Бадак Алесь. Крытычныя матэрыялы.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Бадак Алесь >>>

 

Алейнік, Л. Нельга двойчы ўвайсці ў адну ракуБароўская, І. Салаўіная песня каханняБарысюк, Т. “Не знайшоў я на вечным шляху ні грымотнае славы, ні воліКарлюкевіч, А. Птушыная планетаКенька, М. Паэзія на вечным шляхуЛадутько, К. «Ищу трехмерное пространство»Маленькі чалавек у вялікім свецеСтудзёная, А. Праблемы падлеткаў на старонках часопіса МаладосцьШаўлякова, І. Маланкавыя будні самотнага сонцаШаўлякова, І. Мастацтва сталення

Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку…

(аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца»)

«Існуе неабвержная заканамернасць у тым, што тыя, хто піша пра станаўленне, фармаванне чалавечай асобы, пра яе духоўны і душэўны патэнцыял заўсёды звяртаюцца да гадоў дзяцінства і юнацтва. Менавіта ў тую пару ва ўзаемаадносінах з навакольным светам, з прыродай, праз гэтыя ўзаемаадносіны і дзякуючы ім фарміруюцца ў чалавеку пачуцці і ідэалы добрага і прыгожага», — заўважыў С. Андраюк. Менавіта падзеі з юнацтва лірычнага героя з’яўляюцца аб’ектам філасофскага асэнсавання ў аповесці Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». Пры гэтым іх сапраўдная сутнасць — драматычны вынік колішняга дзіцячага жарту — робіцца вядомай герою адно ў сталым узросце, нечакана і выпадкова…

Кампазіцыя аповесці неардынарная. У сюжэтную плынь уведзены некалькі своеасаблівых эсэ, якія быццам бы не маюць непасрэднага дачынення да асноўных падзей. Адно з такіх эсэ, дзе аўтар прамаўляе ад уласнага імя, выступае ў творы ў якасці пралога: «Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі. <…> Я пісьменнік, і даўно зразумеў, што кожнаму твору патрэбна свая, асобная, скажам так, прылада працы. Часам даводзіцца перабраць добры тузін аўтаручак, каб нарэшце знайсці патрэбную, якую пры пісьме зусім не адчуваеш, быццам яна — частка тваёй рукі. Я пішу марудна, шмат крэслю, але пасля таго як тэкст з’яўляецца ў друку, больш ужо не ўношу ў яго ніводнай праўкі. А каб усё ж не з’яўлялася спакусы нешта ў ім паправіць, я праводжу — як правіла, гэта адбываецца на лецішчы — творчае ахвярапрынашэнне: спальваю аўтаручку на спецыяльна разведзеным для гэтай мэты вогнішчы. Таму мая калекцыя ўвесь час абнаўляецца…». 3 улікам таго, што далей у творы разгортваецца гісторыя юнацкага кахання, гэтае «лірычнае адступленне» можа падацца дзіўным або недарэчным. Арыгінальнасць і мэтазгоднасць аўтарскай задумы робіцца відавочнай значна пазней… Тады, калі ўзнікае разуменне, як няпроста часам бывае вярнуцца да мінулага, прымусіць сябе нанава перажыць тое, што, падавалася б, незваротна адышло, але чамусьці на працягу жыцця вярэдзіць душу, непакоіць і хвалюе. Каб асэнсаваць былое, даць яму аб’ектыўную ацэнку, часта не стае ці мужнасці, ці маральнай спеласці, ці адпаведнага стану душы, ці элементарнага часу… У дадзеным выпадку, як засведчыў пісьменнік, яму не хапала адно стрыжня для аўтаручкі. Бо ў той аўтаручцы, што была адзіна прыдатнай для напісання аповесці і «дваццаць гадоў чакала свайго часу», у стрыжні высахла паста. «Да ўсяго, іншыя стрыжні, якія я ўстаўляў у ручку, пры пісьме хісталіся, і словы таксама атрымліваліся хісткімі, чужымі, быццам іх пісаў нехта іншы, а значыць, чужую, не маю гісторыю. Мне не заставалася больш нічога, як адкласці пісанне, выдатна разумеючы, што можа прайсці нямала часу, перш чым я зноў вярнуся да гэтай гісторыі. А можа, і не вярнуся да яе ніколі. Я адчуваў, як ува мне пачынае расці абыякавасць да яе». Што ж, атрымліваецца, што з-за «непрыдатнасці» аўтаручкі пісьменнік не можа падступіцца да новага твора?.. Сумнеўна. Тут, верагодней за ўсё, вобразна вытлумачваецца іншае — спецыфічная ўнутраная «негатоўнасць», адчуванне таго стану, які мастакі называюць «супраціўленнем матэрыялу». Міжвольна, падсвядома адчуваючы, што адпаведны момант яшчэ не надышоў, аўтар не дазваляе сабе прымусовай працы… Пра гэтую з’яву — своеасаблівую духоўную спеласць, маральную падрыхтаванасць творцы да ўвасаблення мастацкай задумы — цікавыя развагі сустрэліся ў кнізе Алеся Яскевіча «Грані майстэрства»: «Асабістае жыццё мастака ў значнай ступені адрозніваецца ад жыцця іншых людзей. Мастак усё ўбірае ў сваё сэрца. Толькі праз сэрца — перамога, толькі праз перажыванне, спачуванне і творчасць — вызваленне! Ёсць, безумоўна, іншы выбар — пазбегнуць пакут, аднак ён не можа спадзявацца, што яму адкрыецца вышэйшая праўда свету. Пра гэта шмат гаварыў у сваіх дзённіках I. С. Тургенеў. Аб гэтым жа піша Стэфан Цвейг: «Для мастака ёсць лячэбны сродак, якога ўрач не можа прапісаць іншым сваім пацыентам. Ён можа, толькі ён адзін, пераадольваць клопаты і выпрабаванні, апісаўшы іх. Ён можа ператварыць свой горкі вопыт у хвалюючыя вобразы і ўсё, што было жорсткай жыццёвай неабходнасцю, перарабіць у творчую сілу». Перамога пакут творчасцю… Няма вышэйшай асалоды для мастака, як авалодаць хаосам жыцця, стварыць свой свет і ўсёй унутранай мерай адчуць, што ўдалося, «стварылася». Па-мойму, менавіта пра гэткія моманты — унутранага выспельвання задумы, чакання душэўнага імпульсу, руху, натхнення — вядзе гаворку Алесь Бадак, калі расказвае пра пільны падбор аўтаручкі для твора. Доўгачаканы момант урэшце надыходзіць. I пісьменнік ізноў звязвае яго з «прыладай працы»: «I калі амаль праз паўгода мой сябра пісьменнік Барыс Пятровіч, вярнуўшыся з Польшчы, са словамі: «Ён ідэальны для еўрапейскага пісьменніка, бо аб’ём чарніла ў ім вызначае самы прымальны для еўрапейскага чытача памер рамана», падарыў мне стрыжань, які нарэшце — падышоў да маёй аўтаручкі, я падумаў, што гэта здарылася, відаць, надта позна. I ўсё ж цяпер, у гэтыя хвіліны, <…> я сяджу за сваім рабочым сталом і пішу радкі, якія вы зараз чытаеце, і ў руцэ маёй аўтаручка з польскім стрыжнем, якога, як лічыць Барыс Пятровіч, якраз хапае на напісанне самага ідэальнага па сваім памеры рамана. Праўда, у мяне будзе не раман, а хутчэй за ўсё, невялікая аповесць, і вярнуцца да яе мне дапамог адзін выпадак Гпадкрэслена мной. — Л. А.], які здарыўся са мной на мінулым тыдні». Аднак ключавы сэнс утрымлівае, несумненна, словазлучэнне «адзін выпадак». Менавіта выпадковы збег абставін змушае пісьменніка не толькі згадаць сваё школьнае мінулае, але і літаральна «судакрануцца» з ім, высветліць нечаканыя і вельмі балючыя наступствы даўняга неабдуманага ўчынку…

Эпізод, з якога пачынае рэканструявацца былое, робіцца не толькі першым крокам да разумення канфлікту дваццацігадовай даўнасці, але і ў цэлым адыгрывае ў сюжэтабудове даволі істотную ролю: інтрыгуе, насцярожвае, абвастрае цікаўнасць…

Абставіны складаюцца наступным чынам: колішні аднакласнік, які ўжо сам стаў настаўнікам, запрасіў пісьменніка выступіць у школе — «у яго класе адбыўся надзвычайны выпадак»; вучань-васьмікласнік падцікаваў зручны момант і сфатаграфаваў сваю настаўніцу на мабільнік у непрывабным выглядзе. Ды яшчэ намысліў размясціць фотаздымак у Інтэрнеце… Прыехаўшы ў раённы гарадок да сябра дзяцінства, каб «папярэдне абгаварыць з ім нюансы гэтага выступлення», пісьменнік сустракае на аўтобусным прыпынку сваю школьную настаўніцу — тую, у якую калісьці быў па-дзіцячы наіўна і шчыра закаханы. Аднак дыялог, які адбываецца паміж імі, выклікае ўражанне, што настаўніца вядзе гаворку не з былым вучнем, а з заклятым ворагам:

«—Добры дзень,— сказаў я… <…> — Вы мяне пазналі?

— Пазнала, — сказала яна дастаткова суха, каб зразумець, што нават праз дваццаць гадоў не хоча рабіць выгляд, быццам ёй прыемна мяне бачыць.

— Відаць, вы на мяне тады моцна пакрыўдзіліся і не можаце дараваць па сённяшні дзень…

—Я вас тады ўзненавідзела.

Здавалася, цэлых дваццаць гадоў яна чакала моманту, каб кінуць мне ў твар усяго чатыры словы. Але я крыху памыліўся, гэтага ёй было мала. Яна адвяла позірк і дадала:

— I думаю, з таго часу мала што змянілася ў маіх адносінах да вас».

Тут, натуральна, узнікае шэраг пытанняў: што ж гэта быў за ўчынак, які настаўніца не здолела дараваць вучню і праз дваццаць год? Няўжо правіна школьніка можа быць падставай для шматгадовай зацятай нянавісці? (Што ж гэта была за гісторыя, да мастацкага асэнсавання якой пісьменнік не мог падступіцца гэтулькі часу?!)

Галоўны герой твора паўстае ў двух іпастасях. Найперш, аўтар, як адзначалася, выступае ад уласнага імя, згадвае імёны рэальных вядомых персон, датуе факты дакладнымі часавымі каардынатамі, чым выразна падкрэслівае аўтабіяграфізм аповеду. Па сутнасці – пазіцыянуе сябе як героя-апавядальніка. Але калі гісторыя падыходзіць непасрэдна да падзей юнацтва, то на авансцэну выходзіць іншы персанаж – Сяргей Васілевіч – пра якога гаворка вядзецца ўжо ў трэцяй асобе. Дзеля чаго ж аўтар робіць такую «падмену», навошта дыферынцыруе персанажаў? Якой мэты спрабуе дасягнуць пры дапамозе гэткага мастацкага прыёму? Як на маю думку, далей пісьменнік тонка вытлумачвае сваё бачанне ўласнага маленства праз адлегласць у два дзесяцігоддзі: « I калі я, перабіраючы фотаздымкі таго часу, гляджу — вочы ў вочы — на сябе самога, мне міжволі здаецца, што той Сяргей і зараз жыве там, у часе, які застаўся на фота. І мы нічога не ведаем пра цяперашняе жыццё адно аднаго, і, можа быць, у гэтыя хвіліны ён таксама ўспамінае сябе ранейшага, і, магчыма, якраз такім, якім я сябе ўжо не памятаю. Таму нават у сваіх успамінах мы з ім пражываем розныя жыцці, нібы зусім чужыя адзін аднаму. Хоць каму, як не мне, да драбніц ведаць рысы яго характару, яго самыя інтымныя мары і жаданні». Ці не кожны з нас, згадваючы сваё дзяцінства, глядзіць на сябе нібыта вачыма старонняга чалавека — не проста дарослага, а іншага… Таго, хто амаль усё ведае пра цябе, дакладна разумее, чым ты кіраваўся ў сваіх памкненнях і ўчынках, ад чаго пакутаваў, чым суцяшаўся, чаго баяўся, чаму радаваўся, пра што марыў, што адчуваў… Гэты іншы чалавек з’яўляецца адначасова і самым шчырым сябрам, і самым строгім суддзёй.

Сутнасць канфлікту адначасова і вельмі простая, і надзвычай складаная. Настаўніца — маладая дзяўчына, якая не мае належнага вопыту, каб мудра ці хаця б памяркоўна паставіцца да ўвагі наіўнага і рамантычнага хлопчыка. Закаханы вучань не ведае, як выявіць свае пачуцці, як звярнуць на сябе ўвагу маладой прыгожай настаўніцы. Яны ўступаюць у нежартоўнае супрацьстаянне…

Неабходна падкрэсліць, што аўтару ўдалося стварыць аб’ектыўны падзейны малюнак. Ён не ідэалізуе мінулага, не рамантызуе сітуацый, не імкнецца апраўдаць учынкі персанажаў, але аналітычна ставіцца да фактаў, глядзіць на іх удумліва і быццам бы адстаронена. Па-філасофску глыбокае стаўленне да рэчаіснасці ўзбагачае мастацкую форму твора, надзяляе апавядальную плынь жывой вобразнасцю і пластычнасцю. Рэалістычна і дакладна выяўлена аўтарам псіхалогія хлопчыка, яго характар абмаляваны натуральна, матывацыя ўчынкаў вытлумачваецца дэталёва і абгрунтавана.

Знаёмства з новай настаўніцай пачалося ў падлетка з вельмі прыкрай сітуацыі. У школьным гардэробе Сяргея схапіла за руку (у літаральным сэнсе) тэхнічка, калі рука вучня была ў кішэні курткі аднакласніцы. Ніхто не ведае, што ён зусім не з мэтай крадзяжу палез у тую кішэню. Наадварот: тайна падкладаў аднакласніцы цукеркі. Аднак прызнацца ў гэтым (што цалкам характэрна для ўзросту персанажа) падлетак ніяк не можа. Калі ж тэхнічка прыводзіць «злодзея» ў кабінет дырэктара школы, там якраз знаходзіцца новая «біялагіца»: «Дырэктарка сядзела за сталом, а побач з ёй стаяла незнаёмая яму дзяўчына. Спыніўшыся ў дзвярах, ён, забыўшыся на тое, што пяць хвілін назад здарылася ў гардэробе, заварожана глядзеў на яе, глядзеў, і разам з тым не бачыў, таму што хацеў ахапіць позіркам зараз яе ўсю — ад залацістых валасоў, што ледзь краналіся плячэй, да ног, вышэй каленяў схаваных пад белай спаднічкай. У кабінеце стаяў пах духоў, якога ў іх школе раней ніколі не было, іначай ён бы яго абавязкова запомніў.

— Міхайлаўна, прабачце, вось прывяла злодзея. У гардэробе лазіў па чужых кішэнях.

Яму трэба было нешта гаварыць, апраўдвацца, але нехта нябачны схапіў яго за горла так моцна, што стала цяжка дыхаць. Апускаючы вочы, каб не сустрэцца з ёй позіркам, ён усё ж паспеў убачыць на яе твары здзіўленне і нават, як яму здалося, пагарду».

Гэты эпізод выкрывае парадаксальнасць і драматызм сітуацыі, у якую патрапіў васьмікласнік; дэманструе раптоўную зачараванасць падлетка прыгажосцю настаўніцы і тым больш датклівым робіць адчуванне яго ганьбы. Апроч таго, эпізод з’яўляецца яшчэ і спецыфічным абгрунтаваннем далейшых паводзінаў Сяргея, які шчыра імкнецца рэабілітавацца: «Яму хацелася як мага хутчэй даказаць ёй, што ён не такі, як яна пра яго думае. На кожны яе ўрок ён прыходзіў старанна падрыхтаваным, але за месяц яна ні разу яго не выклікала. I калі ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты «Піянер Беларусі» надрукавалі цэлую падборку яго вершаў, ён ухапіўся за іх як за выратавальную саломінку. Ледзь толькі пачаўся ўрок біялогіі, ён разгарнуў газету, усяляк стараючыся прыцягнуць да сябе Танеччыну ўвагу. Нарэшце яна зрабіла яму заўвагу, але праз хвіліну ён зноў стаў шамацець старонкамі, чакаючы, што на гэты раз Танечка загадае пакласці газету на яе стол. I ён зробіць гэта з таемнай радасцю, і пакладзе газету так, каб Танечка, кінуўшы на яе свой позірк, адразу ўбачыла яго прозвішча». Засяроджанасць аўтара на інтымных думках і псіхалогіі юнага героя не толькі раскрывае сутнасць перажыванняў і ладу мыслення хлопчыка, але і па-свойму ўзмацняе разуменне наіўнага свету дзіцячай душы, абвастрае разуменне яго балючай крыўды… Верагодна, сталы педагог зразумеў бы пачуцці падлетка і адрэагаваў бы на іх адэкватна. Аднак хіба мала вядома прыкладаў, калі нават вельмі вопытныя педагогі паводзяць сябе імпульсіўна, неабдумана, рэзка? Што ж хацець ад маладзенькай выкладчыцы, якой бракуе элементарнага жыццёвага досведу, і якая гэтаксама імкнецца «сцвердзіцца» ў асяродку вучняў: «…Настаўніца, быццам баючыся перадумаць, хутка накіравалася да яго, выхапіла з рук газету і са злосцю парвала яе на шматкі…». А. Бадак, несумненна, наўмысна пакідае без каментарыяў некаторыя перыпетыі аповесці. I гэта, думаецца, беспамылковае рашэнне. У сюжэце не вытлумачваецца, напрыклад, якія пачуцці выклікала ў хлопчыка рэакцыя настаўніцы, як ён сябе паводзіў… Толькі канстатацыя самога факта. Тым больш кранае і хвалюе сітуацыя, тым вастрэй адчуваецца сапраўдная бездапаможнасць вучня, яго залежнасць ад абставін.

На подступах да кульмінацыі пісьменнік ізноў робіць філасофскае адступленне. I хаця на гэты раз гаворка тычыцца не аўтаручак, а вясковых хат, рэфлексія аўтара ізноў асацыятыўна звязваецца з асэнсаваннем мінулага, яго развагі непасрэдна наводзяць на роздум пра хуткаплыннасць быцця, пра яго імклівую зменлівасць, пра тое, што дарослы чалавек заўжды па-іншаму ацэньвае і сябе ранейшага, і навакольны свет, і з’явы жыцця: «Прыходзячы ў бацькоўскую хату, у якой доўга не быў, пачынаеш разумець, што яна мае ўласцівасць адвыкаць ад цябе. Калі ты вярнуўся, а дома нікога няма, то, адмыкаючы дзверы, пераходзячы з пакоя ў пакой, адчуваеш ва ўсім затоеную насцярожанасць, з якою сустракаюць чужынца, яна сыходзіць ад сцен, ад кожнай рэчы, нават калі тая некалі была куплена ці змайстравана табой». Міжволі згадваецца вядомае выслоўе Геракліта: «Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку». Глыбокі сэнс гэтай крылатай фразы зробіцца асабліва выразным, калі герой даведаецца нарэшце пра вынікі свайго даўняга ўчынку.

Варта адзначыць, што спецыфічная дыскрэтнасць аповеду (чаргаванне былога і сучаснага, устаўныя эсэ і інш.) ніякім чынам не перашкаджае выяўленню логікі падзей. На працягу аповеду аўтар захоўвае меру кампазіцыйнай паслядоўнасці, паступова падводзячы да сутнасці даўняга канфлікту; заглыбляючыся ва ўспаміны маленства, па драбніцы ўзнаўляе колішні дзідячы свет, прыгадвае амаль забытыя думкі, эмоцыі, уражанні… У апавядальнай плыні гучаць такія далікатныя ноты, што ўзнікае адчуванне гранічнай шчырасці, праўдзівасці, ці, інакш кажучы, сапраўднай «перажытасці» пачуццяў. Вельмі трапна ролю жыццёвых уражанняў у творчасці мастака патлумачыў У. Калеснік: «Трапіўшы ў душу мастака, знаходкі не залежваюцца: яны дабіваюцца ад творцы афармлення. Творчая фантазія захоплівае іх і кружыць па сваіх арбітах, паварочвае рознымі гранямі, шліфуе, надае форму. Фрагменты жыцця ператвараюцца ў кампаненты <.. .> твора».

Як у хату, у якой доўга не быў, герой «уваходзіць» у сваё мінулае. Ён прыгадвае, якія захады прадпрымаў, каб прыцягнуць увагу прыгажуні-настаўніцы… Яна зняважыла хлопчыка ў лепшых пачуццях, калі парвала газету з вершамі. Аднак гэта, натуральна, толькі «падагрэла» імпэт вучня, распаліла ў ім так званы дух супраціўлення. Пісьменнік з адмысловай дакладнасцю адлюстраваў паводзіны падлетка. Сяргей пачаў дзейнічаць навязліва, амаль нахабна. Аднак «біялагіца» па-ранейшаму ігнаравала ўсе яго высілкі — жарты, «ананімныя» тэлефанаванні ёй дадому. I вось аднойчы хлопцу выпала нагода «пажартаваць» чарговы раз: калі позна ўвечары настаўніца вярталася з працы, Сяргей з сябрамі напалохалі яе крыкамі і аглушальным стрэлам з самапала…

Эпізоды, з якіх скампанавана аповесць, паступова дадаюць гісторыі цэласнасць. Мажліва, непрымальнымі, але зразумелымі бачацца ўчынкі падлетка і маладой выкладчыцы, асобныя факты арганізуюцца ў лагічныя ланцужкі… Толькі ведаючы ўсе дэталі «супрацьстаяння» вучня і педагога, па-ранейшаму цяжка паверыць, што менавіта той «жарт» стаў нагодай для зацятай варожасці збоку настаўніцы. За дваццаць год выпадак павінен быў або забыцца, або, як часта бывае, набыць рысы анекдатычнасці, камічнай недарэчнасці…

Вельмі ўдалым падаецца аўтарскае рашэнне «адкрыць сутнасць» даўняй падзеі толькі ў фінале аповесці. Сам герой даведваецца пра вынікі свайго ўчынку ад былой дырэктаркі школы:

«— Тваё каханне да яе было вельмі агрэсіўным. Яна была зусім яшчэ маладая і не ведала, як гэтай агрэсіі супрацьстаяць. На жаль, гэтаму нельга навучыцца ва ўніверсітэце, таму што на кожны какрэтны выпадак мусіць быць свой падручнік. <.. .> Дарэчы, яна павяла сябе вельмі годна, калі пасля ўсяго, што з ёю здарылася, не ўчыніла ніякага скандалу, не паскардзілася ў райана, а проста перавялася ў іншую школу. <…>.

— А што з ёй здарылася? — недаўменна спытаў я, адчуваючы, як словы пяском захрасаюць на языку.

— Ты хіба не ведаеш? Яна была на пятым месяцы, калі вечарам вы яе так напалохалі, што ад стрэсу яна ў выніку страціла дзіця».

Такім чынам, наступствы дзіцячага жарту робяцца вядомымі галоўнаму герою праз дваццаць год… Менавіта тады, калі персанаж — ужо сталы чалавек і здольны ўсвядоміць увесь маштаб трагедыі. Нічога нельга змяніць, нічым нельга апраўдацца, нават словы прабачэння будуць недарэчнымі. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку.

Фінал твора, як бачна, вырашаны пісьменнікам жорстка і бескампрамісна. Міжвольна ўзнікае пытанне: наколькі па-мастацку мэтазгодная такая развязка? (У рэшце рэшт твор разлічаны на падлеткавую чытацкую аўдыторыю. Можа, варта было б «змякчыць» фінальныя падзеі?) I адразу ж прыгадваюцца словы В. Бялінскага: «…Не скажайце сапраўднасці ні паклёпам на яе, ні прыхарошваннем, але паказвайце яе такою, якая яна ёсць на самой справе, ва ўсёй яе прыгажосці і ва ўсёй яе няўмольнай суровасці, каб сэрцы дзяцей, вучачыся яе любіць, прывыкалі б у барацьбе з яе выпадковасцямі знаходзіць апірышча ў саміх сабе. У адной ісціне і жыццё, і вартасць: ісціна не патрабуе дапамогі ў хлусні. I таму фінал вашай аповесці можа быць і нешчаслівым, у якім дабрадзейнасць церпіць, а загана трыумфуе…». Адно неабходна абмовіцца, што ў аповесці А. Бадака «загана» зусім не трыумфуе. Для героя адкрыццё сапраўднага стану рэчаў не проста балючае, — шокавае, і з гэтым пакутлівым усведамленнем уласнай правіны яму прыйдзецца жыць. Але аўтар дадае да гісторыі яшчэ адзін «штрых», які надзяляе яе шматзначным сэнсам, паглыбляе філасафічнасць.

Перад сустрэчай з вучнямі (на якую запрасіў былы аднакласнік, школьны настаўнік) герой даведваецца, кім на самой справе з’яўляецца юны «папарацы», дзеля якога па сутнасці гэтая сустрэча і была арганізавана:

«— … Дарэчы, ты ведаеш, чый ён сын?

«О Божа, — падумаў я, — толькі гэтага мне не хапала. Хутчэй за ўсё, сын якога-небудзь мясцовага чыноўніка. Цяпер зразумела, чаму ім займаецца не міліцыя, а няшчасны пісьменнік».

— Гэта сын Танечкі. Ну, памятаеш нашу біялагіцу ў восьмым класе? Яна папрацавала толькі год, а пасля звольнілася.

Кожнае яго слова ўва мне адзывалася рэхам, быццам у маёй душы ў гэтую хвіліну было зусім пуста».

Вось так «замкнулася» кола падзей. Аўтар усё ж такі пэўным чынам рэабілітуе героя. «Няхай кіне ў яго камень той, хто сам бязгрэшны!» — быццам бы гаворыць пісьменнік. Так, ад памылкі ніхто не застрахаваны. Аднак вельмі выразна гучыць ключавая думка твора: перад тым, як штосьці зрабіць, заўжды неабходна падумаць пра магчымыя вынікі ўчынку… Жыццё — не чарнавік, які можна перапісаць. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку.

Лада Алейнік

Алейнік, Л. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку… : аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» / Лада Алейнік // Полымя. – 2008. — № 5. – С. 111-116.

Салаўіная песня кахання

песенна-паэтычная творчасць Алеся Бадака

“Каханне — гэта стрыжань, вакол якога круціцца ўся еўрапейская паэзія”, — сцвярджаў у свой час надзвычай папулярны тэарэтык ужо неактуальнай ідэалогіі. Не будзем з ім спрачацца, тым болей што каханне (і любоў) ва ўсіх праявах не толькі аб’ект, а, бадай, адзіная рэальнасць цудоўнага мацерыка сусветнай паэзіі, які носіць прыгожае і велічнае імя Песня. Каханне і ўсё найлепшае, што звязана з ім, стала асновай прывабнага і таямнічага свету песні Алеся Бадака, аднаго з самых папулярных сучасных паэтаў-песеннікаў, ганаровага госця шматлікіх музычна-паэтычных фэстаў песні і паэзіі, дзе звычайна выступае і сам, як заўжды, прыгожа і ўзнёсла. Бо ўсе яго творы светлыя, радасныя і амаль заўсёды пра яго вялікасць Каханне.

Амаль што адзіны ўзор грамадзянска-патрыятычнай лірыкі — “Песня пра Дальву”(музыка Леаніда Захлеўнага). Цяжка сказаць нешта сваё пасля пранікнёных песняў-споведзяў, араторый, маналогаў, рэчытатываў пра Хатынь, Саласпілс, Майданэк. Аднак паэт знаходзіць свой чароўны ключык да спазнання трагедыі і ўвекавечвання яе ў музычным слове. Як у старажытным плачы Яраслаўны, абяздоленым мірным жыхарам звычайнай вёскі тут спачувае прырода. Таму апраўданым і заканамерным успрымаецца выразна фальклорны зачын:

Ой, у чыстым полі вецер над ракой схінуўся.

Паэтычнае ўвасабленне пастаяннага персанажа народнай паэзіі ўзмацняецца відавочнымі біблійнымі асацыяцыямі, якія набываюць выразна беларускую форму, што надае песні пазачасавы характар:

Палятаў па белым свеце ды сюды вярнуўся.

Столькі год прайшло, а вецер пахне

папялішчам,

І, здаецца, плачуць дзеці, маці сына кліча.

Зваротамі да прыроды як да роднай, жывой істоты, адметнымі вобразамі (“хай памяць плача, а сэрца стыне”), а таксама элементамі структуры малітвы напоўнена гэтая песня-элегія, песня-роздум з падкрэслена публіцыстычным пачаткам:

Пазалоціць восень ліпы, як пажар, успыхне.

Зашумяць, нібы малітву шэпчуць ціха, ціха:

Абмініце край пакутны, войны і няволя,

Гора ўсё, ды вораг люты, ды чорная доля.

Зроблены па-майстэрску, твор не губляецца на агульным фоне песняў пра нягоды ваенных ліхалеццяў.

Нягледзячы на заўважны ўплыў фальклорных традыцый на песенную лірыку Алеся Бадака, відавочных запазычванняў ці творчых перапрацовак народных песняў у ёй амаль не сустракаецца, што сведчыць пра адметнасць мастакоўскай традыцыі і майстэрства заставацца народным, пазбягаючы прымітыўнага эпігонства. Так, выразныя ноткі фальклорных першаўзораў добра адчуваюцца ў песні “Гаспадыня” (існуюць дзве музычныя версіі: Міколы Яцкова і Эдуарда Зарыцкага), дзе паэтычна ўзнаўляюцца звыклыя для народнай любоўнай лірыкі “выпадковая дарога”, што прыводзіць да маленькага парога незнаёмага сяла, класічная просьба “папіць вады” і потым надзея на адпачынак. Звыклымі ўспрымаюцца эпізоды вячэры, згадкі героя, якога вочы незнаёмкі прымусілі забыцца на мэты свайго падарожжа, на свой далёкі родны дом. Але разам з гэтым ствараецца чароўная сцэна мімалётнага знаёмства, якое, відаць, прадвызначана лёсам.

У стылі народных святаў гучаць песні “Будзем жыць як набяжыць” (музыка Ізмаіла Капланава) і “Вяселле” (музыка Уладзіміра Сарокіна), аб’яднаныя адзіным выслоўем “Стараніся, людзі, беларус гуляе».

Назло цяжкасцям — “зноў пір гарою”:

Будзем жыць як набяжыць,

То смяяцца, то тужыць.

А над намі грымне гром –

Будзем жывы, не памром!

Хтосьці скажа, што згаданая філасофія вельмі простая. Аднак менавіта з такіх немудрагелістых радасцяў, з такіх звыклых праблем і складаецца наша жыццё. Ды і ўвесь свет пабудаваны з дня і ночы, святла і цемры…

Выкарыстоўваючы народныя звароты і ўяўленні, паэт па-свойму сцвярджае правілы і законы жыцця:

Каб не прапасці,

Здолець напасці,

Трэба старацца

Разам трымацца.

Трэба трымацца

Роднае маці,

Любай старонкі,

Вернае жонкі.

Звычайныя на першы погляд словы гучаць вельмі пераканальна ў такой форме, якой з’яўляецца песня, таму што разам з музыкай спрыяюць глыбокаму спасціжэнню асноўных законаў быцця.

Вяселле для беларусаў — сапраўднае свята. Гэта опера, спектакль, дзе няма чужых — усе становяцца роднымі, блізкімі, аб’яднанымі адзіным парывам зрабіць гэты дзень запамінальным:

Нам сёння ўсе радня,

Хто зойдзе ў хату.

Хай чарачкі звіняць,

Сягоння — свята!

Беларус умее і любіць весяліцца. У хаце знойдзецца месца для ўсіх, госці спяваюць, музыкі граюць:

Тут хопіць месца ўсім.

Усю нядзелю,

Пакуль хапае сіл…

Так і адчуваецца, што хутка застолле выльецца з цеснай хаты і пойдзе па ўсёй вёсцы, дзе святкуюць нараджэнне новай сям’і.

Аднак шлях ад знаёмства да вяселля няблізкі. Ды гэта, у адрозненне ад народнай казкі, дзе канец — усяму вянец, і не галоўнае для паэта. Самае істотнае, што для тых, хто ўпершыню закахаўся, свет мяняецца раз і назаўжды. Перш за ўсё заўважна мяняецца ЯНА. Прычым так рэзка, незваротна, што звычайная дзяўчына, усміхнуўшыся, пераўтвараецца ў “Іншапланецянку” (музыка Якава Навуменкі):

Я цябе здалёку толькі раз убачыў

I тваю усмешку не магу забыць.

Хто ты — я не знаю. Ды зямной, няйначай,

Прыгажосць такая ўсё ж не можа быць.

Веру і не веру я вачам шалёным —

Можа, я прыдумаў казку пра цябе?

Можа, завітала з далечы студзёнай,

Іншапланецянкай ходзіш у журбе?

Лірычны герой песняў А. Бадака — тыповы беларус, што хавае свае жарсці, як болей схільны да сузірання, чым дзеяння, і, нібы ў казцы, спадзяецца на нейкі выпадак ці добры ўчынак, што дапаможа яму. Герой камплексуе з прычыны таго, што нават не спытаў у незнаёмкі імя, не тое што нумар тэлефона. Таямнічасць чароўнай усмешкі кліча яго да загадкавай дзяўчыны, якая ўяўляецца пасланкай з іншых планет. Каралевай “студзёнай далечы” паўстае яна перад закаханым юнаком, які журыцца, саромеецца і сумняваецца, таму што страшна аказацца ў такім узросце адрынутым, абсмяяным:

Што, калі ты пра маё каханне знаеш,

Знаеш і смяешся ціхенька з мяне?

Але каханне займае ўсе думкі-мары лірычнага героя, і няўмольна гучаць у песні наступныя радкі, якія выступаюць рэфрэнам, паўтараючыся ў творы тры разы:

Інша-інша-іншапланецянка…

Я цябе шукаю, не магу знайсці.

Інша-інша-іншапланецянка, –

Не знікай, застанься ты ў маім жыцці.

Вельмі выйгрышны, па-майстэрску падабраны мастакоўскі прыём, які дазваляе значна развіць звыклы вобраз эфірнай дзяўчыны, надаць яму рэальныя фарбы, ажывіць.

У адрозненне ад іншых паэтаў-песеннікаў, што стварылі сапраўдны гімн вясне як галоўнай пары года, калі абуджаюцца сэрцы, А. Бадак не шукае ў ёй натхненя.

Не менш кранальнай і душэўнай музыкай выступае для яго “дзіўны, чароўны лістапад”, калі “сонечным агнём палае сад”, у цішы якога так добра слухаць мелодыю “пяшчотных слоў’’ закаханых сэрцаў:

Лісце кружыць вецер над зямлёй.

Над табой і нада мной.

Нібы ў царства клёнаў і бяроз,

Зоркі падаюць з нябёс.

Звон лістоты, ціхі звон.

Назаўсёды ў сэрцы ён.

Нас чаруе, нібы сон.

Ціхі звон.

Дзіўны лістапад (музыка Якава Навуменкі).

Вось у такіх рамантычных абставінах песенны герой паэта пачынае ўсведамляць, што не будзе шчасця на зямлі без каханай. Толькі ўдваіх яны змогуць адчуць прыгажосць і чароўнасць Сусвету:

Падаюць зоры, падаюць зоры

Ціхай начною парой.

Падаюць зоры, падаюць зоры,

Светлаю стануць расой.

Я загадаю: ў шчасці і горы

Не расставацца з табой.

Падаюць зоры (музыка Леаніда Захлеўнага).

Цікава, што герой удзячны лёсу за разлуку ў некалькі гадоў, пасля якой яна і ён спазналі шчасце сапраўднага кахання:

Што мы зналі з табой пра каханне

Ца разлукі у некалькі год?

Для А. Бадака, можа, нават як ні для каго іншага з беларускіх паэтаў-песеннікаў, характэрна адчуванне крохкасці, эфемернасці кахання. Гэтае пачуццё, нібы крышталёвая лодачка:

Там двое ўначы, двое ўначы,

I лодка ў шэрані

Не знаходзіць берага.

Двое ўначы (музыка Генадзя Маркевіча).

Лодачка такая ўзнёслая і далікатная, што можа раптоўна разбіцца або растаць у нябёсах. Але для героя — гэта адзінае месца, дзе знаходзіць супакой яго душа. Ён упэўнены: толькі вернасць закаханых прыносіць ім шчасце, адрываючы ад штодзённых клопатаў і душэўнага неспакою:

Калі ў сэрцы будуць смутак і боль,

Ад праблем, што ходзяць следам за табой,

Ты пакліч мяне на бераг начны,

Дзе з табой мы застанемся зноў адны.

Там лілеі у азёрнай цішы, у цішы

Дораць шчасце зноў і зноў

Тым, хто вернасць захаваў у душы

і любоў.

Чамусьці іншы раз у песнях паэта гучыць трывога страціць “агонь позняга кахання”, згубіць гэты падарунак лёсу, таму што “душа з гадамі асцярожней / Ляціць на позняе святло”.

Песімістычна гучаць словы песні “Кахання позняга агонь” (музыка Уладзіміра Сарокіна), дзе зноў павявае восенню:

А Вы паклікалі, і самі,

Відаць, не ведалі аб тым,

Што белы май плыве над Вамі,

А нада мной асенні дым.

Герой сумуе, што каханай “непатрэбная зусім” яго «стамлёная дарога”. Але ж, усё разумеючы, задавольваецца тым, «што сёння побач Вы са мной’’.

Многія баяцца гэтага шчасця, якое можа быць такім кароткім, крохкім і прыносіць вельмі часта не толькі радасць. У першых радках песеннага твора “Не прывыкай да мяне” (музыка і выкананне Іскуі Абалян) холад адносінаў адчуваецца адразу праз лексемы апошні, позні, азяблы, халодная, выстудзіць, патухае, дым. Жанчына адчувае, што любага ўжо “ў журбе іншая недзе чакае». Але яе годнасць і далікатнасць падкрэслівае малітва за каханага, у якой пажаданне шчасця, нягледзячы на ўнутраныя пакуты:

Я за цябе памалюся,

Каб у далёкай цішы

Жыў ты ні ў горы, ні ў скрусе –

3 ясным святлом у душы.

Паэт яскрава перадае перажыванні і ўспаміны пакінутай жанчыны, якая застаецца неабароненай у гэтым свеце:

Ты падарыў мне свет,

Свет дзіўнай чысціні.

Што ж там мяне ад бед

Сам ты не засланіў

I зусім адну ў ім пакінуў?!

Позняе таксі (музыка Ірыны Цвятковай).

Але ці ёсць сэнс наракаць на лёс чалавеку, які сам калісьці адмаўляўся ад шчасця? А ўжо нішто не дапаможа вярнуцца туды, назад, у мінулае:

Ты вернешся у той

Свой выдуманы свет.

I ўбачыш, што ніхто

Там болей не жыве,

Хоць стаіць віно ў бакале.

I зразумееш ты,

Як цяжка і чаму

Так холадна заўжды

У тым свеце аднаму.

Няма машыны часу, няма і дарогі ў былое. Найбольш шчымлівая старонка сусветнай паэзіі — апісанне любоўных успамінаў, што так трывожаць душу.

Вечныя толькі любоў маці, святло ў акне бацькоўскай мілай хаты, якое добра відаць з тлумных вакзалаў і брудных вагонных вокнаў. Менавіта таму гучанне рэфрэна нагадвае грукат колаў цягніка, што вязе лірычнага героя да вытокаў пасля цяжкіх жыццёвых рясчараванняў:

Там недзе мама, мама

Цяпер сумуе, мабыць,

Цяпер сумуе, мабыць,

Па блудным сыне зноў.

А я хаджу па свеце,

Ды прыцягненне сэрца,

Твайго, матуля, сэрца,

Вяртае ўсё ж дамоў.

Прыцягненне сэрца (музыка Алега Елісеенкава).

Удала знойдзеная музыка значна ўзмацняе духоўны ўрок твора, нагадваючы кожнаму пра нешта сваё, схаванае і вельмі дарагое.

У песні “Школьны баль” на музыку Мікалая Сацуры таксама дамінуе мінорны настрой, які, дарэчы, апраўданы тэматыкай:

Школьны баль, школьны баль,

Я прашу, я прашу, не канчайся.

Школьны баль, школьны баль,

Пакружы, пакружы нас у вальсе!

Многа нам яшчэ трэба сказаць.

I з надзеяй і сумам глядзяць,

Мілыя вочы з надзеяй глядзяць.

Нягледзячы на светлы сум, які становіцца вызначальным у песеннай лірыцы Алеся Бадака, у цэлым агульнае ўражанне ад ягоных твораў роўнавялікае настрою песні “Салаўіная раніца’’ (музыка Алега Елісеенкава): “…у ціхім садзе дзіўны салавей / Сваёй чароўнай песняй будзіць сонца”. Ад спеваў гэтых замаўкае і дабрэе свет:

Салаўіная раніца святам любві настае,

Срэбразвоннымі песнямі зноў над зямлёй

разліваецца.

Яны саграваюць душу, як сагравае нас творчасць выдатнага паэта-песенніка Алеся Бадака:

I хай ляцяць нястомныя гады,

А песняй салаўінаю бясконца

I скрозь вякі звіняць, звіняць сады

I будзяць ранкам залатое сонца.

У “Родным слове” друкавалася багата песняў на вершы Алеся Бадака: “Крывічаначка” (муз. 3. Яўтуховіча; 1992, № 7-8), “Іншапланецянка”, “Белы параход”, “Цзіўны лістапад” (муз. Я. Навуменкі; 1996, № 6), «Падаюць зоры» (муз. Л. Захлеўнага; 1997, № 1), “Школьны баль” (муз. М. Сацуры; 1997, № 4), “Валянціна», “Вяселле» (муз. У. Сарокіна; 1999, № 2), “Гаспадыня” (муз. М. Яцкова; 1999, № 5-6), “Ночка-чарнавочка» (муз. Л. Захлеўнага; 2001, № 4), “Ой, туман» (муз. В. Шыкаўца; 2001, № 5), “Белы снег» (муз. М. Сацуры; 2004, № 6), “Будзем жыць як набяжыць» (муз. I. Капланава; 2005, М 6).

Ірына Бароўская

Бароўская, І. Салаўіная песня кахання : песенна-паэтычная творчасць Алеся Бадака / Ірына Бароўская // Роднае слова. – 2006. — № 2.

“Не знайшоў я на вечным шляху ні грымотнае славы, ні волі”

(Па старонках кнігі лірыкі Алеся Бадака «Маланкавы посах» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2004)

І сысці ўжо з яго не магу –

Мне і гэтага шчасця даволі…

Звычайна чалавек, ступаючы на шлях паэтычнай творчасці, прагне разумення і прызнання чытачоў, хоча пакінуць пасля сябе след і незабыўныя ўражанні. Рэдка калі прыжыццёвая справа паэта бывае гучнай, але шлях да сябе праз творчасць, праз пакуты пераадолення супраціўлення слоўнага матэрыялу — гэта ўжо шчасце… У чым натхненне, стымул да творчага ідэалу і духоўная веліч Алеся Бадака? Паводле яго лірычных прызнанняў — у загадкавым «маланкавым посаху», які «злучае вякі і народы», робіць душу паэта відушчай і які быў «падораны небам зямлі, / Дзе быў часткаю Млечнага Шляху».

Назвы раздзелаў кнігі («Таемны сад», «Смутак апалага лісця», «Цень», «Пурпуровае сонца», «Вяртанне на Млечны Шлях») настройваюць чытача на тое, што паэтычная вандроўка абяцае быць незвычайнай — касмічна-містычна-сентыментальнай. Лірычны герой падчас нябеснай рыбалкі ловіць «ранішнія зоры / Ці нязбытных мар блакітны дым» («Матылёк»), пераносіцца ў старажытны Егіпет і назад у сучасную Беларусь («Ра»), зліваецца з душой апалай лістоты («Смутак апалага лісця») і ценем знічкі («Цень») і ляціць да нябёсаў.

Як вядома, паэт на працягу ўсёй творчасці піша свой партрэт — метафарычны «На лавачцы лісток кляновы» («Лістапад»), «Вочы мае — ночы твае» (з аднайменнага верша) (як у песні — «Очи чёрные, очи страстные…»). А.Бадак дае некаторыя рысы псіхалагічнай самахарактарыстыкі: «Я да неба ўздымаўся, / Ды анёлам не стаў», «Не таму, што не здолеў, / А што сам не схацеў» («Белы свет калыхаўся…»). У душы аўтара жыве рамантычнае светаўспрыманне: ідэальны і недасяжны свет мары вышэйшы, ярчэйшы і больш прыцягальны за свет звычайнай, вядомай явы — сініцы ў руцэ:

Тое, што не збудзецца,

Для нас

Даражэй, чым тое, што збылося.

Пра яго мы згадваем не раз,

І яго мы ў марах так узносім!

Тое, што не збудзецца…

Чалавека аўтар успрымае разнапланава: «Я слухаў правадніцу і глядзеў, / Як твар яе мяняўся штохвіліны. / Старая, маладзіца і дзяўчына / Жылі ў ёй, / Як жыве ў рачной вадзе / Нябесны смутак светлы двухадзіна» («Край свету»). Паэт умее таксама пазіраць вачыма іншага чалавека. Так, хворая старая «Задумнымі вачыма / Глядзіць — / Нібы праз дым, / I свет ёй, / Быццам здымак, — Нязменлівы зусім» («Бабулька»).

Разнастайныя містычныя вобразы і матывы выразна індывідуалізуюць мастацкі свет А. Бадака: «маланкавы посах» «на вечным шляху» да Паэзіі («Маланкавы посах»), сад закаханых, які ніхто больш не бачыць («Таемны сад»), «Птушка разбіла акно, /І палілося змярканне», размова д’ябла і анёла з лірычным героем падчас гучання музычнага інструмента («Флейта»), аблокі як падарунак каханай («Аблокі»), вандроўка ў нерэальны дом любай чароўнай незнаёмкі («Эміграцыя»), «такія сны, што хочацца аднойчы / У іх сысці і целам, і душой» («Сны»), размова з міфічнай істотай («Сустрэча з ваўкалакам»), «Апусцілася неба да самай зямлі, /І аб дрэвы падзерліся хмары» («Нябесныя змеі»).

У гэтым свеце паэтавай «Душы не хапае святла», бо часта «парасткі зла» раняць сэрца лірычнага героя («Святло»). Ён усведамляе, што «адзінота — кара, а не дар», хоць і воля — скарб, які цяжка здабыць сярод людзей («Сустрэча з ваўкалакам»). Прымае непрадказальнасць лёсу як аксіёму і не спрачаецца з ёй: « —Свет існуе адно таму, / Што будучыня — тайна» («Цень»). Робіць выснову, што мара — рухавік прагрэсу і крыніца чалавечай духоўнасці, што на мары «…гэты свет / Дзень і ноч трымаецца вякамі» («Тое, што не збудзецца…»). Галоўная мара паэта — пра каханне…

«СУМУЮ БЕЗ ПОЛЫМЯ ГУБ»

Музарый, альбо жанчынарый (метафарычна — «Таемны сад») Алеся Бадака, відавочна, больш сціплы, чым 1001 Леаніда Дранько-Майсюка ці музей ненаглядак Міколы Шабовіча, але, тым не менш, таксама заслугоўвае ўвагі. А. Бадак упэўнены, што «…не ў мроях светлых, а ў жыцці / Агонь кахання — згуба для паэта» («Эміграцыя»). Але, відаць, гэтае пачуццё для аўтара — не толькі пакута, але і асалода, душэўнае супакаенне і крыніца творчага натхнення. Лірычны герой паэта выступае як рыцар, закаханы рамантык і герой-палюбоўнік. Так, адной нешчаслівай жанчыне, якая сябе «не ставіць ні ў грош», хоць насамрэч «большага вартая», аўтар па-рыцарску робіць «Сентыментальнае прызнанне», каб добрым словам загаіць яе душэўныя раны, дапамагчы ёй стаць шчаслівейшай. У іншай — самоту вачэй «сем начэй / Піў, каб вясёлаю… стала» («Самота»). Паэт спачувае і «Адзінокай жанчыне», якая жыве чаканнем». Шкадуе прыгожую крыклівую суседку, у якой муж-алкаголік («Суседка»). Прызнаецца ў каханні, «моліцца на… калені, / На вусны і на голас» па-ранейшаму загадкавай Ж. (жонкі паэта) з «Таемнага саду». Звяртаючыся да яе, аўтар успамінае, як «Пяшчотна зорка зіхацела / На маладым тваім плячы» («Зорка»). У эратычным творы «Сумую» вялюгінскае «полымя кос» трансфармуецца ў «полымя ног», «полымя рук», «полымя губ», якія сваёй магутнай энергетыкай спальваюць пасцелі і ўваскрашаюць лірычнага героя Алеся Бадака. Яго ўражвае і «начы сястрычкі» кароткая спаднічка, якая «нібы прыўзняты белы сцяг!» («Наіўная перасцярога»). У вершы «Нашто ляціць твая душа…» запальваюцца, гараць і дагараюць мілосныя жарсці. Нібы ў ценявым тэатры, цені яго закаханых на фоне сцяны пры мігатлівым святле свечак «п’юць віно / I заміраюць у абдымках», «I разам з полымем начным / I самі цені паміраюць»… Анёл з д’яблам змагаюцца за душу лірычнага героя, які гатовы спакусіцца чужой жонкай («Флейта»). А што з уласнай жонкай? — «Дзве дзяржавы, хоць адна сям’я, / На маленькім востраве кватэры / Ўсё свой лёс не вырашаць ніяк» («Дзве дзяржавы»). Аўтар адкрывае для сябе вартасць канфлікту для прасвятлення ўнутрысяменных і пазашлюбных стасункаў: «Чым сваркі гэтыя даўжэй / І чым даўжэй тваё маўчанне, / Тым потым ты мне даражэй, / Як пасля доўгага расстання» («Сваркі»). Але хоць святло кахання яскравае і гарачае, ёсць пачуццё больш фундаментальнае і сакральнае — любоў да Бацькаўшчыны…

«РАДЗІМА ЛЕПЕЙ БАЧЫЦЦА ЗДАЛЁК»

Лицом к лицу лица не увидать.

Большое видится на расстоянии.

Сяргей Ясенін

Таму А. Бадак вырашыў у паэме «Ра», уганараванай прэміяй «Залаты апостраф», паглядзець на Айчыну не знутры, як звычайна робяць карэнныя жыхары Беларусі, а звонку, як эмігрант, да таго ж, з вялікай часавай адлегласці — з мінулага. ІІІто падштурхнула паэта звязаць беларускую гісторыю і сучаснасць са старажытнаегіпецкім міфалагічным бажаством Ра? Магчыма, тое, што «Ра» — гэта першы склад дарагога для кожнага слова «радзіма», ці згадка багдановічаўскага санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…», у якім праз алегорыю знаходкі збожжа ў старажытнаегіпецкай магіле паэт выказвае ўпэўненасць, што «засохшыя зернейкі» былой беларушчыны абавязкова прарастуць пазней («парой вясенняй»). Гэты багдановічаўскі твор натхніў Э. Акуліна на акрапаэму «Шлях да Радзімы» (кн. «Пяшчота ліўня» (1990), дзе таксама ёсць сінтэз старажытнаегіпецкай і сучаснай Багдановічу і Э. Акуліну беларускіх рэалій. (Усе радкі ўваходзячых у склад твора 14-ці санетаў пачынаюцца радкамі багдановічаўскага верша, які ўрэшце з’яўляецца падтэкставым магістралам твора Э. Акуліна. Таму гэту акрапаэму можна жанрава вызначыць і як вянок санетаў, напісаны ў сааўтарстве з М. Багдановічам). Яднае творы Э. Акуліна і А. Бадака, акрамя вандровак у прасторы і часе і эфектна-маляўнічых містычных вобразаў, таксама маштабна-міфалагічнае асэнсаванне беларускай гісторыі з выхадам на ідэю неабходнасці адраджэння беларускай культуры і шанавання спадчыны, з адпаведным патрыятычным пафасам. Духоўную веліч Беларусі ў Э. Акуліна ўвасабляюць Купала, Караткевіч (іх імёны прыводзяцца ў творы) і Багдановіч (з санетам якога аўтар уступае ў дыялог), у А. Бадака — «Купала, Каліноўскі, Радзівілы, / Скарына, Вітаўт…». Але калі ў творах папярэднікаў А. Бадака — М. Багдановіча і Э. Акуліна — не было вобраза Ра, то ў вершы наступніка — Анатоля Шушко («Золак на волі») ёсць і сам Ра, і графічна-вылучаюцца і абыгрываюцца словы з такім складам («…РАдавацца, гРАючы, / кРАнаць, дакаРАючы, / паміРАць, наРАджаючы, / каб Разам Расці і Раіцца / У Раі заўтРАшняй Раніцы» (ЛіМ, 2003, 19 снежня). Паэзія заўсёды абнаўлялася экзатычнымі вобразамі (тут — Ра), хоць і ў беларускай міфалогіі ёсць багі, звязаныя з культам Сонца, такія як Дажбог і ў кожным сезоне: вясной — Ярыла, летам — Купала, восенню — Аўсень, зімой — Каляда. Але ў паэме «Ра» аўтарам ставілася мэта даказаць існаванне нашай краіны не толькі самім беларусам, якія яе прачытаюць, але алегарычна і замежжу (тут — старажытнаегіпецкаму богу). У аптымістычным фінале паэмы на прапанову Ра выбраць для сябе найлепшы час і народ, герой патрыятычна абірае свой час і свой народ, пераканаўшы старажытнаегіпецкае бажаство ў тым, што беларуская зямля і нацыя — не міраж…

«СЯСТРА МАЯ МАЛАНКА»

Гэта аксіёма, што сапраўдны творца здольны бачыць у штодзённа-звыклым навакольным свеце незвычайнае. Прыём «остранения» (тэрмін В. ІІІклоўскага) рэчаіснасці — адзін з самых плённых і эфектных у паэзіі. У Алеся Бадака дзівосных вобразаў і метафар — цэлая галерэя: матылёк з рознымі крылцамі: адным — «зіхатліва-залатым» і другім — «нібы шкельца» («Матылёк); лістапад з «жоўтым дажджом, барвовым ветрам» («Лістапад»); агонь, які «склаў свае крылцы» («Чыркнуўшы запалкай»); І дажджынкі, як змеі, ўначы папаўзлі / Па руках зледзянелых і твары» («Нябесныя змеі»); «А дрэвы на пляжы / Скідаюць лісцё, / Нібыта паплаваць рашылі» («Восеньскі эцюд»); «Лісця (спаленага. — Т.Б.) душа / У мяне / Уваходзіць» («Смутак апалага лісця»): «3-пад ног тваіх конікі сонныя спешна, / Як пырскі, наўкол разлятаюцца» («Па лузе, нібыта праз рэчку, ідзеш ты..,») Вобразы прыроды, поўныя цудоўнага хараства, родныя не толькі таму, што яны свае, беларускія, але і таму, што яны з аўтарам «адной крыві» — як «Сястра мая маланка / I сумны брат мой гром». Таму і лірычны герой адчувае сябе дома — на вуліцы, а ў кватэры — як у гасцях («Госць»). Такая арганічная еднасць з прыродай вельмі рэдкая, калі не парадаксальная ў наш тэхнізавана-камп’ютэрызаваны час. Акрамя таго, XXI стагоддзе нагадвае беларускім пісьменнікам, што нельга замыкацца ў межах сваёй краіны, а трэба кантактаваць з замежнымі аўтарамі, узбагачацца творчымі знаходкамі іншых літаратур, каб і за мяжой прызналі існаванне нашай…

«Я СУСТРЭНУ ДАЛЁКАГА БРАТА»

У раздзеле «Пурпуровае сонца», дзе размяшчаюцца пераклады паэта з украінскай, рускай і англійскай моў, выяўляюцца мілосныя пачуцці, блізкія А.Бадаку. Як быццам бы пісьменнік вуснамі іншых прамаўляе тое, што хоча сказаць яго сэрца і што некалі перажылі яны. Так аўтар кнігі «су-»бачыць закаханых: «Мы йшлі ўдваіх, і вішні асыпалі / Ружовы цвет на плечы нам з табой» (Ліна Кастэнка). Так — прыгожую дзяўчыну, Еву: «на ветры басаногая стаіш / варушыць вецер валасы даўгія» (Канстанцін Маскалец). Так — каханага паэтэсы: «Не цябе, а неба я люблю. / I калі й цябе, дык толькі ў небе. / А таму ў сіло і не лаўлю — / Мне нявольніка зусім не трэба» (Тамара Каламіец). Так паэт аздобіў бы сваё жытло: «Пастаўлю хату і харошы / Садок-раёчак пасаджу» (Тарас Шаўчэнка), дзе ў цені дрэў можна прысніць дзетак, маці і каханую. Калі любая здрадзіць, «…Прамаўчу. Я дарую табе», «Але, верачы шчасцю нясмеламу, / Зноў з табой станаўлюся сляпым» (Аляксандр Блок). Аўтара трывожаць змены настрою каханай: «Адкажы: чаму сумная ты? / I чаму ў табе столькі пяшчоты?» (Іван Бунін). А. Бадак, падобна рускаму класіку, ідэалізуе абранніцу сэрца: «Мая душа твой вечны храм; / Як лік святы твой воблік там; / Не ад нябёсаў — ад яго / Чакаць ратунку мне свайго» (Міхаіл Лермантаў). I (ужо больш рэалістычна) хоць яна — не багіня, не дасканаласць, «Але мілей мне тых, каго на словах / Узносіць да нябёс усе гатовы» (Уільям Шэкспір).

…Хтосьці скажа, навошта посах, хай сабе і маланкавы, калі ёсць — крылы, якія не стамляюцца? Але ж крылы ёсць амаль ва ўсіх паэтаў, а маланкавы посах — толькі ў Алеся Бадака. Можна заўважыць, што яго радкі перагукаюцца з радкамі іншых аўтараў (пра абдымкі закаханых пры святле свечак («Нашто ляціць твая душа…») — з «Зімовай ноччу» Б. Пастарнака, пра нябесную рыбалку («Матылёк») — з вершам «Сёння зноўку хадзіў у неба…» Міколы Віча. Л. Галубовіч у рэцэнзіі на гэту кнігу А. Бадака (ЛіМ, 2004, 6 жніўня) знаходзіць у яго пераймальныя матывы з А. Вазнясенскага, А. Разанава і У. Някляева. Гэта так званая пераемнасць традыцый, а наватарства ў творах А.Бадака таксама ёсць (вобразы, метафары, эмоцыі і г.д.). У розных геаграфічных мясцінах, у розных стагоддзях людзі думаюць і адчуваюць падобна, пражываючы адмераны ім час. I ў паэтаў часта падобныя экзістэнцыі — і быційныя, і творчыя. Пераемнасць пакаленняў, пераемнасць культур. Новае як пераасэнсаванне старога. I дыялог літаратур (праз пераклады, уплывы і тыпалагічныя сыходжанні) магчымы гэтаксама, як і дыялог пакаленняў у вершы «Сустрэча», — ва ўяўленні паэта Алеся Бадака:

Я пайду, я пайду нацянькі

Невядомымі іншым шляхамі,

Нібы жыта, сівыя вякі

Прад сабою развёўшы рукамі.

І назад панясуцца гады,

Пераблытаўшы лёгка ўсе даты.

І тады ўпершыню, вось тады

Я сустрэну далёкага брата.

Таццяна Барысюк

Барысюк, Т. “Не знайшоў я на вечным шляху ні грымотнае славы, ні волі” : (Па старонках кнігі лірыкі Алеся Бадака «Маланкавы посах» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2004) / Таццяна Барысюк // Маладосць. – 2004. — № 11. – С. 146-149.

Птушыная планета

Алесь Бадак нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне ў 1966 годзе. Першыя публікацыі ў друку былі ў рэспубліканскіх дзіцячых выданнях і ляхавіцкай “раёнцы”. Часта выступае перад чытачамі ў школах і бібліятэках Брэста, Брэсцкай вобласці. Аўтар кніг прозы, паэзіі. Шмат піша для юнага чытача. Вядомы як літаратурны крытык і перакладчык. На многія яго вершы напісаны песні. Працуе Алесь Бадак першым намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” і Нядаўна пабачыла свет новая кніга пісьменніка — “Птушкі”. Зборнік невялікіх эцюдаў, замалёвак, нарысаў, апавяданняў і казак выдадзены як працяг выдавецкай серыі “Усім пра ўсё”. Новай кнізе Алеся Бадака папярэднічалі “Расліны” і “Жывёлы”. Назвы гавораць самі за сябе.

Пісьменнік, які і раней часта звяртаўся да работы над дзіцячай кнігай, расказвае юнаму чытачу шмат цікавых гісторый. Якімі былі старажытныя птушкі? I ўвогуле ці заўсёды птушкі былі… птушкамі? А хто такая птушка Дадо, пра якую, магчыма, вы чулі з кнігі Луіса Кэрала “Аліса ў Краіне цудаў»? I ці можна паверыць, што была некалі такая паветраная істота, якая смела нападала на вялікія караблі? Ці праўда, што ёсць у свеце птушкі, якія крадуць свіней? Пра чыіх птушанят Арыстоцель гаварыў, што іх кармільцы ненавідзяць уласных дзяцей? Дзе сустракаюцца куры, якія жывуць на дрэвах? Ці праўда, што галубы разбіраюцца ў… мастацтве? Ці можна зразумець птушыную мову? Адказы на гэтыя і шмат якія яшчэ пытанні дапытлівы чытач якраз і знойдзе ў кнізе “Птушкі”. Лаканічныя, але разам з тым інфармацыйна насычаныя аповяды багата ілюстраваны фотаздымкамі. У тым ліку — і самога Алеся Мікалаевіча. А яшчэ — іншых выдатных майстроў фота- справы: I. Бышнёва, Г. Гулеўскага, М. Гулінскага, В. Дубіловіча, С. Зуёнка, С. Чарапіцы. Усе яны маюць вядомасць уважлівых да беларускай прыроды фотамастакоў ці, можа, нават — фатаграфічных арнітолагаў. Здымкі падаюцца надзвычай шматслоўнымі ілюстрацыямі, без якіх кнігу цяжка ўявіць.

Кніга “Птушкі” складаецца з наступных раздзелаў: “Падарожжа ў глыбіню стагоддзяў”, “Як? Чаму? Навошта?”, “Птушыная планета”, “Крылатыя суседзі”, “Свае сярод нас». Назвы, як мне падаецца, дастаткова шматзначныя, гаваркія. Выданне можна было б ахарактарызаваць і як своеасаблівую мастацкую энцыклапедыю. Па-першае, пад адной вокладкай сабрана многа інфармацыі. Па-другое, самыя шырокія звесткі выкладзены добрай мовай, у форме займальных сюжэтаў.

Са старонак зборніка заалагічных эцюдаў Алесь Бадак заяўляе аб сабе як цікавы апавядальнік і казачнік. Асабліва гэта датычыць раздзела “Крылатыя суседзі”, у якім пісьменнік распавядае пра птушак Беларусі. А што да такіх твораў, як “Шпак і чароўная дудачка”, “Варона- гультайка”, то яны і ўвогуле могуць упрыгожыць любыя хрэстаматыі для чытання ў малодшых класах. А калі так, то чаму б на кнігу “Птушкі” не звярнуць увагу школьным настаўнікамі, бібліятэкарам?..

3 цікавасцю чытаюцца і разглядаюцца старонкі раздзела “Свае сярод нас”, дзе пісьменнік расказвае пра тых птушак, якіх здолеў прыручыць чалавек. Алесь Бадак зазірае ў далёкую гісторыю, паказвае эпізоды эвалюцыйнага характару, акцэнтуе ўвагу на дэталях, адметнасцях, што дапамагалі пасябраваць чалавеку і птушкам.

Аўтарская серыя эцюдаў пра прыроду і яе насельнікаў пад назвай “Усім пра ўсё”, над якой не першы год працуюць у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастаціва”, з’яўляецца несумненнай удачай і пісьменніка, і выдаўцоў. А наперадзе нас чакаюць новыя сустрэчы — з кнігамі прыродазнаўчых эцюдаў “Насякомыя” і “Рыбы”.

Алесь Карлюкевіч

Карлюкевіч, А. Птушыная планета : пабачыла свет новая кніга вядомага беларускага пісьменніка, нашага земляка Алеся Бадака / Алесь Карлюкевіч // Народная трыбуна. – 2011. – 3 верас. – С. 11. – Пра кнігу “Птушкі”.

Паэзія на вечным шляху

Што шукае чытач у вершах, з якой мэтай разгортвае ён зборнік паэзіі невядомага ці вядомага яму аўтара? Мабыць, перш за ўсё ён шукае нешта такое, што «кладзецца на душу», адпавядае ўласным думкам, пачуццям, настрою, выклікае суперажыванне, прымаецца сэрцам. Чытаючы твор за творам у зборніку Алеся Бадака «Маланкавы посах», знаходзіш такія вершы, а часам асобныя радкі, якія сапраўды «прымяраеш» да сябе, успамінаеш, што і сам перажываў ці адчуваў падобнае, але, на жаль, не будучы паэтам, не выказаў у вобразным слове. Вось, здаецца, і самому сніліся…

Такія сны, што хочацца застацца.

I жыць у іх без гора і нуды.

А хіба не перажывалася нешта такое позняй восенню, калі…

Лісце апалае ў садзе згарае

Дым неахвотна ўздымаецца ўгору —

Нібы на неба душа адлятае.

Поўная горкага смутку і гора.

Падзяляеш і невясёлую выснову, заснаваную на вопыце пражытых год:

Тое, што не збудзецца,

Для нас

Даражэй, чым тое, што збылося.

Хочацца паўтараць услед за аўтарам і такія радкі:

Плывуць мае вёсны,

што воблакам сталі,

У сінюю далеч,

у шлях незваротны.

Гартаеш старонкі і знаходзіш прыкметы нашага быту, таксама знаёмыя па ўласных уражаннях і назіраннях, а таму па-свойму дарагія. І падзяляеш настроі вершаў «Роздум каля тэлевізара», «Суседка», «Люстэрка». I таксама нешта з таго, што некалі ўбачылася, з прыемнасцю знаходзіш перанесеным у паэзію. Вось прачытаў верш «У навальніцу» і ўспомніў, што сёлета ўлетку сапраўды чуў, як на ўдары грому ноччу адгукалася ахоўная сігналізацыя прыпаркаваных на дварышчы легкавушак. Тады падумалася: гэта варта таго, каб недзе нехта апісаў. Аказалася, ужо апісана, апаэтызавана:

Машыны баяцца грымотаў.

Такія яны дзівакі.

Стаяць ля пад’ездаў і мокнуць,

То зноў заскуголяць, то змоўкнуць,

Як кінутыя шчанюкі.

Учытваючыся ў паэтычныя радкі, неўпрыкмет пачынаеш спасцігаць унутраны свет паэта, і самому становіцца дарагім тое, што ўявіў ужо не ў сваім, а ў ягоным успрыманні. I тады пасяляюцца ў душы, становяцца такімі блізкімі персанажы ягоных твораў: павучок з пакалечанай ножкай, зладзеяваты Дамавік, мураш, які патрапіў з лесу ў гарадскую кватэру, і тая адзінокая жанчына, што

… жыве чаканнем,

Нібы пасланы ліст

Да запатрабавання.

Застаюцца ў памяці і многія вобразы, якія ўзнімаюцца да сімвалаў. Гэта і цвік, «збіты — не забіты», і «саржавелае кола Зямлі», і асеннія лісткі, якія нібы ператварыліся ў птушак і лятаюць над зямлёй, і хата, якая «бабулькай на узмежку / глядзіць нам панура / услед».

Кожны паэт міжволі імкнецца быць арыгінальным не толькі ў змесце, але і ў форме сваіх вершаў. У апошняе дзесяцігоддзе з’явілася многа жадаючых выказвацца ўскладнёна, зашыфравана настолькі, што ключ да таго шыфру мае толькі сам аўтар, а чытачу нельга ні падабраць свой, ні падрабіць аўтарскі. Але можна і ў звыклых формах быць арыгінальным. Можна так своеасабліва ўбачыць звыклае, што яно будзе ўражваць, урэзвацца ў памяць, абуджаць асацыяцыі і выклікаць моцны эмацыянальны водгук. Вось паэту ў перакрыжаванні мерыдыянаў і паралеляў на геаграфічнай карце ўбачыліся краты, што нібы скоўваюць волю ўсяго чалавецтва (верш «Пад канец тысячагоддзя»). Вось непаўторна свежа створаная праз арыгінальны погляд замалёўка, якая выклікае цёплую ўсмешку, радуючы сваёй знаёмасцю:

Мулка на цені сваім пастушку.

Жмурыць блакітныя вочы і сумна

Ў неба глядзіць і чакае, пакуль

Воблака

сонца ў кішэню схавае.

Паэту падуладны не толькі зрокавыя асацыяцыі, але і тонкія адденні пачуццяў, уменне непаўторна перадаць нябачныя псіхалагічныя жэсты, душэўныя перажыванні. Так, апісваючы адчуванні пры сустрэчы выпускнікоў з былымі настаўнікамі пасля выпуску, ён заўважае, што пры гэтым узнікае ніякаватасць, разгубленасць перад тым, як цяпер паводзіць сябе з імі. Вось як гэта выказана:

А стрэнемся — лета з восенню –

Не знаем, пра што гаварыць.

I вучымся новым адносінам,

Нібыта аслеплы – хадзіць.

Асабліва далікатна выказваюцца ў вершах Алеся Бадака пачуцці ў яго лірыцы кахання, настолькі, што не выпадае нешта аналізаваць ў іх, хочацца толькі назваць лепшыя: «Таемны сад», «Ты аддаляешся…», «Зорка», «Пасля вечнасці», «Запаветныя словы», і асабліва — «Падаюць зоры», які стаў песняй і набыў ужо шырокую вядомасць, палюбіўся.

Алесь Бадак не застаецца ў свеце толькі абсалютна зразумелых, прасветленых вобразных сродкаў, даходлівага зместу, ёсць у яго вершы, якія маюць ускладнёную метафарычнасць, разгорнуты ў цэлыя фантасмагарычныя карціны, падсвечаны міфалогіяй. Гэта творы, у якіх аўтар задумваецца над складанымі праблемамі чалавечага быцця. Тут у першую чаргу згадваюцца яго паэмы «Эміграцыя», «Ра», «Цень». У кожнай з іх паэт пераносіцца ў своеасаблівы віртуальны свет, судакранаецца з незямным, уяўным, фантастычным. У паэме «Эміграцыя» лірычны герой трапляе праз «чужы парог» у свет ідэальнага кахання, які нагадвае «чуждый край незнакомого счастья» з паэмы Аляксандра Блока. «Салаўіны сад», і гэтая асацыяцыя падмацоўваецца і тым, што і тут свет ідэальнага шчасця ў каханні аказаўся чужым, успрымаўся як духоўная эміграцыя, як здрада паэзіі, а «таемны сад» са свайго верша з такой назвай, сад свайго кахання, хай сабе і таксама мройлівы, але намнога даражэйшы, бо ён — зямны.

«Ра» — паэма, у якой паэту спатрэбіўся зварот да экзатычнага прадстаўніка егіпецкай міфалогіі, «бога сонца і бясчасся», каб з яго дапамогай знайсці сваё разуменне Радзімы, убачыць яе здалёк. Егіпецкі бог праводзіць і лірычнага героя праз вякі, каб ён выбраў час, у якім яму хацелася б жыць.

Але ён не захацеў жыць у чужым яму свеце, у мройлівых мінулых часах, і пасля ўсіх прыгод прыйшоў да высновы:

Шлях да Айчыны адусюль кароткі,

Калі твая Айчына не міраж.

У паэме «Цень» паэт на станцыі «Хоць куды» сядае ў фантастычны цягнік, які мчыць у нейкай невымернай прасторы да станцыі «Край свету». Але цягнік таксама не спраўджвае надзей паэта ўбачыць Айчыну здалёк, і ён у трэці раз вяртаецца са свету мрояў у родны кут. I ўсё ж кожны раз гэтыя вандроўкі ўзбагачаюць лірычнага героя разуменнем сваёй душы. Але яму яшчэ нечага не стае, і ў занатаваным «На палях паэмы «Цень» нездарма зазначаецца:

Яшчэ

Убачыць можна ўсіх

Адтуль, з далёкага былога.

Хто ёсць, каго няма ў жывых,

Усіх –

Апроч сябе самога.

I ўслед за гэтым у зборніку змешчана ў асобным раздзеле «Пурпуровае сонца» нізка перакладаў, па адным з вершаў паэтаў розных часоў і народаў. Адразу ж пачынаеш думаць: чаму выбраны менавіта гэтыя творы, што прывабіла паэта ў іх, што падалося сугучным ягонаму паэтычнаму светаўспрыманню, чаго ён яшчэ шукае і што знайшоў? Заўважаеш: усе перакладзеныя вершы — пра каханне, у кожным замежных паэтаў хвалююць тонкія адценні пачуцця, пытанні ўзаемаадносін закаханых, разумення таго, «што на сэрцы туманіцца» (А. Блок), чаму свет кахання — «сумны рай» (Т. Шаўчэнка), чаму ён «закружыць голаў водарам гарачым» (У. Шэкспір) настолькі, што аж нават сонца становіцца пурпуровым, калі яно «такім яшчэ ніколі не было» (Л. Кастэнка). Чытаеш пераклады, і зусім не хочацца задумвацца пра іх якасць, думаеш пра змест і з нецярпеннем адкрываеш наступны, заключны раздзел — «Вяртанне на Млечны шлях». 3 чым вярнуўся паэт з вандроўкі ў свет іншакраінных творцаў? Якую мудрасць спасціг? А вяртаецца ён у родную вёску, у родную хату і там у люстэрку з цяжкасцю пазнае “сябе самога”, таго самага, каго так і не знайшоў у паэме “Цень”. Так, гэта вяртанне да сябе, да свету паўсядзённых з’яў і пачуццяў, да свайго кахання, да людзей. А ў заключных вершах – зноў роздум пра Айчыну, трывога за яе лёс:

Што яшчэ будзе? Па волі чыёй?

Зноў замест сонца хмара ўзыходзіць.

І ўсё больш там трывожных думак пра лёс яе сыноў, пра родную мову, пра сябе на “млечным шляху” жыцця. У апошнім раздзеле нарастаюць мінорныя ноты, і міжволі заўважаеш, як перайначваецца скразны для зборніка вобраз шляху, па якім паэт выбіраўся ў свае рэальныя і намроеныя вандроўкі з “маланкавым посахам” паэзіі, з жаданне таго, “каб відушчай душа мая стала”. Спачатку гэта вясёлы, даволі бесклапотны шлях, на якім заўважаюцца мілыя душы карціны, а дарожны пыл “то радасна ляцеў за далягляд, то да мяне зажураны вяртаўся”. А ў апошніх вершах пыл нагадвае яму пра вечнае, прах былога, звязваецца з трывогамі і неспакоем душы ў наш складаны час. У вершы “Душа”, задумаўшыся над лёсам расстралянага паэта, аўтар піша:

Узлятаў над Айчынаю пылу зажураны клін,

А душа заставалася ў вершах.

Дык ці не ў тым і сэнс блуканняў з маланкавым посахам, перажываючы ўсё, што сустрэнецца на жыццёвым шляху, каб выказаць сваю душу ў вершах, каб перажытае, перадуманае і пераўвасобленае знайшло водгук у іншых душах?

Але ёсць яшчэ ў зборніку апошні верш, цудоўны па форме, напісаны шасцірадкоў’ямі са своеасаблівым паўторам сугуччаў, які ўзмацняе адчуванне трывогі, ён так і называецца “Пыл”, і ў ім глыбокі падтэкст. Кожны чытач будзе асэнсоўваць яго па-свойму, але ў кожнага застанецца адчуванне таго, што яшчэ не ўсе шляхі пройдзены, што не ўсе думкі, якія хвалююць і не даюць спакою, можна лёгка супакоіць адным рашучым учанкам, а потым пакутаваць ад таго, што гэта было не самае лепшае выйсце.

“Маланкавы посах” – трэці зборнік у творчай біяграфіі паэта, сведчанне пары сталасці і росту майстэрства. Лірыка Алеся Бадака пайшла ў шырокі свет, многія яго вершы сталі песнямі. Неяк нават па-асабістаму бачыцца і тое, што Алесь Бадак па сваім працоўным абавязку займаецца цяпер адкрыццём маладых талентаў, ацэнкай першых паэтычных спроб тых, хто толькі-толькі ўступае на “млечны шлях” творчасці. Для таго, каб займацца гэтай адказнай справай, мала мець добры мастацкі густ, чулае сэрца і спагадлівасць, трэба і ўласным прыкладам паказваць, да чаго ім, маладым паэтам, імкнуцца. “Маланкавы посах” паслужыць у гэтым добрым апірышчам. А ўсе, хто будзе чытаць новы зборнік Алеся Бадака, знойдуць у ім нямала такога, што светла адгукнецца ў душы.

Міхась Кенька

Кенька, М. Паэзія на вечным шляху : пра кнігу паэзіі “Маланкавы посах” Алеся Бадака / Міхась Кенька // Полымя. – 2005. — № 1. – С. 231-234.

«Ищу трехмерное пространство»

 Алесь БАДАК — известный белорусский прозаик, поэт. Часто выступает как литературный критик и как переводчик. И еще Алесь Бадак — директор издательства «Мастацкая Літаратура». О сегодняшних литературных явлениях, о творчестве молодых, о некоторых проблемах книгоиздания Алесь Николаевич и согласился поговорить с читателями газеты «Союз Евразия».

– Алесь Николаевич, насколько, из Бела­руси видны другие национальные ли­тературы постсовет­ского пространства? Я имею в виду и ваше читательское, и ваше писательское вос­приятие?

— В эпоху интернета и благодаря ему, как из космоса, видно далеко, в какую сторону ни по­смотри. Другое дело, что такая возможность ме­шает сфокусироваться, как говорят, глаза раз­бегаются. Поэтому часто полагаешься на мнения людей знающих, кото­рые в теме той или иной национальной литера­туры. Или же на какие- то критические статьи, отзывы, на которые наталкиваешься в том же интернете. Впрочем, я ведь и «Дружбу наро­дов», и многие другие с юности уважаемые мной журналы в последние годы просматриваю через монитор. А что делать, если сегодня они по подписке в разы дороже наших белорус­ских.

Но дело не только в це­нах, которые на самом деле очень высокие. Ведь во времена Совет­ского Союза мы читали Айтматова, Искандера или Думбадзе не толь­ко потому, что это сама по себе очень хорошая проза. Но еще и пото­му, что было ощущение, что мы находимся на одном культурном по­ле, ощущение какой-то близости, общности. Я это чуть-чуть, но все же успел почувство­вать во второй половине 1980-х, насколько я помню, это был послед­ний в истории Всесоюзный семинар моло­дых литераторов. Он проходил в Алматы, от Беларуси поехали мы с Галиной Булыко. И там как-то очень быстро все перемешались — позна­комились — подружи­лись — белорусы, рус­ские, украинцы, казахи, узбеки, грузины… А что уже говорить о поколе­ниях, которые пришли в литературу значительно раньше нас: сколько было поездок в разные уголки Союза, сколько дружеских посиделок, сколько потом появля­лось переводов про­изведений с одного национального языка на другой…

Кстати, и сегодня я для себя открыл многих уже давно состоявшихся на родине писателей бла­годаря тому, что прежде познакомился с ними у нас, в Беларуси. Это и Чингиз Али-оглу, и Роберт Милитонян, и Ато Хамдам. Или взять того же Юрия Козло­ва из Москвы, главного редактора «Роман-газе­ты». Как-то в советское время он прошел мимо меня, а лет пять назад мы познакомились, и я открыл для себя удиви­тельного современного русского прозаика.

— Читаете ли вы то, что пишут молодые российские прозаики, поэты? Можно ли го­ворить о схожих тен­денциях в литературе молодых в Беларуси и России?

— Опять-таки, чаще всего по чьей-то под­сказке. Вот, например, Александр Казинцев не­сколько лет назад начал расхваливать мне моло­дую русскую писатель­ницу Елену Тулушеву.

Я почитал и понял, что теперь, если мне будет попадаться на глаза ее новая проза, обязатель­но не оставлю ее без внимания. Читаю то, что печатается в альманахе «Мост дружбы», который публикует лучшие про­изведения участников белорусско-российского литературного конкурса молодых литераторов, который проходит под патронажем Постоянного комитета Союзного государства. Читаю про­изведения участников конкурса «Першацвет», который проводится у нас в Беларуси и в кото­ром принимают участие и россияне.

Конечно, в белорусской и русской молодой ли­тературе много схожего, и эта схожесть опре­деляется временем, в котором мы живем, теми особенностями, которые характерны для нашей эпохи. Но есть и раз­личия. При всем своем стремлении быть рас­крепощенной, отвечать духу времени, в целом молодая белорусская литература по природе . .своей остается более це­ломудренной.

— Достаточно ли се­годня творческих площадок, чтобы молодые литераторы разных стран могли спорить, вести творче­ские дискуссии, прос­то чтобы знакомились друг с другом?

— Я уже говорил о кон­курсах «Мост дружбы» и «Першацвет», говорил об интернете, который может объять необъят­ное. Было бы желание. То есть площадок хва­тает, а вот желания… Я сужу по белорусскому литературному процессу. Ведь когда-то литерату­ру делали личности — Мележ, Быков, Шамякин, Короткевич, — но было ощущение писательской общности, в том числе и в молодежной среде. Ну просто не могу себе представить, чтобы на­ше поколение, которое приходило в литературу в 80-е, не интересова­лось, какая книга, да что там книга — оче­редная публикация в республиканской, прессе у кого-нибудь из нас появилась. Знали, чита­ли, обсуждали. Сегодня литература создается коллективным трудом, и когда спрашивают, что из нынешних про­изведений сопоставимо с «Людьми на болоте» Мележа, то ответить можно, если, условно, конечно, произведения нескольких современ­ных авторов соединить в единое целое и получит­ся этакий коллективный Мележ. Потому что се­годня почти не пишутся объемные романы, и писательский глас чаше всего сфокусирован на чем-то одном. Нет ощу­щения объемности, тако­го, знаете, 3-D, трех­мерного пространства в произведении. Но когда накладываешь произ­ведение одного автора на произведение друго­го, а то на произведение третьего, получается же­ланный эффект, «Люди на болоте».

«Молодому человеку надо издать свою книгу. Как это сделать почти неизвестному автору, в первую очередь, поэту? Ведь любое издательство сразу поставит перед ним вопрос: за чей счет? Как потом продавать ее будем»?

— А если говорить

о конкретных именах, то кого из белорус­ской литературной молодежи Вы бы все-таки выделили: в про­зе? В поэзии…

— В 1984 году старей­ший белорусский жур­нал «Полымя» решил один из своих номеров посвятить литературной молодежи, в числе кото­рой оказались 38-летний Генрих Далидович и даже те прозаики, ко­торым стукнуло сорок. Так вот исходя из этого принципа возрастного ценза, сегодня, отвечая на этот вопрос, можно назвать и уже довольно популярного и раскру­ченного сорокалетнего прозаика Виктора Мартиновича. Так он ведь жутко обидится, прочи­тав, что его причисляют к молодым. С другой стороны, хочется, что­бы за именем были не просто удачные строчки или хорошо скроен­ный рассказ. А чтобы за ним уже чувствовался свой стиль, свое миро­воззрение. Не игра в литературу, а собствен­но литература. Которая не на время, а на всю жизнь. Я, например, очень жалею, что как-то в последнее время не встречаю в печати про­зу Марины Евсейчик. Начинала печататься она еще школьницей или студенткой, причем сразу обратила на себя внимание рассказами, в которых реальное очень удачно совмеща­лось с налетом легкой мистики, волшебства. Но, возможно, это я не очень внимательный и активный читатель. Нра­вится мне документаль­ная проза Елены Мальчевской, нон-фикшн, то, что сейчас очень модно в молодежной творчес­кой среде, благодаря все тому же интернету. И в жанре прозы, и в жанре поэзии интересно работает Маргарита Латышкевич. Я специально называю только жен­ские имена, чтобы мое литературное «меню» не оказалось слишком длинным.

— А кто из молодых российских писате­лей вам больше всего интересен?

— Ну, про Елену Ту­лушеву я уже сказал. А из совсем для меня новых имен, о кото­рых я впервые услышал только в прошлом году, это победители кон­курса «Мост дружбы» Артур Журавлев, Иван Кузнецов, Егор Кули­ков, Антон Лукин, Марта Райцес и Сергей Чернов. Интересно понаблюдать, насколько хватит им те­перь сил, которых, над­еюсь, прибавилось после победы в этом конкурсе, пробиться в большую литературу.

— Алесь Николаевич, и все-таки — какая жизненно важная тема, требующая литературного, ху­дожественного ре­шения, — вне поле зрения молодых?

— Тема современной жизни, причем имен­но молодежи. Хочется прочитать такие произ­ведения об их жизни, чтобы я этим молодым позавидовал. Позавидо­вал тому, что не родился позже, в их время. Но у меня пока этого не по­лучается. Или у них не получается, уж не знаю.

— Времена сегодня совсем иные с точ­ки зрения вложения бюджетных средств в литературу, если сравнивать с со­ветским прошлым. А вообще так ли уж надо государству целенаправленно под­держивать литературу молодых?

— Безусловно, надо. Но тут важно, чтобы это была не формаль­ная, а заинтересованная поддержка, которая бы работала по принципу замкнутой цепи, приво­дящей в движение мо­лодежный литературный процесс и в итоге даю­щая какие-то результа­ты. Что я имею в виду. К примеру, поддержать издание молодежного литературного журнала, помочь молодому даро­ванию сделать первый шаг в литературе — это очень благое дело. Но если его после этого бросить на произвол су­дьбы, мол, дальше сам плыви в этом литератур­ном океане, то благое дело сразу несколько теряет свою значимость. Кто-то, конечно, поплы­вет, как, впрочем, кто-то и без такой, начальной поддержки, сам научит­ся плавать брассом. Но кому-то, причем, мно­гим, и начальной под­держки мало. Особенно сегодня, когда книжный рынок перенасыщен. Молодому человеку на­до издать свою книгу. Как это сделать почти неизвестному автору, в первую очередь, поэту? Ведь любое издатель­ство сразу поставит перед ним вопрос: за чей счет? Как потом про­давать ее будем? А еще хочется, чтобы молодые авторы были востребо­ваны композиторами, режиссерами, потому что песня — это кратчайший путь к популярности, как и, например, тот же мультфильм, снятый по твоей сказке. Призна­юсь, про Дядю Федора – Эдуарда Успенского я впервые прочитал, уже когда сам начал писать сказки. Но я с детства знал и любил всех ге­роев Простоквашино — благодаря мульт­фильмам. Скажете, ну, замахнулся, это сколь­ко же денег государству надо на все это допол­нительно выделять?! Да нисколько! Потому что государство — это и ре­дакция молодежного ли­тературного журнала, и редакция издательства, и руководство театра, киностудии, союза ком­позиторов и т. д. И ког­да все вместе просто чуточку больше обратят внимания на молодых, станут регулярно про­водить какие-то проб­лемные круглые столы, конкурсы, то в итоге от этого выиграют все: и писатели, и режиссеры, и композиторы, и из­датели. Все — и моло­дые, и опытные мастера, которым, кстати, тоже не повредит чаще общать­ся с молодежью, чтобы подзаряжаться их энер­гией, благоДаря которой они смогут что-то новое увидеть в этом мире.

Ладутько, К. «Ищу трехмерное пространство» / Беседовал Кирилл Ладутько // Беларусь сегодня. – 2018. – 9 января (№ 5). – С. 7.

Маленькі чалавек у вялікім свеце

Ці не знаёма вам гэтая назва? Так, знаёма, павінна быць добра знаёма! На працягу некалькіх гадоў на старонках нашага часопіса пад ёй друкаваліся своеасаблівыя творы-роздумы аб агульначалавечых каштоўнасцях: любові да Радзімы, дабрыні, сяброўстве, ветлівасці, беражлівых адносінах да прыроды, усяго жывога.

Аўтар кнігі — вядомы беларускі паэт Алесь Бадак пабудаваў яе як добразычлівую гутарку дарослага з дзіцём. Прычым яму ўдалося праз знешнюю прастату павесці грунтоўную размову пра сур’ёзныя праблемы. Усе вершы, апавяданні, казкі Бадак склаў сам, спалучыўшы іх агульнай тэмай таленавіта і свежа. Безумоўна, кніга — своеасаблівая адмеціна ў творчым росце мастака слова, які вырашыў дапамагчы бацькам, дзядулям, бабулям, выхавацелям ясляў-садоў адкрыць маленькаму чалавеку вялікі свет вакал яго. Спроба атрымалася ўдалай і ўражлівай.

“Праз гэту кнігу мне хацелася яшчэ раз звярнуць вашу ўвагу на самае галоўнае, аб чым трэба памятаць перад тым, як чытаць дзіцяці вершы, казкі, апавяданні: на тое вялікае выхаваўчаае значэнне, якое яны маюць, на тую ролю, якую яны адыгрываюць у выхаванні маленькага чалавека”, — слушна заўважае аўтар у прадмове да кнігі.

Прыемна, што яна нараджалася на старонках часопіса «Пралеска», таму і атрымала шчаслівы лёс — надзіва хутка выйшла асобнай кнігай, што няпроста ў наш час. Але аднаго шкада: тыраж, на жаль, толькі тры тысячы. А гэта значыць, набыць яе складана, аднак не палянуйцеся зазірнуць у кнігарню, і вы атрымаеце цікавага суразмоўцу і дарадчыка ў выхаванні дзяцей.

Між тым Алесь Бадак не развітваецца ні з малымі, ні з дарослымі. Ён абяцае напісаць новыя творы, новыя кнігі. Спадзяёмся, што застанецца па-ранейшаму актыўным аўтарам нашага часопіса. Зычым яму творчых поспехаў і натхнення!

Маленькі чалавек у вялікім свеце : [пра аднайменную кнігу Алеся Бадака] // Пралеска. – 1995. — № 10. – С. 7.

«Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца»

Праблеме няпростых адносін паміж вучнямі і маладымі настаўнікамі прысвечана аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёмішіа»,якая выйшла ў шостым і сёмым нумарах часопіса «Маладосць». Твор мае дзве сюжэтныя лініі, якія аб’яднаны тэмай першага кахання. Адна з іх пераносіць чытача ў школу пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя. Галоўны герой твора — Сяргей Васілевіч, вучань восьмага класа Федзюковіцкай сярэдняй школы, закахаўся ў сваю маладую настаўніцу біялогіі. Але гэтае чыстае і светлае школьнае каханне, якое так адрозніваецца ад дарослага, прыводзіць да трагедыі…

Другая сюжэтная лінія — аб падзеях сённяшняга дня. За дваццаць год многае змянілася, але праблема адносін настаўнікаў і вучняў застаецца актуальнай. Маладога пісьменніка Сяргея Васілевіча запрашаюць выступіць у школе, дзе адбылося надзвычайнае здарэнне: васьмікласнік шантажыраваў маладую настаўніцу яе фотаздымкамі, якія неўпрыкмет зрабіў на ўроку і пагражаў «выкласці» іх у Інтэрнеце, што прымусіла маладую настаўніцу напісаць заяву аб звальненні. Гэтыя падзеі, а таксама выпадковая сустрэча Сяргея Васілевіча з былой настаўніцай, у якую ён некалі быў закаханы, прымушаюць маладога пісьменніка задумацца аб даўно мінулых гадах. Ён не можа зразумець, чаму Таццяна Антонаўна Высоцкая, якая для яго заўсёды застанецца проста Танечкай, нават цяпер ненавідзіць свайго былога вучня. Толькі потым, завітаўшы ў госці да былой дырэктаркі сваёй школы, Васілевіч даведваецца аб трагедыі, якая здарылася з яго настаўніцай, і пачынае разумець прычыну яе нянавісці.

У аповесці глыбока адлюстраваны пачуцці і перажыванні вучня восьмага класа, яго адносіны з маладой настаўніцай. Яшчэ з большай цікавасцю і захапленнем чытаеш аб тым, як закранаюць душу маладога пісьменніка падзеі мінулых гадоў, аб яго думках і разважаннях. У творы раскрыта не толькі праблема адносін паміж настаўнікамі і вучнямі, але і праблемы дабра і зла, шчасця і кахання, адказнасці за свае ўчынкі. Аповесць чытаецца на адным дыханні і проста не можа пакінуць абыякавай як падлеткавую, так і дарослую аўдыторыю.

Студзёная, А. Праблемы падлеткаў на старонках часопіса “Маладосць” / Алена Студзёная // Бібліятэка прапануе. – 2007. — № 6. – С. 25-26. – Пра аповесць Алеся Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”.

Маланкавыя будні самотнага сонца

Практычная (ілюстраваная) уфалогія

Сучаснае беларускае літаратуразнаўства, і асабліва тое яго адгалінаванне, якое па волі нялітасцівага лёсу мусіць даследаваць бягучы літаратурны працэс, паўстае сапраўднай уфалогіяй. Не ў апошнюю чаргу — дзякуючы сённяшняй літаратурнай крытыцы. Ей роўных няма, бадай, толькі ў адным — у справе пераконвання айчыннага пісьменніка і чытача ў тым, што іх няма. Калі ж штосьці/хтосьці і мільгае ў нетрах мастацкай славеснасці, дык гэта (аргументавана) раяць уважаць не за аб’ектыўную рэальнасць, але за містыфікацыю ці байкі людзей маладасведчаных, якім веры даваць не варта.

Заўважым, што ў працэсе «уфалагізацыі», які закранае і ўласна прыгожае пісьменства, ахвотна бяруць удзел самі пісьменнікі. Напрыклад, толькі лічаныя «гультаі», якія належаць да ўмоўнага літаратурнага пакалення саракагадовых не засведчылі, што іх пакаленне крытыка сумесна з літаратуразнаўствам «таленавіта прафукалі», г. зн. пісалі пра саракагадовых (оптам і ў розніцу) так рэдка, млява і някідка, што тыя (40-гадовыя) мусяць пагаджацца на ўласныя «метафізічныя» хаўтуры, спакваля раствараючыся ў паветры — не раўнуючы фэйры, размаітыя звышнатуральныя істоты, перасаджаныя на родны грунт з фальклору германскіх ды кельцкіх народаў. Да ліку тых адзінак, хто на скрушную перспектыву ўласнага «знікнення» ніяк дагэтуль не адрэагаваў, належыць Алесь Бадак — хоць ён, нарадзіўшыся ў 1966 годзе, якраз мае законнае права абурацца з нагоды зацятага ігнаравання літтэарэтыкамі літпрактыкаў.

Маўклівасць паэта Алеся Бадака цягам спрэчак, якія пачынаюцца з разваг над лёсам Літаратуры, а вынікам маюць персанальныя прэтэнзіі тыпу «сам дурны», тлумачыцца тым, што ён унікнуў адмысловай метэазалежнасці: ён ёсць (усведамляецца) творцам — незалена ад таго, прамаўляецца ягонае імя ці не, і ён мае твор — незалежна ад таго, куды дзьме «герменеўтычны» вецер. Працягласць жыцця гэтага твора не залежыць ад колькасці спароджаных ім інтэрпрэтацый, бо «словы» (вершы ды паэмы) сп. Бадака, як правіла, усё ж цікавейшыя за самыя дасціпныя «пасляслоўі».

Зрэшты, у няпростых варунках сучаснай крытыкі і жанр адмысловага «эпілога», ці, што падаецца больш дакладным у дачыненні да сярэдзіннага пакалення — «бенефісу», — бачыцца не менш запатарабаваным, чым аглядна-панарамныя артыкулы альбо рэцэнзіі, якія мацуюць веру не толькі ў наяўнасць, але і ў адносную жвавасць айчыннага літаратурнага працэсу. Згаданы літаратурна-крытычны «бенефіс» не ёсць «творчым партрэтам пісьменніка» — з абавязковымі агледзінамі жыццёвых дасягненняў і неадменнымі ў нашых выданнях фотаздымкамі (сяброўска-сямейнымі) дваццацігадовай даўніны, якія не «індывідуалізуюць» крытычную парсуну, але ўзмацняюць яе, у прынцыпе, і без таго кананічную безаблічнасць. Французскае слова bunufice, якім называюць спектакль у гонар аднаго з удзельнікаў, што ладзіцца як прызнанне заслуг артыста, літаральна азначае «прыбытак», «карысць», «перавагу». Сучаснаму беларускаму літаратару ўсялякае крытыкава абуджэнне ёсць безумоўным прыбыткам (пра карыснасць якога — для пісьменніка! — зрэшты, можна спрачацца). Аднак сэнс літаратурна-крытычнага «бенефісу» мусіць зводзіцца не так да ўхвалы/шанавання аўтара, якому ордэн даваць рана, а медаль — позна, як да асэнсавання важкасці ягонай прысутнасці (а часам — і адсутнасці) у рэальным літаратурным працэсе.

Урэшце, прызнаемся шчыра: і наша «уфалогія», як любая іншая навука, прагне фактуры.

***

Калі згадаць пра мастацка-эстэтычную атмасферу тае пары, калі вершы Алеся Бадака збіраліся стацца кнігаю (маецца на ўвазе ўмеркавана-«6урапенная», з пункта гледжання сённяшняга авангардызму, сярэдзіна 1980-х), дык малады паэт, які наважыўся даць свайму першынцу імя «Будзень», відавочна імкнуўся наладзіць сам сабе нежартоўнае выпрабаванне рэалізмам.

Першая кніга вершаў сп. Бадака была выдадзена ў дэбютнай серыі «Мастацкай літаратуры» ў 1989 годзе. Рэдагаваў зборнік — як засведчана на шмуцтытуле, «на грамадскіх асновах», — Алег Лойка. Уладзімір Някляеў напісаў прадмову, пачатак якой мог бы на(пад)даць аптымізму толькі надзвычай мэтанакіраванаму, а дакладней, зацятаму дэбютанту: «На схіл ідзе другая палова 80-х гадоў, на ветах — апошняя чвэрць стагоддзя… Час, калі ў цэлым у літаратуры назіраецца спад, пакуль што не яўны, не відавочны для чытачоў, для крытыкі, бо наўкол — дэкарацыі ўздыму». Лагодны аўтар «пралога» пералічвае «селекцыйны набор рэфлексій лірычнага паэта» (ад «жаху перад адзінотаю» — да «і гэтак далей»), перасцерагае дэбютанта-але-не-пачаткоўца ад тэматычнай звужанасці ды абмежаванасці рэалій, «у сутыкненні з якімі вызваляецца энергія паэзіі», а напрыканцы засведчвае «непазбежны» і «часовы» ўплыў іншых паэтаў на творчасць аўтара «Будня».

Навошта ворагі (крытыкі), калі ёсць сябры (пісьменнікі)?!

Тое, што пасля гэткіх «уводзінаў» сп. Бадак выдаў яшчэ дзве кнігі «дарослай» паэзіі (заўважым — без прадмоў!) і шэраг кніг для дзяцей («Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў», «Верабей з рагаткай», «Маленькі чалавек у вялікім свеце», «Мы купілі кракадзіла», «Пра цябе і тых, хто побач»), з’ўляецца прамым доказам перавагі зацятай рэалістычнасці над эфемернасцю адкрыццяў розных там іншасветаў — прынамсі, гэтак у айчынным літаратурным кантэксце.

У студэнцка-аспіранцкія гады само словазлучэнне рэалістычная паэзія падавалася мне квазінавуковым аксюмаранам, стылістычным казусам. У часы пасляаспіранцкія недарэчнасць ягоная не падавалася ўжо такою відавочнаю, але сам «устойлівы выраз» нязменна асацыяваўся з бязвобразнасцю, аўталагічнасцю стылю, дзе стваральнасць (нязменна новага свету) падмяняеццца капіістыкай. Між тым, менавіта згаданая літаратуразнаўчая «ідыёма» бачыцца надзвычай удалаю (калі ўважаць яе зыходным матэрыялам) для вызначэння якасці лірыкі Алеся Бадака: вершы зборніка “Будзень” (як, зрэшты, і творы, што ўвайшлі ў больш познія кнігі) народжаныя паэзіяй рэальнасці, калі ў будзённасці рэчаў і падзей утрымліваецца адначасова і ўся складанасць быцця – і магчымасць яе вытлумачэння.

Справа ў тым, што многія літаратары адчайна імкнуцца прыхаваць укаранёнасць уласнай нястрымнай фантазіі ў відавочна «зямным» грунце, быццам саромеюцца нечага, а чаго — не зусім зразумела; можа, баяцца бруталізаваць «тонкі свет» паэзіі. Так, сузіранне гаротнай качкі-«гараджанкі», якая грэбаецца ў невыкшталцоным смецці на ўзбярэжжы далёка не празрыстай Свіслачы, здольнае падштурхнуць адных да апакаліптычных высноў, вобразнай «матэрыялізацыі» якіх пазайздросціў бы сам Босх, другіх — да ўпартых пошукаў нетутэйшага сімвалізму, у чыім бляску цень тутэйшай качкі папросту… неактуальны. Паэзія ж «Будня» ўтрымлівае падкрэслена натуральны (недэфармаваны) вобраз рэчаіснасці: размова не пра тое, што аўтар ахвяруе мастацкасцю на карысць своеасаблівай — квазімастацкай — дакументалістыкі, але пра тое, што інтэрпрэтацыя — паэтава «версія» — рэчаіснасці ніколі не папярэднічае яе выявам. Вершам Алеся Бадака, магчыма, чагосьці і не хапае, але дэфіцыт вобразна-выяўленчых сродкаў ракайльнага ці барокавага кшталту ім ніколі не шкодзіў:

Цэлы дзень кастрычнік сеяў

дождж,

і вось зараз, пад вечар,

па голых галінах дрэў.

на апалым лісці,

на дахах дамоў

паволі

узыходзіць

смутак.

«***Цэлы дзень кастрыннік сеяў…»

Тое, што вершам сп. Бадака (хоць сённяшнім, хоць дваццацігадовай даўніны) неўласцівая збыткоўнасць стылістычных раскошаў, зусім не азначае, быццам творца дэманструе паслядоўную схільнасць да своеасаблівай мастацкай аскезы, імкнучыся ператварыць яе ў маніфестацыю ўласнай непаўторнасці. Цікава, што ў дачыненні да твораў першага зборніка рэчыўны змест паэзіі яшчэ не звязваецца наўпрост з той апісальнасцю, нават адмысловай эпічнасцю паэтычнага маўлення Алеся Бадака, якая будзе вызначаць характар яго вершаскладання (але не паэзіі наогул!) у пазнейшыя гады.

Будні лірычнага героя напачатку калі і асмужаюцца самотаю, дык, здаецца, з павагі да публікі, нібы па звычцы. Таго вымагае сам статус маладога паэта, якому ахвяраваць загадкаваю сінню пад вачыма (асабліва ў «цікавыя часы» зломаў ды крызісаў) на карысць здаровага румянца не дазволілі б ні вернасць карпаратыўным заганам, ні сама традыцыя. Паводле апошняй перыяд татальнай незадаволенасці папярэднікамі, сучаснікамі і наступнікамі варта ўважаць за адмысловы абрад ініцыяцыі, што не міне ніводнага часова-новага паэта. Насамрэч, нават стрыманасць у выяўленні эмоцый, што можа павялічваць адлегласць паміж аўтарам і лірычным героем, нагнятаць уражанне адчужанасці творцы ад ім жа створанага мастацкага свету, не здолее замаскіраваць натуральную жыццярадаснасць — і самога сп. Бадака (прынамсі, перыяду «Будня»), і наваколля, што занатоўваецца ім у не столькі прыдуманых, колькі дадуманых падчас назірання за шматаблічнаю рэчаіснасцю вобразах:

Мулка на цені сваім пастушку.

Жмурыць блакітныя вочы і сумна

У неба глядзіць і чакае, пакуль

Воблака

Сонца ў кішэню засуне.

«На пашы»

Калі камусьці закарціць давесці паэту (роўна як і дзіцяці) наіўнасць, сцёртасць ці банальнасць прыведзеных тропаў, ён мусіць альбо запасціся дзясяткам не менш «трывіяльных» прыкладаў, альбо напружыцца — і самому нарадзіць вобраз не менш… «немудрагелісты». Пошукі падобных аргументаў ад пачатку ўяўляюцца справаю клопатнаю і няўдзячнаю: бо ў зацятага рэаліста ад крытыкі непазбежна разальецца жоўць па ўсёй аўры, а рэаліст умеркаваны гэткаю бесперспектыўнаю справаю займацца не будзе.

***

Ці не кожны перакладчык з партугальскай мовы (прынамсі, на рускую), калі яму выпадае шанец не проста паставіць сваё імя пад перакладам, але і суправадзіць яго больш ці менш разгорнутай прадмовай альбо пасляслоўем, абавязкова паскардзіцца на немагчымасць аднавіць сродкамі іншай мовы слова saudade. Перашкода гэтая станецца непераадольнай толькі для таго, хто знаёмы з рускімі тоской, грустью, задумчивостью, але не чуў пра беларускую самотнасць. Шматкроць было зазначана, што вытлумачэнне той самотнасці, у якой угрунтаванае светаадчуванне пераважнай большасці беларускіх пісьменнікаў, той самотнасці, якая адначасова ёсць каранямі — і кронаю айчыннага літаратурна-мастацкага «дрэва» (вось калі паэтыка свету літаральна адлюстраваная ў паэтыцы тэксту), немагчымае — прынамсі, без (неа)барокавых метафар ды іерагліфічных сімвалаў. Бо размова ідзе пра «канцэпт», што таксама, як і партугальскую saudade, надзвычай цяжка аднавіць сродкамі іншай мовы і практычна немагчыма раскласці на чыннікі, бо тут сплаўленыя-сплеценыя немітуслівая задумлівасць традыцыі — і ліхаманкавыя намаганні праціснуцца ў пантэон класікі-Пост, абвастрэнні тутэйшай пыхі — і рэцыдывы касмапалітызму… Да таго ж, у «рэчыве» сённяшняй пісьменніцкай самоты апакаліптычныя мроі амаль не адасабляюцца ад казачных надзей.

Другі зборнік вершаў і песень Алеся Бадака выйшаў у «Мастацкай літаратуры» ў 1995 годзе пад назвай «За ценем самотнага сонца». Калі меркаваць пра, так бы мовіць, «тэхнічны» бок вершавання сённяшняга «бенефіцыянта», дык за шэсць год, што мінулі з часу з’яўлення ягонай першай кнігі, вектар форматворчасці не змяніўся: не меў шанцу чытач (і сам аўтар) здзівіцца радыкальнай змене эстэтычнай арыентацыі. Таму «план формы» хоць і ўнік зманлівых перспектыў, звязаных з неадменным абавязкам творцы эвалюцыянаваць ад кнігі да кнігі, ад верша да верша і г.д., затое… і не пацярпеў. Непадробная ўвага да рэчаіснага свету спрыяла эпічнай дэталізацыі ягонай «панарамы» ў творах другога зборніка сп. Бадака: «самотна-сонечныя» вершы па тыпу мастацка-вобразнага адлюстравання наваколля відавочна набліжаюцца да ліра-эпасу; паэта па-ранейшаму вабіць не «метафізіка» пачуццяў, але магчымасць іх «фізічнага» ўвасаблення. Прадметам паэтавай увагі застаюцца не столькі магчымыя версіі страсці, колькі дакладная хроніка расстанняў. Відавочна, такім чынам, што і ў змястоўным плане другая кніга ёсць лагічным працягам першай, з лагічным жа заглыбленнем паэта ў нетры самоты.

Самотны — стрыжнявы эпітэт другога зборніка (гл. вершы «Казка без канца», «Сляпы», «Чорт» і інш.). Настрой, танальнасць яго можна вельмі прыблізна вызначыць як медытатыўна-элегічную, што ўбірае ўсю палітру тутэйшай

[Сустракаемся рэдка зусім,

А ўсё больш расстаёмся з табою.

Наша шчасце — аранжавы дым,

Ціхі шлях ад самоты да болю.

«***Мы ніколі не станем радней…»]

— і нетутэйшай —

[Я выпадковы і позні тут госць.

Я не прыеду сюды, мабыць, болей.

Не пасябруюць твая весялосць

3 ціхай маёю журбою

«***Я выпадковы і позні тут госць…» ]

самотнасці. Звернем увагу на тое, што лірычны герой сп. Бадака з’яўляецца носьбітам не «апакаліптычнай» (як, да прыкладу, персанажы Юры Станкевіча) ці «брутальнай» (падобна насельнікам «гарадскіх» балад Віктара Шніпа), але анталагічнай самотнасці, разлітай у самім рытме айчынных будняў. Вынаходніцтва ці адкрыццё гэтага яе «гатунку» належыць Алесю Бадаку роўна ў той жа ступені, як і кожнаму свядомаму — дый несвядомаму — беларусу; іншая справа, што вершы аўтара кнігі «За ценем самотнага сонца» ўяўляюцца своеасаблівым камертонам, што дазваляе вызначыць сапраўднасць згаданай самоты, іначай: дазваляе не зблытаць натуру з артэ-фактам.

Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне 1990-х паэт па-ранейшаму аддае перавагу двум асноўным відам лірыкі — вершу і песні, — у другой кнізе можна ўжо адшукаць парасткі будучых паэм (гл. верлібр «Чарга», рыфмаваны «Праклён»), насенне ж было кінутае яшчэ ў «Будні» (згадайма, напрыклад, верш «Цень»). Здаецца, менавіта з’яўленне трэцяй кнігі сталася сведчаннем зусім не казачных метамарфозаў-пераўтварэнняў, што адбываюцца з паэтам, які перажывае «карлсанаў узрост», г. зн. змагаецца з росквітам творчых сіл — сумуючы жыццярадасна.

* **

Кніга лірыкі «Маланкавы посах» выйшла ў 2004 годзе таксама ў «Мастацкай літаратуры». Яе склалі раздзелы «Таемны сад», «Смутак апалага лісця», «Цень», «Парпуровае сонца», «Вяртанне на Млечны шлях», уключаныя ў гэты зборнік, сведчаць пра тое, што выпрабаванне рэалізмам паэт Алесь Бадак прайшоў. Праўда, часткова.

Мне даводзілася рэцэнзаваць гэтую кнігу для часопіса «Дзеяслоў» адразу пасля яе з’яўлення. За паўтары гады, што мінулі з таго часу, не змянілася ні агульнае, ні дэталізаванае ўражанне ад яе. Уласна вершы ў зборніку вырастаюць з усё той жа паэтызацыі рэчаіснасці і ўтрымліваюць уласцівыя ад самага пачатку сп. Бадаку дакладнасць паэтычнага малюнка (гл. «***Ідуць халодныя дажджы…»), безуважнасць, абыякавасць да тропавых раскошаў («Восеньскі эцюд»), размераны рытміка-інтанацыйны малюнак («***Прамовіць «падабаешся» лягчэй…»). Усе гэтыя (і непералічаныя) адзнакі стылю кандэнсуюцца ў адчуванне надзвычай удалай сустрэчы — і трывалага шлюбу — важнага для паэта зместу з дасканала асвоенай ім формай:

Вогнішча вецер раздзьмуць паспрабуе —

Дым страпянецца і шлях загародзіць.

Ціха ў яго я ўвайду і адчую:

Лісця душа

У мяне

Уваходзіць.

«Смутак апалага лісця»

Часам збыткоўнасць рэчыўнасці ў вершах Алеся Бадака прыводзіць да адмысловага пераразмеркавання паэтавай увагі, калі сакральнасць быційных праяў замяняецца меладраматычнай відовішчнасцю ў духу reality show «Як на шляху машына // Сігналіць за спіной — // Штодня крычыць жанчына // Ў кватэры мне чужой. // Муж не дае зарплату і моцна п’е ўвесь час. // Увогуле, багата // Ў яе прычын крычаць» («Суседка»).

Эпіграфам да першага зборніка сп. Бадак абраў чатырохрадкоўе з верша «Госць» (раздзел «Сястра мая маланка»), тым самым акрэсліўшы не толькі вобразы-топасы «Будня», але, наколькі можна меркаваць сёння, усёй паэтычнай творчасці на бліжэйшыя пятнаццаць год:

Жывуць у небе змалку

На лецішчы вятроў —

Сястра мая маланка

I сумны брат мой гром.

Назва апошняга па часе зборніка — «Маланкавы посах» — не проста чарговае пацвярджэнне вернасці аўтара сабе самому (мэтаскіраванаму, паслядоўнаму, рэалістаму) і колісь абранаму літаратурнаму шляху, але і своеасаблівы знак — папярэджанне пра (на першы погляд, незаўважную і нібыта неістотную) змену кірунку руху. Аднайменны верш, што адкрывае кнігу, становіцца своеасабліваю «брамаю» ў «двухсусветнасць» мастацкай анталогіі, дзе вонкавая рэчаіснасць ёсць іншаўказаннем на свет сутнасцей.

Менавіта паэмы вызначаюць «тапаграфію» гэтай кнігі: амаль дзесятак вершаў былі пераселеныя аўтарам у «Маланкавы посах» з двух папярэдніх зборнікаў, аднак тое аніяк не паўплывала на ўражанне арыгінальнасці «трэцяга паэтавага прышэсця». Ужо на ўзроўні архітэктонікі выяўляецца «маркіраванасць» тэрыторыі існавання лірычнага героя вобразамі-сімваламі, што яшчэ ў рамантыкаў сталіся лейтматыўнымі. Першы раздзел «Таемны сад», настраёвасць якога мусіць задавацца вершам «Сумую» і ўзмацняцца «Самотай», падсумоўваецца паэмай «Эміграцыя». Лірычны герой асуджаецца на дваістасць існавання і ўнутраную няпэўнасць не столькі аўтарам, але самім ладам быцця. Таму тон разваг пра духоўную эміграцыю стварае ўражанне не выключнасці, але звычайнасці, звыкласці гэтага стану. «Эмігрант» тут — не ахвяра абставін альбо чужой волі; «душой у эміграцыі» — гэта волевыяўленне, своеасаблівая дэкларацыя залежнасці ад роднае шчаснае Долі:

Я не хацеў вяртацца больш назад,

Да лёсам неацэненае працы,

Да векам напрыдуманых пасад.

Хто я цяпер? Звычайны эмігрант —

Не плоццю, а душой у эміграцыі.

«Эміграцыя»

У другім раздзеле — «Смутак апалага лісця» — лірычны герой ахвяруе заўсёднаю сваёю самотнасцю на карысць пачуцця, асвечанага айчыннай культурнай традыцыяй і піетэтам творцаў, якія нярэдка надзяляюць смутак не меншай высакароднасцю ды невымоўнасцю, чым самоту. А ў падобнай «сістэме каардынат» дамагацца празрыстага сэнсу ў вобразах-сімвалах кшталту «…незнаёмы, бяздонны, // стомлены смутак апалага лісця», па меншай меры… непрыстойна.

Гэты раздзел завяршаецца паэмай «Ра» – адным з тых нешматлікіх у сённяшнім прыгожым пісьменстве твораў, «імя» якіх наўпрост звязанае з іх сутнасцю. Іначай кажучы: жанравае вызначэнне «паэма» гарантуе чытачу сустрэчу з адносна вялікім па памеры вершаваным творам, дзе «важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, характараў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі». Алесь Бадак актуалізуе адвечна-новую для нас міфалагему вяртання да Айчыны, не столькі апелюючы да аўтарытэту старажытнага Егіпту (як ужо здаралася ў беларускай паэтычнай традыцыі), колькі скарыстоўваючы набор сімвалаў, якія можна лёгка расшыфроўваць і бясконца інтэрпрэтаваць.

Я пехатой назад пайшоў — наўсцяж

Нямых вякоў, дзе засталіся продкі.

ІІІлях да Айчыны адусюль кароткі,

Калі твая Айчына не міраж.

«Ра»

У трэцім раздзеле — «Цень» — увагу прыцягвае аднайменная паэма, прычым якраз у «эпілозе» да яе («На палях паэмы “Цень”») найбольш выразна адчуваецца пульс адмысловага сімвалізму, што ўлучае і рамантычныя парыванні, і ўласна сімвалісцкія вышукванні ў рэчаісным свеце іншаўказанняў-«адпаведнасцей», і нават бесцырымонныя ўварванні будзённых рэчаў у свет сутнасцей.

Цікава, што ў паэмах «Маланкавага посаху» ўсюдыісная ў сп. Бадака самота як бы траціць сваю рэчыўнасць: «фізічнае цела» ператвараецца ў «ідэальную мадэль». Ці не таму тутэйшы лірычны герой (следам за аўтарам?) ужо не смуткуе гэтак самааддана, як у вершах папярэдніх кніг?.. Сон самоты, аднак, спараджае не весялосць нястрымную ці гэткую ж неабмежаваную жыццярадаснасць: у ліра-эпасе Алеся Бадака пануе сузіральнасць, шануецца філасофскасць, кіруе медытатыўнасць. Бо гульні ў эпас канчваюцца вядома чым — поўным постмадэрнам.

** *

Такім чынам, Алесь Бадак:

— паэт (і, як кажуць мясцовыя зоркі мясцовага шоу-бізнесу, — «песеннік»),

— празаік (ён яшчэ не разгарнуўся напоўніцу — каралеўства, відаць, малаватае),

— крытык-па-прымусу (бо, як правіла, да рэдкіх выступленняў у гэткім амплуа яго змушаюць пагрозлівая млявасць літпрацэсу і ўчэпістасць рэдактараў адпаведных аддзелаў розных выданняў), — што належыць да сярэдзіннага літаратурнага пакалення, без відавочнай напругі і аўтапіяру здолеў давесці ўдзячнай і адносна ўдзячнай публіцы адну простую рэч: і ў даволі бязладнай, з пункта гледжання вечнасці, сучаснай мастацкай славеснасці ёсць шанцы займець (калі-небудзь) аўтарытэт далёка не сярэдняй словатворчасці.

Шанцы гэтыя захаваюцца, прынамсі, да таго часу, пакуль хаця б асобным творцам удаецца знайсці ў сабе сілы, каб ахвяраваць лаўрамі Адзінага-і-Непаўторнага дзеля перспектывы быць уганараваным някідкім званнем — «класік. Жанру».

Нягучныя ўсенародныя апладысменты.

Ірына Шаўлякова

Шаўлякова, І. Маланкавыя будні самотнага сонца : [пра кнігі паэзіі Алеся Бадака] / Ірына Шаўлякова // Маладосць. – 2006.- № 7. – С. 130-136.

Мастацтва сталення

Кароткі даведнік для калекцыянераў ценяў, хат і аўтаручак

Якое дачыненне да літаратурна-мастацкага спасціжэння ды пераўтварэння рэчаіснасці маюць скрупулёзна вывераныя звесткі пра тое, што за тэму праходзілі беларускія васьмікласнікі ў кастрычніку 1985 года па біялогіі? Дзякуючы аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» — самае непасрэднае.

Аўтар гэтага твора — сучасны беларускі пісьменнік Алесь Бадак (нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) — у апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя быў вядомы айчыннаму чытачу пераважна як паэт; да таго ж ён даволі актыўна выступаў у друку з публіцыстычнымі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі ды рэцэнзіямі.

Калі верыць розным біяграфічным даведнікам і энцыклапедыям, у школе Алесь Бадак цікавіўся творчасцю Сяргея Ясеніна, Андрэя Вазнясенскага, Якуба Коласа. Ці не таму пасля заканчэння школы вырашыў паступаць на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, студэнтам якога і стаў у 1983 годзе. Потым давялося служыць у арміі (1984-1986), завяршаць вучобу ва ўніверсітэце (скончыў у 1990 годзе).

Першыя вершы Алеся Бадака з’явіліся ў друку ў 1979 годзе: іх апублікавала газета «Піянер Беларусі». Цікава, што ў згаданых даведніках ды энцыклапедыях (у тым ліку ў інтэрнэт-выданнях, напрыклад, у Вікіпедыі) у артыкулах, прысвечаных гэтаму літаратару, да слова «паэт» абавязкова ўдакладняецца — «песеннік». Магчыма, такое азначэнне таленту Алеся Бадака здавалася слушным у 1990-х гадах, калі многія яго вершы былі пакладзены на музыку і сталіся песнямі, запатрабаванымі сярод беларускіх эстрадных спевакоў, любімымі беларускай публікай. Напрыканцы ж першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя відавочна, што сціплая камзэлька паэта-«песенніка» зусім не стасуецца з постаццю літаратара, які выдаў тры важкія (найперш, паводле мастацкай якасці вершаў) паэтычныя зборнікі, даволі рэгулярна прапануе чытачам літаратурна-мастацкіх часопісаў новыя празаічныя творы (апавяданні ды аповесці), а таксама з’яўляецца аўтарам цэлага шэрагу кніг для дзяцей («Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001) і інш.), серыі кніг «Усім пра ўсё»: «Расліны» (2008), «Жывёлы» (2009), «Птушкі» (2010).

Першая кніга вершаў Алеся Бадака была выдадзена ў дэбютнай серыі выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 1989 годзе (дарэчы, рэдагаваў зборнік вядомы паэт і даследчык літаратуры Алег Лойка).

Вершы зборніка «Будзень» (як, зрэшты, і творы, што ўвайшлі ў больш познія паэтычныя кнігі) народжаныя паэзіяй рэальнасці: у будзённасці рэчаў і падзей утрымліваецца адначасова і ўся складанасць быцця — і магчымасць яе вытлумачэння. Паэзія Алеся Бадака гэтага часу аднаўляе падкрэслена натуральны вобраз рэчаіснасці, часам аўтар спрабуе нават пераймаць тэмпарытм паўсядзённага жыцця:

Цэлы дзень кастрычнік сеяў

дождж,

і вось зараз,

пад вечар,

на голых галінах дрэў,

на апалым лісці,

на дахах дамоў

паволі

ўзыходзіць

смутак.

«***Цэлы дзень кастрычнік сеяў…»

Будні лірычнага героя, аднак, тады яшчэ не былі атуленыя самотай: творы, што ўвайшлі ў першы зборнік Алеся Бадака, укаранёныя ў жыццярадаснасці — і паэтавага светаадчування, і наваколля, якое занатоўваецца творцам не столькі ў прыдуманых, колькі ў дадуманых падчас назірання за шматаблічнаю рэчаіснасцю вобразах:

Мулка на цені сваім пастушку.

Жмурыць блакітныя вочы і сумна

Ў неба глядзіць і чакае, пакуль

Воблака

Сонца ў кішэню засуне.

«На пашы»

Другі зборнік вершаў і песень Алеся Бадака «За ценем самотнага сонца» быў выдадзены «Мастацкай літаратурай» у 1995 годзе.

Пільная ўвага да рэчаіснага свету абумовіла своеасаблівую «эпічную дэталізацыю» панарамы жыцця ў творах другой паэтычнай кнігі пісьменніка: «самотна-сонечныя» вершы паводле асаблівасцей мастацка-вобразнага адлюстравання наваколля відавочна набліжаюца да ліра-эпасу. Можна (з пэўнай доляй умоўнасці) сцвярджаць, што ў змястоўным плане другая кніга сталася лагічным працягам першай, аднак яе лірычны герой незраўнана далей заглыбіўся ў нетры самоты.

Самотны — стрыжнявы эпітэт другога зборніка (вершы «Казка без канца», «Сляпы», «Чорт» і інш.). Настрой, танальнасць яго можна вельмі прыблізна вызначыць як медытатыўна-элегічную, што ўбірае ўсю палітру самотнасці:

Сустракаемся рэдка зусім,

А ўсё больш расстаёмся з табою.

Наша шчасце — аранжавы дым,

Ціхі шлях ад самоты да болю.

«***Мы ніколі не станем радней…»

Я выпадковы і позні тут госць.

Я не прыеду сюды, мабыць, болей.

Не пасябруюць твая весялосць

3 ціхай маёю журбою.

« * * *Я выпадковы і позні тут госць…»

Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне 1990-х паэт па-ранейшаму аддае перавагу двум асноўным відам лірыкі — вершу і песні, — у другой кнізе можна ўжо адшукаць «парасткі» будучых паэм (творы «Чарга», «Праклён»), «насенне» ж было кінута яшчэ ў зборніку «Будзень» (згадаем, напрыклад, верш «Цень»),

Кніга лірыкі «Маланкавы посах» выйшла ўжо на пачатку XXI стагоддзя, у 2004 годзе таксама ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Яе склалі раздзелы «Таемны сад», «Смутак апалага лісця», «Цень», «Пурпуровае сонца», «Вяртанне на Млечны Шлях».

Першы раздзел «Таемны сад», настраёвасць якога задаецца вершам «Сумую» і ўзмацняецца «Самотай», падсумоўваецца паэмай «Эміграцыя», дзе лірычны герой асуджаецца на дваістасць існавання і ўнутраную няпэўнасць не столькі аўтарам, але самім ладам быцця.

У другім раздзеле — «Смутак апалага лісця» — лірычны герой ахвяруе заўсёднаю сваёю самотнасцю на карысць крыху іншага пачуцця: у ягоным сусвеце пануе «…незнаёмы, бяздонны, // стомлены смутак апалага лісця»-, гэты раздзел таксама завяршаецца паэмай «Ра».

Жанравае вызначэнне «паэма» гарантуе чытачу сустрэчу з адносна вялікім па памеры вершаваным творам, дзе «важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, характараў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі». У паэме «Ра» ў фокусе паэтавага зроку аказваецца адвечны і разам з тым непазбежна актуальны для беларусаў вобраз-матыў вяртання да Айчыны.

Я пехатой назад пайшоў — наўсцяж

Нямых вякоў, дзе засталіся продкі.

Шлях да Айчыны адусюль кароткі,

Калі твая Айчына не міраж.

У трэцім раздзеле зборніка «Маланкавы посах» — «Цень» — у цэнтры ўвагі аказваецца аднайменная паэма, якая, у адрозненне ад папярэдніх, мае «эпілог» («На палях паэмы «Цень»»).

Уласна вершы ў зборніку вырастаюць з усё той жа паэтызацыі рэчаіснасці і вызначаюцца такімі характэрнымі для індывідуальна-творчага стылю Алеся Бадака прыкметамі, як дакладнасць паэтычнага малюнку («***Ідуць халодныя дажджы…»), безуважнасць, абыякавасць да ўскладненых, «шмапавярховых» тропаў («Восеньскі эцюд»), размераны рытміка-інтанацыйны малюнак («***Прамовіць «падабаешся» лягчэй…»). Усё гэта робіць уражанне надзвычай удалай сустрэчы важнага для паэта зместу з дасканала асвоенай ім формай:

Вогнішча вецер раздзьмуць паспрабуе —

Дым страпянецца і шлях загародзіць.

Ціха ў яго я ўвайду і адчую:

Лісця душа

У мяне

Уваходзіць.

«Смутак апалага лісця»

Гісторыі кахання і законы сталення

3 пачаткам новага стагоддзя (і тысячагоддзя) Алесь Бадак найчасцей выходзіць да беларускага чытача з новымі празаічнымі творамі. Час ад часу ў літаратурна-мастацкіх часопісах з’яўляюцца яго апавяданні («Баптыстка» (2000), «Патой бок адлюстравання» (2006) і інш.) і аповесці («Не глядзіце ў снах на поўню» (2004) ды інш.); асобнай кнігай у 2001 годзе «Юнацтвам» былі выдадзены аповесці-казкі «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў», «Пра Малпачку Чыту і яе сяброў», «У цёмным лесе за сіняй рэчкай»…

Заўважым, што дакладна вызначыць узрост чытача, якому адрасуецца пераважная большасць празаічных твораў Алеся Бадака, можна толькі з вялікай доляй умоўнасці. Так, ягоныя аповеды, што друкаваліся ў «Фантасце» («часопіс у часопісе», выходзіць на старонках «Маладосці»), падаюцца аднолькава прыцягальнымі і для сталага, і для юнага чытача. А казкі ды аповесці-казкі гэтага пісьменніка настолькі захапляльныя, што іх з аднолькавым імпэтам успрымаюць дзеці зусім малыя і чытаюць людзі даўно дарослыя. Словам, Алесю Бадаку ўдаецца паразумецца з чытачамі розных узростаў. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў ягоных творах будзённае нярэдка суседнічае з фантастычным, нават містычным, прадказальнае — з невытлумачальным, цудоўным, а адлегласць паміж дзяцінствам і сталасцю вымяраецца ў самых розных адзінках: у дзесяцігоддзях, закаханасцях, а таксама ў хатах, шарыкавых аўтаручках…

У 2007 годзе ў часопісе «Маладосць» была апублікавана аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». На першы погляд, гэта ўзор прозы для падлеткаў. Але толькі на першы погляд: «дзве сюжэтныя лініі, аб’яднаныя тэмай першага кахання: адна з іх пераносіць чытача ў школу пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя, другая разгортваецца на фоне сённяшняга дня» насамрэч ахопліваюць праблемна-тэматычны абсяг, незраўнана шырэйшы за «школьныя» стасункі падлеткаў і дарослых, узаемаадносіны вучняў і настаўнікаў.

Своеасаблівая «двухпланавасць» у аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» паўстае вызначальным, нават універсальным прынцыпам «перакладу» рэальных падзей на мову мастацкіх вобразаў. Практычна з самага пачатку яна як бы задае своеасаблівую сістэму каардынат, у якой будзе разгортвацца дзеянне: «Я стаяў на аўтобусным прыпынку, і злева ад мяне пахла вёскай, а справа — горадам. Злева стаялі драўляныя хаты з агародамі, на якіх ужо ўсё выбралі і палілі ссохлы бульбоўнік. Справа ціснуліся адзін да аднаго панэльныя і цагляныя дамы».

Спачатку можа падацца, што дзве асноўныя сюжэтныя лініі аповесці развіваюцца паралельна.

Адна з іх — аддаленая ад нашых дзён па часе — звязана з гісторыяй закаханасці васьмікласніка Сяргея Васілевіча ў дваццацітрохгадовую настаўніцу біялогіі Таццяну Антонаўну Высоцкую, Танечку, як яе звалі між сабой вучні. У гэтай «частцы» твора дзеянне разгортваецца ў 1985 годзе; кульмінацыя ж дасягаецца сакавіцкім вечарам 1985 года, калі Сяргей разам з сябрукамі-аднакласнікамі Віцькам Жытко і Валікам Пранчуком «жартам» палохаюць маладзенькую настаўніцу.

Падзеі, што становяцца завязкай дзеяння, якое адбываецца ў нашы дні, па сутнасці сваёй вельмі падобныя да здарэння дваццацігадовай даўніны. Апавядальнік (так званы я-герой, ад імя якога вядзецца ў дадзеным выпадку аповед) накіроўваецца на выступленне ў школу, куды яго запрасіў былы аднакласнік, які працуе настаўнікам. Сябра звярнуўся з просьбай да нашага героя (той, наколькі можна зразумець, стаў даволі вядомым літаратарам) дапамагчы разабрацца з адным надзвычайным выпадкам:

«- Тут адзін васьмікласнік хацеў настаўніцу з дапамогай інтэрнэта шантажыраваць, — сказаў мой былы аднакласнік па тэлефоне…

– Ого, — засмяяўся я, — шантаж з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій! Відаць, здольны хлопчык. Можа, ён, калі вырасце, стане знакамітым праграмістам?!

– Усё не так проста. Настаўніца напісала заяву на звальненне».

Па меры заглыблення ў аповесць становіцца ясна, што сюжэтныя лініі не разгортваюцца паралельна, адасоблена адна ад адной, але пастаянна (яўна ці прыхавана) перацякаюць адна ў адну. Яны то сустракаюцца на «момант» у пэўнай — невыпадковай (!) — кропцы, прыцягваюцца сілай памяці, успаміннай энергіяй, зліваюцца ў агульную плынь – і тут жа адштурхоўваюцца, каб пасля ізноў сустрэцца.

Аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» — зусім не вялікая па аб’ёме — мае даволі складаную кампазіцыю. У «дадатак» да дзвюх асноўных сюжэтных ліній у творы маюцца яшчэ некалькі пабочных. Звязаны гэтыя дадатковыя (але ад таго не менш цікавыя, арыгінальныя) сюжэтныя адгалінаванні з самастойнымі фабуламі «лірычнага пралога» ды невялічкага «эпілога», прысвечаных шарыкавым аўтаручкам, з рознага кшталту лірычнымі адступленнямі; і, канешне, з так званымі ўстаўнымі аповедамі, адмысловымі «міні-навеламі». Сярод апошніх хочацца вылучыць своеасаблівую «оду» хаце, пабудаваную на разгорнутым адухаўленні, якое паступова разрастаецца ў разгалінаваную персаніфікацыю: «…І калі я першы раз заходзіў у чужую хату, адразу пачынаў прыглядацца да яе, як прыглядаюцца да незнаёмага чалавека, з якім давядзецца разам правесці пэўны час. <…> Я ўжо тады стаў у пэўным сэнсе калекцыянерам — чалавекам, які збірае, — у памяці, вядома, — хаты, як потым — ужо наяве — стаў збіраць аўтаручкі».

Шматпланаваць сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора падкрэсліваецца нават графічна, візуальна, праз спалучэнне і чаргаванне звычайнага і вылучанага курсівам тэксту. Цікава, што амаль усе фрагменты твора, вылучаныя курсівам, вызначаюцца своеасаблівай медытатыўнасцю і нават элегічнасцю:

«…у кожнага былі свае ўспаміны, свае гісторыі і, здавалася, у кожнага з нас у школе была свая Танечка. Я складаў гэтыя ўспаміны ў адно цэлае, нібы збіраў мазаіку, і нарэшце іх ува мне назбіралася гэтак шмат, што мінулае мне пачало здавацца больш блізкім і больш рэальным, чым цяперашняе. Гэтае мінулае і было Танечкай».

Як правіла, змест згаданых фрагментаў скаладаюць успаміны-развагі пра мінулае, колішняе, але згадкі пра яго аказваюцца заўсёды дастасаванымі да сучаснасці і нават у чымсьці карыснымі для яе: «…бацька любіць паўтараць, што шчасце трэба шукаць не ў будучыні, а ў мінулым, і толькі той, хто яго там знаходзіць, жыве не дарэмна».

Узаемапранікненне і цеснае перапляценне розных часавых пластоў у аповесці, адсутнасць рэзкіх пераходаў паміж імі (часам у адным абзацы аповед вядзецца ад першай асобы — ад імя «сталага» героя, а ў наступным — ад трэцяй асобы, дзе «ён» — васьмікласнік 1980-х Сяргей Васілевіч) прыводзіць не толькі да таго, што сучаснасць “плаўна” ператвараецца ў мінуўшчыну, але і стварае адчуванне нейкай агульнай містыфікацыі, у якую аўтар уцягвае чытача. Гістарычныя, рэальныя і «прыдуманыя» (ці ўсё ж «дадуманыя»?) празаікам персанажы падаюцца аднолькава жывымі, дзейснымі, сапраўднымі. Час ад часу апавядальнік падкрэслівае прынцыповую важнасць дакладных і рэальных дэталяў у мастацкім творы. Усё насамрэч выглядае такім рэальным, што пачынаеш наўпрост атаясамліваць аўтара і ягоных герояў, прычым не толькі «дарослага», але і «юнага». Толькі пасля, прыслухаўшыся да закліку быць пільным да дэталяў, пачынаеш заўважаць «дробныя» несупадзенні біяграфій Сяргея Васілевіча (нарадзіўся 28 верасня 1970 года ў вёсцы Туровічы) і аўтара. «…з кожным годам усё цяжэй верыць, што тым Сяргеем Васілевічам быў я», — прызнаецца апавядальнік. Гэтак жа цяжка чамусьці паверыць, што стасункі аўтара і герояў гэтай аповесці ўкладваюцца ў формулу «прататып — персанаж»: аўтар то заваблівае чытача «знакамі-супадзеннямі» жыцця і літаратуры, то расхалоджвае несупадзеннямі. Аднак ён заўсёды застаецца не толькі шчырым, але і (наколькі тое магчыма) аб’ектыўным у дачыненні да сваіх герояў: «Віной усяму была яго ўлюблівасць — адна з праяў незвычайнай адчувальнасці прыгажосці ўвогуле»; «Мы не бачыліся дваццаць гадоў, і ўсе гэтыя дваццаць гадоў я заставаўся тым, хоць і закаханым, але непаспухмяным і часта даволі нахабным у сваіх паводзінах перад ёю вучнем».

У дачыненні ж да памяці, якая валодае зручнай, гаючай уласцівасцю прыхарошваць самыя непрыгожыя нашыя ўчынкі («Робячы члавеку зло, мы вінаватыя перад ім да таго часу, пакуль ён пра гэта памятае. Але адчуваем сябе вінаватымі, пакуль памятаем пра гэта самі»), аўтар выяўляе нават шчырасць бязлітасную. Назіраючы за самім сабою, пільна ўглядаючыся ў сябе колішняга і сённяшняга, апавядальнік фармулюе свае палажэнні да агульнага закона сталення: «Мы расстаёмся з дзяцінствам не тады, калі становімся паўналеткамі, а тады, калі перастаём разумець сэнс учынкаў, якія рабілі ў дзяцінстве. У трыццаць гадоў цягаць дзяўчынак за косы не тое што брыдка (у трыцаць мы часта робім рэчы куды больш брыдкія), проста перастаеш бачыць у гэтым дзеянні ўсялякі сэнс».

Некторыя з высноў, выкладзеных на мове сапраўды мастацкай — вобразнай, але разам з тым інтэлектуальна насычанай, эмацыйнай, але заўсёды ўзважанай, сплеценай з карункавых тропаў (эпітэтаў, адухаўленняў, метафар, сімвалаў і г.д.), але роздумна-медытатыўнай, — скіраваныя не на чытацкую ўхвалу, але на дыялог з чытачом, няхай сабе ён ператворыцца ў дыялог-спрэчку:

«— Я хачу пагаварыць з вамі пра каханне. Часам можна пачуць, што дарослым з васьмікласнікамі пра гэта гаварыць рана. А мне здаецца, наадварот — позна. Чым больш жыве чалавек, тым больш яго ўяўленне пра каханне скажаецца, і дарослае каханне ніколі не бывае настолькі чыстым, бескарысным, як каханне школьнае».

Нездарма ўсе сюжэтныя лініі “Адзінокага васьмікласніка” не маюць пэўнага — «закрытага» — фіналу. Мінулае і сучаснасць змыкаюцца ў кола, і, як ні парадаксальна, маральны, духоўны, чалавечы выбар, які мусяць зрабіць сённяшнія васьмікласнікі, вызначае не толькі іх уласную будучыню, але і мінулае іншых — дарослых — людзей: «Я гаварыў ім пра іх настаўніцу так, быццам добра ведаў яе. Хоць насамрэч ніколі не бачыў, нават на фотаздымку. Але ў гэты момант яна сапраўды стаяла перада мной, у маім уяўленні. Як дзве кроплі вады падобная на Танечку…»

Для аўтара аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» сталенне — гэта працэс. «Межы» гэтага працэсу супадаюць з чалавечым жыццём; ён доўжыцца праз дзяцінства, юнацтва, маладосць, уласна сталасць; ён проста не можа закончыцца, як не заканчваецца асоба таго ці іншага чалавека нават пасля яго сыходу ў нябыт, працягваючыся ў яго ўчынках, дзецях, унуках, у памяці пра яго… Адкрытыя фіналы (менавіта так, у множным ліку) гэтага твора Алеся Бадака могуць быць «дапісаныя», «дадуманыя» кожным чытачом па-свойму; яны бачацца запрашэннем да не столькі сумеснай, колькі да самастойнай творчасці ў напісанні гісторыі ўласнага сталення. I ў гэтай працы важна не ўпусціць ніводнай дэталі, тут усё выключна важна: думкі-мухі і думкі-пчолы, шарыкавыя аўтаручкі, хаты і, безумоўна, дакладная назва тэмы, якую праходзілі беларускія васьмікласнікі ў кастрычніку 1985 года па біялогіі!

Ірына Шаўлякова

Шаўлякова, І. Мастацтва сталення: Кароткі даведнік для калекцыянераў ценяў, хат і аўтаручак / Ірына Шаўлякова // Дзікі голуб: зб. сучас. беларус. прозы і крытыкі. – Мінск, 2011. – С. 108-115.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed