фізкультуры Валянцін Дыдышка не толькі актыўны ўдзельнік калектыву, але і аўтар  праекта па добра-ўпарадкаванні тэрыто-рыі вакол СДК. Увасобіць у жыццё гэты праект яму дапамагалі  ляснічы Востраўскага лясніцтва  Сяргей Амбражэй, работнікі лясніцтва Аляксандр Сельмановіч, Сяргей Адамчык, Васілій Сельмановіч.  Завуч Востраўскай СШ Наталля Петухова — галоўная выканаўца жаночых роляў.  А якія цудоўныя салісты  Вольга Булай  і маладая сям’я з Падлаззя  Андрэй і Вольга Саванчукі.

Нядаўна культурны дэсант з востраўскіх артыстаў  прыехаў (на асабістым транспарце старшыні  сельвыканкама Уладзіміра Тадры) ў Стральцоўскі дом сацыяльных паслуг павіншаваць вяскоўцаў сталага ўзросту з Днём пажылых людзей.

— Самай галоўнай падзякай для нас сталі апладысменты і запрашэнне прыязджаць зноў, — расказвае Валянціна Гаўрыльчык і дадае: — Вельмі прыемна, што  наша  маладая калега дырэктар Дома сацыяльных паслуг Ірына  Зубік так клапоціцца пра вольны час пажылых.

Не толькі тэатральным калектывам славіцца Востраўскі СДК. Паспяхова дзейнічаюць 11 клубных фарміраванняў. Найбольш запатрабаваныя ў тутэйшых жыхароў сямейны клуб “Іван ды Мар’я”, дзіцячае аматарскае аб’яднанне  “Робім самі”. У фае на другім  паверсе СДК царства пакаёвых кветак паказвае, наколькі захапіла імі аднавяскоўцаў кіраўнік аб’яднання “Кветкавод” Валянціна Гаўрыльчык.  А ў выставачнай зале больш за сотню старых вінілавых пласцінак, прайгравальнік даўніх часоў. Усё гэта  сабралі ўдзельнікі клуба філафаністаў.

У наступным пакоі куток народнай творчасці з мноствам унікальных экспанатаў.  Вось дзве драўляныя люлькі: у адной дзіцятка калыхалі дома, у другой, меншай,  бралі яго з сабой на поле. Маці дырэктара СДК перадала іх у музейны куток, як, дарэчы, і  кросны, і многае іншае. Усе рэчы сюды прынеслі мясцовыя жыхары: вышыванкі — Людміла Сахон, Раіса Петрашэвіч, Ірына Галенка, Ірына Войцік, патэфон (у рабочым стане) – Кацярына Рагацэвіч, адзенне, накшталт “плюшаўкі“, – Алена Надалінская, а яе браціха нават перадала з Мінска вышываны ручнік, якому больш за 100 гадоў.  Кожная рэч можа шмат расказаць і пра  час, і пра сваіх гаспадароў. А,напрыклад, куфар ад Марыі Гоўша і ўвогуле многія хацелі купіць на мінулагодніх абласных дажынках у Ляхавічах, дзе ён ”суправаджаў” ”Вастраўчан”.

Без работнікаў СДК не абыходзіцца ні адна вясковая падзея. Ім з задавальненнем дапамагаюць землякі. Ветэраны працы Алена Май, Марыя Окалат, Аляксандр Петрашэвіч, Васілій Козел пішуць вершы і апавяданні, якія прыходзяцца вельмі дарэчы падчас розных урачыстасцяў-ушанаванняў. Валянціна Гоўша ў культурнай справе больш за 30 гадоў, у школе пісала сцэнарыі і была вядучай мерапрыемстваў, тады і адчула, што гэта ёй блізка і цікава.

– Культработа – неад’емная частка  жыцця маёй сям’і, – далучаецца да размовы Валянціна Гаўрыльчык. — Дачка  Алёна —прадаўжальніца дынастыі, мастацкі кіраўнік Крывошынскага СДК, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Муж  Аляксандр дапамагае транспартам на выязных канцэртах.

Востраўскі СДК сёння размешчаны ў сучасным, утульным будынку — такім ён стаў 2 гады назад пасля рэканструкцыі  і рамонту, праведзенага за бюджэтныя сродкі. Падтрымліваюць, аказваюць спонсарскую дапамогу дому культуры ЗТАА “БелДан” (нядаўна купілі аўдыёапаратуру, газонакасілку), ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, СВК “Востраў-Агра”, Востраўскі сельвыканкам.

Чаго не хапае мясцовым культработнікам? Новых касцюмаў.  Хто дапаможа абнавіць гардэроб таленавітых самадзейных артыстаў?..

Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. І жартам, і ўсур’ёз / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 11 кастрычніка (№ 76). – С. 8.

Народны тэатральны калектыў “Вастраўчане”

 Народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” Востраўскага СДК узнік з драматычнага гуртка , які існаваў з 1992 года. З пачатку існавання ён налічваў 18 чалавек. У склад калектыву ўваходзілі людзі рознага ўзросту і прафесій . Пачыналі з мясцовага матэрыялу , з запісу песен, абрадаў, свят, вячорак. Выступалі на занальных і абласных смотрах. У 2002 годдзе гурт выступаў на абласным аглядзе – конкурсе у горадзе Ляхавічы “Запршаем на пасядзелкі”. У красавіку 2006 года фальклорны гурт прыняў удзел у абласным фальклорным фестывалі “Красныя святкі” у вёсцы Хрыса Бярозаўскага раёна.

Ішоў час. Калектыў рос, набіраўся новых творчых сіл, выяджаў на розныя мерапрыемствы.  Пачалі ставіць сценкі з жыцця вёскі . За аснову ўзялі камедыйны жанр. Нітачкай для заснавання тэатра стаў спектакаль “Падарожжа дэлітанта ў вёску Востраў”, з якім  фальклорны тэатр “Суседзі” Востраўскага СДК 15 ліпеня 2006 года  прыняў удзел  у 3 абласным фестывалі народнага гумару “Спораўскія жарты” у вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна. Гэта быў сапраўдны ўзлёт. Калектыў пачаў натхнённа працаваць.  У рэпертуары прэабладае вясковая тэматыка: “Жаночы вулей”,  “Эх, цешча мая”, “Як у нас на кірмашы”, “Рабінаўка”, “Урок  дочкам” і іншыя.

Першым кіраўніком  тэатра была Жарская Марыя Іванаўна.

Першымі удзельнікамі былі:

Адамчык Алена Іванаўна

Акаршчук Алег Аркадзьевіч

Аляшкевіч Антон Анатольевіч

Войцік Ірына Нікалаевна

Гаврыльчык Валянціна Аляксандраўна

Гарон Святлана Уладзіміраўна

Гоўша Валянціна Міхайлаўна

Дыдышка Валянцін Станіслававіч

Здановіч Арцём Іванавіч

Лешык Анатольевіч Васільевіч

Лешык Вера Іванаўна

Лук’янчык Ірына Міхайлаўна

Петрашэвіч Дзмітрый Аляксандравіч

Салавей Галіна Міхайлаўна

Пасля дабавіліся новыя удзельнікі:

Вайшэвіч Алена Іванаўна

Дземід Юрый Рыгоравіч

Кулак Алена Віктараўна

Петухова Наталля Уладзіміраўна

З цягам  часу у  рэпертуары з’явіліся “Востраўскія калючкі” і “Свет мой зеркальце скажи”  да дня культработніка. Затым “Беларускія заручыны”, спектакалі  “Паўлінка” Янкі Купалы, “Прымакі”,   “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота.  Спектаклі  і замалёўкі прыняслі калектыву з Вострава папулярнасць.

Тэатральны гурт прымае ўдзел у абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе – 2008” у горадзе Івацэвічы. Быў адмечаны дыпломам.

І вось вынік. 29. 07. 2009 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь калектыву прысвоена званне “Народны”.  На пасаду рэжысёра тэатра была назначана кіраўнік тэатральнага калектыву Жарская Марыя Іванаўна.  Загадчыкамі пастановачнай часткі: Дыдышка Валянцін Станіслававіч і Гаўрыльчык Валянціна Аляксандраўна.  Тэатр выяджае на гастролі ў Баранавічскі і Ганцавічскі раёны.

З 2011 года рэжысёрам  народнага аматарскага тэатральнага калектыву “Вастраўчане” назначана дырэктар Востраўскага СДК Гоўша Валянціна Міхайлаўна, якая ў 2008 годзе закончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Яна з’яўляецца аўтарам многіх гумарыстычных праграм.

У кастычніку 2011 года тэатральны калектыў прымаў ўдзел у абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе – 2011” у горадзе Івацэвічы, дзе паказвалі камедыю Міхася Чарота “Мікітаў лапаць” і гумарыстычную праграму “Жыццё – справа тонкая”. Калектыў быў узнагарожаны граматай і каштоўным падарункам.

У 2011, 2012, 2013, 2014, 2015, 2016 годзе народны тэатральны калектыў “Вастраўчане”  Востраўскага СДК прымаў удзел ураённых святах фальклорнага іскуства “З крыніц спрадвечных”. Быў адмечаны граматамі.

У ліпені 2013 года года народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” прыняў удзел у 5 абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты” у вёсцы Спорава  Бярозаўскага раёна. Адмечаны граматай.

У кастрычніку 2013 года народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” прыняў удзел у раённым свяце фальклору у вёсцы Крошын Баранавіцкага раёна “Напевы зямлі маёй”.  Адмечаны граматай.

Народны аматарскі  тэатральны калектыў удзельнічаў у першым раённым свяце гумару “Кірмаш гумару па – ляхавіцку”.

Удзельнікі тэатра прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах , якія праводзяцца не толькі на сцэне Дома культуры, але і ў раёне і вобласці. Тэатралізаваныя прадстаўленні “Калядкі”, “Купала”,  свята вёскі, свята Перамогі, абласным і раённых фестывалях  –  ярмарках “Дажынкі”.

Калектывам ставяцца многа спектакляў, гумарыстычных праграм і мініяцюр: “Кумкі гароткі”, “У эфіры Вастраўчане”, “Дажартуешся кума”, “Клубнічка для мужчын”, “Будзем жыць, як набяжыць”, “На фактар смеху”, “Ну, мужыкі”.

З выязднымі канцэртамі калектыў пабываў у вёсках Агаровічы Ганцаўскага раёна, Уцёс Баранавіцкага раёна, Стральцы, Тухавічы, Крывошын, Жарабковічы, Кулікі, Гута, Рагачы і іншых вёсках Ляхавіцкага раёна.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed